Удзельнікі: Зьміцер, Уладзіслаў, Натальля Жукоўская, Інга Белая.
Каталёнія – адна з 17 абласьцей Гішпаніі на паўночным усходзе Ібэрыйскай паўвыспы. На каталёнскай зямлі гарманічна спалучаюцца прырода, культура і гістарычная спадчына. Гэты рэгіён з багатым гістарычным мінулым быў некалі сувэрэннай краінаю з уласным парлямэнтам, які існаваў ужо ў 10 стагодзьдзі. Каталёнская вобласьць з цэнтрам у Барсэлёне – адна з найбольш эканамічна разьвітых частак Гішпаніі з насельніцтвам 6 млн. чалавек. З гэтай прычыны сюды прыяжджае шмат чужынцаў у пошуках працы.
Эканамічны заняпад, адсутнасьць працы і жыцьцёвых пэрспэктываў прымушаюць сёньня адукаваную беларускую моладзь выяжджаць у замежжа. Такім чынам група выпускнікоў Беларускага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі зь Менску апынулася на ўзьбярэжжы Міжземнага мора ў Барсэлёне. Яны папрасілі не называць іхныя прозьвішчы, бо вымушаныя працаваць там неафіцыйна. Паслухаем аднаго зь іх – сп. Зьміцера, які працаваў у Менску настаўнікам з заробкам 0 даляраў у месяц.
(Зьміцер: ) “Нас тут пяцёра, усе праграмісты-будаўнікі. Вельмі брудная праца, і нельга сказаць, што заробак нават дастатковы. Cярод тых эмігрантаў, хто прыяжджае ў Гішпанію працаваць, большая частка мае вышэйшую адукацыю, але ж працуе на такіх працах, дзе ніводны гішпанец нават зь сярэдняй адукацыяй ня хоча працаваць”.
У такой сытуацыі, ці можаце вы мець там лепшыя жыцьцёвыя пэрспэктывы?
(Зьміцер: ) “Мне здаецца, што ў кожнай эўрапейскай краіне ёсьць нейкія пэрспэктывы, гэта якраз тое, чаго няма ў Беларусі. Я паехаў адразу пасьля таго, як у нас адбыліся выбары прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь”.
Аднак, на думку Зьмітра, у палітычным жыцьці Каталёнскай вобласьці Гішпаніі ёсьць і падабенства зь беларускай сытуацыяй.
(Зьміцер: ) “Лёс падобны, яны таксама змагаюцца за незалежнасьць”.
Каталёнія атрымала аўтаномны статус у 1924 годзе, аднак падчас дыктатуры Франка страціла яго.Усё нацыянальнае было забароненае, нават імёны. Толькі пасьля сьмерці Франка ў 1975 годзе каталёнская мова стала ўжывацца легальна. Мясцовы патрыятычны рух каталяністаў выступае за аддзяленьне ад Гішпаніі. Гэта выяўляецца нават ў падыходзе да назвы вобласьці.
(Зьміцер: ) “Нацыяналісты мясцовыя кажуць – Каталёнія, а гішпанцы называюць яе Каталунія”.
Нашага суразмоўцу зацікавіла грамадзкая актыўнасьць жыхароў Барсэлёны ў адрозьненьне ад таго, што ён бачыў дома.
(Зьміцер: ) “Тут ёсьць асацыяцыі суседзяў, якія даволі моцныя і якія вырашаюць свае праблемы, нягледзячы на тое, што ёсьць гарадзкія ўлады, зь імі лічацца. Напрыклад, асацыяцыя суседзяў аднаго раёну ў Барсэлёне. Зьбіраецца народ, зьбіраецца даволі жвава. Гэта настолькі моцная арганізацыя, што гарадзкія ўлады нават нічога ня могуць зрабіць супроць іх”.
А зараз пагаворым яшчэ з адным хлопцам з “каталёнскай пяцёркі” Уладзіславам. Сп. Уладзіслаў, што Вас прывяло ў Барсэлёну, ці лёгка было прывыкаць да новага жыцьця?
(Уладзіслаў: ) “Тут ёсьць прымяненьне нашым ведам і здольнасьцям. Спачатку было цяжка. Зараз можна сказаць, што я ўжо адаптаваўся, ведаю гішпанскую мову на дастатковым узроўні і можна жыць.
Цяпер ужо нармальна, ведаю кошт кожнай хвілінкі”.
Уладзіслаў працуе на будоўлі, аднак заробленыя грошы выкарыстоўвае на тое, каб у будучыні дастаць лепшую працу ў іншай прафесіі і наведвае платныя курсы.
Уладзіслаў, выглядае, што Вы зьбіраецеся заставацца ў Гішпаніі?
(Уладзіслаў: ) “У бліжэйшыя гады так, а ў будучыні буду вяртацца на сваю радзіму – Беларусь. Кожны дзень, няма ніводнага дня, каб я ня думаў пра Беларусь. Нас пяцёра з аднаго ўнівэрсытэту, жывем разам, кавалачак нашай Радзімы мы зрабілі тут”.
Нядаўна паводле ініцыятывы беларусаў з Мадрыду ў Гішпаніі пачало стварацца беларускае аб’яднаньне, пра якое мы плянуем распавесьці ў адной з нашых наступных перадачаў.
Абодва нашыя суразмоўцы, Зьміцер і Ўладзіслаў, далучыліся да гэтага руху. Зьміцер нават прысутнічаў на нядаўняй першай сустрэчы беларусаў ў Мадрыдзе, ён падтрымлівае ідэю стварэньня аб’яднаньня.
(Зьміцер: ) “Гэта добра, гэта заўсёды добра. Калі ёсьць нешта, што аб’ядноўвае людзей, то трэба гэта рабіць”.
“Каталёнская пяцёрка” – гэта маладыя хлопцы, якія яшчэ ня маюць сваіх сем’яў і на чужыне не сьпяшаюцца ствараць іх. А тым часам беларускія дзяўчаты таксама шукаюць шчасьця ў замежжы.
Дзьве беларускія дзяўчыны, якія адначасна вучыліся ў Менскім лінгвістычным унівэрсытэце, апынуліся таксама ў Каталёніі, жывуць цяпер у невялікім горадзе Мантаро, 30 км на поўнач ад Барсэлёны. Яны трапілі туды паасобку і нечакана сустрэліся там, а цяпер сябруюць сем’ямі.
Паслухаем Натальлю Жукоўскую, якая ўжо паўтара году жыве ў Мантэро. Яна распавядае пра сваё знаёмства з хлопцам, які носіць тыповае каталёнскае імя – Марсал.
(Жукоўская: ) “Адзін цудоўны каталёнец прыехаў у Беларусь, і там мы з ім пазнаёміліся. На летніх вакацыях яны зь сябрамі зьбіраліся паехаць у Афрыку, у Марока, але нешта не атрымалася, і ён вырашыў, каб не сядзець дома, пападарожнічаць, і так трапіў у Беларусь. У Менску мы сустрэліся, я там працавала. Нас пазнаёміла мая сяброўка, якая была перакладчыцай.
Яму падабаецца наш народ, вельмі яго ўразілі нашыя лясы і паркі ў Менску. Мы знайшлі адразу шмат агульных пунктаў, агульных інтарэсаў.
Памятаю, тады была сустрэча з рэдакцыяй “Нашай Нівы”. Мы разам зь ім туды пайшлі, я яму перакладала.
Сытуацыя ў Каталёніі, можна сказаць, нечым падобная да нашай беларускай. Напрыклад, сытуацыя з мовай, у часы Франка каталёнская мова была забаронена, не дазвалялі ні песьні сьпяваць, ні танцы танчыць. Гэты танец каталёнскі “сардана” таксама быў забаронены доўгі час”.
А што было далей, дзе вы пабраліся шлюбам?
(Жукоўская: ) “Пабраліся шлюбам тут, у Гішпаніі, вясельле было такое вельмі сямейнае, а потым ужо ў Беларусі таксама сабраліся сям’ёю. Яшчэ спадзяемся, што, можа, пераедзем жыць у Беларусь, Марсал толькі “за”.
Як Вам там пачуваецца сярод новай радні?
(Жукоўская: ) “Найперш, мне пашанцавала з тым, што я сустрэла такога вось чалавека вельмі да мяне падобнага. Я вельмі натуральна пачуваюся зь ім. Па-другое, мне пашанцавала, што яго сям’я таксама вельмі прыязна паставілася, і мне заўсёды дапамагалі ў чым толькі маглі. Такое ўражаньне, што беларусы і гэтыя людзі, сярод якіх я жыву тут, не такія ўжо і розныя”.
Мы запыталіся ў Марсала, ці спадабалася яму ў Беларусі?
(Марсал: ) “Так, так, канечне”.
На жаль, Марсалу пакуль цяжка шмат гаварыць па беларуску і таму на нашае наступнае пытанье аб тым, што найбольш яму падабаецца ў беларусках, ён адказаў з дапамогаю Натальлі.
(Жукоўская: ) “Ён кажа, што яму падабаецца ў беларусках – гэта тое, што яны вельмі натуральныя”.
Муж Натальлі працуе канструктарам, а сама яна таксама ўжо знайшла працу на прадпрыемстве.
Спн. Натальля, наконт мясцовых традыцый, ці ўдалося Вам, скажам, пабачыць карыду?
(Жукоўская: ) “Не, карыду пабачыць не ўдалося, каб паглядзець карыду, трэба ехаць у цэнтар Гішпаніі. У Каталёніі карыда нават забароненая, гэта больш на поўдні Гішпаніі”.
Цяперашняя сяброўка Натальлі Жукоўскай Інга Белая, наадварот, сама прыехала ў Гішпанію і тут пазнаёмілася з будучым мужам.
(Белая: ) “Я працавала ў Менску ў школе, ездзіла па канфэрэнцыях. У часе адной з такіх паездак пазнаёмілася з Энтані. Ён працаваў і працуе ў адной з кансалтынгавых кампаній. Я вывучала маркетынг, нашу групу павезьлі ў адну кампанію, каб паказаць. І мы там пазнаёміліся. Ён жыве тут ужо шмат гадоў. Нарадзіўся ў Аўстраліі, але жыў ў Англіі і розных краінах. Яго бацькі ў Аўстраліі, карані па бацькоўскай лініі з Ірляндыі”.
Інга не адразу адважылася прыняць прапанову рукі і сэрца з боку новага знаёмага.
(Белая: ) “Я разважала два гады, каб прыняць гэта рашэньне – прыехаць сюды і жыць тут. У мяне была вельмі добрая праца ў Менску і мае сябры. Гэта не было лёгка”.
Інга працуе цяпер выкладчыкам ў такой жа школе з пашыраным вывучэньнем ангельскай мовы, у якой працавала ў Менску. Яна ня мае вялікіх праблемаў у кантактах зь мясцовымі жыхарамі
(Белая: ) “Не, таму што каталёнцы, яны народ вельмі добры, і калі яны бачаць, што спрабуеш размаўляць на іхнай мове, яны ставяцца вельмі добра”.
Калі гаварыць пра Гішпанію, немагчыма не ўзгадаць пра сіесту. Гэта ўсеагульны адпачынак (у Каталёніі з 13 да 15 гадзін), у самы сьпякотны час, калі жыцьцё ў гішпанскіх местах амаль цалкам заціхае, каб ізноў ажывіцца пад вечар і віраваць да позьняй ночы. Сп. Інга сказала, што ня можа прывыкнуць да такога распарадку.
(Белая: ) “Не падабаецца, зь людзьмі, зь якімі я размаўляла, нікому не падабаецца сіеста. Але, ніхто ня можа зьмяніць гэта. 3 гадзіны ўдзень усё зачынена, крамы зачынены. Яны заканчваюць працу ў 9 гадзін вечара, ці ў 8 – гэта вельмі позна”.
Вы працуеце зь дзецьмі, іх таксама прывучаюць да сіесты?
(Белая: ) “Так, і гэта вельмі, вельмі нязручна. Напрыклад, у дзіцячых садках пачынаюць працаваць у 8 гадзін раніцы, а ў 13 гадзін бацькі мусяць забраць дзяцей дадому і прывесьці другі раз у 15-16 гадзін, а потым забраць дадому ў 19 гадзін. Для многіх людзей гэта немагчыма, або трэба плаціць вялізныя грошы, каб дзіця было ў садку ці школе цэлы дзень”.
Інга, а што падабаецца Вам у Каталёніі?
(Белая: ) “Цяжка сказаць, падабаецца ўсё, але ж я нарадзілася ў Беларусі, я беларуска, і мая краіна – Беларусь. Вельмі, вельмі я хацела б жыць у Беларусі праз гадоў 10-15 гадоў, калі мне будзе 50 гадоў”.
Муж Інгі – Энтані паволі таксама стаў далучацца да беларускай культуры.
(Белая: ) “Мой муж прачытаў кнігу Васіля Быкава “Знак бяды” на ангельскай мове, мы заказалі яе праз Інтэрнэт”.
Ці ведаеце, што цяпер Васіль Быкаў жыве ў Празе?
(Белая: ) “Гэта сорам, сорам, што ён жыве ў Празе, а не ў краіне, дзе нарадзіўся і дзе працаваў шмат гадоў. Яны з жонкаю павінны былі пакінуць Беларусь, ехаць у сьвет і жыць там. У Беларусі няма ніводнага універсытэта, у якім выкладалася б на беларускай мове. Я пачала вывучаць ангельскую мову раней, чым беларускую. Я не магла гэтага зьмяніць. Я вывучала ангельскую з 6 гадоў, а беларускую ў 11-12. Ніхто ня мог гэтага зьмяніць, і цяпер тое ж самае”.
Беларусы Каталёніі ўжо сёньня заявілі пра сябе як нацыянальна сьведамая частка беларускай эміграцыі ў Гішпаніі. У будучыні яна можа стаць актыўным чыньнікам беларускага руху ў гэтай краіне.