Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 75-годзьдзя Вітаўта і Зоры Кіпеляў


Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Удзельнікі: Вітаўт і Зора Кіпелі, Адам Мальдзіс.

Сёлетні год прынёс удалую нагоду выказаць добрыя словы ў адрас адметных асобаў беларускага замежжа, безь якіх беларушчына ня мела б шмат якіх важкіх набыткаў, што сёньня складаюць “залаты фонд” нацыянальнай культуры.

Чарговы выпуск перадачы “Беларускае замежжа” мы прысьвячаем беларускай сям’і са Злучаных Штатаў Амэрыкі – Вітаўту і Зоры Кіпеляў. У гэтым годзе яны абодва юбіляры, большую частку свайго 75-гадовага жыцьцёвага шляху яны прайшлі разам.

Першым, 30 траўня адзначыў свой юбілей сп. Вітаўт. Яго з упэўненасьцю можна аднесьці да той пляяды беларускіх дзеячаў, якую Ларыса Геніюш некалі ў сваім вершы трапна назвала “зубрамі”. Іх упарты, свабодны нацыянальны дух ідзе ад самай глыбіні, ад зямлі, ад продкаў , ад усяго беларускага роду.

Вітаўт Кіпель распавядае пра свайго бацьку.

(Вітаўт Кіпель: ) “Бацька паходзіць з глухой палескай вёскі Байлюкі недалёка ад Глуску. Ён мне казаў, што, безумоўна, людзі былі такія цёмныя, але ўся акруга адчувала, што мы не расейцы, перадавалася дзецям, што мы не расейцы і што край наш забраны”.

Яўхім Кіпель, бацька сп. Вітаўта, быў вядомым беларускім дзеячам, пэдагогам, працаваў у Інстытуце беларускай культуры, у 1931 годзе быў арыштаваны і высланы ў г. Нагінск, у выгнаньне мусіла ад’ехаць на некаторы час і ягоная сям’я.

На шчасьце, Яўхіму Кіпелю ўдалося вярнуцца з высылкі.
Сп. Вітаўт успамінае.

(Вітаўт Кіпель: ) “Ён, прыйшоўшы з выгнаньня, найперш запытаўся ў маці, як хлопец гаворыць па-беларуску, я па-беларуску гаварыў. Гэта для мяне было такім таксама паказьнікам, што мова – вельмі важны фактар нацыянальнага ўзгадаваньня”.

Духовую моц пераняў сп. Вітаўт і ад маці Марылі.

(Вітаўт Кіпель: ) “Мне прыкладам была мая маці. Калі мы ехалі ў выгнаньне, я бачыў, як гэта было цяжка: нас абакралі ў Казані – яна плакала, потым ёй было цяжка станавіцца на ногі спачатку ў Нагінску, потым у Кіраве, у краёх далёкіх. Прыклад маці, яе стойкасьці , вытрываласьці быў вельмі выразным праз усю маю дзейнасьць і грамадзкае жыцьцё”.

Вітаўт Кіпель пакінуў Беларусь пры канцы другой усясьветнай вайны разам з бацькамі, якія актыўна ўдзельнічалі у беларускім руху на акупаванай тэрыторыі і не маглі чакаць літасьці ад сталінскага рэжыму.

На чужыне сп. Кіпель знайшоў сталы прытулак у ЗША, як і многія з той паваеннай хвалі эміграцыі. Там абраў сьціплую прафэсію бібліятэкара, якая толькі на першы погляд падавалася такою, але фактычна, адкрывала самыя шырокія магчымасьці для працы на карысьць беларускай справе, якая заставалася сэнсам ягонага жыцьця і на выгнаньні.

Працаваў ён у адной з найбольш вядомых бібліятэкаў ЗША – Нью-Ёркскай публічнай бібліятэцы, куды трапіць на добрую пасаду мог не кожны чалавек з дыплёмам. Ён лічыць, што трапіў туды выпадкова, было гэта 40 гадоў таму, на той час ён ужо меў дыплём геоляга як выпускнік Лювэнскага ўнівэрсытэту ў Бэльгіі.

(Вітаўт Кіпель: ) “Выпадкова. Я працаваў у геалягічных кампаніях і нейкі чаc апынуўся бяз працы, хадзіў па Нью-Ёрку і падаваў дакумэнты ў розныя кампаніі. Адпачываць я хадзіў у бібліятэку, і там я пазнаёміўся з адным чалавекам, кыргызам па нацыянальнасьці, які ў часе вайны быў у Беларусі, партызаніў, яго злавілі беларускія паліцыянты, ён баяўся, што расстраляюць, але не расстралялі, а выслалі ў Нямеччыну. Ён быў вельмі ўдзячны беларусам. Ён сказаў, што зьбіраецца ад’яжджаць у Турцыю і прапанаваў мне трохі папрацаваць на ягоным месцы ў бібліятэцы на тэхнічнай пасадзе.

Кіраўніцтва заўважыла, што я маю дыплём, і прапанавалі мне даць стыпэндыю, каб пайсьці ва ўнівэрсытэт атрымаць адукацыю бібліятэкара. Я пагадзіўся”.

У гэтым усё ж была пэўная наканаванасьць лёсу, як потым ён сам пераканаўся. Пасьля заканчэньня Ратгерскага ўнівэрсытэту ён атрымаў пасаду бібліятэкара. Гэтая праца ў галіне інфармацыі дала шырокія магчымасьці для дзейнасьці на карысьць Беларусі.

(Вітаўт Кіпель: ) “Гэта быў мой шлях. Я ўбачыў, што Захад пра Беларусь нічога не ведае. Веды пра Беларусь прыходзілі праз расейскую, польскую трактоўку, што мы – народ безьдзяржаўны, што мы нейкія нягеглыя, ня можам выказацца правільна. Я адчуваў, што гэта няправільна і гэтыя міты, якія стварыліся небеларусамі, трэба разьбіваць. Таму мая дзейнасьць на эміграцыі ў першую чаргу была сьведамай дзейнасьцю, якая дапамагала пашырэньню ведаў пра Беларусь.

Ведаючы мовы, мы ўбачылі, наколькі мала пра нас у даведніцкай і дасьледніцкай літаратуры і таму мы пачалі гэтую працу – прабел гэты запаўняць. Увайшлі недзе ў 40-50 даведнікаў, у якіх мы даем зьвесткі пра Беларусь, там раней нічога не было. Выпусьцілі працы ў ангельскай мове.

Безумоўна, каб я жыў і працаваў у свабоднай Беларусі, я сваю энэргію аддаваў бы непасрэдна беларускаму народу. Але я рана ўсьведаміў, што нават жывучы за межамі Бацькаўшчыны, можна працаваць дзеля Беларусі”.

Бібліятэчная справа была асноўнай афіцыйнаю працаю сп. Кіпеля і ягонай жонкі сп. Зоры. Яна, хімік па адукацыі, атрыманай у Лювэне, таксама пасьля скончыла бібліятэчны факультэт і стала працаваць у той жа Нью-Ёркскай бібліятэцы.

Агульнымі намаганьнямі сп. Кіпелі стварылі ў бібліятэцы паўнавартасную базу інфармацыі пра Беларусь, напоўніўшы яе выданьнямі з Беларусі і эміграцыйнай літаратураю.

Разам яны склалі і выдалі ў 1985 годзе ўнікальную бібліяграфію “Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе”, у 1988 годзе – бібліяграфію “Беларуская дзяржаўнасьць”, а цяпер падрыхтавалі надзвычай патрэбны для навукоўцаў даведнік, над якім працавалі шмат гадоў.

(Вітаўт Кіпель: ) “Наш бібліяграфічны даведнік цяпер знаходзіцца ў друку, выдавец будзе – Нью-Ёркская публічная бібліятэка, Загаловак –“Беларускі друк на эміграцыі за 200 гадоў”. Мы спадзяемся, што ў гэтым годзе даведнік выйдзе”.

Праца ў бібліятэцы была не адзіным захапленьнем і справаю жыцьця Вітаўта Кіпеля. Сёлета спаўняецца 20 гадоў, як ён на грамадзкіх пачатках спраўна кіруе адзінай навукова-дасьледчай установаю ў беларускім замежжы – Беларускім Інстытутам Навукі і Мастацтва ў Нью-Ёрку, БІНІМ.

(Вітаўт Кіпель: ) “Так, 20 гадоў – гэта будзе важная падзея, мы рыхтуем канфэрэнцыю. Наагул, мая праца ў БІНІМе за апошнія 20 гадоў, я лічу, што гэта адна з важных. Мы пачалі выдаваць сэрыю “Беларускія паэты і пісьменьнікі”, сэрыю “З жыцьця беларускай эміграцыі”, прадстаўнікі БІНІМу ўвайшлі ў некалькі англамоўных энцыкляпэдыяў”.

На творчым рахунку Вітаўта Кіпеля шэрагі навуковых артыкулаў, артыкулаў у розных энцыкляпэдыях, манаграфія “Беларусы ў ЗША”, ён быў укладальнікам шмат якіх беларускіх зборнікаў, што выйшлі ў ЗША.

У 1978-80 гг. сп. Кіпель быў сябрам рэдакцыйнай калегіі 47-томнага выданьня “Амэрыканскія этнічныя групы. Эўрапейская спадчына”. Больш за 300 матэрыялаў падрыхтаваў ён і для Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода.

Сп. Кіпель абіраўся віцэ-старшынём Нацыянальнай канфэдэрацыі амэрыканскіх этнічных груп, у 1978 – 1982 гг. узначальваў Этнічны дарадчы савет пры губэрнатары штату Нью-Ёрк.

Мы запыталі ў сп. Вітаўта і пра тое, што засталося нязьдзейсьненым.

(Вітаўт Кіпель: ) “Адна была задума, якую я абмяркоўваў з Барысам Сачанкам, пра выданьне англамоўнага энцыкляпэдычнага даведніка пра Беларусь. Мы меркавалі гэта рабіць супольна. Я вельмі актыўна быў уцягнуты ў працу над беларускай гістарычнай энцыкляпэдыяй і агульнай энцыкляпэдыяй. Пасьля сьмерці Сачанкі той пэрыяд скончыўся. Дарэчы, мяне выкінулі з працы над энцыкляпэдыямі, нічога не паведамілі, так ціха ўсё было зроблена”.

Але гэта стаўленьне сучасных уладаў Беларусі. А сьвядомая беларуская грамадзкасьць зусім па іншаму ставіцца да зробленага сп. Кіпелем дзеля таго, каб жыла беларушчына. Яго высока шануе навуковая і творчая інтэлігенцыя як на Бацькаўшчыне, так і паўсюдна ў беларускім замежжы.

Мы зьвярнуліся да прафэсара Адама Мальдзіса, старшыні Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, з адным толькі пытаньнем: што страціла б беларуская справа, калі б сп. Кіпель застаўся геолягам ці выбраў іншы занятак у жыцьці?

(Адам Мальдзіс: ) “Найперш, ня мелі б выдатнага беларусазнаўца. Ён унёс вялізны ўклад у вывучэньне беларускай дыяспары, у тым ліку і як аўтар кнігі “Беларусы ў ЗША”. Гэта вялізная праца, дзе сабраны матэрыял пра нашых суайчыньнікаў у Амэрыцы. Гэта трэба было дасьледаваць, дасьледаваньне ішло цяжка таму, што раней, калі беларусы выяжджалі з Расейскай імпэрыі, або з даваеннай Польшчы, то іх беларускасьць не пазначалася.

Далей, мы б не далічыліся арганізатара, узначальваць Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва – гэта вялікая арганізатарская работа, выдавецкая работа, потым “Запісы”, якія выходзяць кожны год, і там цікавыя артыкулы. Гэта шматгранная дзейнасьць, і гэта ўсё робіцца ня так, як у нас, у нашых інстытутах – за ўрадавыя грошы, а на грамадзкіх пачатках, на ахвяраваньні, трэба знаходзіць грошы, і гэта вялікая дзялянка, зь якой Вітаўт Кіпель пасьпяхова спраўляецца.

Вітаўт Кіпель прымаў сталы ўдзел у вядучых нашых мерапрыемствах Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў – кангрэсах, канфэрэнцыях, садзейнічаў таму, каб беларусістыка разьвівалася ў Злучаных Штатах Амэрыкі.

Мы заўсёды яго зь нецярплівасьцю чакаем, чакаем яго прыезду таму, што гэта абмеркаваньне новых ідэяў, іх рэалізацыя. Акрамя таго, яго зь нецярплівасьцю чакаюць і кіраўнікі беларускіх бібліятэк”.

(Вітаўт Кіпель: ) “У Нацыянальную бібліятэку Беларусі я завёз прыкладна 75% таго, што было выдадзена на эміграцыі. Таксама я шмат кніг перадаў Гарадзенскаму ўнівэрсытэту, Полацкаму і Гомельскаму. Я б сказаў, што па калекцыі літаратуры пра Скарыну ў Гомельскім унівэрсытэце будзе амаль тое самае, што знаходзіцца і ў Нью-Ёркскай бібліятэцы”.

Сп. Зора Кіпель на месяц маладзейшая за мужа і будзе спраўляць свой юбілей праз два тыдні, 1 ліпеня.

Пазнаёміліся яны дзецьмі, і з таго часу ідуць па жыцьці рука ў руку.

(Зора Кіпель: ) “Мы зь дзяцінства знаёмыя, у школе пазнаёміліся, у Менску пад час вайны, у 1943 годзе, хутка будзе 60 гадоў”.

Сп. Вітаўт добра памятае той дзень і сёньня.

(Вітаўт Кіпель: ) “Я прыйшоў у школу, гэта было на Цнянскай вуліцы. Я прыйшоў новы, нешта там рыхтавалася, мусіць там дажынкі рыхтавалі. Я заўважыў дзяўчыну і пачуў прозьвішча Савёнак. А бацька мой часта, прыходзячы дахаты, казаў, што ў іх рэдакцыі там нейкі Савёнак працуе, дык я зьвёў адно з другім, думаю: “Ага, яна нейкая актывістка там”. Безумоўна, паглядзеў на ўсю яе, якія ў яе ногі, якая галава і ўсё такое. Ведаеце, як хлопцы аглядаюць, адразу акіне позіркам”.

Юнацтва Зоры і Вітаўта Кіпеляў прыпала на вайну, далей было выгнаньне, лягеры дэпартаваных асобаў у Нямеччыне. І на чужыне яны былі побач.

(Зора Кіпель: ) “Гімназію прайшлі разам, Беларускую гімназію імя Янкі Купалы, бо мы ж з аднаго году, дык заўсёды разам вучыліся. Потым у Лювэне вучыліся разам. Бацькі нашы ўжо паехалі ў Амэрыку і папрасілі, каб жаніліся, калі ўжо прыедзем у Амэрыку”.

Яны ўзялі шлюб ў 1956 годзе. Гэта было адно зь першых беларускіх вясельляў на чужыне для паваеннай хвалі беларускай эміграцыі ў ЗША. Вядома ж, яно было такім, як гэта рабілася на Бацькаўшчыне.

(Зора Кіпель: ) “А як жа , са сватамі і з усімі атрыбутамі беларускага вясельля”.

Іхнае сямейнае жыцьцё сталася шчасьлівым і духова напоўненым.

(Вітаўт Кіпель: ) “Гэтае жыцьцё было поўнасьцю супольнае, пладатворнае, агульнае. Асноўнае, што нас лучыла, што кіравала намі – гэта Беларусь, Беларусь, Беларусь”.

Сп. Зора з нагоды іхных юбілеяў нават вырашыла распачаць пісаць успаміны пра карані свайго роду, які потым злучыўся з родам Кіпеляў. Мы папрасілі яе прачытаць урывак з напісанага.

(Зора Кіпель : ) “Дзяды мае з боку маці – дробная беларуская шляхта з Лагойшчыны. Прадзед – Пётра Радкевіч, пасьля паўстаньня 1863 году быў пазбаўлены шляхецтва, бо не захацеў пакланіцца расейскаму цару Аляксандру.

Калі пасьля сьмерці бацькі сыны падзяліліся, мой дзед Язэп Радкевіч пераехаў у Менск у пачатку 20-га ст. і пабудаваў добры дом на ўскраіне Менску, у раёне Залатой Горкі . Мая мама – Апалёнія Радкевіч, калі пайшла ў царкоўна-прыхадзкую школу, у яе ў школьным пасьведчаньні яшчэ стаяла: “Дочь сына бывшего дворяніна”.

Сям’я бацькі – Савёнкі, з нашай славутай Глыбоччыны, салідная беларуская праваслаўная сям’я. У пачатку 1920-х гадоў мой бацька пераехаў у Менск, і там у гэтыя абнадзейваючыя 1920-я гады Савёнкі і Радкевічы пазналіся, у беларускім руху, зразумела, і стварылі першую у нашым родзе сьведамую беларускую сям’ю.

Бацька – журналіст, супрацоўнічаў у газэце “Савецкая Беларусь”, мама – пэдагог-узгадавальнік, працавала зь дзецьмі і моладзьдзю. У гэтай сям’і нарадзілася я. Воля лёсу, больш таго, накіраванасьць зьвяла нашыя сем’і ўжо з другой вельмі падобнай па лёсу сям’ёй Кіпеляў, і гэтак паўстала новая сям’я – Зоры і Вітаўта Кіпеляў.

Мы ў жыцьці стварылі адзінку. Мы маем розныя характары, але мы не згубілі сваёй індывідуальнасьці. Дапамагаем адзін другому, у сварках стрымліваем адзін другога, часам, падштурхоўваем. Мы неразлучныя. Мы ўсё жыцьцё аддалі Беларусі, як Вітаўт любіць гаварыць – працуем дзеля Беларусі па-за Беларусьсю.

Дай нам усім, Божа – вам там, нам тут – памыснасьці, посьпеху ў гэтай шляхотнай працы”.

Хочацца працягнуць сказанае сп. Зораю пра ейны род і пра іхную са сп. Вітаўтам сям’ю. Гэтая шчасьлівая сям’я таксама мае свой працяг. У ёй вырасьлі двое дзяцей – дачка Алеся і сын Юры, якія бяруць актыўны ўдзел у беларускім жыцьці ў ЗША. Падрастаюць унукі, яны таксама пачуваюць сябе беларусамі, хаця яшчэ не бачылі краіну сваіх вытокаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG