Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магчымасьці беларускага кніжнага бізнэсу за мяжой, альбо што чытае эміграцыя


Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Варшава. Вуліца Гагарына 8. Цэнтар славянскай культуры. Тут заўсёды можна пазнаёміцца зь беларускімі кнігамі, выдадзенымі як у Беларусі, так і ў іншых краінах сьвету. Беларускі кнігазбор Цэнтру – каля 1000 найменьняў. Тут жа ёсьць і кнігарня. У цэнтры працуюць пяць чалавек. Дырэктар Цэнтру Янка Заброцкі, які нарадзіўся 60 гадоў таму на Беласточчыне, але ўсё жыцьцё пражыў у Варшаве. 30 гадоў працаваў у польскай Акадэміі Навук. Узначальваў аддзел кніжнай рэклямы. Ладзіў выставы польскай навуковай кнігі за мяжой, а таксама замежных кнігаў у Польшчы. Арганізоўваў выданьні беларускіх навуковых кніжак. Пра кнігарню на Гагарына гаворыць Янка Заблоцкі:

(Заброцкі: ) “Кнігарня ўзьнікла дзевяць гадоў таму... Як у нас насталі ў Польшчы перамены, з кніжных магазінаў прапалі кніжкі беларускія, украінскія, чэскія, славацкія. Гэта самая важная прычына, зь якой я адкрыў гэты Славянскі цэнтар. Думаю, што гэта ў Польшчы адно месца, дзе сабраныя разам беларускія газэты і кніжкі”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Ці мае кнігарня сталых пакупнікоў на беларускія кніжкі?”

(Заброцкі: ) “Найбольш кніжак на беларускай мове купляюць у Польшчы беларусы з цэнтральнай і заходняй частак краіны”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Ці прыбытковая беларуская кніжка?”

(Заброцкі: ) “Яна ня ёсьць прыбытковая, але ўсё ж ужо жыць можна”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А якія выданьні ёсьць у продажы і што купляюць найбольш?”

(Заброцкі: ) “Найлепш прадаюцца кнігі для навучаньня беларускай мове, літаратуры, гісторыі, мастацтву. У нас можна замовіць “Новую зямлю” Якуба Коласа на трох мовах. Па-польску (пераклад Чэслава Сэнюха)”.

(Сокалаў-Воюш: ) “І колькі каштуе гэты пераклад?”

(Заброцкі: ) “У польшчы 70 злотых”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А іншыя кніжкі? Якія цэны ў кнігарні?”

(Заброцкі: ) “Кнігі, якія выходзяць на Беларусі – 20-25 злотых”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А кніжкі, якія выдаюцца, прыкладам, у ЗША?”

(Заброцкі: ) “Гэта даражэйшыя кніжкі, бо пошта вельмі ж дарагая”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Спадар Янка Заброцкі штогод выдае каталёг навінак беларускіх кніжак, які рассылаецца ў бібліятэкі і навукоўцам. Найбольш у Польшчы і Заходняй Эўропе, але кожны, хто зьвернецца, можа таксама яго атрымаць. Спадар Янка, ці ёсьць дэфіцыт на Беларускія кніжкі?”

(Заброцкі: ) “Ой, так. Таму што ў Беларусі многа кніжак выходзяць малым накладам. Цяпер там выходзіць вельмі добрая сэрыя “Беларускі кнігазбор”. Выдалі там кніжку Арсеньневай. О! Вельмі добра прадаецца кніжка!”

(Сокалаў-Воюш: ) “У мэтах прапаганды беларускай літаратуры Цэнтар ладзіць шматлікія аўтарскія вечарыны. Сёлета чытачоў яшчэ чакаюць спатканьні з прафэсарам Яўгенам Мірановічам і ягонай новай кніжкай-падручнікам “Гісторыя Беларусі” па-польску. Далей будзе спатканьне з Генадзем Сагановічам, які выдаў кніжку “Нарысы па гісторыі Беларусі”, а таксама з паэтам Віктарам Швэдам і гісторыкам Юркам Туронкам. Наступны 2003 год у Цэнтры пачнецца зь вечарыны “Беларускія пісьменьнікі Варшавы”. Але працягнем гаворку з Янкам Заброцкім. Спадар Янка, колькі людзей прыходзіць на такія спатканьні?”

(Заброцкі: ) “Прыходзіць так 60-80 асобаў, бо зацікаўленьне Беларусяй вялікае”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Вось 70-80 чалавек прыходзіць на такія спатканьні. Ці бывае такое, што вы прадаеце якую-небудзь кніжку больш чым 70-80 асобнікаў?”

(Заброцкі: ) “Ну, гэтага яшчэ ў мяне не здарылася. Апроч падручнікаў. “Арфаграфічны слоўнік беларускай мовы”, “Тлумачальны слоўнік”, ці “Беларуская мова” – гэта ж мусяць мець усе студэнты. А студэнты ў нас цяпер бедныя. Яны прыходзяць і ў нас тут на месцы чытаюць. Во і цяпер ёсьць студэнтка з Гайнаўкі.

Студэнтка з Гайнаўкі – гэта Паўліна Байко, якая вучыцца на эканоміка-геаграфічным факультэце ў Варшаве і займаецца справамі Беларускага Аб’яднаньня Студэнтаў.

Паўліна, вы прыйшлі ў гэты цэнтар, бо там ёсьць нейкая патрэбная літаратура?”

(Байко: ) “Я прыйшла, бо мы арганізуем канфэрэнцыю “Эўропа меншасьцям, меншасьці Эўропе”. І я прыйшла ў пошуках якіх-небудзь асобаў, якія маглі б узяць удзел у такой канфэрэнцыі. Але я бачу, што тут вельмі многа цікавых кніжак. Я тут ужо гадзіну і прыходзяць людзі і купляюць тыя кніжкі. Я зьдзіўленая тым, што так многа людзей прыходзіць. Гэта 12-ая гадзіна дня і так многа. Ёсьць людзі, якія цікавяцца беларускай культурай”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Яшчэ адзін наведнік беларускай кнігарні – паляк, выкладчык варшаўскага эканамічнага інстытуту, прафэсар Рыхард Адамовіч родам з Карэлічаў. З 1958 году жыве ў Польшчы. Спадар Рыхард, вы прыходзіце ў Цэнтар славянскіх культураў, ці вы бярэце чытаць беларускія кніжкі?”

(Адамовіч: ) “Чытаю, бо я скончыў беларускую філялёгію. І так для сябе чытаю. Я вучыўся разам з Рыгорам Барадуліным. Адсюль мае сантымэнты”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А вы якую літаратуру пераважна чытаеце?”

(Адамовіч: ) “Паэзію крыху, а больш прозу”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Ігар Іваноў – студэнт. Ён мянчук, які ў Вялікай Брытаніі вывучае тэалёгію і ад гэтага году зьяўляецца практыкантам бібліятэкі імя Скарыны, якая, нагадаю, знакамітая тым, што зьяўляецца найбольшым беларускім кнігазборам у замежжы, прынамсі, калі казаць пра рарытэты. А вось ці ёсьць сярод карыстальнікаў бібліятэкай беларусы?”

(Іваноў: ) “Фонды бібліятэкі выклікаюць вялікую ўвагу сярод дасбледчыкаў на захадзе. Калі ж казаць пра беларусаў, прыкладна палова ўсіх наведнікаў будуць беларусы. Вельмі часта гэтыя людзі прыяжджаюць з Францыі, ЗША. Зь лёнданскіх беларусаў шмат хто заходзіць у бібліятэку, перадусім каб паглядзець газэты, часопісы, шмат радзей – кнігі”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Вядома, што ў працэсе збору літаратуры у бібліятэках почасту зьбіраюцца лішнія падвойныя, патройныя і так далей асобнікі. Ці вашая бібліятэка прадае іх?”

(Іваноў: ) “Вельмі часта ў Скарынаўскай бібліятэцы ёсьць два-тры асобнікі тых самых кніжак. Найчасьцей мы іх у такой колькасьці не патрабуем. Зусім нядаўна мы вырашылі прапанаваць гэтыя кнігі людзям. Спачатку спрабавалі прадаваць іх у сябе ў бібліятэцы па вельмі невысокім кошце. Часам іх куплялі. Цяпер спрабуем выкарыстаць для гэтага Інтэрнэт (www.skaryna.clara.net.). Рэч у тым, што на захадзе практычна няма кампаніяў, якія маглі б прапанаваць беларускія выданьні. А калі такія ёсьць, то кошты ў іх неверагодна высокія. Мы ж можам прапанаваць гэтыя кніжкі па сымбалічным кошце, што мы і робім”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Як гэта выглядае на прыкладзе?”

(Іваноў: ) “Скажам, “Беларуска-расейская інтэграцыя” – зборнік артыкулаў. Мы прапануем купіць за 3-4 фунты (улучна з перасылкай). Гэта цалкам сымбалічны кошт для Захаду”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Тыя беларусы, што прыходзяць у вашую бібліятэку, што больш любяць чытаць: прозу, паэзію, публіцыстыку?”

(Іваноў: ) “Я сказаў бы, што паэзіяй шмат хто цікавіцца. Асабліва моладзь. Людзі старэйшага веку хутчэй возьмуць у рукі публіцыстыку, асабліва калі гэта кнігі якіх-небудзь знакамітых аўтараў, знакамітых людзей, скажам, Зянон Пазьняк можа прыцягнуць увагу. Ілюстраваныя выданьні, фотаальбомы – гэта заўсёды момант, каб прыгадаць сваё дзяцінства на Беларусі”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Беларуская эміграцыя ў Вялікай Брытаніі невялікая, і таму, калі б нехта надумаўся адчыніць там кніжны бізнэс ён напэўна прагарэў бы?”

(Іваноў: ) “У кожным разе гэты кніжны бізнэс мусіў бы арыентавацца на замежнікаў, на саміх брытанцаў. Скажам, на супрацоўнікаў унівэрсытэтаў, альбо тых, хто працуе на сродкі масавай інфармацыі”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Калі 10 гадоў таму я ўпершыню прыехаў у ЗША, там на ўсіх беларускіх імпрэзах ладзіліся кнігарні. Прадаваліся кніжкі выданьня Беларускага інстытуту навукі і мастацтва, а таксама тое, што пачало ў вялікай колькасьці прывозіцца з Бацькаўшчыны.

Цяпер, калі я затэлефанаваў былым сваім знаёмым гандлярам беларускай кнігай, высьветлілася, што гэты гатунак дзейнасьці моцна пайшоў на спад. Адзін зь іх нават панаракаў на “Беларускую палічку” – Інтэрнэт-старонку, якая ўжо сёньня задавальняе некаторых чытачоў.

І ўсё ж, кнігі купляюць. Найчасьцей, каб у часе аўтарскіх вечарынаў атрымаць аўтограф. Але ёсьць адно выданьне, якое можа быць вымяральнікам любові да беларускага друкаванага слова нават у Злучаных Штатах. Гэта – новае выданьне “Бібліі” ў перакладзе Васіля Сёмухі. З намі на сувязі дачка перакладчыка, якая жыве ў штаце Вірджынія, Алеся Сёмуха.

Алеся, калі і колькі асобнікаў “Бібліі” было прывезена ў ЗША і колькі ўжо распаўсюджана?”

Алеся, калі і колькі асобнікаў “Бібліі” было прывезена ў Злучаныя Штаты і колькі ўжо распаўсюджана?”

(Сёмуха: ) “Прывезена было недзе з 500 асобнікаў у жніўні, ці ў канцы ліпеня. Да гэтага часу мы распаўсюдзілі недзе з 200”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Хто купляе гэтае дарагое паводле кошту выданьне і ці залежыць гэта ад канфэсійнай прыналежнасьці пакупніка?”

(Сёмуха: ) “Купляюць праваслаўныя і каталікі. Вельмі шмат пратэстантаў, якія, дарэчы, замовілі, вялікія партыі “Бібліі”. Якраз пратэстанты і ёсьць найбольш актыўнымі пакупнікамі. Што да ўзросту – людзі вельмі рознага веку – ад старэйшых эмігрантаў да зусім маладых, якія прыехалі ў Злучаныя Штаты 5-10 гадоў таму”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Алеся, а што вы самі чытаеце?”

(Сёмуха: ) “Чытаю беларускую літаратуру, чытаю амэрыканскую літаратуру, чытаю прафэсійную літаратуру. Што да беларускай літаратуры, то апошняя кніга, якую я чытаю, гэта “Дванаццатка” Янкі Запрудніка. А наагул, беларускую літаратуру атрымліваю пераважна зь беларускай палічкі. З амэрыканскай літаратуры? Зараз вельмі папулярная тэма ісляму, і я набыла кніжку, якая якраз ідзе ў гісторыю ісляму”.

(Сокалаў-Воюш: ) “У 1517 годзе у Празе доктар Францішак Скарына выдаў першую беларускую друкаваную кніжку – “Біблію”. Цяжка сказаць, ці былі ў той час на яе пакупнікі й чытальнікі ў самой Чэхіі, але гледзячы на тое, што чэскія бібліятэкі маюць выданьні Скарыны, можна дапусьціць, што былі. І ўсё ж пераважную бальшыню сваіх кніжак Скарына павёз на Бацькаўшчыну. Прайшло 500 гадоў, і ўжо кніга зь Беларусі пачала сваю дарогу ў шырокі сьвет, а нанова перакладзеная “Біблія” становіцца паказчыкам патрэбы і папулярнасьці Беларускага друкаванага слова па-за межамі краіны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG