Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cavaliere academico


Сяржук Сокалаў-Воюш і Ганна Сурмач, Прага

2 сьнежня 1956 году. Нью-Ёрк. Карнэгі Хол. Заля сьвятовай славы. Да публікі выходзіць моцны шыракаплечы, вышэй сярэдняга росту чалавек. Заля зрываецца ў воплесках і раптоўна змаўкае, як толькі піяніст – колішні акампаніятар Шаляпіна, прафэсар Базылеўскі – бярэ першыя ноты.

Сьвет, падзелены мяжой жалезнай заслоны, у момант становіцца іншым. Голас сьпевака Пётры Конюха абуджае ўспаміны слухачоў: нядаўна збройных, а цяпер палітычных змагароў за незалежную Бацькаўшчыну, напаўняе сьлязьмі вочы жанчын, нязнаным сьвятлом пранікае ў душы й сэрцы разнамоўных гасьцей, кожны зь якіх у гэты вечар пачуў з вуснаў беларускага выканаўцы песьню на сваёй мове:

Ой палын мой палыночак,
Палын – горкая трава
Горчы цябе, палыночак,
Ва ўсім полі ды няма.

А пра што думаў у часе сьпеву сам Пётра Конюх?

Магчыма, пад беларускую песьню згадваў ён родную вёску Турэц, што на Наваградчыне, першыя спробы голасу ля пастухоўскага вогнішча, куды ўжо тады сыходзіліся першыя слухачы-аднавяскоўцы.

Пад польскую – аркестар у Быдгошчы, ды гмінную вязьніцу за сьпевы па-беларуску.

Пад расейскую – сыбірскія лягеры, адкуль лёс вайскоўца корпусу генэрала Андэрса павёў яго ў Іран, Ірак, Палестыну, Эгіпэт.

Пад нямецкую й італьянскую песьні Пётра Конюх магчыма прыгадваў баі пад Монтэ-Касіна, у якіх ледзь ня склаў галавы...

Не. Пад італьянскую, хутчэй за ўсё прыгадваў ён сваю вучобу ў Рыме:

“Папасьці на студыі памог мне выпадак. Аднаго разу ведамыя італьянскія артыстыя песьні (Neri й іншыя) выпадкова пачулі мой голас. Не чакаючы, яны пайшлі да генэрала Андэрса з просьбай пусьціць мяне на пробу ў Рымскі Teatro Reale. Доўга чакаць не давялося. Я дасюль яшчэ захоўваю пасьветку з Teatro Reale, што гэткага галасавога матар’ялу яны яшчэ ня чулі. Пасьля гэтага стыпэндыю атрымаць было ўжо ня цяжка. Праляцела пяць год. Тут надарылася магчымасьць выступіць як Беларусу ў конкурсе песьні, дзе брала ўдзел 13 нацыянальнасьцяў. Я ўзяў другое месца. І вось, за “беларускасьць” выступу я згубіў стыпэндыю – “суседзі” пастараліся. Давялося прабівацца самому – цяжка было... Адна лекцыя ў прафэсара каштавала тысячы ліраў. Зарабляў, даваў лекцыі, але навукі не кідаў. Урэшце, 27 лютага 1951 году я атрымаў дыплём з Academia Mondiale degli Artisti e Professionisti з тытулам Cavaliere Academico”.

Адным з тых, хто ведаў Пётру Конюха ў часе ягонай вучобы ў Італіі быў доктар Янка Запруднік зь Нью-Ёрку:

(Запруднік: ) “З Конюхам я сустрэўся першы раз у 1950 годзе, калі мы з Паўлюком Урбаном былі ў Рыме. Ён апынуўся ў Італіі праз службу ў польскім войску, куды трапіў, відаць, праз Сыбір. Ён там займаўся ў Аккадэміі мастацтваў. Ён браў лекцыі музыкі ў італьянскіх прафэсароў, сьпевакоў. Ад таго часу ў нас кантакт завязаўся на аснове нашага агульнага геаграфічнага, так бы мовіць, паходжаньня. Ён нарадзіўся ў вёсцы Турэц, недалёка ад Міра. Я, як мірскі хлопец, зь ім пасябраваў, як зь земляком, ну і як з добрым беларусам. Кнюх заўсёды адзначаўся беларускім патрыятызмам, вельмі дбаў пра сваю сям’ю, і калі ў Лювэне (а мы пачалі разьяжджаць з канцэртамі ў хоры Равэнскага) Конюх пасьля далучыўся да нас і браў удзел у вялікім канцэрце хору Равэнскага ў Лёндане. Равэнскага тады, праўда, ужо ня было, хорам кіраваў Кіслы, але з Конюхам ад пяцідзясятага году сувязь у мяне была сталая”.

Талент Пётры Конюха хваляваў ня толькі нашых суайчыньнікаў за мяжой. Цікавіліся ім і на Бацькаўшчыне, але цікавасьць гэтая была ня з боку народу, які тады наўрад ці й ведаў пра такога сьпевака. Прыгадвае Янка Запруднік:

(Запруднік: ) “Да яго, калі ён жыў у Нью-Ёрку, наведваўся агент савецкай разьведкі, які быў тады ў складзе дыпляматычнай савецкай місіі ў Нью-Ёрку й нагаворваў, моцна нагаворваў яго вярнуцца назад у Савецкі Саюз. Я тады працаваў у Радыё Свабода ў Нью-Ёрку й часта Конюха наведваў, бо жыў ён недалёка ад бюро Радыё Свабода і расказваў мне пра візыт таго палкоўніка, прозьвішча я ягонага цяпер не магу прыгадаць, але казаў, што прыйшоў да яго на кватэру, прайграў яму на магнітафоне магнітафонную стужку – запіс маці Конюха й жонкі... Зіна, па-мойму, ейнае ймя, і кажа, паставіў гэтую плёнку й глядзіць мне ў вочы, якая ў мяне рэакцыя была, а мне, кажа, тады хацелася схапіць яго за каршэль і спусьціць яго па сходах наніз, але не зрабіў гэтага я, кажа, дзеля сям’і, таму што тады была б небясьпека перасьледу сям’і. Вось такая драма ў яго асабістая была ў гэтай канфрантацыі з савецкай сыстэмай”.

Выглядае, што Пётра Конюх быў моцнай асобай, і ўсё ж, у такія цяжкія хвіліны чалавеку лягчэй, калі побач ёсьць сябры...

(Запруднік: ) “Ён вельмі дружыў з доктарам Тумашам, зь сям’ёй Валодзі й Нюры Русакоў, часта наведваўся да іх, праводзілі час так прыемна, і ў Нью-Ёрку ён жыў даволі доўга”.

(Конюх: )
“Штоночы ў дванаццаць гадзін
З магілы ўстае барабаншчык,
Ідзе й склікае ўсіх,
Вялікую ўзьняўшы трывогу.
Ля цёмных магіл барабан
Магутную будзіць пяхоту:
Ўстаюць юнакі-малайцы,
Ўстаюць вусачы-грэнадзёры,
Ўстаюць з-пад расейскіх сьнягоў,
З раскошных палёў італійскіх…”

Доктар Тумаш, пра якога казаў Янка Запруднік, памёр у сярэдзіне 90-х. Уладзімер і Нюра Русакі, нягледзячы на ўзрост, усё яшчэ актыўныя ў беларускім жыцьці. Дарэчы, спадар Уладзімер – сталы слухач нашага радыё, і пакуль ён сядзіць ля прыймача, ягоная жонка згадвае часы, калі іх наведваў Пётра Конюх:

(Русак: ) “Ён заўсёды ў нас затрымоўваўся. Мы былі добрыя сябры”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Ён калі-небудзь сьпяваў у хаце ў вас?”

(Русак: ) “О, тутака на Лонг-Айлендзе, то ён і добра сьпяваў. Аднойчы я нават павыкідала іх на двор, бо тутака ўсе спалі, а ён як рассьпяваўся, дык я іх усіх выкінула, каб яны там сьпявалі”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А што ён быў за чалавек?”

(Русак: ) “Цудоўны! Вельмі добры прыяцель. Добрая душа. Для яго чалавеку памагчы – усё. Гэта быў вельмі адзыўчывы чалавек. Адгукнецца на ўсю бяду”.

(Конюх: )

“У Францыю два грэнадзёры
Зь няволі расейскай ішлі
І вось абняла іх нявера
На межах нямецкай зямлі.
Засьпела іх вестка, што ўзяты
Край родны чужымі ў палон:
Палонны і сам імпэратар
І войска ў няволі, як ён”.

Доктар Вітаўт Кіпель, як і Янка Запруднік, пазнаёміўся зь Пётрам Конюхам яшчэ ў Эўропе, але найбольш плённа яны пачалі супрацоўнічаць у Злучаных Штатах.

(Кіпель: ) “Асабліва мне ўрэзалася ў памяць супрацоўніцтва зь Пётрам Конюхам у 60-70-ых гадох. На пачатку 60-ых гадоў беларускае грамадзтва Нью-Ёрку, Нью-Джэрзі й Канэктыкуту набыло дом адпачынку Белэр-Менск. Гэта вялікая дзялянка зямлі, можа гектараў якіх 30. Там быў басэйн, там былі невялічкія катэджы, вялікія дамы, дзе адбываліся розныя зборкі, але не было залі. І вось мы пабудавалі, я ўваходзіў у дырэкцыю гэтага прадпрыемства, калі можна так назваць, мы пабудавалі залю ў 65-ым годзе. Нам патрэбна было больш публікі. Мы зьвярнуліся да Пятра Конюха, каб ён даў канцэрт. Каб мы – арганізатары, а ён, выступоўца, падабраў мастацкія сілы, піяністаў і так далей. Гэты канцэрт адбыўся. Для нас гэта было велізарным падмацаваньнем, бо была вялікая рэкляма ў газэтах украінскіх, расейскіх, амэрыканскіх. Пётру Конюха добра ведалі як сьпевака й публікі прыйшло ці прыехала, бо гэта міляў сто ад Нью-Ёрку, сотні людзей. Для нас гэта было вельмі важна, бо якраз адчынялася новая заля, нам патрэбныя былі людзі на цэлы сэзон. Пётра Конюх выдатна нам дапамог”.

Спадар Кіпель, вядома, што Пётра Конюх быў прафэсійным сьпеваком знакамітага казацкага хору Сяргея Жарава, хору, які гастраляваў па цэлым сьвеце ад Злучаных Штатаў да Японіі. Нягледзячы на тое, што гэты калектыў быў расейскамоўным, Пётра Конюх зацікавіў ягоных удзельнікаў беларускай песьняй і ў выніку яны нават зрабілі запіс песьні “Магутны Божа”...

(Кіпель: ) “Мы зь ім часта сустракаліся ў царкве, на зборках, але ў 1976 годзе мы, беларусы, арганізоўвалі свае фэстывалі. Як ведама, Амэрыка ў тым часе адзначала сваё 200-годзьдзе. І першы беларускі фэстываль у 1976 годзе адбываўся ў штаце Нью-Джэрзі. Гэта быў вялікі фэстываль. Было каля 200 ўдзельнікаў мастацкай часткі. Гледачоў было каля чатырох тысячаў і якраз Пётра Конюх быў цьвіком праграмы. Ён злучыўся разам з хорам з гораду Саўт-Рывэру. У горадзе Саўт-Рывэры было некалькі хораў. Быў мужчынскі й быў мяшаны. І вось з гэтых хораў, разам зь Пятром Конюхам кампазытар Дзьмітры Верасаў падрыхтаваў некалькі нумароў і заключным нумарам праграмы была малітва “Магутны Божа”. Гэта штосьці было надзвычайнае. Дзьве ці тры тысячы людзей усталі і гэта было вельмі імпазантна.

Дарэчы, калі Пётра Конюх сьпяваў “Магутны божа”, а ён яго вельмі часта сьпяваў, ён мне сам казаў, што кожны раз я перажываю й кожны раз укладаю душу ў гэтую песьню. Яму гэта вельмі падабалася”.

(Конюх: )
“Магутны Божа – ўладар сусьветаў,
Вялікіх сонцаў і сэрц малых
Над Беларусяй ціхай і сьветлай
Рассып праменьне свае хвалы”.

На пачатку 80-ых гадоў Пётра Конюх ажаніўся, пераехаў у Канаду й досыць хутка адыйшоў у лепшы сьвет. Адыйшоў так, як некалі марыў адыйсьці ў адзіным вядомым нам ягоным паэтычным творы:

Каб з чыстаю душой памерці,
І вочы лёгка мне закрыць –
Для Беларусі аж да сьмерці
Я буду працаваць і жыць.

Пахавалі сьпевака на беларускіх могілках ля царквы Жыровіцкай Божай Маці ў Гайленд-парку ў Злучаных Штатах.


Верш Пётры Конюха:

Надыйдзе час – нянавісьць зьнікне
З прастораў сёньняшняй зямлі,
І беларус дыхне свабодна
На ўлоньні новае сям’і.

Ды помні, сябра: будзь сабою –
Ня дай забраць душу ў палон!
Будзь сынам ты свайго народу
Аж да апошніх сваіх дзён.

Бо ведай, брат, хто адракаўся
Ад краю, дзе ўзрос, дзе жыў,
Пад скурай хто чужой хаваўся,
Той пагарджаны ўсімі быў.

Каб з чыстаю душой памерці,
І вочы лёгка мне закрыць –
Для Беларусі аж да сьмерці
Я буду працаваць і жыць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG