Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На кніжных паліцах Захаду


Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Лёндан. Беларускія кнігазборы ў бібліятэках брытанскай сталіцы добра вядомыя нашым навукоўцам. У немалой ступені гэтыя зборы паспрыялі дасьледчыцкай працы вядомых брытанскіх беларусістаў Арнольда Макміліна, Джыма Дынглі, перакладчыцы Веры Рыч і навукоўца-музыказнаўцы Гая Пікарды. У сьценах гэтых бібліятэкаў працаваў Адам Мальдзіс, іхнымі фондамі карыстаюцца сёньняшнія студэнты-беларусы Вялікай Брытаніі. Сёньня з намі на сувязі адзін зь іх – Мікола Пачкаеў.

(Сокалаў-Воюш: ) “Мікола, як фармуюцца славянскія фонды ў брытанскіх бібліятэках?”

(Пачкаеў: ) “Паводле роду свайго занятку мне даводзіцца працаваць у Брытанскай бібліятэцы (былая бібліятэка Брытанскага музэю) і ўнівэрсытэцкай бібліятэцы Кембрыджскага ўнівэрсытэту. Гэтыя бібліятэкі належаць да ліку некалькіх т.зв. “copyright libraries” – г.зн., закон аб аўтарскіх правах абавязвае выдаўцоў ў Брытаніі перадаць асобнік у кожную з гэтых некалькіх бібліятэкаў. Гэта распаўсюджваецца на ўсю друкаваную прадукцыю – тэарытычна нават на друкаваную прадукцыю ў Брытаніі, так бы мовіць, непрыстойнага зьместу. Што ж тычыцца замежных выданьняў, то тут бібліятэкам даводзіцца пакладацца на схемы кнігаабмену і на свае фінансавыя сродкі.

Тут, напрыклад, існуе адрозьненьне паміж Брытанскай бібліятэкай і бібліятэкай Кембрыджскага ўнівэрсітэту: многія патрэбныя мне кнігі са Злучаных Штатаў я мог зайсьці толькі ў Брытанскай бібліятэцы. Падобная сітуацыя і з фармаваньнем фондаў, датычных Усходняй Эўропы”.

(Сокалаў-Воюш: ) “За савецкім часам існавала дзяржаўная ўстанова, якая прадавала (за цьвёрдую валюту) савецкія кнігі на Захад. Празь яе можна было замовіць кнігі ня толькі маскоўскіх выдавецтваў, але і пэўныя кнігі зь Беларусі. Як цяпер выглядае сытуацыя зь беларускімі кніжкамі, скажам, у самай беларускай бібліятэцы Вялікай Брытаніі – лёнданскай бібліятэцы імя Францішка Скарыны?”

(Пачкаеў: ) “Іншая яшчэ бібліятэка, зь якой я добра знаёмы – гэта Беларуская Бібліятэка імя Францішка Скарыны ў Лёндане. Аснову яе склалі, у вялікай ступені, прыватныя кнігазборы – напрыклад, біскупа Чэслава Сіповіча, першага яе кіраўніка. Пасьля афіцыйнага адкрыцьця бібліятэкі ў 1974 г. яе кіраўнікі – біскуп Сіповіч і айцец Аляксандар Надсан – гадамі зьбіралі кнігі, датычныя Беларусі, сярод беларускай дыяспары, замаўлялі праз пасярэдніцкія фірмы з БССР, куплялі старадрукі на аўкцыёнах. Многія беларусы на эміграцыі ахвяравалі паасобныя кнігі, падшыўкі пэрыёдыкаў і цэлыя прыватныя бібліятэкі.

Напрыклад, Віктар Астароўскі (сын Радаслава) пакінуў пасьля сьмерці Лёнданскай беларускай бібліятэцы сваю выключна багатую калекцыю мапаў, датычных Беларусі”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Спадар Мікола, а як цяпер выглядае справа папаўненьня фондаў скарынаўскай бібліятэкі?”

(Пачкаеў: ) “А ад пачатку 1990-х стаўся магчымы беспасярэдні абмен з установамі ў Беларусі. Зрэдку аўтары і выдаўцы зь Беларусі самі прысылаюць у Лёндан свае кнігі. У кожным разе, сёньня беларуская бібліятэка ў Лёндане мае практычна ўсе беларускія кнігі, што выходзяць у Менску і ў замежжы. Патрапляе і пэўная колькасьць беларускіх рэгіянальных выданьняў”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А якім чынам гэта адбываецца?”

(Пачкаеў: ) “Кнігі зь Беларусі патрапляюць шляхам кнігаабмену. Існуе дамоўленасьць з пэўнымі ўстановамі і асобамі на Беларусі, якія сочаць за ўсімі новымі беларускімі выданьнямі, якія могуць уяўляць цікавасьць для нашай бібліятэкі, і праз пэўны час бібліятэка іх атрымоўвае”.

Хацеў бы яшчэ дадаць, што новым – і вельмі зручным – сродкам фармаваньня бібліятэчных калекцыяў стаўся інтэрнэт. Сёньня на інтэрнэце можна замовіць вялікую колькасьць кнігаў ня толькі з Эўропы і Амэрыкі, але і зь Беларусі, Расеі, Польшчы, хаця цэны могуць адрозьнівацца, у параўнаньні зь Менскам, разоў у 10. На інтэрнэце цяпер даступныя і каталёгі многіх аўкцыёнаў і дылераў антыкварнай літаратуры. Нагадаем, што апошні раз біблію Скарыны Лёнданская беларуская бібліятэка купіла дзякуючы менавіта таму, што інфармацыя зьявілася ў аўкцыённым каталёгу Сотбіс на інтэрнэце.

(Сокалаў-Воюш: ) “Ці шмат чытачоў? Ці можам мы ацаніць попыт на беларускую кнігу ў Лёндане?”

(Пачкаеў: ) “Так. У бібліятэцы вельмі шмат наведнікаў. Тут ёсьць свая кніга наведваньняў і гэтая папулярнасьць досыць відавочная. Перад усім, гэта, канечне, навукоўцы – людзі, якія займаюцца славістыкай, ці цікавяцца Беларусяй, паводле сфэры сваіх заняткаў. У бібліятэку наведваюцца ня толькі брытанцы. Шмат людзей прыяжджае са Злучаных Штатаў, Канады, Нямеччыны й іншых краінаў”.

Мікола Пачкаеў між іншым паведаміў нам, што ў гэтым месяцы ў Лёндане, празь некалькі дзясяткаў гадоў пасьля беларускай, адчынілася першая ўкраінская бібліятэка.


* * *
Наступная мая суразмоўца – Францішка Сокалава – перакладчыца, супрацоўніца галоўнай і найбольшай бібліятэкі Чэхіі, якая называецца Клімэнтынум.

(Сокалаў-Воюш: ) “Спадарыня Францішка, адкуль бяруцца беларускія кнігі ў бібліятэцы, як папаўняюцца фонды?”

(Сокалава: ) “У нашай бібліятэцы існуе беларускі аддзел амаль ад пачатку (з 20-ых гадоў мінулага стагодзьдзя). У апошнія гады, як і раней, кнігі пападалі туды пераважна цераз Міжнародны кнігаабмен. Вялікія дзяржаўныя бібліятэкі маюць такія магчымасьці, калі няма грошай. Мы высылаем у Беларусь чэскія кнігі, а яны нам. Гэта, перад усім, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, бібліятэка Акадэміі Навук і Гістарычная бібліятэка ў Менску. З Польшчы, зь Беласточчыны нам рэгулярна пасылаюць. З Захаду, напрыклад, Зора Кіпель ахвяравала нам цэлы камплект працаў Беларускага інстытуту навукі і мастацтва, што выходзілі ў Мюнхене і ў Нью-Ёрку, а таксама іншыя заходнія выданьні”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А скажыце, беларускія пісьменьнікі вам прысылаюць кнігі?”

(Сокалава: ) “Бываюць такія выпадкі, але ня шмат”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Тады вернемся да кнігаабмену. Наколькі добрая сытуацыя тут?”

(Сокалава: ) “У апошнія гады горш, чым раней, таму што пошта вельмі дарагая і кнігі прысылаюцца праз вашае пасольства”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А наколькі наагул патрэбныя беларускія кнігі ў Празе? Як многа людзей прыходзяць іх чытаць?”

(Сокалава: ) “На жаль, ня шмат. У месяц 8-10 чытачоў. Прыблізна 20 кнігаў у месяц. Гэта студэнты, навуковыя работнікі, таксама ўкраінцы ходзяць, але мала чэхаў. Гэта, пераважна, людзі адукаваныя”.

Тым часам бібліятэка мае і немалыя праблемы. У фондах амаль няма беларускіх часопісаў апошняга дзесяцігодзьдзя, такіх як “Крыніца”, ці “Правінцыя”. Зусім няма падшыўкі “Нашай нівы”, апошніх выданьняў Васіля Быкава ці Рыгора Барадуліна. Часам папаўненьне фондаў залежыць ад энтузыязму супрацоўнікаў бібліятэкі. Так, сёлета не хапала апошняга тому “Беларускай энцыкляпэдыі”. Бібліятэка зьвярнулася да выдавецтва, і кнігу прыслалі. Спадарыня Францішка называе гэта рэдкім прыемным выпадкам. Між тым, малая колькасьць чытачоў якога заўгодна фонду прыводзіць да таго, што гэты фонд перавозяць у дыпазытарыюм. У Празе ён знаходзіцца на ўскрайку места. Гэткі лёс цяпер напаткаў і беларускі фонд Клімэнтынуму – бібліятэкі, залы якой памятаюць крокі Ларысы Гэніюш, Янкі Станкевіча, Тамаша Грыба, Сымона Рак-Міхайлоўскага, Ігната Дварчаніна, Уладзімера Жылкі і шмат іншых дзеячоў нашай Бацькаўшчыны.


* * *
Лявон Юрэвіч – кіраўнік аддзелу найбольшай Нью-Ёркскай бібліятэкі, што стаіць на скрыжаваньні 42-й стрыт і Пятай авэню. Лявон – рэдактар шматлікіх літаратурных выданьняў беларускай эміграцыі ў ЗША.

(Сокалаў-Воюш: ) “Лявон, скажыце калі ласка, якім чынам папаўняе свае калекцыі вашая бібліятэка?”

(Юрэвіч: ) “Нашая бібліятэка папаўняе сваю калекцыю з трох крыніцаў. Першае, гэта тое, што бярэ больш як 90% – гэта набыцьцё кнігаў непасрэдна ад гандлёвых фірмаў. Другая крыніца – гэта абмен, і трэцяя – гэта падарункі ад чытачоў, ад аўтараў кнігаў. Вось гэты аддзел, які займаецца дзьвюма апошнімі крыніцамі, я й узначальваю”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Што такое абмен? Як ён выглядае?”

(Юрэвіч: ) “Нашая бібліятэка мае больш як паўтары тысячы партнэраў ва ўсім сьвеце. Пераважна гэта краіны былога сацыялістычнага лягеру. Але гэта таксама і Нацыянальная бібліятэка Францыі і ўнівэрсытэты ў Японіі й музэі ў Бразыліі. Працуе гэтая сыстэма наступным чынам: наш партнэр дасылае нам ліст з абменнымі кнігамі, зь якіх мы выбіраем неабходныя для нас матэрыялы і дасылаем гэты сьпіс назад, і атрымліваем непасрэдна літаратуру. Кошты за гэтыя кнігі ідуць, натуральна, у далярах, і вядома, не за тыя грошы, за якія яны прадаюцца непасрэдна на месцах. На гэтую суму нашая бібліятэка замаўляе нашым партнэрам патрэбныя ім выданьні і высылае”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А як у гэтым кантэксьце выглядае супрацоўніцтва зь Беларусяй?”

(Юрэвіч: ) “Нацыянальная бібліятэка Беларусі зьяўляецца нашым партнэрам ужо некалькі дзесяцігодзьдзяў. Увесь гэты час супрацоўніцтва было вельмі плённым. Скажам, сёньня беларускі аддзел налічвае больш за сем тысячаў пазыцыяў, што пакрывае ўсе прадметы, усе тэмы, якія могуць зацікавіць чалавека, які вывучае Беларусь. Апошнім часам ёсьць у нас пэўныя праблемы, і гэта яшчэ раз даводзіць, што сёньняшняя ўлада – гэта ня толькі складанасьць для беларускай мовы, для нацыянальнай сьведамасьці, што гэта тая ўлада, зь якой вельмі цяжка мець нават просты бізнэс”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Ну, напрыклад?”

(Юрэвіч: ) “Напрыклад тыя кнігі, якія мы замаўляем у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, бібліятэка ня мае грошай нам іх даслаць. Кнігі, якія, напрыклад, я дасылаю на Беларусь, вельмі часта затрымліваюцца на мытні, і патрабуецца яшчэ нейкая папера, што адносіны паміж дзьвюма бібліятэкамі ня ёсьць бізнэсовыя, што гэта – культурніцкі абмен. Натуральна, пакуль кнігі ляжаць на мытні – налічваюцца грошы за... за месца, напэўна. І грошы не малыя. Складанасьць у тым, што нашая бібліятэка вельмі зацікаўленая ў паступовым і плянамерным разьвіцьці нашых фондаў. І тое, што адбываецца апошнія паўтара-два гады ў стасунках зь бібліятэкамі Беларусі, натуральна, дырэкцыю ня можа задавальняць”.

Сокалаў-Воюш: ) “Варта было б чакаць, што бібліятэка будзе шукаць у гэтым выпадку іншых шляхоў. Ці нешта падобнае адбываецца?”

(Юрэвіч: ) “І ўсё часьцей ідуць размовы пра тое, каб партнэра па абмену мы замянілі на бізнэсовага партнэра, напрыклад, нейкую гандлёвую фірму, якая ёсьць у Маскве. Калі дырэкцыя пойдзе на гэта – для нас яно будзе крышку даражэй, але ня будзе праблемаў з папаўненьнем беларускай калекцыі. Але гэта значыць, што ўсе грошы пойдуць не ў Беларусь, а ў Маскву, і гэта значыць, што Нацыянальная бібліятэка Беларусі, прынамсі, першы час, будзе мець вялікія праблемы з папаўненьнем сваёй калекцыі англамоўнай літаратуры. Напрыклад, у мінулым тыдні да мяне прыйшлі новыя замовы, і толькі адзін даведнік-энцыкляпэдыя “Амэрыкана” – гэта больш за тысячу даляраў. Можна ўявіць, хто больш пры гэтых зьменах згубіць”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Апрача гэтага Лявон Юрэвіч паведаміў нам, што па беларускія кнігі ў бібліятэку прыходзяць каля двух дзясяткаў чалавек на месяц. Нагадаю, што фондамі Нью-Ёркскай бібліятэкі карысталіся такія дзеячы эміграцыі, як Юрка Віцьбіч, Вітаўт Тумаш, Янка і Станіслаў Станкевічы. Сёньня ў ейных залах можна сустрэць прафэсара Томаша Бэрда, Зору і Вітаўта Кіпеляў ці Зянона Пазьняка”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG