Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўген Вярбіцкі


Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

(Сокалаў-Воюш: ) “Аўген Вярбіцкі. Імя гэтага чалавека амаль невядомае ў Беларусі. Яго няма ў даведніках, няма ў энцыкляпэдыях. Яно не фігуруе ў навукова-папулярнай і толькі часам сустракаецца ў спэцыяльна-навуковай літаратуры. Між тым, доктар Вярбіцкі вядомы навукоўцам як біяхімік з усясьветным імем. Як сталася, што Бацькаўшчына забылася на аднаго з найлепшых сваіх прадстаўнікоў? Адказ на гэтае пытаньне вельмі просты: Аўген Вярбіцкі быў эмігрантам, а іхныя ймёны мы толькі яшчэ пачынаем вяртаць у кантэкст нашай гісторыі. Вялікую працу ў гэтым кірунку робіць Скарынаўскі цэнтар прафэсара Адама Мальдзіса. Сярод тых, хто займаецца зборам матэрыялаў – кандыдат фізыка-матэматычных навук Вольга Гапоненка.

(Гапоненка: ) “Вось, у нас праводзіліся дасьледаваньні, зьвязаныя з пошукам імёнаў ураджэнцаў Беларусі, якія з пэўных палітычных падставаў ці ў пошуках новых ведаў зьехалі зь Беларусі. Мы распрацавалі пэўную праграму. Гэта, вось, пад час нашага плённага супрацоўніцтва з прафэсарам Адамам Мальдзісам і была створаная вялікая картатэка. Сёньня паступова зьвесткі зь яе ўводзяцца ў навуковы ўжытак. Вынікам нашай працы стала кніга “Беларусы ў сьвеце” – гэта першая частка (“Беларусы ў памежных краінах”). А вось тое, што тычыцца “Беларусаў у далёкім замежжы” – гэтая частка чакае свайго выданьня, і ў гэтым энцыкляпэдычным выданьні ймя Аўгена Вярбіцкага абавязкова будзе”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Гаварыла Вольга Гапоненка. А пакуль даведніка няма – ёсьць людзі, якія памятаюць Аўгена Вярбіцкага ад часоў ягонага дзяцінства. Адзін зь іх – Барыс Кіт – навуковец з усясьветным імем, матэматык, фізык, хімік, доктар філязофіі ў галіне матэматыкі і гісторыі навукі, адзін з распрацоўшчыкаў касьмічнай праграмы ЗША.

Спадар Барыс, я ведаю, што вы вучылі Аўгена Вярбіцкага. Гэта было ў школе?”

(Кіт: ) “Ага, у інстытуце ў Маладэчне. Ён быў студэнтам падчас нямецкай акупацыі ў маім інстытуце – Адміністрацыйна-гандлёвы інстытут у Маладэчне”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Якім ён быў студэнтам?”

(Кіт: ) “Ён вельмі добрым быў студэнтам. Вельмі здольны й разумны чалавек. А пазьней ён таксама ўцякаў на Захад. Пасьля заканчэньня ён меў дыплём інстытуту, які раўняўся сярэдняй асьвеце. Гэта значыцца, можна было паступіць у вышэйшую школу – ва ўнівэрсытэт. Ён, значыцца, з гэтым дыплёмам спачатку паступіў ва ўнівэрсытэт у Мюнхене, на аддзел агрыкультуры, і скончыў гэты аддзел са ступеняй доктара, а пазьней ён эміграваў у Амэрыку”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А вы зь ім сустракаліся ўжо ў Амэрыцы?”

(Кіт: ) “Вельмі часта. Ён, значыцца, спачатку скончыў унівэрсытэт, атрымаў дактарат у біяхіміі, а пазьней атрымаў выдатнае становішча як біяхімік у амэрыканскай армейскай лябараторыі ў штаце Масачусэтс, дзе ён працаваў ужо як дасьледчык. Яны там праводзілі вельмі цікавыя дасьледваньні – як кансэрваваць мяса пры дапамозе атомных ізатопаў”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Скажыце, спадар Барыс, вы ў Злучаных Штатах, як сустракаліся зь Вярбіцкім – гэта былі сустрэчы навуковыя ці гэта былі сустрэчы такія як…”

(Кіт: ) “Толькі прыватныя. Ён страшэнна са мной быў запрыязьнены. І калі па службе прыяжджаў у Вашынгтон – заўсёды мяне адведваў. Прыватна. Ён быў вельмі парадачны чалавек. Заўсёды асьвечаны, прыязны заўсёды…”

(Сокалаў-Воюш: ) “Вы ведалі ягоную сям’ю?”

(Кіт: ) “У яго была жонка, зь якой ён ажаніўся яшчэ ў Нямеччыне, і двое дзяцей – сын і дачка. Доктар Вярбіцкі таксама браў вялікі ўдзел у грамадзкім беларускім руху”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Калі вярнуцца назад, у тыя часы, калі ён быў вашым студэнтам, што там былі за ўмовы вучобы й жыцьця?”

(Кіт: ) “Страшэнныя ўмовы – што? Гэта ж вайна была тады. Ніякіх магчымасьцяў. Не было ні працаў, нічога не было. Напрыклад, я склікаў бацькоў і кажу: вось, калі ласка, трэба неяк утрымаць настаўнікаў. Дык кожны павінен даць адзін пуд жыта і адно кіля сала. І гэта раздаваў во такую зарплату. Бацькі стараліся, бо хацелі, каб іхныя дзеці вучыліся”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Але вернемся да тых часоў, калі Аўген Вярбіцкі меў за плячыма толькі сярэднюю школу. Гаворыць Вітаўт Кіпель”:

(Кіпель: ) “З Аўгенам Вярбіцкім я пазнаёміўся хутка ў пасьляваенным часе. У 1945 годзе мы зь ім сустрэліся недзе ў адным зь пераходных беларускіх лягероў перамешчаных асобаў. Разгаварыліся. У нас былі больш-менш падобныя біяграфіі ваенных часоў. Ён рыхтаваўся паступаць ва ўнівэрсытэт, а я рыхтаваўся паступаць у гімназыю. Нейкі час мы былі зь ім разам у Рэгенсбургу. Пасьля Рэгенсбургу ён выехаў у Мюнхен, дзе паступіў на ўнівэрсытэт, а я застаўся ў гімназыі. Час-часом Вярбіцкі прыяжджаў у беларускі лягер атрымаць прадукты, бо прадукты ў той час... Асабліва хлеб быў рэдкі прадукт. І ён вучыўся ў Мюнхене й поўнасьцю ўлучыўся ў арганізацыю беларускага студэнцтва. Ён дапамагаў арганізоўваць студэнцкае згуртаваньне ў Мюнхене. Часта наяжджаў у Марбург. Езьдзіў таксама ў Гайдэльбэрг. Чаму я гэта ведаю? Бо я зь ім сустракаўся ў Мюнхене досыць часта, бо ў Мюнхене была галоўная кватэра скаўтынгу на Заходнюю Нямеччыну. А паколькі я быў сьвязаны са скаўтынгам – арганізоўвалі беларускіх скаўтаў, дык вельмі часта заходзіў да Вярбіцкага. Вярбіцкі скончыў Мюнхенскі ўнівэрсытэт ў кафэдры хіміка і інжынэра-агранома ў Мюнхене. Недзе ў канцы 40-ых гадоў (у 48-49 годзе) Вярбіцкі пачаў рыхтавацца, рабіць захады, каб выехаць зь Нямеччыны ў Амэрыку. А ў той час я якраз рыхтаваўся выяжджаць у Бэльгію.

Сустрэліся йзноў з Аўгенам Вярбіцкім мы ўжо ў Амэрыцы. Аўген Вярбіцкі к таму часу зрабіў ужо досыць паважную кар’еру. Прыехаўшы ў Амэрыку, ён запісаўся на ўнівэрсытэт у горадзе Нью-Брансвіку – Ратгарскі ўнівэрсытэт – дзе ён зрабіў дактарат. На агранамічным факультэце спэцыялізаваўся ў біяхіміі. Ягоным прафэсарам у той час быў вельмі ведамы амэрыканскі навуковец, Нобэлеўскі ляўрэат, прафэсар Вахсман. Вось ён, зрабіўшы гэты дактарат у агранамічнай біяхіміі, пачаў кар’еру ў дасьледчым сэктары Амэрыкі – дасьледваньне прадуктаў і, асабліва, мяса. Як перахоўваць мясныя прадукты. Ён выехаў у штат Аёва. Спэцыялізаваўся там, паколькі там адна з найлепшых амэрыканскіх дасьледчых лябараторыяў”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А як жа зь беларускай дзейнасьцю?”

(Кіпель: ) “Што важна – што Вярбіцкі ніколі не губляў лучнасьці зь беларускім грамадзтвам. Доктар Аўген Вярбіцкі – гэта адзін з найвыдатнейшых амэрыканскіх навукоўцаў у галіне біяхіміі, асабліва – дасьледаваньня мясных прадуктаў. І адначасна ён быў вельмі актыўным грамадзкім дзеячом. У той час, калі ён спэцыялізаваўся, прыкладам, у штаце Агаё ў горадзе Калюмбусе, ён прачытаў сэрыю дакладаў пра Беларусь. Ён надрукаваў свае артыкулы “Пра паходжаньне беларусаў”, “Пра назоў Беларусь”, “Пра стан Беларусі” ў некаторых амэрыканскіх англамоўных часапісах. Дарэчы, ён выступаў таксама на старонках беларускага друку. У газэце “Бацькаўшчына” ён надрукаваў некалькі артыкулаў пра Беларусь і чаму нас так мала ведаюць на Захадзе пад псэўданімам Дунін. Дунін – гэта ягоны псэўданім. Адзнака Вярбіцкага тая, што ён вельмі актыўна ўдзельнічаў у грамадзкім жыцьці, у студэнцкім жыцьці. Вярбіцкі быў Старшынём Беларускага Стыпэндыяльнага Фонду на Амэрыку. Як мог, ён дапамагаў беларускім студэнтам, якія ў той час прыяжджалі з Эўропы ў Амэрыку. Ён, паколькі мажлівасьць была, дапамагаў фінансава.

Адначасна Вярбіцкі ўдзельнічаў у беларускім руху: у БАЗА (Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне), у БІНІМе (Беларускім Інстытуце Навукі й Мастацтва) – ён быў адным зь першых, што засноўвалі гэты інстытут. Гэтаксама ён быў дзейны ў студэнцкай арганізацыі. І яшчэ адна дэталь: ён быў вельмі актыўны ў дзейнасьці Беларускіх Амэрыканскіх Рэспубліканскіх Клюбаў. Мы зь ім сустракаліся на некаторых канфэрэнцыях у Бостане і гэтаксама сустракаліся ў Агайё. Я прынімаў актыўны ўдзел у гэтым рэспубліканскім руху і Аўген Вярбіцкі быў адным з тых актывістаў, што таксама працавалі ў гэтай галіне.

Скончыўшы свае студыі, адбыўшы стажы ў штаце Агаё, потым у штаце Аёва, Вярбіцкі стаў загадчыкам Лябараторыі дасьледаваньня мясных прадуктаў у амэрыканскім войску. Амэрыканская армія мае сваю дасьледчую станцыю, сядзібу ці лябараторыю ў штаце Масачусэтс. Якраз Вярбіцкі быў там дырэктарам лябараторыі па дасьледаваньні мясных прадуктаў. У канцы 50-ых гадоў Вярбіцкі стаў працаваць у ваенным ведамстве ў дасьледаваньні іррадыяцыі мяса. Іррадыяцыя мяса – гэта захаваньне мяса на даўгія тэрміны. Гэта працэс, які дапамагае захоўваць мясныя прадукты”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Спадар Кіпель, ня гледзячы ні на што, савецкія навукоўцы добра ведалі ймя Вярбіцкага як калегі й як канкурэнта. Сустрэчы зь ім былі настолькі карысныя, што саветы нават ішлі насустрач зусім не навуковым пажаданьням нашага земляка...”

(Кіпель: ) “ У гэным самым часе Вярбіцкі наведаў Савецкі Саюз. У Савецкім Саюзе рабіліся таксама досьледы, ішло вывучэньне мясных прадуктаў. Вярбіцкі быў ва Ўзбэкістане, Туркмэністане – у тых рэспубліках, дзе было шмат авечак, дзе мясная індустрыя мела вельмі шмат дасьледчыкаў. Дарэчы, вельмі такая цікавая дэталь зь біяграфіі Аўгена Вярбіцкага: як ён паехаў у Савецкі Саюз, як амэрыканцы сказалі, што будзе такая навуковая паездка, Вярбіцкі фігураваў там як выхадзец з Савецкага Саюзу, і саветы паставіліся да яго досыць насьцярожана. Вярбіцкі паставіў умову: я прыеду ў Савецкі Саюз (дарэчы, былі тры старшыні гэтай дэлегацыі, і ён быў адным з сустаршыняў), ён паставіў умову, што я хачу сустрэцца зь сям’ёй. Савецкія прадстаўнікі сказалі, што ў Беларусь мы вас ня пусьцім, але прывязем сям’ю ў Маскву. І яны прывезьлі там, я ня памятаю ўжо каго, ён мне расказваў дэталёва, але ягоных родзічаў прывезьлі ў Маскву і гэтая сустрэча адбылася ў 1960 годзе. Пасьля гэтага Аўген Вярбіцкі наведаў яшчэ некалькі разоў Савецкі Саюз, ягоныя працы перакладаліся на расейскую мову вельмі шырака, друкаваліся ў розных савецкіх дасьледчых часапісах, бо ён быў вядучым хімікам якраз у галіне вывучэньня мясных прадуктаў”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Вітаўт Кіпель вызначыў найбольш істотныя, на ягоны погляд, факты з жыцьця Аўгена Вярбіцкага:”

(Кіпель: ) “Я ўважаю, што апрача сотняў працаў (сотні! літаральна сотні працаў!), якія знаходзяцца ў амэрыканскіх дасьледчых часопісах, два выбітныя моманты ягонай біяграфіі варта было б адзначаць.

Аўген Вярбіцкі быў бадай ці ня першы навуковец беларускага паходжаньня, які трапіў у даведнік “American Men of Science” – “Амэрыканскія дзеячы навукі”. Гэта вельмі прэстыжовае даведкавае выданьне. І што характэрна – там ён паўсюль паказваў, што ён паходзіць зь Беларусі і асьвету сваю пачынаў здабываць якраз на Беларусі.

Другая вельмі важная дэталь зь біяграфіі Аўгена Вярбіцкага, што ў пачатку 70-ых гадоў ён быў прыняты, разам зь іншымі амэрыканскімі навукоўцамі, прэзыдэнтам Ніксанам, і яму быў уручаны кавалак пароды Месяца. Ад тых першых касманаўтаў, якія высадзіліся на Месяцы. Бо прадукты, якія ішлі разам з касманаўтамі на Месяц, праходзілі праз пацьверджаньне доктара Вярбіцкага, асабліва мясныя прадукты. І ўсім тым навукоўцам, якія спрычыніліся да высадкі амэрыканскага карабля у 1969 годзе на Месяц, была ўручаная літаральна кропелька месячнай пароды. І ў Аўгена Вярбіцкага гэтая парода была. Мы ўсе, беларусы, можам гэтым вельмі ганарыцца, бо сапраўды няшмат навукоўцаў маюць у сваёй калекцыі такую дэтальку, такую “манэтку”, а доктар Вярбіцкі, беларускага паходжаньня, быў якраз у групе гэтых вялікіх амэрыканскіх навукоўцаў. Калі б у мяне спыталіся, то доктар Вярбіцкі – гэта сапраўды выдатны амэрыканскі навуковец, які працаваў у навуцы, які канкрэтна рабіў дасьледаваньні, што мелі значаньне для прагрэсу амэрыканскай навукі. Асабліва ягоныя дасьледваньні ў ваеннай лябараторыі, і таксама гэта быў шыракагранны, шыракадыяпазонны грамадзка-палітычны дяяч. Ён пісаў у беларускіх часапісах. Ніводная беларуская зборка для яго не была няважнай. Ён і на студэнцкіх згуртаваньнях бываў, і на БАЗАўскіх, і на БІНІМаўскіх. Дарэчы, на БІНІМаўскіх зборках, якія адбываліся ў Нью-Ёрку, ён вельмі часта чытаў рэфэраты. Прычым чытаў рэфэраты й на навуковыя тэмы, на тэмы сваіх дасьледаваньняў. У БІНІМе ёсьць некалькі ягоных падшывак дакумэнтаў й ягоныя рапарты, якія ён рабіў у Дзяржаўны дэпартамэнт пасьля паездак у Савецкі Саюз. Копіі ён заўсёды (тое, што было дазволена, тое, што было несакрэтным) аддаваў у БІНІМ, і мы вельмі ганарымся, што ў БІНІМе якраз гэтыя калекцыі ягоных дакумэнтаў перахоўваюцца”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Спадар Вітаўт, а ці вядома, што-небудзь пра бацькоў Аўгена Вярбіцкага? Ці былі ў яго браты, сёстры?”

(Кіпель: ) “Я б яшчэ мусіў адну дэталь зь біяграфіі Аўгена Вярбіцкага дадаць. Аўген Вярбіцкі, я яго на Бацькаўшчыне ня ведаў, відаць, паходзіў са сьведамай беларускай сям’і, бо ягоны брат, які таксама апынуўся на Захадзе, быў вельмі сьведамым беларусам. Мы зь ім некалі сустрэліся ў Парыжы, дзе ён, адбыўшы пяць гадоў Францускага Легіянарнага Корпусу, займаўся беларускай грамадзкай працай, а потым прыехаў у Амэрыку й, на жаль, загінуў у аўтамабільнай катастрофе. Аўген Вярбіцкі – гэта на нашым эмігранцкім полі выбітная постаць, бо ён пакінуў па сабе сьлед як у амэрыканскай навуцы, гэтаксама пакінуў па сабе спадчыну і ў беларускай грамадзка-палітычнай дзейнасьці”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А што сабой уяўляў Аўген Вярбіцкі як чалавек? Які быў ягоны характар?”

(Кіпель: ) “Гэты быў вельмі добры й вясёлы чалавек. Зь ім вельмі лёгка было сябраваць. Пакладзісты чалавек, які прайшоў праз цяжкія выпрабаваньні. Ён заўсёды мог падзяліцца апошнім кавалкам хлеба. Асабліва ў гады пасьляваенныя. У Вярбіцкага на кватэры вельмі часта затрымоўваліся скаўты, студэнты і кожнаму зь іх заўсёды знаходзілася нешта зьесьці. У той час ежа была вялікім фактарам. Гэтаксама тутака, у Стыпэндыяльным Фондзе дапамогі студэнтам, Вярбіцкі вельмі часта ўкладаў свае грошы, бо ён нядрэнна зарабляў – ён быў вельмі высокі навуковец, і ў Стыпэндыяльным Фондзе, я сам быў сьведкам, калі ён проста казаў: “Окей, я гэтаму студэнту дапамагу асабіста. Ад Фонду, але ўкладу свае асабістыя грошы”. Вярбіцкі таксама быў начытаны. Я памятаю, мы зь ім дыскутавалі: хто быў першы, хто прачытаў “Палескія рабінзоны” – ці ён, ці я? Тут, напэўна, было маё першынство, бо Вярбіцкі гадаваўся ў былой Заходняй Беларусі, думаю “Палескія рабінзоны” трапілі да іх значна пазьней. Вельмі характэрная была такая зьява: Вярбіцкі ў Нямеччыне вельмі часта прывозіў з сабой людзей, якіх ён знаходзіў недзе ў дарозе, якія беларускага паходжаньня былі, ён казаў: я вас павязу ў беларускі лягер, вы там уладкуецеся, а далей ужо самі будзеце арыентавацца, што вам рабіць. Ну, безумоўна, любіў пасьпяваць. Час ад часу перакуліць чарку. Ведаеце, як беларуская кампанія зьбіраецца, так што не бяз гэтага было. Я думаю, што вам усім гэта ведама і мы ўсе з гэтакага самага пакрою”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Спадар Вітаўт, у Аўгена Вярбіцкага была сям’я?”

(Кіпель: ) “У яго была жонка нямецкага паходжаньня і двое дзяцей, і яны недзе тутака знаходзяцца – у Амэрыцы. Я зь імі не кантактаваўся, але ведаю, што яны жывуць тутака”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А як памёр Вярбіцкі й калі?”

(Кіпель: ) “У яго было слабаватае сэрца, і ён меў сардэчны прыступ у пачатку 70-ых гадоў, а памёр ён, я думаю, у 1984 ці 1985 годзе, бо ў 1983 годзе была вялікая канфэрэнцыя ў Нью-Брансьвіку, арганізаваная ўнівэрсытэтам (вечная памяць, Галіна Русак арганізоўвала гэтую канфэрэнцыю) і доктар Вярбіцкі якраз меў даклад. Гэта была, бадай, і мая апошняя сустрэча зь ім, бо хутка пасьля гэтага ён памёр”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А што ведаюць пра сьмерць Аўгена Вярбіцкага навукоўцы на Бацькаўшчыне? Гаворыць Вольга Гапоненка:”

(Гапоненка: ) “Што да таго, калі ён памёр і дзе, то тут таксама нічога няма, так што гэтае пытаньне, відаць, застанецца ня высьветленым на сёньняшні дзень і для вас, і для мяне, на жаль…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG