Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 10-й гадавіны Першага зьезду беларусаў сьвету


Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Нядаўняя сьмерць Васіля Быкава адгукнулася болем ва ўсіх кутках сьвету, дзе жывуць беларусы. Шмат хто зь іх памятае, што менавіта голас Васіля Быкава яны пачулі першым у залі опэрнага тэатру ў Менску, дзе сабраліся беларусы з замежжа і Бацькаўшчыны на свой першы зьезд 8 ліпеня 1993 году.

Васіль Быкаў адкрываў першы вялікі Сход беларусаў як прэзыдэнт Згуртаваньня беларусаў сьвету – арганізатара форуму, а таксама як сустаршыня Арганізацыйнага камітэту. Выказаныя тады ягоныя думкі выразна акрэсьліваюць асноўную ідэю зьезда:

“Радзіма патрэбная дыяспары, але і дыяспара патрэбна Радзіме. Аптымальны сацыяльна–палітычны лад можа быць збудаваны толькі агульнымі намаганьнямі, толькі высілкамі ўсёй нацыі, як мэтраполіі, так і дыяспары.

Нават без аднаго чалавека нацыя не поўная. Наша нацыя раз’яднаная, раскіданая па ўсім сьвеце, і не толькі геапалітычна. Патрэбна аб’яднаньне, калі толькі мы хочам вылезьці з прорвы, з гэтае ваўчынае пасткі, у якой апынуліся напрыканцы 20 стагодзьдзя”.

У нашым архіве захаваўся толькі фрагмэнт запісу ўрачыстага адкрыцьця зьезду, калі сп. Быкаў прапанаваў ушанаваць памяць змагароў за Беларусь, якія адышлі ў вечнасьць. Прабачаемся за ня вельмі добрую якасьць запісу:

(Быкаў: ) "Шаноўныя спадарыні і спадары, за мінулыя дзесяцігодзьдзі шмат якія пакаленьні беларусаў і самыя шчырыя беларусы аддалі сваё жыцьцё ў змаганьні за адраджэньне Беларусі. Многія зь іх пайшлі з жыцьця і не дажылі да гэтага часу. Я прапаную ўшанаваць іх памяць уставаньнем...”

Сёлета спаўняецца 10 гадоў з тых памятных дзён, якія ўжо сталі адметнай старонкай гісторыі Беларусі.

Першы зьезд беларусаў сьвету адбываўся з 8 па 10 ліпеня 1993 году, у ім узялі ўдзел каля паўтары тысячы дэлегатаў і гасьцей. Былі пленарныя паседжаньні ў оперным тэатры, круглыя сталы па актуальных тэмах, сустрэчы і культурная праграма. Пасьля вялікага канцэрт ўсе прысутныя запалілі свае сьвечкі на “Коле яднаньня” перад оперным тэатрам, што сталася магутным заключным акордам форуму.

Зьезд прыняў 9 заключных дакумэнтаў, дзе быў выкладзены погляд ягоных удзельнікаў на будучыню Беларусі, якую яны хацелі бачыць незалежнай, дэмакратычнай дзяржавай. Упершыню беларуская грамадзкасьць адкрыта выказала ў адмысловай рэзалюцыі падтрымку дзейнасьці Беларускай Рэдакцыі Радыё Свабода.

Адметна, што зьезд адбываўся пад беларускай гістарычнай сымболікай, а на ягоным адкрыцьці і на розных імпрэзах гучалі беларускія нацыянальныя гімны “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”, “Магутны Божа”, “Пагоня”.

Вось як ацэньвае першы форум беларусаў сьвету акадэмік Радзім Гарэцкі, які выступіў з асноўным дакладам “Беларуская ідэя і адбудова беларускай дзяржаўнасьці”.

(Гарэцкі: ) "Мне здаецца, што тая падзея была вельмі важная. Яна была адзінай такога маштабу і да гэтага часу застаецца, больш падобнай не адбылося. Нам тады здавалася, што гэта толькі пачатак Адраджэньня, што такіх зьездаў яшчэ будзе шмат і будзе яшчэ лепш. Але гісторыя так павярнулася. што ўсё адбылося наадварот. Калі параўнаць той час і што робіцца зараз, то гэта вялікія кантрасты.

Я думаю, што значэньне вялікае таму, што менавіта той зьезд паказаў, што беларусы ўсяго сьвету могуць аб'яднацца для пабудовы незалежнай, дэмакратычнай, багатай нашай дзяржавы”.

Для сп. Гарэцкага зьезд стаўся адметнай вехаю ў жыцьці, ён быў абраны прэзыдэнтам Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” і 8 гадоў кіраваў працаю зь беларускай эміграцыяй у сьвеце.

(Гарэцкі: ) “Мяне асабіста вельмі кранула тое, што я атрымаў як бы з рук такога нашага выдатнага дзеяча, як Васіль Быкаў, пасаду прэзыдэнта Згуртаваньня беларусаў сьвету. Ён прапанаваў, каб мяне абралі, і я зь вялікім хваляваньнем і з гонарам прыняў гэтую пасаду”.

Сп. Гарэцкі ўспамінае, што на зьездзе яго асабліва ўразілі беларусы з далёкага замежжа, якія захавалі на чужыне сваю мову і бальшыня якіх наведалі Радзіму ўпершыню пасьля разьвітаньня зь ёю.

(Гарэцкі: ) “Я з многімі размаўляў і бачыў, як некаторыя зь іх плакалі, што бачаць Радзіму, падалі на калені, цалавалі гэтую зямлю родную. Гэта так шчыра ўсё было”.

Гэтая радасьць ад спатканьня з Радзімаю адчувалася амаль у кожнай прамове тых, хто прыехаў здалёк. Паслухаем фрагмэнты выступу былога старшыні Беларускага Кангрэсавага камітэту са Злучаных Штатаў Амэрыкі сп. Расьціслава Завістовіча, для яго той зьезд стаўся першай і апошняй сустрэчаю з Бацькаўшчынаю, яго не стала некалькі гадоў таму.

(Завістовіч: ) "Пятнадцацігадовым хлапчуком жорсткі лёс пазбавіў мяне Бацькаўшчыны. За апошнія 50 гадоў я прайшоў вялікі жыцьцёвы шлях ад прымусовага рабочага у гітлераўскай Нямеччыне да жаўнера амэрыканскага войска і нарэшце да кіраўніка інжынэрнага аддзелу амэрыканскага прадпрыемства. Мне даводзілася бываць у розных краінах і сталіцах сьвету, але я ніколі ня меў шчасьця быць у Менску, я тут ўпершыню.

Усёю сваёю істотаю я адчуваю невымерную радасьць з таго. што мне нарэшце было суджана пабыць на той зямлі, дзе пачалося маё жыцьцё. Сталася нечаканае, Усявышні Бог адчыніў дзьверы нашае Бацькаўшчыны, любасьць да якой я праношу ў сваім сэрцы праз усё сваё жыцьцё.

На працягу ўсяго свайго жыцьця мы ў эміграцыі інфармавалі заходні сьвет пра Беларусь і яе народ, стараліся стварыць сярод чужынцаў пачуцьцё прыхільнасьці да нашай Бацькаўшчыны. Я ўпэўнены, што наша праца не прайшла не заўважанай. Мы хочам, каб гэта нашае спатканьне дапамагло нам зрабіць новы крок у адраджэньні нашай Бацькаўшчыны, бо яна для ўсіх нас адна.

Край красы, Беларусь – чараўніца,
Песьняў хто пра цябе не пяяў,
У забыцьці мне цябе не забыцца,
І ў магіле ты будзеш мне сьніцца –
Сінявокая ўцеха мая”.

Шматгадовы старшыня Згуртаваньня беларусаў Канады сп. Мікола Ганько прыехаў на зьезд, каб удзельнічаць у абмеркаваньні далейшага лёсу Бацькаўшчыны. Ён таксама пакінуў Беларусь падчас вайны і той прыезд у Менск быў адным з апошніх, ягонага голасу мы ўжо не пачуем на наступных форумах.

(Ганько: ) "Хіба гэта першы раз, што з усіх куткоў сьвету сабраліся дочкі і сыны беларускай зямлі, каб абмеркаваць пытаньні быцьця ці небыцьця Беларусі. Кожны тут прысутны, каму ляжыць на душы яе лёс, мусіць сумленна прыкласьці ўсе свае стараньні, каб праблемы. якія сёньня трывожаць шмат каго з нас, былі пастаўлены пад развагу, былі добра перадуманы і былі зробленыя адпаведныя высновы".

Удзельнік зьезду Міхась Навумовіч з Францыі захаваў і да сёньня самыя цёплыя ўспаміны пра тыя дні, праведзеныя сярод аднадумцаў. Ён таксама ўпершыню тады быў на Бацькаўшчыне.

(Навумовіч: ) "Так, першы раз, гэта было праз 49 гадоў пасьля майго выезду з Беларусі. Я выехаў у вайсковай уніформе Беларускай краёвай абароны. Немцы нас акружылі і вязьлі на Захад, каб нас кінуць супроць амэрыканцаў. Але я ўцёк у лес і знайшоў месца ў Францыі. Я далучыўся да францускага супраціву. Гэта быў пачатак збліжэньня з заходнім сьветам, з тымі, каго вайна, лёс выкінулі з Беларусі. Было збліжэньне з гэтымі людзьмі.

Я хацеў далучыцца да беларускага жыцьця, трошкі больш прынесьці для Беларусі. Бо гады бягуць, ісьці на той сьвет і нічога не зрабіць для Беларусі – гэта для мяне будзе цяжка, як атрута якая-небудзь. Гэта недапушчальна. я не магу гэтага перанесьці”.

Як выказаўся ў нашай размове сп. Гарэцкі, той час, калі адбываўся зьезд, падаецца нам вельмі сьветлым, але і тады было шмат розных перашкодаў, якія сьведчылі пра тое, што барацьба за Беларусь яшчэ далёка не скончаная. Дзяржаўныя структуры бралі ўдзел у падрыхтоўцы зьезду і ўзялі на сябе пэўную частку працы, аднак у сапраўднасьці яны імкнуліся перахапіць ініцыятыву ад грамадзкіх сілаў і скіраваць яго на карысьць уладаў, чые мэты былі далёкімі ад ідэяў незалежнасьці і дэмакратызацыі.

І калі гэта не ўдалося, арганізатары зьезду адчулі наступствы. Не засталося для гісторыі поўнага дакумэнтальнага фільму пра зьезд, які ўзяліся зрабіць дзяржаўныя структуры і ня выканалі абяцанае. Былі адразу ж сьцёртыя ўсе запісы на тэлебачаньні. Калі абраныя на зьездзе кіраўнікі “Бацькаўшчыны” і некаторыя замежныя госьці, сярод іх былі Зора і Вітаўт Кіпелі, прыехалі ў рэстарацыю на разьвітальную вячэру, іх не пускалі ў залю дзяржаўныя ахоўнікі. А тым часам на пачэсных месцах там ужо сядзелі ўладныя чыноўнікі з жонкамі. Невядома дзе зьнікла і харугва з выяваю св. Эўфрасіньні Полацкай, якая ўсе дні ўпрыгожвала залю ў опэрным тэатры і напэўна павінна была б быць перададзеная на захаваньне ў дзяржаўны музэй.

Аднак, згуртаваньне “Бацькаўшчына” сабрала аўдыя- і відэазапісы, якія зрабілі добраахвотнікі, дакумэнты зьезду і выдала за свой кошт дакумэнтальны зборнік.

На жаль, тыя нэгатыўныя праявы не былі толькі водгульлем мінулых часоў, але і папярэджаньнем на будучыню.

Паслухаем цяперашняга прэзыдэнта Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” сп. Анатоля Грыцкевіча.

(Грыцкевіч: ) "Я магу сказаць. што я быў удзельнікам таго зьезду. Памятаю добра ўзьнёслую атмасфэру і чаканьне лепшай будучыні. Хачу адзначыць вельмі добрую падрыхтоўку зьезду і правядзеньне яго. Былі самыя лепшыя пажаданьні і, зразумела, спадзяваньні. У зьездзе прынялі ўдзел таксама і прадстаўнікі афіцыйных колаў, у тым ліку міністры. Такім чынам, можна было спадзявацца, што ўлада і асноўная маса беларусаў змогуць знайсьці агульную мову і дамовіцца пра далейшы лёс нашай краіны.

Наступныя гады, прыкладна праз год-паўтара, паказалі зьмену палітыкі дзяржаўнай улады да суайчыньнікаў за мяжой. І пачалося спачатку ня вельмі заўважальна, а потым і больш рашуча, абмежаваньне працы Згуртаваньня беларусаў сьвету "Бацькаўшчына". Некаторыя дзеячы зьведалі перасьлед і нават вымушаны былі, як Ганна Сурмач, эміграваць. Так што я хачу сказаць, што ўсё гэта адбілася на дзейнасьці нашага Згуртаваньня”.

Тым ня менш, згуртаваньне “Бацькаўшчына” працягвала дзейнічаць.

(Грыцкевіч: ) “Быў праведзены другі і трэці зьезды. Праўда, на другім былі спробы правакацыяў, спробы раскалоць зьезд. Трэці прайшоў у больш спакойнай атмасфэры, бо афіцыйныя ўлады заклікалі замежных дзеячаў і абраных дэлегатаў не прыяжджаць, ігнараваць зьезд. Гэты падыход прапанавалі і суполкам. Так што "варожыя элемэнты", я б так іх назваў, на зьезд не прыехалі.

Наступны зьезд павінен быць паводле статуту праз 4 гады пасьля папярэдняга ў 2001 годзе. Ужо першыя накіды ёсьць. Думаю, што ў найбліжэйшы час пачнецца і практычная падрыхтоўка.

Цяперашнія ўмовы, зразумела, неспрыяльныя ў нашай краіне для дзейнасьці грамадзкіх арганізацый. Тым ня менш, мы працягваем працу і намагаемся захаваць тое, што было зроблена за 10 гадоў”.

Першы зьезд беларусаў сьвету стаўся вялікім стымулам для актывізацыі беларускага руху ў замежжы. Паўсюдна сталі арганізоўвацца новыя беларускія суполкі, асабліва ў рэгіёнах былога СССР, дзе раней амаль не існавала беларускіх аб’яднаньняў.

На сёньняшні дзень беларускія суполкі працуюць у 32 буйных краінах сьвету. Дзейнасьць іх каардынуе Вялікая Рада Згуртаваньня “Бацькаўшчына”, у склад якой уваходзяць вядомыя беларускія дзеячы як з замежжа, так і з Бацькаўшчыны, і якая пераабіраецца на кожным чарговым зьездзе беларусаў сьвету.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG