Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы Армэніі: тры лёсы


Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Удзельнікі: Валянціна Варазян, Людміла Айвазян, Жана Нікіцюк, Эдуард Бадалян.

Чарговы выпуск перадачы “Беларускае замежжа” прысьвечаны беларусам Армэніі. Гэтая краіна стала іх новай радзімай, але Беларусь застаецца неад’емнай часткаю іхнага жыцьця, і кожны прыезд на Бацькаўшчыну – гэта сьвята душы.

(Айвазян: ) “Калі я прыяжджаю ў Беларусь, я здымаю туфлі і басанож ступаю на зямлю, потым лягаю, прыкладаю вуха да зямлі і хвілін 20 ляжу так”.

Гаварыла Людміла Айвазян з Ерэвану – сяброўка беларускага аб’яднаньня ў Армэніі.Сёлета яму споўнілася 5 гадоў. Аб’яднаньне мае 8 філіяў у розных гарадох краіны і налічвае дзьве сотні сяброў. Зь Беларусі ніколі не было мэтанакіраванай эміграцыі ў Армэнію. Часьцей за ўсё туды выяжджалі беларускія жанчыны, якія выходзілі замуж за армянаў. Існаваньне суполкі сьведчыць пра тое, што гэта былі не адзінкавыя выпадкі. Калі мы пацікавіліся ў старшыні аб’яднаньня сп. Валянціны Варазян, як яна патрапіла ў Ерэван, яна таксама адказала:

(Варазян: ) “Замуж выйшла. І большасьць нашых жанчын так трапілі”.

Сп. Валянціна жыве ў Армэніі больш за 30 гадоў, працавала ў Дзяржаўным камітэце інфармацыі, вырасьціла сына. Яна сьведчыць, што большасьць зь беларускіх жанчын пачуваюць сябе там спакойна, маюць шчасьлівыя сем’і, і яна не ведае выпадка, калі б нечый шлюб ня вытрымаў жыцьцёвых выпрабаваньняў.

(Варазян: ) “Не, шлюбы не распадаюцца. Армэнія стала для нас другой радзімай, якую мы любім, для росквіту якой мы працавалі і працуем”.

Варта дадаць, што не распадаюцца тыя шлюбы, якія пабудаваныя на каханьні, на ўзаемнай павазе і сумеснай адказнасьці людзей. Але тыя беларускія дзяўчаты, якія шукаюць толькі прыгодаў ці лёгкага жыцьця за заможным мужчынам з Поўдня, часта трапляюць на Каўказе ў драматычныя сытуацыі. Аднак, не яны гераіні нашай сёньняшняй перадачы, а тыя, хто знайшоў там сваё асабістае шчасьце.

Са сваім будучым мужам Валянціна Варазян пазнаёмілася ў сябе на Радзіме.

(Варазян: ) “Ён мяне сустрэў у Менску, прыяжджаў дыплём пісаць. Ён так да мяне заляцаўся, купіў пярсьцёнак, павёў у ЗАГС і так паступова і зьвёз”.

Але сп. Валянціна не забылася на сваё паходжаньне і дапамагае сёньня іншым далучацца да беларускасьці, тым больш, што ўлады Армэніі падтрымліваюць нацыянальныя згуртаваньні.

(Варазян: ) “Наша суполка ўваходзіць у Саюз нацыянальнасьцяў Армэніі, які аб’ядноўвае 12 суполак. Па нацыянальнай прыкмеце нікога не падзяляюць. Урад займаецца нацыянальнымі меншасьцямі, у бюджэце закладзеныя грошы, выдзеленая невялікая колькасьць грошай для кожнай суполкі”.

Апошнім часам беларусам Армэніі ўрэшце стала дапамагаць і Бацькаўшчына. Яны цяпер маюць права на скідку ў 50% ад “Белавія”, калі наведваюць Радзіму. Пэўныя льготы мае і моладзь, якая хоча вучыцца ў Беларусі. Таму насьпела патрэба больш увагі надаць нацыянальнай адукацыі.

(Варазян: ) “Мы адчынілі нядзельную школку, у якой займаюцца дзеці і ўнукі сяброў нашай суполкі – 15 чалавек. Вывучаюць беларускую мову, гісторыю і культуру нашай Радзімы. Мы правялі юбілей нашых народных паэтаў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Акрамя таго, іншыя культурныя мерапрыемствы праводзяцца вучнямі школы. Падрыхтавалі “Гуканьне вясны”, прымаем удзел у Днях славянскага пісьменства, у фэстывалі Саюзу нацыянальнасьцяў Армэніі”.

Мы запыталі ў сяброўкі аб’яднаньня Людмілы Айвазян, чый голас вы чулі напачатку, наколькі для яе асабіста важнае існаваньне беларускага асяродку ў Ерэване.

(Айвазян: ) “Гэта як бы кусочак нашай беларускай зямлі. Хочацца паразмаўляць, родную мову пачуць. Дзеці часам песьні сьпяваюць беларускія, вяночкі робяць, было ў нас сьвята сустрэчы зь вясною”.

Людміла Айвазян, як і наша папярэдняя суразмоўца, ужо на пэнсіі. Прыехала ў Армэнію ў 1967 годзе з мужам-вайскоўцам. Яны пазнаёміліся і ажаніліся ва Ўкраіне, дзе яна працавала пасьля заканчэнья горнага тэхнікуму на Ўрале. Сп. Людміла таксама задаволеная сваім жыцьцём на новай радзіме.

(Айвазян: ) “Мне, я лічу, пашчасьціла двойчы: першае, што я нарадзілася ў Беларусі, а другое , што я папала жыць у Армэнію сярод гэтых добрых і чуйных людзей. Тут асабліва да беларусаў добра ставяцца, і мне заўжды гаварылі – вот наша беларуска. Я была як бы эталёнам беларускай нацыі і старалася яго трымаць”.

Сп. Людміла гаворыць, што так добразычліва да яе ставіліся на працы ў Міністэрстве будаўніцтва. Радня мужа таксама адразу прыняла яе вельмі цёпла.

(Айвазян: ) “Калі я прыехала сюды, яны да таго палюбілі, што мая сьвякроўка брала дзіцячую каляску, маё дзіця там было, ішла і ўсім гаварыла: “Вось гэта маёй нявесткі”, з высока паднятай галавой. Пасьля гэтага адна суседка сказала, што яна таксама беларуску ў нявесткі хоча, другая – таксама”.

У сям’і Мікаэла і Людмілы Айвазянаў вырасьлі двое сыноў.

(Айвазян: ) “Аднаго, старэйшага, завуць Сяргей, а другога – Рыгор. Абое закончылі палітэхнічны інстытут. Старэйшы сын паехаў у Беларусь. Працуе на станкабудаўнічым заводзе ў Менску. Малодшы сын скончыў магістратуру, майстар спорту, працуе ва Ўпраўленьні па надзвычайных сытуацыях пры ўрадзе Армэніі, у чыне маёра”.

Добра вядома, якія складанасьці перажывала Армэнія ў апошняе дзесяцігодзьдзе. Праблема Карабаха і ўнутрыпалітычная нестабільнасьць прывялі да цяжкіх эканамічных наступстваў. Усё гэта стала выпрабаваньнем і для беларусак, якія жывуць у гэтай краіне. Людміла Айвазян успамінае.

(Айвазян: ) “Электрычнасьці не было, хлеба давалі 300 грамаў на працягу трох гадоў. У гэткіх умовах армяне далі нам магчымасьць выжыць. Наш міністар у першую чаргу, калі дапамога нейкая прыходзіла, гаварыў – дайце беларусцы, а з астатнім што хочаце рабіце”.

Можа, таму і не пакінула сп. Людміла падчас выпрабаваньняў сваю новую радзіму. Беларусь наведвае цяпер нячаста, бо не хапае пэнсіі, эквівалент якой – 12 даляраў, нават на аплату дарогі.

Малодшая ўдзельніца нашай перадачы Жана Нікіцюк жыве ў Армэніі 13 гадоў. У Беларусі скончыла Інстытут культуры, па прафэсіі рэжысэрка, працавала ў Магілёве. Яе паслалі ў Маскву на вучобу ва Ўсесаюзны інстытут павышэньня кваліфікацыі работнікаў культуры, у адной групе зь ёю вучыўся Эдуард Бадалян – таксама рэжысэр зь Ерэвану.

(Нікіцюк: ) “Там мы зь ім сустрэліся. Пакахалі адзін аднаго зь першага погляду. Ён старэйшы за мяне на 9 гадоў. Я да яго зьвярталася на “Вы” да вясельля”.

Пасьля вучобы яны разьехаліся, але трымалі сувязь, і ў хуткім часе Жана сустракала ў сябе госьця з Армэніі.

(Нікіцюк: ) “Я запрасіла яго ў госьці, і ён мне прапанаваў руку і сэрца. Мы дамовіліся зь ім цэлы год выпрабоўваць нашыя пачуцьці. Потым ён паехаў у Армэнію. Але ён прыехаў праз 15 дзён. Мы адразу падалі заяву ў ЗАГС, патрэбна было чакаць тры месяцы да рэгістрацыі шлюбу. Але, як ён там дамовіўся з гэтымі нашымі работнікамі ЗАГСу, ня ведаю, каб наш шлюб зарэгістравалі не праз тры месяцы, а праз тыдзень. У мяне быў шок, не падрыхтавалася да вясельля. Адным словам, як атрымалася, так атрымалася”.

Пасьля вясельля Эдуард Бадалян застаўся ў Беларусі.

(Нікіцюк: ) “У Беларусі мы пражылі два гады, мой старэйшы сын нарадзіўся ў Магілёве. Хату купілі, нават козьлікаў завялі. Ні я, ні ён нічога ня ўмелі. Але ж, завялі, як трэба ў гаспадарцы – козьлікаў, курачак. Нашы козьлікі жылі ў паддашку, а курачкі спалі на дрэве. Адным словам, у нас усё было не па-людзку. Гаспадароў з нас не атрымалася.

Потым прыехаў ягоны сябра з Армэніі і прапанаваў там працу. Ён пагадзіўся і мы пераехалі ў Армэнію. Тут у нас ужо нарадзіўся другі сын. Старэйшага мы назвалі Мігран, а другога сына назвалі Лявончык. Старэйшаму сыну 14 гадоў, ён срэбны прызёр Армэніі па ліфтынгу, а таксама срэбны прызёр Закаўказьзя. А малодшы – ён у мяне творчая натура, маляваць вельмі любіць. Будзе выдавацца кніга “Казкі народаў Армэніі”, ягоныя малюнкі ўвойдуць у гэту кнігу”.

Сп. Жана кажа, што лёгка прывыкала да новых абставінаў, бо лічыць, што беларусы і армяне падобныя характарам, хаця традыцыйна лічыцца, што горскі характар армяніна больш гарачы, чымся ў раўніннага беларуса.

(Нікіцюк: ) “Як мы падобныя! Ёсьць такі верш: “Я маўчу, маўчу, трываю, але хутка загукаю: “Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!” Беларус, ён таксама гарачы, проста яго трэба дапякчы, каб ён устрапянуўся. Армяне – яны хутка загараюцца, Беларус таксама загараецца, але ён перад тым доўга маўчыць. Але калі яго дапячы, то ён загарыцца мацней, чым той армянін. Таму мне вельмі проста зь імі, у мяне сябровак тут шмат”.

Жана таксама не пакінула Армэнію падчас эканамічнага крызысу.

(Нікіцюк: ) “У нас ні сьвятла, ні газу, ні вады не было. Вельмі цяжка было. Масла, хлеб, усё астатняе – па талонах. Але не ад’ехала я ў Беларусь, а засталася ў Армэніі ў гэтыя цяжкія гады”.

Асабістае гора напаткала яе ў быццам бы спакойнай Беларусі.

(Нікіцюк: ) “У мяне малодшы брат ёсьць у Беларусі, але прапаў. Пайшоў і не вярнуўся дадому”.

Падчас нашай размовы са сп. Жанай з працы вярнуўся ейны муж Эдуард, і мы запрасілі яго да тэлефону. Адчувалася, што мы размаўляем са шчасьлівым чалавекам.

(Эдуард Бадалян: ) “Гэта самая прыгожая жонка ў сьвеце. Я вельмі рады і шчасьлівы таму, што я другога чалавека побач са мною не ўяўляю. Яна падаравала мне двух сыноў. Яна добрая маці, яна мне добры сябра. Калі ў мяне не было грошай, яна ніколі не гаварыла: “Ай, ай, у нас няма грошай!” Яна гаварыла: “Усё ў парадку, усё будзе добра”.

Я шчасьлівы. У мяне дзьве радасьці ў жыцьці – тое, што я армянін, першая, і другая радасьць – тое, што ў мяне такая жонка і дзеці”.

Мы запыталі ў Эдуарда, што яму найбольш даспадобы ў характары беларусаў. Ягоны адказ у нечым перагукаецца зь меркаваньнямі ягонай жонкі.

(Эдуард Бадалян: ) “Спакойны характар падабаецца. Вельмі жыцьцёвае стаўленьне да паўсядзённага жыцьця. Яны ніколі не канфліктуюць. Беларусы, у адрозьненьне ад усіх славян, я не хачу нікога пакрыўдзіць, спакойныя, разважлівыя. Яны церпяць, церпяць, церпяць, але ня дай Божа, калі яны раззлуюцца, таму, разумны чалавек ня будзе злаваць беларуса”.

Сп. Эдуард спакойна ўспрыняў жаданьне сваёй жонкі пакінуць пасьля шлюбу сваё дзявочае прозьвішча, ён таксама хоча, каб ягоныя дзеці ня страчвалі свае беларускія карані і ведалі мову маці.

(Эдуард Бадалян: ) “Я пра гэта мару. Як казалі ў старажытнасьці, чым больш моваў ты ведаеш, тым больш ты чалавек. Няхай усе ведаюць, каму гэта перашкаджае? Няхай яны будуць начытанымі, разумнымі хлопцамі.

Я на вашай мове скажу: “Дзякуй”. Мне вельмі падабаецца беларуская мова, асабліва слова “Крыніца”. Ні ў адной краіне, ні ў адной мове такога ласкавага слова няма. У Беларусі прыгожая мова: “Касіў Ясь канюшыну...”

Прыязджайце да нас у Армэнію і вы пабачыце, што такое армяна-беларуская сям’я”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG