Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Надпіс “Жыве Беларусь” на вышыні 2000 мэтраў у гарах Швайцарыі; швайцарскі досьвед для эканомікі Беларусі ды іншае


Сяржук Сокалаў-Воюш і Ганна Сурмач, Прага

Швайцарыя сярод іншага адметная тым, што ў краіне цудоўна ўжываюцца чатыры дзяржаўныя мовы – француская, нямецкая, італьянская й раманская. З традыцыі швайцарскага шматмоўя, швайцарскай талерантнасьці ледзь не скарысталіся аднойчы й мы – беларусы. 15 ліпеня 1870 году ў Цюрыху рэвалюцыйныя дзеячы У. Ражалоўскі, Ю. Такарэвіч і Я. Мядэшка выдалі першы і адзіны нумар газэты на польскай мове “Змова”, якую далей меркавалася выдаваць таксама і на забароненай тады беларускай мове. На жаль, у тыя часы беларуская мова ў Швайцарыі не загучала. Цяпер гэтая сытуацыя выглядае йнакш, і доказам таму – два ўдзельнікі нашай сёньняшняй перадачы.

Арсеній Скаруліс – 32-гадовы юрыст. Скончыў праўніцкі факультэт БДУ. У якасьці абаронцы з 1996 па 2000 год вёў шматлікія палітычныя судовыя працэсы. Сярод ягоных падабаронных кіраўнік Партыі аматараў піва Андрэй Рамашэўскі, якога пасьля рэфэрэндуму 1995 году судзілі за спаленьне БССРаўскага сьцягу. Потым – сябры ЎНА-ЎНСО, якія бралі ўдзел у Чарнобыльскім шляху – 96 і гэтак далей. Апошняя справа – абарона Аляксея Шыдлоўскага. Пасьля кожнага такога працэсу Арсень Скаруліс трапляў пад перасьлед з боку рэжыму і вымушаны быў зьмяняць месцы працы. Сёньня Арсень Скаруліс шукае палітычнага прытулку ў Швайцарыі і згадвае пра сваю былую дзейнасьць з сумнай усьмешкай:

(Скаруліс: ) “Любы адвакат мае ўдалыя справы і няўдалыя. Нармальная праца. Грошы мне прыносілі звычайныя справы, а праблемы – палітычныя перш-наперш”.

Пасьля адвакатуры Арсень Скаруліс працаваў у зачыненай цяпер уладамі газэце “Рабочы”. Потым яго нейкі час бачылі ў Чэхіі, а на канец я знайшоў яго ў Швайцарыі.

(Сокалаў-Воюш: ) “Арсень, што змусіла вас выехаць з Чэхіі ў Швайцарыю?”

(Скаруліс: ) “Справа ў тым, што ў Чэхію я прыяжджаў да майго брата, які там жыве. Я ніколі не зьбіраўся там заставацца, і пасьля таго як ад’ехаў ад яго, нейкі час жыў дома, а потым у мяне пачаліся праблемы з уладамі, і таму я вырашыў зьехаць”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Цяпер вы знаходзіцеся ў Швайцарыі ў адмысловым лягеры?”

(Скаруліс: ) “Не. Гэта ўжо ня лягер. Спэцыяльны лягер для ўцекачоў – гэта прыблізна два-тры тыдні. Потым іх разьмяркоўваюць па месцах. Цяпер я жыву ў… ну, тое, што паводле нашых мерак нешта сярэдняе паміж інтэрнатам і гатэлем. Я маю свой пакой, дзе жыву разам з сям’ёй. У хуткім часе мне абяцаюць палепшыць мае жыльлёвыя ўмовы”.

Сям’я Арсеня Скаруліса складаецца з трох чалавек: ён, жонка й пяцігадовая дачка. Яны жывуць у курортным мястэчку Інтэрлаякен (кантон Бэрн). У мястэчку каля 10 тысячаў насельніцтва і 200 гатэляў. Атрыманьне палітычнага прытулку ў Швайцарыі для сям’і Скарулісаў – справа часу…

(Сокалаў-Воюш: ) “І ўсё ж, Арсень, як, з пункту гледжаньня юрыста, ідзе вашая справа ў пытаньні прытулку?”

(Скаруліс: ) “Справа ў тым, што той самай справы я й ня бачыў. Я меў адно інтэрвію, як папрасіў прытулку, а рух у гэтай справе будзе ісьці пасьля больш поўнага інтэрвію, якое можа быць у любы час. Звычайна гэта праходзіць некалькі месяцаў, а бывае й гады, і ўжо пасьля другога інтэрвію можна будзе рабіць нейкія высновы й казаць, удала ідзе справа ці няўдала. Фактычна яна ёсьць, але яна жыве як бы віртуальна і пакуль мяне як бы ня тычыцца”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А як сябе адчувае вашая сям’я? Як яна ўспрымае Швайцарыю й вашую ідэю выехаць зь Беларусі?”

(Скаруліс: ) “Успрымаюць нармальна, таму што былі пэўныя складанасьці й вырашылі, што лепей тут, на свабодзе, здароваму, не скалечанаму, чым быць на Беларусі. Таму што праблемы маглі быць. На Беларусі зьбіваюць людзей ня толькі сталага веку, але й больш маладых. Галоўны рэдактар газэты “Навінкі” (Паўлюк Канавальчык) ляжаў больш за месяц у лякарні. Шмат маладых людзей зьбіваюць пасьля мітынгаў. Гэта было абсалютна нармальнае рашэньне”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Чаму вы выбралі Швайцарыю?”

(Скаруліс: ) “Гэта было выпадкова. Я выехаў зь Беларусі раней за сваю сям’ю і быў павінен прызначыць ім пэўнае месца сустрэчы, і адзіны лягер, пра які я ведаў нешта – гэта быў лягер у горадзе Базэль”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Акрамя вас у лягеры ёсьць беларусы?”

(Скаруліс: ) “Я чуў, што беларусы тут ёсьць, але кантакт даволі складаны ў тым сэнсе, што даволі дарагі праезд па Швайцарыі. Людзі не валодаюць інфармацыяй пра сваіх землякоў, а па-другое, падарожжа, скажам, у Жэнэву ці ў Бэрн можа каштаваць некалькі дзясяткаў, а то і сотняў даляраў, і ня кожны можа сабе гэта дазволіць”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Ці вы можаце сказаць, як пры такіх коштах выжываюць самі швайцарцы?”

(Скаруліс: ) “Гэта багатая краіна. Людзі шмат зарабляюць, шмат трацяць, таму што жыцьцё тут вельмі дарагое. Гэта ледзь ня самая дарагая краіна ў Эўропе. Ну, выжываюць неяк”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А як ужываюцца на тэрыторыі Швайцарыі чытыры мовы, чатыры культуры?”

(Скаруліс: ) “Ужываюцца абсалютна нармальна. Уся Швайцарыя падзеленая на кантоны. Нейкія кантоны размаўляюць па-нямецку, некаторыя па-француску, ёсьць таксама італьянская мова. У адпаведнасьці з тым, які кантон, на той мове людзі й размаўляюць, хаця ў краме, у транспарце зьвяртаюцца на трох мовах, абвесткі робяцца на трох мовах, на прадуктах пішуць на чатырох мовах”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Ці кожны жыхар ведае тры мовы?”

(Скаруліс: ) “Хутчэй, швайцарац карыстаецца мовай, якая распаўсюджаная ў ягоным кантоне. Ну а людзі, якія займаюцца нейкай прафэсійнай дзейнасьцю, ад якіх гэта патрабуецца, канечне, ведаюць усе мовы. Разумеюць адзін аднаго. Няма такой праблемы. Нават у лягеры людзі зь дзясяткаў краінаў знаходзяць паміж сабой паразуменьне”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А на якой мове вы зь імі размаўляеце?”

(Скаруліс: ) “Гэта такая жудасная трасянка англа-нямецка-франка-беларускамоўная. Фактычна, базавая нямецкая мова, а ўжываюцца таксама ўсе іншыя”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Пакуль вы чакаеце палітычнага прытулку, у вас шмат вольнага часу...”

(Скаруліс: ) “Час баўлю тым, што вывучаю мову, бо безь яе веданьня цяжка знайсьці больш-менш прыстойную працу. Ну і падарожнічаю. Як чалавеку раўніннаму цікава залезьці на горы й паглядзець, як там зьверху. Залез на вяршыню 2000 мэтраў і там адзіны надпіс зрабіў па-беларуску. Да гэтага былі надпісы збольшага па-нямецку й па-ангельску”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А што гэта быў за надпіс, калі не сакрэт?”

(Скаруліс: ) “Сваё прозьвішча, што зь Беларусі. Жыве Беларусь!”


* * *
Наступны мой суразмоўца – Сяржук Сончык. Ён нарадзіўся ў Берасьці. Яму 30 гадоў. Скончыў Берасьцейскі політэхнічны інстытут. Паколькі на Радзіме асаблівых пэрспэктываў не было, вырашыў, як ён кажа, паспрабаваць свае сілы за мяжой, захацелася паглядзець сьвет і сябе паказаць. Сяржук прыехаў у Прагу, дзе вывучаў эканоміку, а потым апынуўся ў Швайцарыі.

(Сокалаў-Воюш: ) “Сяржук, як вы трапілі ў Швайцарыю?”

(Сончык: ) “Як і ў любыя іншыя краіны. Неяк трапілася мне на вочы інфармацыя, што ёсьць праграма, якая мяне цікавіла. Неяк мы скантактаваліся. Так і трапіў. Вывучаю эканоміку. Пішу дысэртацыю”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Як успрымаецца Швайцарыя вачыма беларуса?”

(Сончык: ) “Спачатку адчуваецца нейкі культурны шок. Спачатку шок спажывецкі, скажам так. У сэнсе: тут усё дорага, і ў параўнаньні з Прагай таксама. Як прыехаў сюды – прайшоўся па мясцовых крамах і гэты шок якраз і адчуў. Пераводзіў усё ў валюту, і цэны мне здаваліся зусім нерэальнымі. Але да ўсяго гэтага прызвычайваешся. А зь іншага боку, трохі пажыўшы – то прыемна, лёгка жыць”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Ну, лёгка жыць. Пры такіх цэнах грошы аднекуль трэба браць?”

(Сончык: ) “Працаваць трэба, канечне”.

(Сокалаў-Воюш: ) “І дзе вы працуеце?”

(Сончык: ) “Звычайна дактаранты працуюць асыстэнтамі прафэсароў ці робяць нейкія праекты пры ўнівэрсытэтах. Я таксама гэтым займаюся”.

(Сокалаў-Воюш: ) “У Швайцарыі чатыры афіцыйныя мовы. Ці можна ва ўнівэрсытэце выбраць мову навучаньня?”

(Сончык: ) “Гэта залежыць ад кантону, у якім жывеш. Ёсьць кантоны, дзе білінгвічнае навучаньне, бо яны самі па сабе білінгвічныя. Там унівэрсытэты таксама білінгвічныя”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А вы ў якім?”

(Сончык: ) “У францускім”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Адкуль вы ведаеце францускую мову настолькі, каб пісаць дысэртацыю?”

(Сончык: ) “Не, дысэртацыю я пішу па ангельску. Ёсьць падручнікі. Разгортваеш, вучыш, запамінаеш. Вельмі важна практыкавацца, размаўляць. Бяз гэтага, зразумела, нічога не атрымаецца”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А ці ёсьць там іншыя беларусы?”

(Сончык: ) “Сустракаюцца неяк так, мелькам. Шмат з Украіны, з Расеі. З Украіны нават, як узяць на душу насельніцтва, шмат больш чым з Расеі”.

Сяржук Сончык здымае ў Лазане пакой. Калі мы пачалі параўноўваць кошты з Ірляндыяй, дзе ўдзельнік нашай папярэдняй перадачы студэнт Алесь Батура плоціць за пакой 400 эўра, атрымалася, што ў Швайцарыі кошты падобныя.

(Сокалаў-Воюш: ) “А як іншыя цэны? Колькі, напрыклад, каштуе квіток у кіно?

(Сончык: ) “10 даляраў, калі пераводзіць у даляры”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А вячэра?”

(Сончык: ) “Ёсьць розныя месцы, дзе можна добра павячэраць за даляраў 7-8”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А колькі каштуюць ў цэнтры кава, піва?”

(Сончык: ) “Кава даляры два, піва таксама два”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Сяржук, давайце змадэлюем сытуацыю. Вы эканаміст, вярнуліся дадому, а там усё зьмянілася ў лепшы бок. Скажам, нехта з маладых палітыкаў выйграў прэзыдэнцкія выбары і запрашае вас працаваць эканамічным дараднікам. Вашыя першыя прапановы рэанімацыі беларускай эканомікі будуць…”

(Сончык: ) “У палітыцы Беларусі можна было б мець некаторыя зьмены, як, прыкладам, дэцэнтралізацыя фіскальнай палітыкі, калі бальшыня падаткаў павінна плаціцца й разьмяркоўвацца на месцы. Гэта зробіць празрыстай і больш эфэктыўнай дзейнасьць мясцовых уладаў. Тэрытарыяльныя адзінкі: саветы, раёны, такім чынам могуць прывабіць больш працавітых і заможных людзей – больш нізкімі падаткамі, што зробіць гэтыя сельсаветы ці раёны заможнымі, і ў іх зьявіцца больш сродкаў, каб прафінансаваць нейкія мясцовыя праграмы.

Таксама дэцэнтралізацыя павінна адбыцца на ўзроўні ўлады. Гэта, можа, больш палітыка, але што тычыцца эканомікі – тое, што ў гэтым сэнсе, напрыклад, карупцыя зробіцца эканамічна непрывабнай. Таму што чыноўнік, пры дэцэнтралізацыі ўлады… яму будзе нявыгадна, ці чалавеку, які зьвяртаецца да чыноўніка, каб зарэгістраваць сваю фірму, яму будзе ня выгадна, напрыклад, дзесяці чалавекам, калі цяпер ён можа дамовіцца й усё зрабіць з адным чыноўнікам. Чыноўнік, які прымае паперы й правярае, ці ўсё ў парадку ў гэтых паперах, каб зарэгістраваць фірму, ён ня ведае, хто будзе разглядаць гэтую заяву й колькі чалавек будуць улучаныя ў гэтую сыстэму.

Наступны крок, што павінен быць зроблены, гэта – прыватызацыя гандлёвай сеткі. Дзяржава павінна зьбіраць падаткі, а не гандляваць, а гандляваць павінны прыватныя асобы. Напрыклад, тая ж Чэхія ў свой час аддала ўвесь гандаль у прыватныя рукі. Канкурэнцыя ў гандлёвай сфэры заўсёды нясе карысьць спажыўцам. Цэнавыя войны вядуць да значнага зьніжэньня цэнаў. Трэба, канечне, сачыць, каб у выніку гэтых войнаў не паўсталі манапалісты, але гэта іншая гаворка.

Трэба таксама скарыстацца з геаграфічнага становішча краіны. Гэта, можа быць, ня вельмі арыгінальна, але, скажам, тая ж Швайцарыя знаходзіцца ў падобным да Беларусі становішчы. Празь яе праходзяць шляхі з поўначы на поўдзень Эўропы. Тут з гэтага карыстаюцца. Трэба разьвіць турыстычную інфраструктуру, будаваць гатэлі, асабліва ўздоўж аўтамабільных магістраляў, і абвесьціць тэндэр на пабудову турыстычна-гандлёвых комплексаў. Напрыклад, мае замежныя знаёмыя вандравалі па Беларусі. Яны былі гатовыя плаціць за начлег, за нейкую ежу, але яны проста нічога не знайшлі на сваім шляху. Ім даводзілася спаць у такіх экзатычных месцах, як стагі саломы, пакінутыя, разбураныя дамы. Але ж гэтыя людзі гатовыя плаціць і ім цікава прыехаць на Беларусь, і з гэтага трэба скарыстацца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG