Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Канадзе


Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Удзельнікі: Зінаіда Гімпелевіч, Івонка Сурвілла, Ірына Лысенка

У навуковым жыцьці беларускай дыяспары найбольш паважнае мейсца займае Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку (БІНІМ), які існуе ўжо 52 гады. Менш вядома пра дзейнасьць ягонага, можна сказаць, “малодшага брата” – у Канадзе, які мае такую ж назву.

Канадыйскі БІНІМ быў створаны беларускай інтэлігенцыяй на эміграцыі ў лістападзе 1968 году. За 35 гадоў плённай працы Інстытут шмат зрабіў для папулярызацыі беларусістыкі у гэтай краіне. Сёньня Інстытут узначальвае доктар славістыкі Зінаіда Гімпелевіч. Яна паведаміла, што дзейнымі сябрамі Інстытуту зьяўляюцца цяпер 25 навукоўцаў.

(Гімпелевіч: ) “Людзі беларускага і не беларускага паходжаньня, якія цікавяцца беларускімі пытаньнямі. Большая частка – гэта нашы людзі, якія сюды прыехалі. Ад імя Інстытуту мы арганізоўваем канфэрэнцыі, лекцыі. Калі ў канадыйцаў узьнікаюць пытаньні па гісторыі, культуры, становішчы ў Беларусі, да нас зьвяртаюцца з гэтымі пытаньнямі”.

Пасада кіраўніка БІНІМу – выбарная. Доктар Зінаіда Гімпелевіч заняла яе адносна нядаўна, яе абралі на леташнім сходзе сяброў Інстытуту. Сп. Зінаіда належыць да новай эміграцыі, чаму менавіта яе абралі кіраўніком?

(Гімпелевіч: ) “Таму што, паводле правілаў Інстытуту, каб нас ведалі, гэтую працу павінен весьці чалавек, у якога ёсьць імя ў акадэмічным асяродзьдзі, навуковая ступень павінна быць, атрыманая ў Канадзе, і ў дадатак павінен працаваць у навуковай установе. На жаль, сярод нашых ня шмат маем такіх людзей”.

Зінаіда Гімпелевіч атрымала доктарскую ступень у Атаўскім унівэрсытэце. Жыве ў Канадзе з 1979 году. У Менску працавала выкладчыцай Менскага пэдагагічнага інстытуту. Цяпер працуе ва Ўніверсытэце Ватэрлоо, выкладае расейскую мову і літаратуру на кафэдры славістыкі. Беларуская мова там пакуль яшчэ не вывучаецца, і беларусістыкай даводзіцца займацца ў свой вольны час. Сп. Зінаіда пераняла сваю пасаду ў БІНІМе ад сп. Івонкі Сурвіллы – цяперашняй старшыні Рады БНР, якая ўзначальвала Інстытут ад 1974 году.

Калі ў 1951 годзе ў Нью-Ёрку быў закладзены БІНІМ, шмат хто з канадыйскіх беларусаў стаў супрацоўнічаць з ім. Потым узьнікла думка стварыць філію БІНІМ ў Канадзе. Паслухаем сп. Івонку Сурвіллу:

(Сурвілла: ) “Спачатку хацелі рабіць філію. Але справа ў тым, што ў Канадзе філіям чужых арганізацыяў няма ніякай дапамогі з боку ўрадавых інстытуцыяў. Так што дзеля гэтай прычыны было важна мець нешта беларуска-канадыйскае. Я думаю, што гэта было добрае рашэньне доктара Жук-Грышкевіча. Ён ўзяў на сябе ініцыятыву гэта зрабіць. З гэтай прычыны мы і цяпер бярэм удзел у кангрэсах навуковых арганізацыяў таму, што мы зьяўляемся канадыйскай арганізацыяй”.

Доктар Вінцэнт Жук –Грышкевіч быў ініцыятарам стварэньня канадыйскага БІНІМу і першым ягоным кіраўніком. Ужо праз паўгоду дзейнасьці ў чэрвені 1969 году Інстытут узяў удзел у зьезьдзе канадыйскіх славянаў і прадставіў на ім тры навуковыя даклады пра беларускую культурную працу ў Канадзе.

Пасьля доктара Жук-Грышкевіча Інстытут узначаліў доктар Барыс Рагуля, а яго зьмяніў доктар Янка Садоўскі. Апошні не належаў да атывістаў беларускага асяродку ў Канадзе, аднак ягоная роля ў дзейнасьці БІНІМ была вельмі значнай. Вось што распавяла нам ягоная пераемніца на пасадзе кіраўніка сп. Івонка Сурвілла:

(Сурвілла: ) "Янка Садоўскі быў прафэсарам ва ўнівэрсытэце Квінс у Квінстане, ён выкладаў расейскую мову, але шмат пісаў на беларускія тэмы і браў удзел у канфэрэнцыях. Прафэсар Янка Садоўскі скончыў свае студыі ў Англіі, быў доктарам і прыехаў працаваць у Канаду. Яго абралі старшынём БІНІМ у Канадзе ў 1971 годзе, тады ён арганізаваў у Квінстане канфэрэнцыю беларусаведы, гэта была першая канфэрэнцыя.

Наступную ў 1975 годзе арганізоўвала ўжо я ў Атаўскім унівэрсытэце. Ад гэтай канфэрэнцыі ў мяне застаўся найлепшы ўспамін з усёй маёй дзейнасьці ў Канадзе. Шмат хто тады даведаўся пра Беларусь у першы раз. Набылі тады мы шмат сяброў сярод іншых групаў славян, асабліва сярод украінцаў”.

Удзел у навуковых канфэрэнцыях і стаў асноўнай справай Інстытута ў будучыні. Ад 1989 году БІНІМ бярэ сталы ўдзел у найважнейшых навуковых форумах Канады – кангрэсах акадэмічных навуковых галінаў, якія ладзяцца ў розных унівэрсытэтах краіны. Часткаю гэтых кангрэсаў ёсьць канфэрэнцыі славістаў, дзе беларусы прадстаўляюць кожны раз ня менш за тры даклады.

Сп. Івонка Сурвілла лічыць, што ўдзел у гэтых канфэрэнцыях дазваляе ня толькі прапагандаваць веды пра Беларусь у канадыйскім грамадзтве, але і дае магчымасьць атрымліваць патрэбную інфармацыю і ўздымаць праблемныя пытаньні.

(Сурвілла: ) “Удзел у гэтых канфэрэнцыях дазваляе нам прысутнічаць на ўсіх дакладах – расейскіх, украінскіх, польскіх, дзе можа нешта гаварыцца пра Беларусь. Запомніўся мне адзін вельмі цікавы наш удзел у кангрэсе ў Вікторыі (Брытанская Калумбія) у 1990 годзе. Мы тады вырашылі прысьвяціць свае выступленьні тэме Чарнобыля. Зінаіда Гімпелевіч гаварыла пра Чарнобыль наагул, я гаварыла на тэму "Чарнобыль у беларускім мастацтве" і Паўлінка Сурвілла выступала з дакладам аб сувязі пачуцьця любові да свайго краю з тэмаю Чарнобыля. Тады мы запрасілі паслухаць нашыя даклады іншых дасьледчыкаў гэтай тэмы, асабліва ўкраінскіх”.

Івонка Сурвілла і Зінаіда Гімпелевіч выступалі на гэтай канфэрэнцыі з добрым веданьнем справы. Менавіта яны стварылі ў Канадзе чарнобыльскі фонд, які шмат дапамагаў Беларусі і дзейнічае яшчэ і да сёньня. Вось як успамінае сп. Зінаіда гэтую канфэрэнцыю, дзе яна абгрунтавана даказвала канадыйскім навукоўцам, што менавіта Беларусь найбольш сталася ахвяраю Чарнобыльскай катастрофы.

(Гімпелевіч: ) “Там сядзеў вельмі вядомы навуковец-канадыец Дэвід Марплз, які займаўся ўкраінскай тэматыкаю. Вельмі ён на мяне раззлаваўся, бо ён ведаў, што гэта толькі ўкраінскае гора. Але я яго пераканала, і ён зараз займаецца толькі Беларусьсю. Напісаў тры вельмі добрыя кніжкі, якія выдалі ў Оксфардзе, у Кембрыджы. Цудоўна робіць сваю справу. Ён палітоляг, цяпер зьбірае дадзеныя пра Беларусь. Ён таксама сябра Інстытуту”.

Канадыйскі БІНІМ актыўна супрацоўнічае зь нью-ёркскім. Ва ўсіх канфэрэнцыях у Канадзе бяруць удзел і беларускія навукоўцы са Злучаных Штатаў, а таксама наадварот – канадыйцы часта бываюць гасьцямі БІНІМ у Нью-Ёрку.

Сябры Інстытуту ўваходзяць у склад паўночна-амэрыканскай суполкі Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў.

Мы запыталіся ў сп. Івонкі Сурвілла як актыўнага сябра Інстытуту пра найбліжэйшыя пляны дзейнасьці і пэрспэктывы.

(Сурвілла: ) “Будзем працягваць працу, удзельнічаць ва ўсіх магчымых канфэрэнцыях, дзе можна будзе гаварыць пра Беларусь, дзе можна будзе нешта зрабіць для Беларусі. Найважнейшае – ёсьць удзел у розных міжнародных арганізацыях, дзе ёсьць магчымасьць штосьці сказаць пра Беларусь. Мне гэта ўяўляецца найважнейшай працай нашага Інстытуту. Вельмі мала ёсьць такіх нагодаў. На ўзроўні ўнівэрсытэцкім, акадэмічным, навуковым – найлепшы інструмэнт – гэта Інстытут.

Маем намер выдаць некалькі розных кнігаў, пра гэта гаварылася на апошнім Зьезьдзе Інстытуту. Таксама ёсьць цэлая сэрыя праектаў. Пра гісторыю беларусаў Канады яшчэ шмат трэба пісаць па-ангельску, і гэта зьбіраемся рабіць. Хацелася б апублікаваць альбом фотаздымкаў майго мужа Янкі Сурвіллы, які быў прыроджаным фатографам. Добра было б выдаць кнігу "25 гадоў беларускага жыцьця ў Канадзе". Мы цяпер супрацоўнічаем таксама зь беларускімі установамі ў Беларусі, дапамагаем, калі магчыма, высылалі дапамогу на публікацыі”.

Сп. Зінаіда Гімпелевіч паведаміла пра тыя падзеі, якія чакаюць беларускіх навукоўцаў у сёлетнім годзе:

(Гімпілевіч: ) "У гэтым годзе ў Таронта адбудзецца Кангрэс славістаў сьвету, а ўжо там у нас будзе тры сэкцыі па беларускіх справах. Адна па літаратуры і музыказнаўству, будуць браць удзел пяць навукоўцаў з Амэрыкі і з Канады. Будзе круглы стол, у якім прымуць удзел зь Беларусі – Вінцук Вячорка, са Злучаных Штатаў – Янка Запруднік і Вітаўт Кіпель. Будзе сэкцыя па лінгвістыцы на чале з Куртам Вулгайзэрам.

Мы таксама рыхтуем выставы. У гэтым годзе, я спадзяюся, мы зробім тут ва ўнівэрсытэце, у нас вельм добрая заля, выставу беларускіх мастакоў і канадыйцаў, якія цікавяцца беларускай тэматыкай. Так што ў гэтым годзе вельмі добра прагучым”.

У апошнія гады склад сяброў Інстытуту папоўніўся новымі сіламі з апошняй хвалі беларускай эміграцыі ў Канаду. Актыўна выявілі сябе ў навуковай працы эканаміст Сяргей Крычэўскі і філёляг Ірына Лысенка. Сп. Лысенка мела ў Беларусі спэцыяльнасьць гісторыка беларускай мовы, цяпер заканчвае магістэрскую працу ўва Ўнівэрсытэце Карлстэн у Атаве, спэцыялізуецца на праблемах вывучэньня гісторыі Ўсходняй Эўропы і былога СССР. Два гады таму ўпершыню выступіла на навуковай канфэрэнцыі з дакладам.

(Лысенка: ) “Тэма дакладу – "Узаемадзеяньне і ўплыў старабеларускай мовы на старарускую ў 15-17 стагодзьдзях". Дасьледуючы яшчэ ў Беларусі старабеларускую мову, я ўбачыла, што на працягу 15-17 ст. старабеларуская мова аказвала вельмі вельмі значны ўплыў на старарускую таму, што першая зьявілася, па сутнасьці, правадніком таго багатага лексычнага матэрыялу, які ішоў на Расею з Захаду. Беларуская мова спачатку акумулявала, апрацоўвала, а потым перадавала гэта далей на Усход. На той час навуковая тэрміналёгія, ваенная тэрміналёгія ў беларускай мове была распрацаваная нашмат больш грунтоўна, чым у расейскай мове”.

Сп Ірына знайшла ў Канадзе шмат матэрыялаў, якія датычаць гісторыі Беларусі, і зараз распрацоўвае новую тэму аб малавядомых аспэктах падзеяў Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Беларусі і іх уплыве на гісторыю краіны.

Кіраўнік БІНІМ доктар Зінаіда Гімпелевіч заклапочаная тым, каб як мага больш далучыць да працы Інстытуту новых прадстаўнікоў канадыйскага грамадзтва і тым самым забясьпечыць посьпех на будучыню. Добрыя вынікі такога супрацоўніцтва яны маюць ў чарнобыльскім фондзе.

(Гімпелевіч: ) “Нават з фондам гэтым, які зь Івонкаю мы пачалі некалі разам. Пачыналі толькі людзі беларускага паходжаньня, але зараз акрамя Івонкі і мяне там ужо нікога няма, усё канадыйцы падхапілі. І гэта тое, да чаго я імкнуся, каб людзі ведалі, а калі людзі разумеюць, тады яны ўжо сваю асабістую ініцыятыву выяўляюць і тады яны ўжо працуюць. Наша праца, праца Інстытуту – аб'яднаць як мага больш канадыйцаў, каб ведалі, як ёсьць на самай справе ў любой галіне. Зараз пра нас больш вядома, дзякуючы такім людзям, як Дэвід Марплз, як Чарльз Фруд, які пачынаў як дасьледчык расейскай гісторыі, а зараз шмат робіць для Беларусі. Такім чынам, семя ўпала і пайшло расьці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG