Удзельнік: Сяргей Стасевіч (Італія, Рым).
Беларуская прысутнасьць у Італіі ніколі не была шматлікай. Беларусы ехалі ў гэту краіну часьцей па навуку. Яшчэ ў 1512 годзе Францішак Скарына абараніў вучоную ступень доктара лекарскіх навук ва ўнівэрсытэце гораду Падуі. У наш час некаторыя маладыя беларусы скіроўваюцца ў Рым, дзе знаходзяцца найвышэйшыя навучальныя ўстановы каталіцкай царквы, каб атрымаць лепшую адукацыю.
Сёньня ў нас сустрэча зь Сяргеем Стасевічам, родам ён з Івацэвічаў, вывучае багаслоўе ў адной з рэлігійных навучальных установаў “вечнага гораду”.
(Стасевіч: ) “Я зьяўляюся выхаванцам Папскай грэцкай калегіі, вывучаю багаслоўе ў Папскім унівэрсытэце сьвятога Тамаша”.
Сяргей належыць да вернікаў грэка-каталіцкай царквы, або каталіцкай царквы ўсходняга абраду, якую у Беларусі часьцей называюць уніяцкай. Раней Сяргей вывучаў філязофію ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце, і па заканчэньні вучобы вырашыў стаць сьвятаром.
(Стасевіч: ) “Я заўсёды цікавіўся рэлігіяй і стаўся вернікам, калі быў яшчэ падлеткам. Калі я прыехаў у Менск, я адразу пачаў хадзіць у грэка-каталіцкую царкву, і потым да мяне прыйшла думка, што маёй справаю жыцьця магло б быць сьвятарства. Быць грэка-каталіцкім сьвятаром для мяне сталася мэтаю жыцьця. І таму пасьля заканчэньня маіх студыяў я захацеў вывучаць багаслоўе, каб у будучыні быць сьвятаром.
Я паехаў да айца Аляксандра Надсана, які зьяўляецца апостальскім візітатарам для беларускіх грэка-католікаў у замежжы. Ён мяне запрасіў у Лёндан, каб больш пазнаёміцца са мной і каб я навучыўся ангельскай мове. Я пажыў год у Ангельшчыне. Мы напісалі просьбу ў Рым, яна была задаволеная, і я такім чынам паступіў у гэту навучальную установу ў Італіі.
Маю стыпэндыю ад Ватыканскага дыкастэрыя, які называецца “Кангрэгацыя для ўсходніх цэркваў”. Гэта частка Рымскай курыі. Яны аплочваюць мае студыі і ўсе неабходныя выдаткі, якія з гэтым зьвязаныя”.
Мы пацікавіліся ў Сяргея, зь якіх іншых краінаў прыяжджаюць усходнія каталікі вучыцца ў Рым, ці шмат іх там увогуле?
(Стасевіч: ) “Усходніх каталікоў даволі шмат у Рыме. Тут ёсьць некалькі усходніх калегіяў, гэта значыць месцаў, дзе ўсходнія каталікі жывуць і вучацца. Напрыклад, у дзьвюх украінскіх калегіях навучаецца каля 300 студэнтаў, у іншых таксама даволі шмат.
Усходнія каталікі з Украіны належаць да Бізантыйскага абраду. Але ўсходніх абрадаў ёсьць шмат. Напрыклад, мараніцкі абрад, халдэйскі абрад, армянскі абрад.
Ёсьць шмат студэнтаў з Блізкага Ўсходу, ёсьць студэнты з Армэніі і з армянскай дыяспары, шмат зь Лівану, з Індыі. Так што можна сказаць, што Усход прадстаўлены больш багата”.
А як зь Беларусі, ёсьць у Рыме яшчэ студэнты грэка-каталікі, ці навучаліся беларусы там раней?
(Стасевіч: ) “У Грэцкай калегіі я далёка не першы. Першым зь Беларусі, хто паступіў у нашу калегію, а яна была адчыненая ў 1577 годзе, стаў Язэп Вельямін Руцкі, будучы ўніяцкі мітрапаліт. Пасьля гэтага ён здолеў атрымаць прывілей на тое, каб кожны год у Грэцкую калегію маглі паступаць чатыры новыя студэнты з Вялікага Княства Літоўскага. Такім чынам, у Калегіі вучыліся задарма шмат студэнтаў зь Беларусі. Найперш, гэта былі манахі-базыльяне, якіх мы потым ведаем ў якасьці кіраўнікоў царквы – ярархаў. Але таксама былі і людзі, якія вярталіся дадому і станавіліся сьвецкімі дзеячамі.
У 19-м стагодзьдзі традыцыя перарвалася, гэта было зьвязана зь ліквідацыяй уніяцкай царквы ў Беларусі. Але ўжо ў 20-м стагодзьдзі першым студэнтам стаўся Аляксандар Надсан, які скончыў нашу калегію ў канцы 50-х гадоў. Пасьля быў яшчэ адзін студэнт, а я ўжо трэці.
У дадзены момант я адзіны студэнт зь Беларусі ва ўсіх ўсходніх духоўных навучальных установах у Рыме”.
У Папскім унівэрсытэце сьвятога Тамаша навучаюцца ня толькі тыя, хто рыхтуецца стаць сьвятаром.
(Стасевіч: ) “Зусім не абавязкова, што кожны са студэнтаў у будучыні стане сьвятаром. Шмат хто навучаецца са сьвецкіх людзей, шмат ёсьць дзяўчат і жанчынаў. Так што сьвятарства – не адзіная мэта для тых, хто вучыцца ў Рыме”.
Навучаньне вядзецца ў некалькіх мовах.
(Стасевіч: ) “Ва ўнівэрсытэце я маю магчымасьць вучыцца на дзьвюх мовах, у нас выкладаюць як па-ангельску, так і па-італьянску”.
Навучаньне і арганізацыя жыцьця студэнтаў рэлігійных установаў істотна розьніцца ад сьвецкіх.
(Стасевіч: ) “Паколькі гэта рэлігійная інстытуцыя, мы маем адпаведны рэжым жыцьця. Трэба быць заўсёды прысутным на малітвах у адпаведны час дня, таксама на пасілках.
Мы маем сваю капліцу ў самім будынку і царкву, якая стаіць побач, злучаная з Калегіяй галерэяй.
У вольны час кожны займаецца тым, што яму падабаецца. Можна хадзіць у кіно, што я часам і раблю, на розныя мерапрыемствы культурныя – у тэатар, на выставы”.
Студэнты таксама бяруць удзел у сьвяточных багаслужбах, якія праводзяцца ў Ватыкане.
(Стасевіч: ) “На ўсялякія ўрачыстасьці, якія нейкім чынам зьвязаныя з хрысьціянскім Усходам, заўсёды запрошаныя і мы. Мы звычайна сьпяваем нейкія часткі набажэнства, ці проста прысутнічаем у храме сьвятога Пятра.
Наша Калегія мае прывілей адзін раз у год, у вялікі чацьвер, калі адбываецца абрад мыцьця ног апосталаў – гэта калі Сьвяты Айцец мые ногі кардыналам, успамінаючы, як Ісус Хрыстос абмыў ногі сваім вучням, – падчас гэтай службы мы сьпяваем некаторыя часткі багаслужэньня па-грэцку. Гэта наш вельмі старадаўні прывілей”.
Мы запыталі ў сп. Сяргея, калі ён упершыню пабачыў Сьвятога Айца Яна Паўла ІІ.
(Стасевіч: ) “Першы раз мне давялося быць на багаслужэньні са Сьвятым Айцом Янам Паўлам ІІ увосень 2000 году. Гэта была ўрачыстая ўсходняя служба да Божай маці, якая называецца Акафіст, якую сьпявалі розныя ўсходнія калегіі, прысутныя былі шматлікія біскупы ўсходнія і лацінскія. Гэта служба была ў Базыліцы Санта Марыя Маджоры. Тады я першы раз пабачыў Папу ў Рыме. Але я бачыў яго раней, калі езьдзіў у Польшчу пад час візыту Папы ў 1999 годзе. Пасьля гэтага яшчэ некалькі разоў бачыў на розных набажэнствах, але толькі здалёк”.
На пытаньне, што найбольш важным ён лічыць з таго, што спазнаў пад час жыцьця і вучобы ў Рыме, сп. Сяргей адказаў так:
(Стасевіч: ) “Самае цікавае з таго, што я тут знайшоў, гэта тое, што я змог тут пабачыць, як функцыянуе каталіцкая сыстэма выхаваньня на практыцы. Мы ў Беларусі мала ведаем пра каталіцкую царкву. Для многіх беларусаў каталіцкая царква – гэта царква польскай нацыянальнай меншасьці. І нават цяпер, нягледзячы на зьмены, якія адбыліся. А пра тэалёгію ці пра каталіцкую адукацыю ў нас ня ведаюць увогуле нічога”.
Сапраўды, як бачыцца цяпер будучаму сьвятару розьніца паміж каталіцкай царквой на Захадзе і на Бацькаўшчыне?
(Стасевіч: ) “Каталіцкая царква ў нас у параўнаньні з каталіцкай царквой у Эўропе – гэта дзьве розныя рэчы. Якая найвялікшая розьніца? Я думаю, што царква такая, якія людзі. Мы ёсьць царквою, мы яе складаем. Якая мэнтальнасьць у нас, такая і царква. Людзі на Захадзе глядзяць на сьвет адрознымі ад нас вачыма, і рэлігійнасьць іхная выяўляецца па-іншаму. З маіх назіраньняў магу сказаць, што ў нас каталіцкая царква як бы ўсё яшчэ знаходзіцца ў 19-м стагодзьдзі, у той час як тут пасьля рэформаў, якія адбыліся ў царкве пасьля Другога Ватыканскага сабору, зьмены адчуваюцца вельмі моцна. Яны ажыцьцяўляюцца нашмат больш выразна, чымся ў нас. У нас былі іншыя гістарычныя ўмовы. Тут царква пайшла далёка наперад у сваіх стасунках са сьветам, са сьветапоглядам сучаснага чалавека, тады як у нас яна засталася на ўзроўні народнай пабожнасьці 19-га стагодзьдзя”.
А вось якое ўражаньне было ў нашага суразмоўцы ад першай сустрэчы зь “вечным горадам”?
(Стасевіч: ) “Рым з самага пачатку мне падаўся найвялікшым горадам сьвету у тым сэнсе, што я пабачыў адразу некалькі цывілізацыяў, якія проста напластаваныя адна на другую. І нават калі ты проста праходзіш па вуліцах, ты бачыш часткі старажытнага Рыму, Рыму цэзараў. Над імі ўзвышаецца Рым сярэднявечны, а потым ты бачыш стыль барока. І ўсё гэта такім чынам суіснуе, сплецена, што стварае адзін жывы арганізм. І ў гэтым вялікая адрознасьць Рыму. Можна сказаць, што тут усё як бы дыхае ягонай старажытнай гісторыяй, і ня толькі хрысьціянскай. Рым хрысьціянскі – гэта далёка ня ўвесь Рым, хаця, безумоўна, гэта хіба што адна з найвялікшых частак ягонай гісторыі.
Я б таксама мог сказаць наконт італьянскай культуры. Мне падалося, што Італія нашмат бліжэйшая да Беларусі ў тым пляне, што людзі і іхны спосаб мысьленьня мне падаліся нечым блізкімі, нават лад жыцьця”.
І на завяршэньне размовы інфармацыя для тых , хто будучы ў Рыме захоча паглядзець на будынак Грэцкай калегіі, куды праклалі дарогу беларусы.
(Стасевіч: ) “Наша Грэцкая калегія знаходзіцца ў цэнтры гораду паблізу плошчы Гішпаніі, на вуліцы Бабуіно, яна там знаходзіцца ад самага часу заснаваньня ў 16-м стагодзьдзі”.