З Аляксандрам Акімавым мы зьвязаліся ў адзін з тых нямногіх вечароў, калі ў вольны ад канцэртаў час яго можна было застаць дома. Цяпер ягоны дом далёка ад Беларусі, ужо 11 гадоў ён жыве зь сям’ёю ў Сэуле, сталіцы Паўдзённай Карэі – адной з высокаразьвітых краін сьвету з насельніцтвам больш за 45 млн. чалавек. Мы папрасілі Аляксандра прывітаць нашых слухачоў па-карэйску.
(Акімаў: ) “(Вітаецца па-карэйску) – так гэта гучыць па-карэйску”.
На жаль, за доўгія гады жыцьця на чужыне Аляксандар амаль развучыўся гаварыць па-беларуску і папрасіў прабачэньня за тое, што будзе адказваць на нашыя пытаньні па-расейску. У Сэуле ён адзіны музыкант зь Беларусі, і суродзічаў сустракае там рэдка. Але пачувае ён сябе беларусам і захоўвае беларускае грамадзянства.
(Акімаў: ) "Я падзабыў беларускую мову. Але я ж беларус. Па ўсіх дакумэнтах я грамадзянін Беларусі і такім зьяўляюся”.
Як грамадзяніна Беларусі прадстаўлялі яго на нядаўніх урачыстасьцях у Сэуле, дзе музыканту быў нададзены тытул ганаровага грамадзяніна паўдзённа-карэйскай сталіцы за адметны ўклад у культурнае разьвіцьцё гораду. Заўважым, што сёньняшні Сэул – гэта пяты па велічыні горад сьвету з насельніцтвам каля 11 млн. чалавек.
(Акімаў: ) “Гэта праводзіў мэр горада з уручэньнем памятных медалёў і дыплёмаў. Нас 7 чалавек было замежнікаў. Нас запрасілі на сцэну, пад адкрытым небам усё адбывалася. Абвесьцілі пра кожнага, хто ён, адкуль, за якія заслугі яму даецца гэты тытул”.
Цырымонія адбывалася 25 траўня падчас фэстывалю, які традыцыйна праводзіцца ў Дзень гораду.
(Акімаў) “Гэта інтэрнацыянальны фэстываль, так лічыцца. У гэты дзень шмат амбасадаў, якія акрэдытаваныя ў Карэі, ставяць невялікія палаткі, дзе можна прадаваць сувэніры, плякаты, кнігі. Яшчэ другая палатка прадстаўляецца, калі ёсьць магчымасьць паказаць стравы сваёй краіны, нацыянальную страву, можна яе прадаваць. Ад Беларусі была прадстаўленая палатка з нашымі беларускімі дранікамі і "пальцам пханай" каўбасою. Наша ежа была нарасхват, прадалі ўсё, што падрыхтавалі. Карэйцы выявілі дастатковую цікавасьць да нашай кухні”.
Аляксандар скончыў Менскую кансэрваторыю па клясу валторны. У 1980 годзе стаў ляўрэатам усесаюзнага конкурсу, і гэта адкрыла яму дарогу ў асьпірантуру пры Ленінградзкай кансэрваторыі. Пасьля заканчэньня выйграў конкурс на месца валтарніста ў папулярны на той час аркестар Веранікі Дударавай, але доўга там працаваць не давялося.
(Акімаў: ) “Туды зьвярнуўся адзін дырыжор і паведаміў, што тут у Карэі патрэбныя валтарніст і фагатыст. І так мы ўдваіх прыехалі з Віктарам Шматковым”.
Віктар Шматкоў празь некаторы час вярнуўся ў Беларусь, а сп. Акімаў зрабіў за 11 гадоў у Карэі пасьпяховую творчую кар’еру. Было гэта ня лёгка, давялося зьмяніць чатыры аркестры. Цяпер ён працуе ў галоўным сымфанічным аркестры краіны, які створаны пры буйнейшай тэлерадыёкампаніі KBS – Міжнароднае Радыё Карэі. Галоўным дырыжорам аркестру цяпер ёсьць знаны ў сьвеце маэстра Дзьмітры Кітаенка – некалі народны артыст СССР. Сярод музыкантаў аркестру толькі сп. Акімаў ня ёсьць карэйцам.
(Акімаў: ) “Замежнік толькі я, замежнікаў увогуле ня шмат. Яны абыходзяцца сваімі сіламі і наагул лічаць. што гэты аркестар, ён асноўны аркестар краіны, павінен абыходзіцца сваімі сіламі”.
Цяпер Аляксандар і ягоная сям’я ўжо адаптаваліся да новага жыцьця, але напачатку было даволі складана прывыкаць да звычаяў гэтай малавядомай для беларусаў краіны. Ён успамінае пра свае першыя ўражаньні падчас прыезду ў Сэул.
(Акімаў: ) “Пачуцьці былі зьмешаныя, але ў цэлым краіна спадабалася. А што тычыцца культуры, то былі складанасьці. Традыцыя карэйскія, мова, карэйская ежа, карэйскае пісьменства – усё гэта было было для мяне настолькі нязвычным, што мне проста мельцяшыла ў вачох і я дрэнна арыентаваўся на першым часе. Дапамагло веданьне ангельскай мовы. Мала-памалу стаў цікавіцца, як тое, як гэта, а як у вас да гэтага ставяцца. Паціху вырашалі жыцьцёвыя пытаньні і так паступова, паступова прывыкаў. Цяжкавата было, першыя два месяцы было складана.
У цэлым стаўленьне да мяне было вельмі такім сяброўскім, прынялі мяне па-сяброўску. Увогуле, народ у цэлым прыветны”.
Галоўнае, дзеля чаго варта было пераадольваць усе цяжкасьці, беларускі музыка знайшоў для сябе ў далёкай Карэі – гэта творчая свабода і магчымасьць далейшага творчага росту. Ён удасканаліў сваё майстэрства і набыў уласны імідж высокапрафэсійнага музыканта. Сёньня ён ужо мае сваіх вучняў, якія працуюць у прафэсійных аркестрах Сэула і па ўсёй краіне. Цягам 5 гадоў ён выкладаў ва Ўнівэрсытэце мастацтваў. Мы пацікавіліся ў Аляксандра, якую методыку ён выкарыстоўваў у сваёй выкладчыцкай працы, чым адметная карэйская методыка?
(Акімаў: ) “Я навучаў так, як вучылі мяне, па тых жа канонах, як мяне вучылі ў кансэрваторыі. У нас ёсьць свая мэтодыка, і яна добрая. У карэйцаў няма сваёй мэтодыкі, яны нешта бяруць з Амэрыкі. Цяжкая сытуацыя менавіта з валтарністамі. Валторна лічыцца даволі складаным музычным інструмэнтам, і добрых валтарністаў тут не шмат”.
Аляксандар зазначыў, што сама сыстэма адукацыі творчых кадраў ў Карэі істотна адрозьніваецца ад беларускай.
(Акімаў: ) “У іх ёсьць адзін Унівэрсытэт мастацтваў, дзе навучаюць і музыцы, і балету, жывапісу, народнай музыцы, усё там. Кансэрваторыі ў нашым разуменьні тут няма, у звычайным унівэрсытэце ёсьць музычныя аддзяленьні, гэта амаль у кожным унівэрсытэце. Вось там і навучаюцца музыканты. Яны заканчваюць унівэрсытэт у Карэі, а потым, як правіла, едуць яшчэ вучыцца ў Эўропу ці ў Амэрыку. І вось ужо пасьля гэтай вучобы яны маюць шанцы атрымаць дастаткова добрую працу ў прафэсійным аркестры”.
Аляксандар сказаў, што прафэсія музыканта ў Карэі даволі прэстыжная і шмат хто з моладзі выбірае яе. Музычнае жыцьцё ў Паўдзённай Карэі вельмі багатае, а ейная сталіца – гэта вядомы на Ўсходзе культурны цэнтар.
(Акімаў: ) “Тут вельмі актыўнае музычнае жыцьцё. У адным Сэуле толькі недзе 12 прафэсійных аркестраў дастаткова добрага ўзроўню. Публіка цікавіцца музыкаю, разумее і ведае музыку. Залі ёсьць вялікія, Арт-цэнтар у нас у Сэуле недзе тысячы на 3-4 месцаў, другая заля ў культурным цэнтры вельмі вялікая, кажуць самая вялікая ў Азіі, там недзе каля 5 тысяч месцаў. На добрыя аркестры – поўныя залі. Тут дастаткова шмат аркестраў народнай музыкі, і цікавасьць да іх таксама ёсьць. Карэйцы – патрыёты сваёй краіны, трэба аддаць ім належнае, яны вельмі любяць сваю краіну, тым больш сваю культуру, мастацтва, і музычнае ў тым ліку”.
Каб трымаць належны прафэсійны ўзровень, музыканты звычайна іграюць у некалькіх аркестрах па-за асноўным месцам працы. Аляксандар Акімаў таксама працуе яшчэ ў некалькіх музычных калектывах. Ён нават саарганізаваў квартэт валторнаў, які сыграў у Сэуле сольны канцэрт у дзвух аддзяленьнях, што сталася адметнаю зьяваю ў музычным жыцьці гораду, Паводле словаў Аляксандра, такія канцэрты адбываюцца рэдка, бо іх падрыхтоўка патрабуе шмат працы.
Цяпер поплеч з бацькам на сцэну выходзіць і ягоны 18-гадовы сын.
(Акімаў: ) “Ён таксама валтарніст, мы нядаўна разам ігралі канцэрт”.
Дачка ўжо скончыла карэйскі ўнівэрсытэт і атрымала прафэсію сынхроннага перакладчыка расейскай і карэйскай моваў.
Аляксандар і ягоная жонка Вера ўспамінаюць, што найлепшымі настаўнікамі ў карэйскай мове былі для іх дзеці, які праз паўгады жыцьця ў Сэуле навучыліся ўжо добра размаўляць. Сп. Вера размаўляла з намі па-беларуску, але прызналася, што ўжо таксама мае праблему з роднай моваю.
(Вера: ) “Калі я размаўляю па-беларуску, спачатку прыходзяць ангельскія словы, потым карэйскія і нарэшце беларускія”.
Сп. Вера, як і муж, скончыла Беларускую кансэрваторыю, яна музыказнаўца. Па прафэсіі знайсьці там працу, зразумела, немагчыма. Тры гады працавала ў каледжы, дзе выкладала расейскую мову. Цяпер яна хатняя гаспадыня і засвойвае таемствы карэйскай кухні.
(Вера: ) “Уся ежа карэйская падабаецца, таму што яна вельмі лёгкая, вельмі смачная, трошкі вострая, але вельмі далікатная, не тлустая. Яны ядуць нешта падобнае на нашыя бліны, але з гароднінаю і трошкі вострыя, ёсьць нешта падобнае на лапшу з грыбамі, з гароднінаю. Канечне, мы ямо беларускую ежу і трошкі карэйскую. Карэйскую ямо ў рэстаранчыках, а дома я гатую. Тут ёсьць усё, што патрэбна, каб гатаваць беларускую ежу”.
Распытвалі мы ў сп. Веры і пра жыцьцё карэйскіх жанчын, наколькі там захоўваюцца традыцыі.
(Вера: ) “Цяпер сытуацыя вельмі зьмянілася, раней жанчына залежала ад мужа, яна была толькі дома. Цяпер жанчыны бяруць удзел у грамадзкім жыцьці, ходзяць на працу, у сям'і яны нярэдка лідыруюць. Апранаюцца так, як і ў Эўропе. У сучаснай сям'і 2-3 дзяцей, раней былі вялікія сем'і”.
Аднак, гэтыя вонкавыя праявы эўрапейскай культуры не закранаюць маральных асноваў жыцьця карэйскага грамадзтва.
(Вера: ) “Злачынствы тут здараюцца вельмі рэдка. Акрамя таго, нас, як бацькоў, задавальняе тое, што тут ня ўбачыш па тэлевізару нейкай эротыкі, нейкіх непрыемных рэчаў. Тут мараль здаровая, гэта канфуцыянская краіна. Нашы дзеці тут растуць, і мы вельмі гэтым задаволеныя. Мы б хацелі трошкі яшчэ тут пажыць і вярнуцца”.
Аднак, дзеці, якія ўжо палову і больш свайго жыцьця пражылі ў Карэі, на Бацькаўшчыну езьдзяць толькі гасьцямі.
(Вера: ) “Падабаецца зьезьдзіць у госьці ў Беларусь, паглядзець прасторы, беларускую прыроду і затым вярнуцца сюды. Яны ўжо адчуваюць Карэю як свой дом, на жаль, мабыць”.
Але, іхнаму бацьку немагчыма забыцца на Радзіму.
(Акімаў: ) “Канечне, сумуем па Беларусі. Калі я прыяжджаю і еду з аэрапорту ў горад – прасторы беларускія, гэта ні з чым не параўнаць, гэтыя лясы, гэтыя палі зялёныя. У Карэі такіх даляглядаў няма, гэта горная краіна, заўсёды погляд упіраецца ў нейкую гару ці ў будову, шчыльнасьць засяленьня тут вельмі вялікая. Прырода надзвычайная ў Беларусі. Калі б умовы для жыцьця і творчай дзейнасьці ў Беларусі былі б такімі, як тут у Карэі, хіба я апынуўся б тут?”