Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя беларуска-швэдзкіх стасункаў


Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Навуковец Андрэй Катлярчук са Стакгольму распавядае пра Швэцыю і гісторыю беларуска-швэдзкіх стасункаў.

Беларус з Расеі, гісторык Андрэй Катлярчук добра вядомы навуковай грамадзкасьці ў Беларусі. Андрэй працаваў як дасьледчык у галіне беларуска-расейскіх стасункаў. Вучыўся ў асьпірантуры пры Кунст-камэры ў Санкт-Пецярбургу.

У апошнія гады ён зьмяніў спэцыялізацыю і стаў дасьледаваць малавядомыя старонкі беларускай гісторыі, дзе, фактычна, зьяўляецца першаадкрывальнікам.

Зараз Андрэй Катлярчук жыве і працуе ў Стакгольме. Наша першае пытаньне да Андрэя было пра тое, чым ён займаецца ў Швэцыі, якая ўспрымаецца сучаснымі беларусамі як далёкая паўночная краіна.

(Катлярчук: ) “Пачыналася гэтая справа недзе ў 1998 годзе. Кунст-камэра рыхтавала канфэрэнцыю “Скандынаўскія чытаньні”, і я прапанаваў матэрыял па тэме “Швэды ў гісторыі і паданьнях беларусаў”. Я пабачыў, што ніхто гэтым не займаецца. Гэтую ініцыятыву падтрымаў мой навуковы кіраўнік, былы дырэктар Кунст-камэры прафэсар Аляксандар Мыльнікаў, вядомы ў сьвеце славіст. Ён меў добрыя кантакты ў швэдзкім навуковым асяродку, зьвязаўся з універсытэтам Упсалы. Я падаў на грант, каб напісаць дасьледаваньне, манаграфію на гэту тэму, атрымаў гадавы грант у 2000 годзе. Гэты грант быў выдадзены на напісаньне кнігі, яна ўжо падрыхтаваная да друку”.

У сваёй кнізе Андрэй падае сабраныя ім матэрыялы па гісторыі беларуска-швэдзкіх стасункаў, але гэта толькі пачатак ягоных дасьледаваньняў. Цяпер ён знайшоў сталую працу і можа працаваць далей у абраным накірунку.

(Катлярчук: ) “Я працую ва Ўнівэрсытэце Паўднёвага Стакгольму, гэта новы Стакгольмскі ўнівэрсытэт, які паўстаў 4 гады таму і мае мэту зрабіцца навуковым цэнтрам балтыйскіх дасьледаваньняў, які будзе злучаць усіх навукоўцаў і студэнтаў з розных балтыйскіх краінаў.

Працую як дасьледчык, у мяне новы праект “Вялікае Княства Літоўскае і Швэцыя ў сярэдзіне 17 стагодзьдзя”. Я маю намер абараніць тут доктарскую”.

Мы запыталіся ў Андрэя, наколькі складана было знайсьці працу для навукоўца з Усходу.

(Катлярчук: ) “Справа ў тым, што так склалася, што у Швэцыі не было спэцыялістаў па праблемах беларусістыкі, і яны зацікаўленыя, каб былі рэпрэзэнтаваныя ўсе краіны з рэгіёну Балтыйскага мора.

У 2000 годзе Швэдзкі інстытут прыняў прынцыпова важнае рашэньне што да Беларусі, і Рэспубліка Беларусь лічыцца зараз краінаю Балтыйскага абшару. Гэта значыць, што ў дзейнасьці Швэдзкага інстытуту і іншых установаў навуковыя і культурныя праекты зь Беларусі маюць перавагу разам зь іншымі краінамі Балтыі. Ёсьць ужо стыпэндыі для студэнтаў”.

А ці ёсьць швэдзкія навукоўцы, якія працуюць у галіне беларусістыкі?

(Катлярчук: ) “Каб было шмат спэцыялістаў – нельга сказаць, параўноўваючы сытуацыю з нашымі латыскімі ці эстонскімі суседзямі... Тут ёсьць катэдры эстонскай мовы, шмат спэцыялістаў. Беларуская мова, на жаль, у швэдзкіх унівэрсытэтах не вывучаецца.

Ёсьць доктар Барбара Торнквіст-Плева ў Люндзе, яна гісторык і славіст, яна займаецца таксама і Беларусьсю, чытае па-беларуску. Яна надрукавала кніжку пра гісторыю Беларусі на швэдзкай мове, гэтая кніжка ўжо вытрымала другое выданьне.

Ёсьць адзін журналіст, Шэль Альбін Абрагамсан, ён таксама напісаў кніжку пра Беларусь, якая таксама выйшла другім выданьнем і досыць тут папулярная, бо не хапае літаратуры”.

Андрэю давялося асвоіць новую для сябе швэдзкую мову, а ягонай працоўнай моваю там ёсьць ангельская, якая лічыцца цяпер навуковай моваю сьвету. Але падрыхтаваную гісторыкам кнігу Швэдзкі інстытут будзе друкаваць на беларускай мове. Гэтая будзе ня першая беларуская кніга, што выдае гэты інстытут. Там выйшлі зборнік твораў 8 лепшых сучасных беларускіх паэтаў, а таксама “Кар’ер” Васіля Быкава па-швэдзку.

Як выглядае з нашай размовы са сп. Катлярчуком, у Швэцыі сёньня нешта робіцца дзеля азнаямленьня зь беларускай культурай.

(Катлярчук: ) “Робіцца таму, што ёсьць краіна, калі ёсьць краіна, то ідзе і яе вывучэньне. Напрыклад, мы можам параўнаць Беларусь і Татарстан. Татарстан – гэта моцная культура, з моцнымі гістарычнымі каранямі, але ім вельмі цяжка прабіцца на міжнародны навуковы рынак, бо няма дзяржавы, таму няма зацікаўленасьці.

Дзяржава як бы працуе як найлепшая рэкляма на беларускую навуку і культуру ў сьвеце. Ёсьць дзяржава, і ёсьць людзі, якія хочуць ведаць, што гэта за дзяржава, якая там мова, якая культура, якія гістарычныя традыцыі. Таму дзяржава ўяўляе сабой уласную каштоўнасьць”.

Вядома ж , мы пацікавіліся ў дасьледчыка, ці хапае там гістарычных крыніцаў дзеля паўнацэннай навуковай працы ў ягонай тэме. Андрэй на пачатку пазнаёміў нас зь некаторымі аспэктамі гісторыі краіны, якія сьведчаць пра тое, чаму такія матэрыялы могуць існаваць.

(Катлярчук: ) “У гісторыі Швэцыі існаваў такі час – “Час магутнай улады”, калі Швэцыя была у 2,5 разы больш за сучасную. Швэдзкая палітыка 17-га – пачатку 18-га ст., палітыка Карла ХІІ была накіраваная на Ўсход. Зараз Швэцыя больш павернутая на Захад, гэта краіна Эўрапейскага Зьвязу, але ў гісторыі яны мелі моцныя інтарэсы на Ўсходзе. Цяпер гэта патроху вяртаецца. Ідзе швэдзкі бізнэс у краіны Балтыйскага рэгіёну і ў Расею, у Польшчу, ідуць швэдзкія навукоўцы, бо яны маюць традыцыю гістарычную стасункаў з гэтымі краінамі”.

Сярод гэтых усходніх краінаў, куды некалі сягалі палітычныя інтарэсы Швэцыі, было і Вялікае Княства Літоўскае.

(Катлярчук: ) “Што да Беларусі, то стасункі былі вельмі моцныя. Два швэдзкія каралі – Карл Х і Карл ХІІ былі ў Беларусі, і не адзін дзень. Напрыклад, Карл ХІІ быў у Беларусі з 1702 па 1708 год, 6 гадоў ён кружыў па Беларусі, быў у кожным месьце.

Гэта былі часы вялікай Паўночнай вайны, і частка нашай шляхты падтрымлівала Расею, а частка падтрымлівала швэдаў, і гэта менш вядома. Па вайне яны былі абвешчаныя здрайцамі, і яны хавалі ўсе дакумэнты, якія сьведчылі пра гэта. Шмат пратэстантаў, кальвіністаў і лютэранаў падтрымлівала, гэта таксама малавядомы кавалак нашай культуры. Менавіта яны ў Кейданах, цяпер гэта Літва, у 1655 годзе разарвалі унію з Польшчаю і заключылі унію са Швэцыяй. Кароткі час, але мы былі ў адной дзяржаве згодна з Кейданскай уніяй. Тады швэды занялі Браслаўскі павет, і ён адзін год быў у складзе Швэцыі у 1655-1656, ёсьць швэдзкія матэрыялы пра гэты час, ёсьць швэдзкія граматы шляхце на ўласнасьць і г.д.”

Зразумела, што гэтыя гістарычныя стасункі пакінулі па сабе шматлікія сьведчаньні, што цяпер захоўваюцца ў бібліятэках і архівах Швэцыі.

(Катлярчук: ) “Што тычыцца архіўных дакумэнтаў, то іх тут хопіць, каб усё жыцьцё вывучаць. Адзін прыклад. Кнігазбор Караліны Радзівіл у Упсальскай унівэрсытэцкай бібліятэцы мае каля 120 беларускіх старадрукаў на беларускай мове і безьліч на польскай, лацінскай, нямецкай, габрэйскай мовах зь Вялікага Княства Літоўскага. Калекцыя Караліны Радзівіл з гэтай бібліятэкі – багацейшая, чым калекцыя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Яны маюць унікальныя беларускамоўныя старадрукі, якіх няма нідзе ў сьвеце. Там ёсьць два каталіцкіх Катэхізісы – першае каталіцкае выданьне па-беларуску, кірыліцаю, у Вільні, за 1585 год – два поўных асобнікі. У іх ёсьць рукапісная кніжка Сьцяпана Зізанія “Казаньні сьвятога Кірыла”, пісаную ўласнай рукой Сьцяпана Зізанія.

Апрача Упсалы, такія самыя багатыя кнігазборы мае Каралеўская бібліятэка ў Стакгольме, бібліятэка ў Вэстэры таксама мае шмат кніг. Я ўжо не кажу, што ў Дзяржаўным архіве Швэцыі безьліч дакумэнтаў, якія датычацца Вялікага Княства Літоўскага, Ёсьць шэраг унікальных рукапісаў, пра якія трэба пісаць беларускім навукоўцам. Трэба зьвяртацца ў Швэдзкі інстытут, атрымліваць гранты, ехаць і вывучаць”.

Існуе стэрэатып, быццам шмат якія з гістарычных збораў былі вывезеныя швэдамі падчас войнаў. Андрэй пярэчыць гэтаму:

(Катлярчук: ) “Я займаўся гэтым пытаньнем. Напрыклад, у Упсале старабеларускія друкі – гэта са збору дзьвюх калекцыяў двух швэдаў-славістаў, якія цікавіліся славянскімі мовамі і народамі. Адзін быў Мікалай Бэргіўс, лютэранскі пастар зь Лівоніі, ён зьбіраў кніжкі, магчыма купляў у полацкіх і віцебскіх купцоў. Другі быў Іяганас Парэнфэльд – амбасадар Швэцыі ў Расеі. У Маскве ён пазнаёміўся з вучнем Сімяона Полацкага Сільвестрам Мядзьведзем, купіў у яго частку кнігазбораў Сімяона Полацкага і вывез гэта ў Упсалу.Зараз там ёсьць унікальны слоўнік, пісаны ўласнай рукой Сімяона Полацкага, гэта “Польска-славянска-старабеларуска-расейскі слоўнік”, які там ляжыць з подпісам асьветніка”.

Гісторык Андрэй Катлярчук праклаў дарогу да гістарычных скарбаў, што захоўваюцца ў Швэцыі і да сёньня не асвоеныя беларускімі дасьледчыкамі, цяпер справа толькі за імі.

(Катлярчук: ) “Мая надзея на новую генерацыю, на моладзь, якая зараз навучаецца ва ўнівэрсытэтах, і калі я зраблю гэтую кніжку, гэта будзе агляд беларуска-швэдзкіх адносінаў і гэта можа быць як бы падручнік для тых, хто будзе дасьледаваць далей гэтыя пытаньні. Наступную кніжку я пляную выдаваць па-ангельску, бо тут асабліва ўсьведаміў, што страшна не хапае літаратуры пра Беларусь па-ангельску”.


Працяг размовы зь беларускім навукоўцам са Стакгольму Андрэем Катлярчуком – у наступным выпуску перадачы “Беларускае замежжа” (у эфіры 24 верасьня). Гісторык распавядзе пра ранейшую і сучасную беларускую эміграцыю ў Швэцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG