Дзікі Захад, каўбоі, індэйцы – тое, пра што мы ведаем з фільмаў і кніжак – звыклыя, будзённыя зьявы для канадыйскай беларускі Эвы Пашкевіч, чый радавод вядзецца з Пружаншчыны.
Іслынгтон – маленькі раён Таронта, дзе на вуліцы Birchcroft rd. (што па-нашаму гучыць як Бярозавы хутар) стаіць невялікая, паводле канадыйскіх мерак, аднапавярховая хата з жылым, ці, як тут кажуць, “скончаным” сутарэньнем, большую частку якога займаюць кнігі.
Некалі гэткімі словамі мы пачыналі перадачу, прысьвечаную 85-годзьдзю з дня нараджэньня Валянціны Пашкевіч – беларускага пэдагога і лексыкографа, руплівай працаўніцы на ніве беларускай вызвольнай справы у эміграцыі.
Сёньня своеасаблівым працягам тэмы будзе размова з дачкой Валянціны Пашкевіч – Эвай.
На бальшыні канцэртных фотаздымкаў 60-70 гадоў, зьмешчаных у газэце “Беларус”, уважлівы дасьледчык лёгка заўважыць і адзначыць прыгожую, апранутую ў нацыянальныя строі, дзяўчыну з доўгімі, як у сьвіцязянкі, валасамі.
(Пашкевіч: ) “Бацькі мяне гадавалі як беларуску. Навучылі гаварыць па-беларуску, і мама мяне навучыла беларускім танцам. Гэта была мая вялікая любоў”.
Народжаная ў цэнтральнай Канадзе, пасьля сканчэньня школы Эва Пашкевіч вучыцца ва ўнівэрсытэце ў Антарыё, а потым едзе на самы ўсход краіны – у Новую Шатляндыю, дзе працуе каардынатаркай мультыкультуральнай арганізацыі. Праз пару гадоў вяртаецца ў Таронта, а потым апынаецца на іншым канцы Канады – у Ванкувэры.
(Пашкевіч: ) “І тут усе мае прыгоды пачаліся. Я спаткала майго мужа, мы мелі свой бізнэс. Мой муж дапамагаў людзям разьвіваць свае бізнэсы. Праз некалькі гадоў нам надакучыла жыць у горадзе. Нам захацелася жыць на прыродзе. Мы спакавалі толькі што трэба і паехалі ў цэтральную Брытанскую Калюмбію. Тут велізарныя прасторы. Ад Ванкувэра да месца, дзе мы апынуліся, язды можа сем гадзін”.
(Сокалаў-Воюш: ) “Прыкладна з гэтага часу здымкі Эвы Пашкевіч зьнікаюць зь беларускага эміграцыйнага друку, а сама яна надоўга апынаецца там, дзе пра беларусаў нават ня чулі. Разам з мужам – Джонам Мак’Корвалам – аматарам індэйскай культуры і філязофіі, чые вельмі далёкія продкі паходзяць з Шатляндыі – Эва Пашкевіч пачала новае жыцьцё на новым месцы”.
(Пашкевіч: ) “Пачалі працаваць з конямі – гэта любоў майго мужа. Мелі нагоду выехаць нават далей, дзе пераважна толькі каўбоі і індыяне. У Канадзе мусіць адно месца, што можна назваць Wild, Wild West – Дзікі, дзікі Захад. Мы выехалі ў месца, дзе жылі фактычна ў пустэльні. Найбліжэйшая вёска была індыянская, і гэта гадзіны язды ад нашага дому. Там мы ня мелі тэлефона, ня мелі нават вады добрай і як выходзілі на шпацыры, мусілі браць стрэльбу з сабой, бо там вельмі шмат медзьвядзёў”.
(Сокалаў-Воюш: ) “А адкуль вы ваду бралі?”
(Пашкевіч: ) “Ваду мы мусілі браць у вёсцы і транспартаваць да сваёй хаты”.
(Сокалаў-Воюш: ) “А як вы абыходзіліся без тэлефона?”
(Пашкевіч: ) “Ве-е-ельмі добра! Было цудоўна ня мець тэлефона! Але, калі была патрэба, мы маглі зь вёскі тэлефанаваць”.
(Сокалаў-Воюш: ) “Колькі да вёскі? Далёка?”
(Пашкевіч: ) “Гадзіну”.
(Сокалаў-Воюш: ) “Вы выходзілі на шпацыр са стрэльбай. Ці даводзілася хоць калі сустрэць таго мядзьведзя?”
(Пашкевіч: ) “Цікава, што іх рэдка бачыш, але мы чулі іх амаль кожны раз, як выходзілі. Мы ходзім і каля нас чуем: лісты робяць шум. Мы ў адным кірунку пойдзем – і чуем. Назад – таксама. Але яны даволі асьцярожныя. Гэта мядзьведзі ня чорныя, а такія малыя, а grizzly bear называюцца. Як устануць – можа 10 футаў”.
(Сокалаў-Воюш: ) “А якіх-небудзь іншых жывёлаў сустракалі?”
(Пашкевіч: ) “О, так. Козы ўсюды, і вечарам чулі як ваўкі раўлі. Гэта вельмі цудоўны гук, і пераважна як месяц поўны”.
(Сокалаў-Воюш: ) “І як доўга працягвалася такое жыцьцё?”
(Пашкевіч: ) “Як прыйшла восень – мы выехалі на вёску і пачалі працаваць з індыянамі. Муж ізноў у галіне эканомікі. Яны якраз пачыналі новы бізнэс, а я вучыла маленькіх дзяцей у школе. Школа ангельская. І ў той час я заўважыла, што ёсьць паралелі паміж індыянамі й беларусамі ў тым сэнсе, што ім забаранялі, каб на сваёй мове гаварылі. Іх вельмі мала, каторыя цяпер ведаюць сваю мову. Гавораць пераважна па-ангельску і маюць такі дзіўны акцэнт, бо іхнымі настаўнікамі былі ірляндзкія манашкі і ксяндзы. Іхны акцэнт амаль ірляндзкі. Вельмі вельмі дзіўна. Іхная гісторыя вельмі трагічная, але цяпер яны арганізуюцца і пачынаюць разьвіваць свае бізнэсы і культуры, і цяпер нават у ангельскіх школах вучаць індыянскія мовы”.
(Сокалаў-Воюш: ) “Як было вучыць індыянскіх дзяцей?”
(Пашкевіч: ) “Фактычна, вучыць іх было вельмі балюча ў адным сэнсе. Некаторыя вельмі здольныя. Яны пераважна былі цудоўныя, вельмі прыемныя дзеці. Але 80% зь іх маюць праблему, што бацькі пілі алькаголь, і яны маюць праблемы псыхалягічныя і ня могуць вучыцца. Гэта было для мяне вельмі цяжка бачыць”.
(Сокалаў-Воюш: ) “Эва, а дзяржава як-небудзь дапамагае гэтым дзяцям?”
(Пашкевіч: ) “Так. Дзяржава памагае, але менш і менш. Індыяне атрымоўвалі грашовую дапамогу. Ім жыцьцё было быць больш самастойнымі, бо дзяржава не дае столькі дапамогі, як калісьці давалі. Гэта зьвязана з эканомікай цэлай краіны, і ў правінцыі цяпер трошку ёсьць крызыс эканамічны”.
(Сокалаў-Воюш: ) “Што ў часе гэтага крызысу могуць рабіць гэтыя індыяне? Што яны ўмеюць рабіць?”
(Пашкевіч: ) “Яны зразаюць дрэвы, робяць дошкі і ўсякія прадукты з дрэваў. Гэта іхны вялікі бізнэс. Таксама, што цікава, індыяне цяпер дамагаюцца свае землі назад. Ураду гэта не падабаецца, і яны цяпер робяць, каб было цяжэй і цяжэй індыянам атрымоўваць дапамогу. Але яны пачынаюць арганізоўвацца. Пераважна жанчыны бяруць вялікі ўдзел у палітыцы сваёй. Яны дамагаюцца асьветы. Шмат іх ва ўнівэрсытэце вывучаюць палітыку, эканоміку. Жанчыны, фактычна, кіруюць усім. Ну, пэўна, некаторыя мужчыны таксама, але пераважна жанчыны”.
(Сокалаў-Воюш: ) “А вы казалі ім пра Беларусь?”
(Пашкевіч: ) “Я часта ім пра гэта гавару. Яны нічога ня кажуць, але ў іх такое ўяўленьне, што яны адзіныя людзі на сьвеце, што былі так пакрыўджаныя”.
(Сокалаў-Воюш: ) “А якія сувязі ў вас зь іншымі беларусамі? Дзе жывуць найбліжэйшыя?”
(Пашкевіч: ) “Найбліжэйшыя ў Ванкувэры, але быў такі выпадак: чалавек са сваім сынам апынуўся ў адным гарадку недалёка адгэтуль і выйшла так, што ягоная матка беларуска. Яны з Латвіі. У Ванкувэры шмат цяпер новых прыежджых, але яны пераважна гавораць па-расейску. Раз я спаткала такога бізнэсмэна, каторы быў зь Менску. Зусім іншы характар ад беларусаў, з каторымі я была ўзгадаваная. Яны пераважна прыехалі сюды каб зарабляць грошы, магчыма”.
(Сокалаў-Воюш: ) “Не спадабаўся бізнэсмэн?”
(Пашкевіч: ) “No! У ён такі… Ён ня меў вялікай любові для Беларусі”.
(Сокалаў-Воюш: ) “Эва, вы сказалі, што там, дзе вам давялося жыць, было шмат каўбояў. Для беларуса, які ведае пра каўбояў з фільмаў і кніжак, гэтыя людзі ўяўляюцца досыць рамантычна. Іхны вобраз найбольш зьвязаны са стрэламі ў салунах, піцьём віскі і рознымі незвычайнымі прыгодамі. А як на самой справе выглядаюць каўбоі?”
(Пашкевіч: ) “Ну, зусім іначай. Каўбоі – слова cow (каў) значыць карова. Яны пільнуюць кароваў і гадуюць коней. Іхнае жыцьцё вельмі іншае, чым у фільмах. Яны пераважна на прыродзе. Вельмі часта самотныя. Пакідаюць кароў, каб яны пасьвіліся. Вясной іх трэба зьбіраць, і гэта можа трываць тыдні. Адно, што засталося ў іх – гэта іхная ўніформа: вялікая шапка, вялікія боты і скураныя порткі, каб яны не спадалі з коней, як езьдзяць. Часта яны не на конях цяпер, а на такіх маленькіх... нешта падобнае да матацыклу”.
(Сокалаў-Воюш: ) “Эва, у 1993 годзе вы ўпершыню наведалі Беларусь, былі ў Пружанах, удзельнічалі ў Першым зьезьдзе беларусаў сьвету. Якія ўспаміны засталіся ў вас з той паездкі?”
(Пашкевіч: ) “Вельмі цудоўныя. Я спадзявалася, што ўсё будзе вельмі брыдкае. А зусім было іначай. Якая прыгожая прырода ў Беларусі. Я бачыла ягады, каторыя нармальна былі б інч – можа тры інчы велічыні...”
(Сокалаў-Воюш: ) “Але побач з пазытыўнымі ўспамінамі ў вас цяпер зьявіліся і нэгатыўныя...”
(Пашкевіч: ) “Чатыры гады таму назад у мяне пачаліся болі ў руках, у нагах. Спачатку яны праходзілі і вярталіся, а ў мінулым годзе гэта пачалося зноў, але вельмі сур’ёзна. Усё балела. Цяпер лепш. Цэлая сыстэма як бы распусьцілася. Органы перасталі працаваць так як трэба. Спачатку лекары не маглі зразумець чаму ў мяне было столькі розных сымптомаў. Адна лекарка – мая сяброўка памятала, што я езьдзіла ў Беларусь і што там радыяцыя. Яна пачала мяне лячыць на радыяцыю, каб ачышчаць цела, і шмат памагло. Гэта мой адзіны доказ, што Чарнобыль ня скончыўся ў дзень выбуху, а працягваецца далей, і мне сэрца баліць за тых, каторыя там жывуць”.