Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі 9 верасьня і трагічныя падзеі ў ЗША 11 верасьня назаўсёды застануцца у гісторыі для беларусаў храналягічна зьвязаныя. Але сувязь паміж імі існуе і больш глыбокая, як у мінулым, так і, магчыма, ў будучыні. Пра гэта, а таксама пра сваё ўспрыняцьце трагедыі, якая можа зьмяніць сьвет, распавядаюць нашы суайчыньнікі з Амэрыкі, Літвы, Бэльгіі і Польшчы.
Гаворыць Сямён Шарэцкі, старшыня Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь 13-га скліканьня, які зараз жыве ў ЗША ў г. Кліўлэндзе
(Шарэцкі: ) “Я патэлефанаваў у Дзярждэпартамэнт ЗША і выказаўся так, што нельга падабраць тых слоў, якімі можна было б выказаць сваё абурэньне тым злачынствам, якое ўтворана супроць гэтай краіны, краіны, якой шмат хто абавязаны тым, што аказваецца вялікая гуманітарная дапамога, як самой дзяржаваю, так і многімі яе арганізацыямі. Я ў нядзелю быў у беларускім асяродзьдзі, у “Полацку” і кожны, з кім я размаўляў, выказваў такую думку. Была адслужана паніхіда ў беларускай царкве. І мы, беларусы, вельмі абавязаны Злучаным Штатам і гуманітарнаю дапамогаю і тым, што тут знаходзілі у свой час і знаходзяць сёньня прытулак нашы ўцекачы. Узгадаем пасьляваенныя гады, колькі беларусаў знайшлі тут свой прытулак і дарэчы былі прынятыя амаль як свае людзі”.
Сапраўды, у гэты час варта нагадаць, што па дадзеных Вітаўта Кіпеля каля 500 тыс беларусаў знайшлі свой другі дом у Амэрыцы, пачынаючы з канца мінулага стагодзьдзя.
А у самой Беларусі ўлада сёньня пра гэта і ня ўзгадвае, дзяржаўныя структуры цікавяцца лёсам толькі тых людзей, што працавалі падчас трагедыі ў беларускіх дзяржаўных прадстаўніцтвах у ЗША. Наадварот, у мінулую пятніцу, калі па ўсёй Эўропе быў абвешчаны дзень смутку, у Беларусі дэманстратыўна быў прыняты прадстаўнік лібійскага дыктара Муамара Каддафі.
Ізноў гаворыць Сп.Шарэцкі.
(Шарэцкі: ) “Тое, што Лукашэнка прымае лібійцаў, што ён сябруе з Іракам і г.д., гэтаму няма ніякага зьдзіўленьня. Давайце ўзгадаем перадваенныя гады, каго тады шукаў сабе Гітлер ці Сталін у саюзьнікі – шукалі дыктатараў, так і гэта”.
Беларускі мастак зь Вільні Алег Аблажэй – адзін з тых, хто на старонках друку падсумоўваў вынікі мінулага тысячагодзьдзя . Ён выказвае свае меркаваньні пра маральны і філязофскі сэнс падзеяў 11 верасьня
(Аблажэй: ) “Цяпер часта ў сродках масавай інфармацыі называюць гэта вайною супроць цывілізацыі. Я б сказаў, што вядзецца вайна паміж цывілізацыяй зомбі і цывілізацыяй волі. Мяне цікавіць, як можна давесьці розум чалавека, яго фантазію, душу да такой ступені, што яму становіцца абыякавым чужое жыцьцё, сваё.
Гэта ўсё рыхтавалася, як высьвятляецца. Значыць, гэта проста ня нейкае імгненнае рашэньне. Вось, па мойму, сядзіба д’ябла знаходзіцца якраз у прапараваных мазгах такіх людзей. Мне здаецца, што вельмі важна цяпер акрэсьліць гэтыя мэханізмы, дайсьці да нейкай іхняй сутнасьці – як можна са звычайнага чалавека зрабіць ня проста забойцу, а забойцу апантанага, сьвядомага”.
(Карэспандэнт: ) “Лічыце, што гэтае зло ўдасца спыніць?”
(Аблажэй: ) “Сытуацыя склалася так, што ў амэрыканцах убачылі ня проста багатых, шчасьлівых, заможных людзей, але і людзей, якія таксама безабаронныя, як былі некалі беларусы ці людзі ў любым кутку сьвету. Гэта паставіла іх як бы нароўні з усім астатнім сьветам, а гэта значыць, што аўтарытэт узмацніўся. І ў гэтым ёсьць якраз надзея, што калі будзе такое нейкае шчырае аб’яднаньне, то гэты тэрарызм не пройдзе, яго ўдасца спыніць”.
(Карэспандэнт: ) “Як, на Ваш погляд, могуць уплываць гэтыя падзеі на беларускую сытуацыю?”
(Аблажэй: ) “Пасьля выбараў як бы пашанцавала таму ж Лукашэнку, што абсалютна цяпер нікому няма справы да гэтых выбараў, да гэтай фальсыфікацыі. І цяпер апазыцыя ўвогуле ня мае да каго зьвяртацца таму, што ўвесь сьвет заняты іншымі праблемамі. З дугога боку, мы нядаўна абмяркоўвалі гэтую сытуацыю з Алегам Мінкіным і ён паглядзеў на яе па іншаму. Ён сказаў, што пасьля ўсяго гэтага якраз будзе зьвернутая яшчэ большая ўвага на такія самадурныя, непрадказальныя рэжымы, як беларускі рэжым, які адкрыта сябруе з Іракам і іншымі такімі краінамі. Таму ёсьць нейкая надзея, што падзеі ў Беларусі не застануцца па-за ўвагаю супольнасьці міжнароднае. Мне неяк падумалася, што, канечне, маштабы не сумяшчальныя, але мараль таго чалавека, які расстрэльваў безабаронны паветраны балён амэрыканскі, гэта, у прынцыпе, кропелька той жа маралі ў тых людзей, што ўчынілі акт тэрору ў Нью-Ёрку”.
Нашы суродзічы ў Бэльгіі, што зьяўляецца сёньня палітычным цэнтрам Эўропы, асабліва востра ўспрынялі трагедыю ў Амэрыцы.
Гаворыць Паліна Клімчук, якая некалькі гадоў таму вымушана была з сям’ёю пакінуць Беларусь.
(Клімчук: ) “Мы сваёй сям’ёю спачуваем амэрыканскаму народу. Справа ў тым, што адкуль гэтыя карані ідуць? Гэтыя карані ідуць ад дыктатарскіх рэжымаў, што пладзяць вось такія падзеі, якія адбыліся ў Амэрыцы”.
(Карэспандэнт: ) “Сп. Паліна, Вы назіралі, як бэльгійскае грамадзтва рэагавала на падзеі, што можаце сказаць?”
(Клімчук: ) “Бэльгійскія людзі на вуліцах вывешвалі амэрыканскія сьцягі, стаялі са сьвечкамі. І мы сьвечкі запальвалі дома, каб памянуць усіх, якія пацярпелі ў гэтай катастрофе. Час маўчаньня быў, усе спыняліся, гудзелі машыны на вуліцах. У школах прыпыняліся заняткі. Вельмі многа асьвятлялася ў прэсе, на тэлебачаньні, на радыё. Нас вельмі ўразіла, што аднесьліся ўсе як бы да свайго гора. Каля нашай мэрыі былі прыспушчаныя сьцягі. Званілі цэрквы ў званы, паніхіды ішлі ўсюды”.
(Карэспандэнт: ) “Вы, мабыць, ведаеце, што беларускі прэзыдэнт – адзіны з кіраўнікоў эўрапэйскіх дзяржаваў, хто не наведаў у сваёй краіне амэрыканскую амбасаду, каб выказаць спачуваньне, як Вы гэта успрымаеце?”
(Клімчук: ) “Вельмі сорамна было, гэта не па-хрысьціянску. Сорамна было нават прызнацца, што я беларуска і мой урад у Беларусі так паставіўся да гэтага. Там загінулі простыя людзі, гэта можа здарыцца з кожным. Мы чакалі, думалі, што прыйдзе беларускі прэзыдэнт са спачуваньнямі. Не, не прышоў. Мы ведаем пра ўсё гэта, сочым за інфармацыяй, што адбываецца ў нас у Беларусі. Гэта сэрца няма ў чалавека зусім, калі так не зрабіў”.
У суседняй з намі Польшчы людзі таксама з болем успрынялі гора Амэрыкі. Распавядае гісторык Алег Латышонак зь Беластоку.
(Латышонак: ) “Трэба памятаць, што палякі велімі блізка жывуць з Амэрыкаю, паколькі кожны пяты паляк жыве ў ЗША, там каля 10 млн. палякаў. Так што палякі гэта ўспрынялі так, як бы гэта датычыла кожнага зь іх непасрэдна. Кожны мусіць успамінаць, што там ёсьць яго сваякі, знаёмыя, сябры. Я напачатку таксама дзівіўся на гэта, як на фільм нейкі. А пасьля пачаў успамінаць, колькі там маіх знаёмых магло загінуць. У Польшчы пануе настрой спачуваньня да Амэрыкі. Нават выбарчая кампанія, якая цяпер ідзе, як бы перапынілася. Усе палітыкі кажуць, што ня будуць ладзіць нейкіх вясёлых перадвыбарчых мерапрыемстваў. Аб’яднаная краіна ў спачуваньні да Амэрыкі”.
(Карэспандэнт: ) “Алег, на Вашу думку, як могуць адбіцца гэтыя падзеі канкрэтна на лёсе Беларусі?”
(Латышонак: ) “Безумоўна, гэтая трагедыя ў Амэрыцы будзе мець, думаю, даволі вялікі ўплыў на Беларусь. Сьпярша, вядома, амэрыканцам будзе не да Беларусі. Але, нельга забываць, што Лукашэнка – лепшы сябра Садама Хусэйна, Муамара Каддафі і падобных ім палітычных ізгояў, якія і падтрымоўваюць тэрор. Думаю, што Лукашэнка і яго рэжым усё ж апынуцца пад магутным ціскам цяпер ужо ня толькі амэрыканцаў, але і ўсяго Захаду, каб перапыніць гэтыя сувязі. Можна спадзявацца, што Захад цяпер будзе вельмі моцна старацца, каб замацаваць беларускую незалежнасьць і каб Беларусь прыбілася да гэтага порту, які называецца Эўропа, а не жыла сярод такіх краінаў, як Ірак, ці Лібія.
Цяпер я быў на гэтых выбарах у Беларусі, вярнуўся нават спакойны, з зарадам энэргіі. Я бачу, як проста на вачах грамадзтва, нацыя высьпявае. Тут справа ў самых беларусах. Ціск з Захаду – гэта толькі падтрымка гэтых працэсаў, якія адбываюцца. Але, яны і так будуць ісьці незалежна ад таго, будзе хто ціснуць ці не. Нашая нацыя дасьпявае, сьпелай нацыі такі прэзыдэнт, як Лукашэнка, пэўна, ня будзе патрэбен”.
(Карэспандэнт: ) “Сп. Латышонак лічыць, што істотныя зьмены адбудуцца і ва ўсёй нашай цывілізацыі”.
(Латышонак: ) “Усе маюць пачуцьцё, што сталася нешта важнае. Пакуль яшчэ цяжка асэнсаваць – што менавіта, але сьвет ужо ня будзе такі самы, як быў. Ідзе пра тое, што такая вялікая супэрмагутнасьць аказалася такою падатліваю на зраненьне і як бы сусьветны лад замяняецца на сусьветнае бязладзьдзе. Цяпер ніхто не паверыць, што магчымы спакой, кантроль. Нешта новае пачынаецца менавіта не ў катэгорыях палітычных, а наогул у цывілізацыйных. Аказваецца, што адкрытае грамадзтва, якое было такім вызначнікам гэтай цывілізацыі, яно чым больш адкрытае, тым больш падатлівае на зраненьні. Людзі ў такі цяжкі момант вяртаюцца да асноўных вартасьцяў, якія ва ўсе часы тыя самыя – Бог, Гонар, Айчына. Думаю, што цяпер будзе большы акцэнт на грамадзянскую супольнасьць, на пачуцьцё грамадзянскае. Цяпер большая адказнасьць ускладаецца на людзей, нельга далей вучыць, як вучылі – не супраціўляйся нічому, трэба даваць адпор, кожны мусіць гэта індывідуальна рабіць”.
(Карэспандэнт: ) “Сп. Алег, цяпер нярэдка гучаць думкі падобныя да вашых пра тое, што дэмакратыя і бясьпека могуць стаць несумяшчальнымі. Чэскі пісьменьнік і журналіст Андрэй Нэфф у артыкуле ў газэце Lidove noviny ўвогуле назваў гэтыя падзеі кропкай у далейшым разьвіцьці дэмакратыі ў сьвеце, таму што цяпер кожны павінен будзе дзеля бясьпекі абмяжоўваць дэмакратыю. На яго думку, дэмакратыя скончылася у мінулым стагодзьдзі, якое цяпер мы будзем лічыць “страчаным раем”.
(Латышонак: ) “Якраз гэтага і хочуць такія тэрарысты, каб зьмяніць грамадзтва і зрабіць яго сабе падобным. Мне здаецца, што тут дэмакратыя ні пры чым, тое самае магло здарыцца, калі б не было дэмакратыі. Калі такая групоўка вар’ятаў хоча нешта зрабіць, то ўсюды гэта можа зрабіць. Успомнім, як аказалася, што адзін звычайны пілёт-аматар можа прызямліцца на Чырвонай плошчы, то можна было і ў Крэмль ударыць”.
Тэрарысты хочуць зьмяніць грамадзтва і зрабіць яго падобным да сябе – гэтыя словы Алега Латышонка пасуюць як да беспасярэдніх выканаўцаў тэрарыстычных актаў, так і да тых, хто ўкладае ў іхныя рукі бомбы, аўтаматы ці так званыя “расстрэльныя” пісталеты для выкананьня “законных” прысудаў.