Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адукацыя ў замежжы: беларусы ў Нямеччыне


Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Удзельнікі: Алена Шкуматава (Гайдэльбэрг), Уладзімер Антоненка (Мюнхен).

Сёньня нашыя госьці – Алена Шкуматава і Ўладзімер Антоненка, біёлягі, прадстаўнікі той прафэсіі, зь якой зараз даволі складана знайсьці працу ў Беларусі. Выйсьцем можа быць працяг адукацыі ў замежжы, што значна пашырыць магчымасьці забясьпечыць сваю будучыню.

Алена Шкуматава некалькі гадоў таму ўжо была ўдзельніцай адной з перадачаў нашага радыё сэрыі “Гаўдэамус”. У той час яна вучылася ў Вене, ва ўнівэрсытэце, куды паступіла самастойна.

(Шкуматава: ) “Гэта было дастаткова проста, праз прыватныя каналы, не было ніякай праграмы ці праграмы па абмену студэнтамі. Тады навучаньне ў Аўстрыі было бясплатным. Яно застаецца для беларусаў да гэтага часу бясплатным. Ёсьць толькі маленькі падатак, недзе 15-20 даляраў у сэмэстр. Але іншыя студэнты плацяць каля 300-400 даляраў у сэмэстр. Ёсьць нейкія інтэрнацыянальныя дамовы, я ня ведаю, чаму так сталася, бо расейцы, украінцы плацяць за адукацыю зараз. Аўстрыйцы ўвялі аплату год таму, з 01.09.2001 плацяць усе, нават аўстрыйцы, акрамя беларусаў і яшчэ некалькіх краінаў, якія таксама ня плацяць”.

Цяпер Алена Шкуматава жыве ў Гайдэльбэргу.

(Шкуматава: ) “Я скончыла ўнівэрсытэт у Вене па спэцыяльнасьці біялёгія. Мяне цікавіла навуковая кар’ера, і я падала свае дакумэнты ў розныя праграмы, каб рабіць доктарскую працу. Такім чынам я патрапіла ў Нямеччыну. Была запрошаная на інтэрвію, прайшла адбор пасьля іспытаў і інтэрвію, і яны мяне ўзялі. Гэта Эўрапейская лябараторыя малекулярнай біялёгіі. Гэта была інтэрнацыянальная праграма ў галіне малекулярнай біялёгіі”.

Выглядае, што ўсё атрымалася лёгка?

(Шкуматава: ) “Адзіны складаны момант быў у тым, што гэтая арганізацыя фінансуеца Эўрапейскім зьвязам, і гранты атрымліваюць толькі тыя людзі, якія зьяўляюцца выхадцамі з краінаў Эўразьвязу. Для людзей з Усходняй Эўропы ёсьць адмысловыя гранты, але Беларусь не ўваходзіць нават туды, таму што не зьяўляецца сябрам Эўрапейскай Рады, я так думаю. Але мне зрабілі выключэньне, што даказвае толькі, што трэба спрабаваць і не баяцца”.

Такім чынам, сп. Алена стала ці ня першай беларускай , якая трапіла ў гэтую навуковую ўстанову.

(Шкуматава: ) “У іх вядзецца арганізаваная статыстыка, калі прыяжджаеш працаваць, трэба заносіцца ў сьпіс. Яны вядуць сьпісы краінаў, зь якіх прыехалі людзі працаваць. Арганізацыя вельмі інтэрнацыянальная, тут працуюць людзі з усяго сьвету, пераважна з Заходняй Эўропы. Наколькі я ведаю, мяне занесьлі як першую ў сьпісы зь Беларусі”.

Сп. Алена распавяла нам пра ўмовы сваёй працы.

(Шкуматава: ) “У мяне кантракт на 3,5 – 4 гады. Доктарская праца – гэта штосьці паміж навучаньнем і працай. З аднаго боку – я працую, зь іншага – яшчэ ўсё студэнцкая стыпэндыя. Дазволу на працу ў мяне няма, гэта яшчэ працяг адукацыі.

Гэта вельмі добрая стыпэндыя, арганізацыя гэтая інтэрнацыянальная і вызваленая ад усіх падаткаў. Мы ня плацім падаткаў і атрымліваецца так, што мы найлепш аплачваныя дактаранты ў Эўропе”.

Алена спэцыялізуецца на праблемах малекулярнай біялёгіі, зьвязаных з фармаваньнем такога важнага чалавечага органа, як вочы.

(Шкуматава: ) “Мы спрабуем зразумець, як з клетак, якія абсалютна не дыфэрэнцаваныя, якія не маюць свайго характару, узьнікае такі комплексны орган, як вока.

У нас больш разьвітая клясычная генэтыка, а на Захадзе больш зараз папулярная малекулярная біялёгія, на малекулярным узроўні зразумець працэс.

Я павінна напісаць сваю доктарскую працу на ангельскай мове”.

Алена сказала, што яна працуе ў шматнацыянальнай установе. Мы запыталіся, як успрымаецца там ейная беларускасьць, што ведаюць яе калегі пра Беларусь?

(Шкуматава: ) “Калі на самым пачатку мне патрэбна было вырашыць нейкія арганізацыйныя пытаньні, паўсюль патрэбна было казаць, адкуль я прыехала, і ўсе вельмі здзіўляліся і перапытвалі, ці сапраўды існуе такая краіна. Гэта мяне вельмі засмучала. Гэта ўсё залежыць ад таго, што вядзецца такая палітыка нашай дзяржавай, што пра яе проста ня ведаюць у сьвеце”.

На завяршэньне размовы Алена адказала і на нашае традыцыйнае пытаньне пра тое, што яна зьбіраецца рабіць далей, ці вернецца дадому?

(Шкуматава: ) “Праўду кажучы, я ня ведаю. Будзе вельмі моцна залежаць ад сытуацыі, якая будзе ў нас дома. Пакуль што я ня бачу пэрспэктываў працаваць мне дома па маёй спэцыяльнасьці. Іх проста няма”.

Уладзімер Антоненка з Гомелю вучыўся на біялягічным факультэце Ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны, аднак з 4 курса перавёўся ў Філію Маскоўскага дзяржунівэрсытэту, што знаходзіцца ў Пушчына пад Масквою. Хлопца зацікавіла праграма, якую даслала гэтая філія ў іхны ўнівэрсытэт.

(Антоненка: ) “Я вырашыў працягнуць сваю адукацыю на больш высокім узроўні. Пушчына – гэта, як нехта сказаў, Мэкка малекулярных біёлягаў з былога СССР.

Я, калі яшчэ быў студэнтам у Гомелі, амаль зь першага курсу працаваў у лябараторыі папуляцыйнай генэтыкі ў вядомым Інстытуце лесу. Дарэчы, гэта адна з наймацнейшых лябараторыяў у Беларусі па малекулярнай генэтыцы і папуляцыйнай генэтыцы”.

Пасьля заканчэньня вучобы Ўладзімер мог застацца працаваць ў адной з дасьледчых установаў, якія існуюць у гэтым буйным расейскім навуковым цэнтры. Але, на прыклад іншых выпускнікоў, большасьць з якіх выяжджаюць у замежжа на працу ці працягваць адукацыю, хлопец таксама вырашыў знайсьці такую магчымасьць.

(Антоненка: ) “Я знайшоў у Мюнхене, на базе Мюнхенскага ўнівэрсытэту Людвіга Максыміліяна Інстытут гігіены і мікрабіялёгіі. Я працую ў лябараторыі малекулярнай мікрабіялёгіі”.

Адначасна Ўладзімер вучыцца ў асьпірантуры, і гэтая праца ёсьць працягам навучаньня, за якое яму ў такім выпадку ня трэба плаціць.

(Антоненка: ) “Гэта бясплатна, я працую ў лябаротырыі, і тыя грошы, якія я б зарабіў, калі б ня быў у асьпірантуры, яны ідуць на маю адукацыю”.

Мы пацікавіліся, як Уладзімера задавальняе ўзровень адукацыі, які ён там атрымлівае?

(Антоненка: ) “Увогуле, узровень адукацыі ў Нямеччыне крыху іншы, чым у былым СССР. Ён мае нейкія плюсы, але ж і мінусаў таксама шмат. Адукацыя тут вельмі звужаная, больш спэцыялізаваная. Гэта ў пэўным сэнсе добра, ты ведаеш больш у сваім напрамку, але гэта непажадана ў тым сэнсе, што губляеш шмат чаго іншага, што магло б дапамагчы ў працы”.

Наконт плянаў на будучыню Ўладзімер выказаўся наступным чынам.

(Антоненка: ) “Я так мяркую, што я буду працягваць сваю адукацыю. Мне тут падабаецца свабода працы, я адчуваю сябе больш вольным у думках і ў дзеяньнях. Я выбіраю напрамак дасьледаваньняў сам”.

Сп. Уладзімер сказаў, што ў Беларусі спэцыялістаў у галіне малекулярнай біялёгіі і генэтыкі вельмі мала. Ці ўсё ж зьбіраецца ён вяртацца дадому?

(Антоненка: ) “Цікаўлюся, што ж на Радзіме? Часта цяжка чытаць гэтыя навіны, але што зробіш? Вярнуся, бо на Бацькаўшчыне заўсёды лепш, яна цягне”.


Іншыя перадачы цыклю “Адукацыя ў замежжы”:

(перадача 1)
(перадача 2)
(перадача 4)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG