Удзельнікі: Іна Аляшкевіч, Вячка Целеш, Яўген Вапа, Ілона Урбановіч, Лявон Баршчэўскі.
Нагодаю да выбару тэмы сёньняшняй перадачы сталася інфармацыя пра намер польскіх уладаў зачыніць зь верасьня Беларускую рэдакцыю Радыё “Палёнія” разам з расейскай і ўкраінскай.
Радыё “Палёнія”- гэта адмысловая служба, створаная дзеля падтрымкі палякаў у замежжы і ўсталяваньня кантактаў з суседнімі народамі.
У інтэрвію ВВС міністар замежных справаў Польшчы Ўладзімер Цімашэвіч паведаміў пра тое, што рэдакцыі мяркуецца зачыніць з-за таго, што палякі на Ўсходзе, паводле іхных зьвестках, ня слухаюць гэтыя перадачы. Тое, што радыё слухаюць прадстаўнікі тых самых суседніх народаў, выглядае, ня будзе брацца пад увагу.
Згаданая вестка прымусіла нас акінуць поглядам сытуацыю зь беларускамоўнымі электроннымі сродкамі масавай інфармацыі ў памежных зь Беларусяй краінах. Мы спынілі сваю ўвагу менавіта на памежных краінах – Польшчы, Літве і Латвіі таму, што беларускае радыё тут слухалася ня толькі беларускай дыяспараю, але і мела сваю аўдыторыю ў Беларусі, было незалежнай ад беларускіх уладаў крыніцаю інфармацыі, а гэта значыць, нейкім чынам уплывала і на саму сытуацыю ў краіне, у гэтым яго асаблівая значнасьць.
Яшчэ пры канцы мінулага году беларускамоўная радыйная сетка ў блізкім замежжы выглядала даволі шырокай. Яна была пабудаваная як з дапамогаю дзяржаўных структураў у межах клопатаў пра нацмяншыні, так і дзякуючы намаганьням прыватных асобаў ці калектываў.
Сёлета становішча стала імкліва мяняцца. Спачатку зьніклі з эфіру з-за недахопу сродкаў перадачы радыёстанцыі “Балтыйскія хвалі” ў Вільні, з 1 чэрвеня спыніла з той жа прычыны працу ў эфіры Радыё “Рацыя” у Варшаве і Беластоку, 3 чэрвеня прыйшла вестка аб закрыцьці быццам бы толькі на летні пэрыяд беларускай праграмы на Літоўскім тэлебачаньні, а цяпер вось чарга дайшла і да Радыё “Палёнія”.
Што ж застаецца ? У Польшчы – 15-хвілінная штодзённая беларуская праграма на Радыё ў Беластоку. У Літве – праграма “Віленскі сшытак” на Літоўскім Радыё, ёсьць таксама грамадзкая тэлевізійная беларуская студыя ў Вісагінасе. У Латвіі – беларуская праграма на Латыскім Радыё. Аднак і некаторыя зь іх маюць праблемы.
Паслухаем Іну Аляшкевіч зь Вільні, якая працуе ў праграме “Віленскі сшытак”.
(Аляшкевіч: ) “Перадача ў нас выходзіць кожны тыдзень, 20 хвілінаў. Раней было 30 хвілінаў, але цяпер скарацілі, з пачатку гэтага году. Абумоўлена дрэнным эканамічным становішчам, тым, што не хапае грошай.
Недзе год таму быў сход на Радыё, там абмяркоўвалася пытаньне аб тым, чаму дзяржава павінна аплочваць перадачы нацыянальных мяншыняў, казалі, што іх павінны ўтрымліваць грамадзкія аб’яднаньні гэтых мяншыняў”.
А вось што сказала спн. Іна ў якасьці былой слухачкі перадачаў зьніклага Радыё “Балтыйскія хвалі”:
(Аляшкевіч: ) “Радыё, якое можна было слухаць, кожны раз новыя навіны, было шмат цікавых і вельмі карысных перадач. Я ведаю, што “Балтыйскія хвалі” слухалі ў Беларусі даволі актыўна, было шмат водгукаў, званілі людзі, пасылалі лісты”.
Пагрозу закрыцьця перацярпела і беларуская радыёпраграма ў Латвіі, якая выходзіць раз у месяц па 30 хвілін. Пра гэта нам паведаміў Вячка Целеш, заснавальнік і былы старшыня беларускай суполкі “Сьвітанак”, якая спрычынілася некалі да адкрыцьця праграмы.
(Целеш: ) “Латыскае радыё таксама спрабавала ў мінулым годзе скараціць перадачы ўсіх нацыянальных таварыстваў напалову, у тым ліку і нашую. Але Асацыяцыя нацыянальных мяншыняў у Латвіі падняла гэтае пытаньне нават у сойме, мы адстаялі гэтую праграму. Яны таксама зьбіраліся трансьляваць праграмы толькі на Рыгу – бо зараз яны ідуць на ўсю Латвію, – але таксама гэта не ўдалося”.
Сп. Целеш, вядомы беларускі грамадзкі дзеяч у Латвіі, па-свойму тлумачыць прычыны такога стаўленьня уладаў:
(Целеш: ) “У канцы 1980-х – пачатку 1990-х гадоў былыя савецкія рэспублікі пачалі змагацца за сваю незалежнасьць. Нацыянальныя мяншыні ў гэтых рэспубліках, за невялікім выключэньнем, у Латвіі напрыклад, дапамагалі разам з Народным фронтам адстойваць гэтую незалежнасьць Латвіі. І вось менавіта тады пачалі засноўвацца нацыянальныя таварыствы. Латыская дзяржава дапамагала з інфармацыяй. Гэта значыць, што на радыё кожнае нацыянальнае таварыства займела сваю перадачу, поўгадзіны ў месяц.
Праўда, зараз, калі Латыская дзяржава ўжо поўнасьцю заснаваная, нацыянальныя таварыствы ім асабліва не патрэбныя. Яны стараюцца менш надзяляць увагі, у першую чаргу фінанасава”.
Сп. Вячка ўпэўнены, што неабходна сьцьвярджаць свае правы на тое, каб мець свае сродкі інфармацыі. Нацмяншыні – гэта паўнапраўныя часткі грамадзтва краіны, яе падаткаплацельшчыкі і абаронцы.
(Целеш: ) “Патрэбны зварот да дзяржавы. Нацыянальным таварыствам прыярытэты ёсьць. Я быў на 9-ым паседжаньні камісіі АБСЭ якраз па нацыянальных пытаньнях. АБСЭ падтрымлівае тое, што трэба нацыянальным мяншыням даваць магчымасьць разьвіваць свае культуры. Гэта было ў мінулым годзе ў Юрмале. Там нам гаварылі, што мы маем права і школы свае адкрываць, і прэсу мець, і ўсё іншае”.
Мы патэлефанавалі ў Беласток сп. Яўгену Вапу, старшыні Беларускага саюзу ў Польшчы, які да таго ж працаваў на Радыё “Рацыя”. Ён лічыць, што перапыненае з чэрвеня вяшчаньне іхнага Радыё ўдасца аднавіць.
(Вапа: ) “Спадзяемся, што нашае Радыё будзе існаваць. Гэта ёсьць адна з каштоўнасьцяў дэмакратыі, калі ў эфіры могуць гучаць розныя погляды, розныя галасы. Яны даюць шанец на тое, каб людзі маглі ў сьвеце выбіраць тое вяшчаньне, якое адпавядае ім”.
Мы запыталі ў сп. Вапы, ці не зьвязаныя, на ягоную думку, усе гэтыя праблемы, пра якія тут гаворым, з агульнымі тэндэнцыямі, што сёньня назіраюцца ў эўрапейскіх краінах у адносінах да чужынцаў – да тых самых нацмяншыняў. Аднак ён выказаў схільнасьць лічыць прычынаю эканамічныя складанасьці, якія перажываюць многія краіны.
(Вапа: ) “Беларуская меншасьць у Польшчы, ці ў Літве – гэта не чужынцы, гэта ёсьць карэнныя жыхары. Заўважаюцца зараз у Эўропе пэўныя працэсы пры тым крызысе, які адбываецца ўвогуле, выяўляюцца імкненьні на ўсім ашчаджаць. Вядома, што найпершай лёгкай справаю ёсьць скараціць тыя пазыцыі бюджэту, якія тычацца расходаў на культуру. Гэта відавочна было ў Польшчы ў мінулым годзе і зараз, фінансаваньне нацыянальных мяншыняў праз дзяржаву значна паменшылася.
Але вядома, што існаваньне электронных мэдыяў у сёньняшні момант – гэта ёсьць наша права, каб мы мелі такі доступ. Заўважаем зараз наступствы таго, што панізіліся наклады газэтаў і часопісаў, таму менавіта электронныя СМІ галоўным чынам даюць магчымасьць людзям атрымаць уяўленьні пра сьвет.
На Беласточчыне беларускае Радыё “Рацыя”- гэта тое, што на працягу апошніх больш як двух гадоў дазволіла нам у вялікай ступені ўзбудзіць да дыскусіі пра беларускасьць тысячы слухачоў”.
Аднаўленьне дзейнасьціі Радыё “Рацыя” цікавіць сёньня беларусаў у Польшчы і ў самой Беларусі.
(Вапа: ) “Вядома, яно было чутнае і ў Беларусі на сярэдніх і на кароткіх хвалях. Далей працуе наш сайт Радыё “Рацыя” ў Інтэрнэце. Мы штодзень атрымліваем словы падтрымкі, салідарнасьці за тое, каб Радыё “Рацыя” было зноў у эфіры. Да нас ідуць лісты і зь Беларусі, і з Польшчы, званкі тэлефонныя з пытаньнем, калі нас будзе чуваць у эфіры.
Калі больш беларускага слова ў эфірнай прасторы – гэта большыя магчымасьці, каб беларусы маглі выбіраць для сябе інфармацыю і ейны характар.
На жаль, калі глянуць на статыстычныя параўнаньні, то беларускага слова ў эфіры не зашмат, і таму зьяўленьньне кожнага паўнавартаснага радыёвяшчаньня – гэта радасьць, і звужваньне гэтай прасторы ёсьць фактам, які засмучае”.
Калі гэтая перадача рыхтавалася да эфіру, мы даведаліся што ў панядзелак Беларуская асацыяцыя журналістаў прыняла зварот у абарону Беларускай рэдакцыі Радыё “Палёнія”. Дакумэнт накіраваны кіраўніцтву Польскага Радыё і ў польскую амбасаду ў Менску. Пра матывы гэтага кроку нам паведаміла прэс-сакратар БАЖ Ілона Ўрбановіч.
(Урбановіч: ) “Мы вельмі занепакоеныя той інфармацыяй, якая прыйшла з Варшавы. У Беларусі яна ўспрымаецца зусім іначай, чым у Польшчы, з той прычыны, што мы маем шырокі фон парушэньняў правоў прэсы і праблемы з атрыманьнем свабоднай і непадцэзурнай інфармацыі. Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё – адна зь нешматлікіх крыніцаў непадцэнзурнай інфармацыі, даступнай для паспалітых слухачоў у Беларусі.
Вядома, вельмі сумна, што польскія ўлады ў асобе сп. міністра замежных справаў Уладзімера Цімашэвіча трактуюць функцыю беларускай рэдакцыі Радыё “Палёнія” толькі як кантактаваньне з польскай дыяспарай у нашай краіне. Мы ведаем, што слухачамі гэтага радыё ёсьць і беларусы, для якіх гэта рэальная магчымасьць атрымаць непасрэдную інфармацыю пра суседнюю краіну. А цікавасьць да такой інфармацыі ў Беларусі усё ж ёсьць. У Беларусі цікавяцца гэтым польскім досьведам дэмакратызацыі.
У выпадку, калі спыніцца трансьляцыя Беларускай рэдакцыі Радыё “Палёнія”, то слухачы-беларусы проста апынуцца ў большай ізаляцыі. Я асабіста ведаю людзей у Менску, якія слухаюць беларускія перадачы Радыё “Палёнія”, і гэтыя людзі не палякі. Уся паўночна-заходняя частка Беларусі прымае сыгнал гэтага радыё, і ў Менску таксама”.
Старшыня Беларускага саюзу ў Польшчы Яўген Вапа сьціпла выказаўся тут пра сытуацыю зь беларускім радыёвяшчаньнем: “беларускага слова ў эфіры не зашмат”. Выглядае, што можа стаць нават зусім мала.
Слухач беларускага радыё і вядомы грамадзкі дзеяч з Менску сп. Лявон Баршчэўскі таксама падзяляе гэтую занепакоенасьць:
(Баршчэўскі: ) “Канечне, усё гэта прыкра, што скарачаецца, гэта бясспрэчна. Можа, Беларусь трошкі выйшла з цэнтру ўвагі, і можа, прыйдзе час, што зноў вернецца цэнтар увагі вялікай эўрапейскай палітыкі, можа быць, будуць новыя праекты, будзе пашырэньне”.
Можна чакаць лепшых часоў, але і сёньня нельга быць абыякавымі да стратаў. Абазначыць трывожную тэму і было мэтаю гэтай перадачы.