Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адукацыя ў замежжы: беларусы з Шэфілду


Ганна Сурмач, Прага

Удзельнікі: Руновіч Алесь, Труль Міхась, Труль Людміла

Актыўная ў грамадзкім і палітычным жыцьці сёньняшняя беларуская моладзь ня менш упарта цягнецца да адукацыі. Выпускнікі сярэдніх школаў штогод запаўняюць студэнцкія аўдыторыі ў ВНУ Беларусі. Шмат хто зь іх пасьля атрыманьня жаданага дыплёма імкнецца працягваць навучаньне ў замежжы, каб набыць адукацыю больш высокага ўзроўню і, галоўнае, вопыт жыцьця ў шырокім сьвеце, які спатрэбіцца ім у будучыні.

Звычайна маладыя людзі самі знаходзяць шляхі і магчымасьці здабыць адукацыю за мяжою. Іх практычны досьвед можа быць прыдатным для тых, хто яшчэ толькі плянуе сваё далейшае жыцьцё.

Сёньня мы пазнаёмім вас зь беларусамі, якія вучацца ў Цэнтральнай Ангельшчыне, у г Шэфілдзе. Там існуюць два ўнівэрсытэты: старэйшы – Шэфілдзкі ўнівэрсытэт, а другі – Галэм-унівэрсытэт, які стаў унівэрсытэтам недзе 10 гадоў таму, гэта прыкладна як у Беларусі – Палітэхнічная акадэмія.

Алесь Руновіч скончыў у 1998 годзе Бабруйскую філію Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту. Некаторы час працаваў на Бабруйскім шынным камбінаце, а потым трапіў на працу ў Маскву, у філію Інвэстыцыйнага фонду ЗША-Расея. Адтуль ужо выехаў у Ангельшчыну на вучобу, але магчымасьць гэтую стварыў сабе яшчэ ў Беларусі.

(Руновіч: ) “Я заўсёды жадаў вывучаць эканоміку, банкаўскую справу, і таму я прыняў удзел у конкурсе, які праводзіла Брытанская Рада ў Менску, выйграў стыпэндыю. Брытанская Рада мне дала гэтую стыпэндыю, і зараз я вывучаю банкаўскую справу і фінансы ў Шэфілдзкім Галэм-унівэрсытэце зь мінулага верасьня. Гэта гадавая праграма.

Мне даюць магчымасьць вучыцца, і гэта вельмі цудоўна. Мяне забясьпечваюць, аплочваюць усе мае выдаткі, стыпэндыю даюць даволі вялікую, за навучаньне таксама аплочваюць. Амаль кожны тыдзень прыязджае прадстаўнік Брытанскай Рады ў Шэфілд і сустракаецца з тымі студэнтамі, якім пашанцавала выйграць гэтую стыпэндыю, усе пытаньні вырашаюцца”.

Ці ёсьць там яшчэ хто зь беларускіх стыпэндыятаў Брытанскай Рады?

(Руновіч: ) “На жаль, я адзін зь Беларусі, хто вучыцца ў Вялікабрытаніі на гэтую стыпэндыю. Мне казалі, што былі яшчэ некалькі чалавек, але ня вучацца, ня ведаю, зь якіх прычынаў”.

Алесь Руновіч адказаў на нашае пытаньне аб тым, ці падабаецца яму ангельская сыстэма навучаньня.

(Руновіч: ) “Гэта зусім іншы ўзровень, іншы стыль, па-іншаму выкладаюць лекцыі. У нас група 13 чалавек, і кожнаму надаюць індывідуальна ўвагу. Можна спрачацца зь лектарам, калі здолееце абгрунтаваць свой пункт гледжаньня. Вучаць крытычна ацэньваць сусьветныя падзеі, сусьветную эканоміку і фінансы.

Я лічу, што гэта будзе вельмі плённы ўклад у маю далейшую прафэсійную кар’еру, і гэта мне дапаможа потым удзельнічаць у рэформах на Радзіме”.

Алесь верыць у лепшую будучыню сваёй краіны і перакананы, што ягоныя веды спатрэбяцца на Бацькаўшчыне.

(Руновіч: ) “Безумоўна, я лічу, што Беларусь увойдзе ў Эўрапейскі Зьвяз, гэта толькі пытаньне часу, і ў нас будзе цывілізаваная краіна. Я паспрабую прыняць удзел у гэтых рэформах. Але зараз сытуацыя палітычная вельмі цяжкая, таму для мяне зараз ёсьць сэнс набыць за некалькі гадоў досьведу ў Эўропе, дакладней, у Вялікабрытаніі. Лёндан – гэта эўрапейская фінансавая сталіца. І пасьля гэтага трэба будзе замацаваць гэтыя веды. Усё ж такі заходняя адукацыя адрозьніваецца ад той адукацыі, якую я атрымаў на Радзіме, і мне вельмі важна замацаваць набытыя веды вопытам.

Пасьля гэтага, канечне, я лічу, што трэба вяртацца на Радзіму і мяняць там эканамічную сытуацыю, але найперш, мяняць палітычную сытуацыю, мяняць гэты рэжым на больш сьветлы”.

Алесь падзяліўся з намі і сваім успрыняцьцем асаблівасьцяў грамадзкага жыцьця ў Вялікабрытаніі.

(Руновіч: ) “На мой погляд, вельмі важна тое, што гэтая краіна мае амаль поўную інфармацыйную празрыстасьць. Напрыклад, я глядзеў нядаўна на тэлевізіі дэбаты ў парлямэнце – усе гэтыя гарачыя спрэчкі, нападкі на прэм’ер-міністра Тоні Блэйра, як яны абмяркоўваюць усе цяжкія пытаньні, яны не хаваюцца ад гэтага, яны гэта свабодна абмяркоўваюць на тэлебачаньні, усе пытаньні ў галіне эканомікі, палітыкі, мэдыцыны, адукацыі і г.д. Я лічу, што такі вопыт можна на нашу беларускую зямлю перанесьці, бо гэта спрыяе разьвіцьцю грамадзтва па ўсіх накірунках”.

Наступны наш суразмоўца, мянчук Міхась Труль, вучыцца ў тым Шэфілдзкім унівэрсытэце, які мае больш даўнюю гісторыю. Ён – фізык паводле адукацыі, скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, 3 гады працаваў у Інстытуце надзейнасьці машын Акадэміі навук Беларусі. Праз аднаго з навукоўцаў пазнаёміўся з прафэсарам Шэфілдзкага ўнівэрсытэту, той запрасіў яго на стажыроўку на год і выказаў згоду быць ягоным навуковым кіраўніком.

Стажыроўка працягнулася 2 гады , а пасьля яе заканчэньня малады навуковец паступіў вучыцца ў асьпірантуру. Зараз ён рыхтуецца да абароны дысэртацыі на навуковую ступень доктара філязофіі, якую атрымліваюць прадстаўнікі дакладных навук.

(Труль: ) “Трэба надрукаваць дысэртацыю, прыкладна 200 старонак, на ангельскай мове і абараніць яе перад двума экзамэнатарамі – адзін з нашага ўнівэрсытэту, а другі – зь любога іншага ўнівэрсытэту”.

Мы запыталі ў сп. Міхася, наколькі дапамагаюць яму пераадолець гэтае выпрабаваньне атрыманыя ў Беларусі веды, як ён ацэньвае тамтэйшы і беларускі ўзровень адукацыі.

(Труль: ) “Шэфілдзкі ўнівэрсытэт заўсёды ўваходзіў у першую дзясятку ўнівэрсытэтаў Ангельшчыны. Я б не гаварыў, што наш узровень ніжэйшы за іхны, яны вучацца 4 гады на мастэр-кляс, у нашым унівэрсытэце мы навучаемся 5 гадоў. У нашым унівэрсытэце адукацыя была на высокім узроўні”.

Нашаму першаму суразмоўцу Алесю Руновічу дапамагае аплочваць адукацыю Брытанская Рада, а як удалося сп. Трулю вырашыць пытаньне з аплатаю за навучаньне?

(Труль: ) “Гэтая адукацыя не бясплатная. Я атрымаў стыпэндыю таму, што я знайшоў навуковага кіраўніка ў гэтым унівэрсытэце. Са сваёй стыпэндыі я аплочваю адукацыю, адзін год адукацыі каштуе каля 9 тыс. фунтаў. Шэфілд і нават увесь Ёркшыр – гэта самае недарагое месца ў Ангельшчыне. Таму можна жыць тут, маючы толькі стыпэндыю. Мы здымаем унівэрсытэцкае жытло, яно таньнейшае”.

Алесь Труль прыехаў у Шэфілд разам зь сям’ёю – жонкай Людмілай і двума малымі дзецьмі. Уся гэтая сям’я якраз і жыве за кошт асьпіранцкай стыпэндыі гаспадара. Так што яму даводзіцца думаць ня толькі пра навуку, але і пра забесьпячэньне і выхаваньне дзяцей. Жонка паводле адукацыі інжынэр-будаўнік і працаваць па спэцыяльнасьці ня мае магчымасьці. Але сп. Людміла ўсё ж знайшла сабе занятак.

(Людміла Труль: ) “Я пішу нейкія артыкулы невялікія на ангельскай мове. Калі іх друкуюць, мне плацяць ганарар. Гэта ўнівэрсытэцкая газэта, туды можа пісаць кожны. У мяне ёсьць задума напісаць пра Беларусь, бо тут мала хто ведае пра нашу краіну, нават і вельмі адукаваныя людзі”.

Сп. Людміла кажа пра тое, што жанчыны з малымі дзецьмі ўвогуле маюць праблемы з працаю.

(Людміла Труль: ) “Калі сям’я мае дзетак, асабліва двое і больш, то жанчыне вельмі цяжка працаваць. Дзіцячы садок працуе з 9 раніцы да 3 гадзін дня, а калі жанчына мае працу, то гэта да 5 вечара. Дзяцей тут не адпускаюць са школы, як у нас. Дзяцей да 10 гадоў ніколі не адпусьцяць адных дадому”.

Дзеці спадарства Труляў ходзяць у бясплатную школу. Сп. Людміла напачатку была зьдзіўленая адрознай ад беларускай сыстэмай навучаньня.

(Людміла Труль: ) “Тут усіх дзяцей дзеляць – хто лепш вучыцца, хто горш, хто яшчэ горш, а хто зусім нічога ня можа. Іх садзяць за розныя столікі, напрыклад, нашая дачка сядзіць за самым “моцным” столікам, там сядзіць 5 чалавек. Ім даюць розныя заданьні”.

Мы пацікавіліся ў сп. Людмілы, ці не адчуваюць яны як чужынцы цяжкасьцяў у кантактах зь людзьмі, як ставяцца да іх у грамадзтве?”

(Людміла Труль: ) “Ведаеце, добра. Я была задаволеная і вельмі зьдзіўленая, вельмі добра ставяцца, вельмі добра. Я не магу ўспомніць ніводнага разу, калі б хто-небудзь з намі неяк нядобра нават пагаварыў”.

Можа, таму гэтая сям’ я пакуль плянуе застацца працаваць у Ангельшчыне

(Труль: ) “Далей трэба шукаць кантракт на працу. Звычайна гэта на тэрмін ад 1 да 3 гадоў. Гэта можа быць кантракт на вырашэньне нейкай навуковай задачы. Гэта праца рэклямуецца ў Інтэрнэце, ва ўнівэрсытэцкай газэце”.

Праца на чужыне – гэта таксама каштоўны вопыт, які можа спатрэбіцца на Радзіме, калі будзе магчымасьць туды вярнуцца, бо яны ўсё ж застаюцца грамадзянамі Беларусі.

Працяг тэмы пра адукацыю ў замежжы – у наступным выпуску перадачы. Нашымі гасьцямі будуць беларусы з Францыі і Польшчы.


Іншыя перадачы цыклю “Адукацыя ў замежжы”:

(перадача 2)
(перадача 3)
(перадача 4)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG