Амаль год таму спынілася выданьне найбольш вядомай у беларускім замежжы газэты “Беларус”. Наша эміграцыя ў Амэрыцы выдавала яе з верасьня 1950. На старонках газэты публікаваліся Натальля Арсеньнева, Антон Адамовіч, Уладзімер Глыбінны, Яўген Каханоўскі і многія іншыя слынныя дзеячы эміграцыі. “Беларус” даваў інфармацыю ня толькі пра жыцьцё нашай дыяспары ў ЗША, але і па ўсім заходнім сьвеце.
У савецкія часы газэта была забароненаю на Бацькаўшчыне, яе патаемна даставалі і чыталі беларускія адраджэнцы, адкрывалі для сабе зусім невядомы замежны беларускі сьвет.
Як цяпер успрымаюць у Беларусі той сумны факт, што “Беларуса” зноў нельга чытаць. Гаворыць супрацоўніца Інстытуту гісторыі, вядомы дасьледчык культуры беларускага замежжа Галіна Сяргеева.
(Сяргеева: ) “Вельмі шкада, што гэтая газэта не выходзіць менавіта цяпер. Можа цяпер яна найбольш патрэбная, таму што вельмі ўжо складаны час надыходзіць. Ад усіх нас залежыць, ці наступяць доўгачаканыя перамены, і ад нас, у Беларусі, і ад беларусаў замежжа.
Тое, што газэта не выходзіць якраз зараз, на мой погляд, у такі складаны час – гэта вельмі добры падарунак для антыбеларускіх сілаў. Думаю, што даволі нечаканы падарунак”.
(Карэспандэнт: ) “І цяпер даводзіцца карыстацца іншымі крыніцамі інфармацыі?”
(Сяргеева: ) “Так. Пэўным чынам дае інфармацыю з замежжа газэта “Голас Радзімы”, якая найбольш даступная ў дыяспары, высылаецца туды бясплатна. Яна робіць тое магчымае, што можна тут рабіць. Але, толькі магчымае. Не хапае якраз той пазыцыі, тых аргумэнтаў, фактаў, асэнсаваньня, якія маглі б быць вольна выказаныя ў публікацыях “Беларуса”.
Як сябра Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”, сьведчу, што мы асабліва адчуваем недахоп гэтага выданьня напярэдадні трэцяга Зьезду беларусаў сьвету, які мае адбыцца ў ліпені. Развагі, дыскусіі па галоўных пытаньнях гэтага агульнабеларускага форуму, тэма якога – “Беларусь і беларусы на мяжы стагодзьдзяў”, былі б вельмі цяпер дарэчы”.
(Карэспандэнт: ) “Што сталася? Чаму не выходзіць газэта “Беларус”? На нашыя пытаньні адказвае сябра рэдакцыйнай калегіі Вітаўт Кіпель.
(Кіпель: ) “Справа з газэтаю “Беларус” такая. Была вялікая грамада, якая гэтую газэту пачала і догі час выдавала. Тая грамада паступова адышла, прыехалі новыя людзі, якія яшчэ не знаёмыя з вядзеньнем справы ў новых эканамічных і жыцьцёвых абставінах. Трэба падпіска рэгулярная, трэба зьбіраць ахвяраваньні, бо газэта патрабуе значных выдаткаў. Апошнія гады такая праца амаль не вялася.
Паступова ў газэты стварылася запазычанасьць. Старшыня Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня сказаў, што ў першую чаргу мусім выплаціць доўг, а потым ужо выдаваць газэту. У сувязі з гэты і было прыпынена яе выданьне.
Але цяпер газэта “Беларус” пачынае аднаўляцца. Было некалькі пасяджэньняў, на якіх прадстаўнікі беларускіх арганізацыяў у Амэрыцы выказалі меркаваньні, што газэта мусіць выходзіць на новых пачатках”.
(Карэспандэнт: ) “Сп. Вітаўт, я так разумею, што газэта будзе адноўленая?”
(Кіпель: ) “Безумоўна, выданьне газэты “Беларус” будзе адноўленае, бо для ўсіх нас яна патрэбная, як для старой, так і для новай эміграцыі. Трэба рэгістраваць беларускае жыцьцё ў ЗША, трэба выказваць свае думкі.
Як я ўжо гаварыў, было некалькі арганізацыйных пасяджэньняў БАЗА, у якіх прымалі ўдзел прадстаўнікі ўсіх найбольш буйных беларускіх суполак. Пастанавілі аднавіць выданьне газэты ўлетку, але ўжо на іншым прынцыпе. Мы падлічылі, што газэту будзе выдаваць значна таньней, калі будзем мець уласную друкарку. Цяпер ідзе пошук і закупка адпаведнай тэхнікі. Прыблізна ў канцы чэрвеня ці на пачатку ліпеня газэта выйдзе нанова”.
(Кіпель: ) “Я б сказаў, што сёньня палітычнае жыцьцё ўжо, бадай што, перанятае новай эміграцыяй. Што тычыцца выданьня газэты, то я ўпэўнены, што адноўленая газэта “Беларус” будзе мець гэтулькі падпісчыкаў, супрацоўнікаў, колькі яна мела ў 50-х гадох, калі быў пік дзейнасьці паваеннай эміграцыі. Тут ёсьць шмат маладых літаратараў, гісторыкаў, якія сёньня ўжо авалодалі моваю, якія стаяць на добрым шляху ўладкаваньня свайго прыватнага жыцьця, яны, безумоўна, будуць дапамагаць у выданьні газэты. Такім чынам, што тычыцца інтэлектуальных сілаў, то газэта мае добрыя пэрспэктывы. Усё, што сёньня патрэбна газэце “Беларус”, – гэта паставіць надзейную адміністрацыйна-эканамічную базу”.
Што ж, будзем спадзявацца, што ў хуткім часе газэта “Беларус” ізноў вернецца да сваіх чытачоў.
А тым часам інфармацыйны вакуум прадаўжаюць запаўняць іншыя выданьні.
Нью-Ёркскі аддзел БАЗА выдае свой бюлетэнь “Весткі і паведамленьні”, які апошнім часам набыў новае дыханьне. Доўгія гады бюлетэнь выдаваў Аляксандар Міцкевіч, якога цяпер замяніў Марат Клакоцкі. Як нам стала вядома, зараз існуе праект аб’яднаньня “Весткаў і паведамленьняў” з газэтаю “Беларус”. Ізноў гаворыць Вітаўт Кіпель.
(Кіпель: ) “Была такая прапанова, што можна спалучыць. Але напачатку Нью-Ёрскі аддзел мусіць гэта пастанавіць, а тады рэдакцыйная калегія “Беларуса” выкажа свой пагляд. Я асабіста ўважаю, што гэта было б магчыма, можна было б значна скараціць агульныя выдаткі. На адной старонцы маглі б друкавацца “Весткі і паведамленьні”. Абодва выданьні друкуюцца ў Нью-Ёрку і арганізацыйна можна зрабіць. Але ёсьць і пярэчаньні. Бюлетэнь зьмяшчае інфармацыю пра бягучае жыцьцё Нью-Ёрскага аддзелу, сямейную хроніку, што можа быць не ўсім цікава. Адным словам, гэтае пытаньне знаходзіцца яшчэ ў стадыі разгляду”.
Найбольш значным беларускім выданьнем у ЗША на сёньня зьяўляецца газэта “Беларускі дайджэст”. З 1993 г. яе выдае Мікола Прускі з гораду Грэнд Рэпідс. Газэта мае свой накірунак, які быў абраны згодна з патрэбамі эміграцыі. Гаворыць Мікола Прускі.
(Прускі: ) “Нас у замежжы цікавіць, што адбываецца і якім чынам ідзе справа нацыянальнага адраджэнья ў Беларусі. Гэтая інфармацыя да
90-х гадоў да нас не даходзіла. Таму была патрэбная газэта, якая падавала б бягучыя весткі пра падзеі на Бацькаўшчыне. Так узьнікла думка выдаваць дайджэст, які мог бы перадрукоўваць найбольш цікавыя для нас матэрыялы зь беларускай прэсы, якую мы не маглі атрымоўваць”.
(Карэспандэнт: ) “Сп. Мікола, апошнім часам акрамя перадрукаў у газэце сталі зьяўляцца і арыгінальныя публікацыі. Ці гэта азначае, што яе зьмест будзе мяняцца?”
(Прускі: ) “Я мяркую, што назва “Беларускі дайджэст” мусіць заставацца, бо яе ведаюць. Але калі хто мае цікавыя матэрыялы і дашле нам, зь вялікаю радасьцю буду друкаваць. Я буду цяпер старацца супрацоўнічаць зь людзьмі, якія могуць пісаць, ведаюць пра што пісаць, каб яны друкаваліся ў “Беларускім дайджэсьце”.
(Карэспандэнт: ) “Магчыма, у адсутнасьць “Беларуса”, сп. Мікола, Вы маглі б друкаваць і зьвесткі пра жыцьцё беларусаў у Амэрыцы?”
(Прускі: ) “З гэтым няма ніякае праблемы. Я заўсёды гатовы знайсьці месца для розных допісаў пра беларускае жыцьцё ў ЗША, Канадзе і г.д.”
(Карэспандэнт: ) “Кола чытачоў “Беларускага дайджэста” сёньня пашыраецца?”
(Прускі: ) “Я атрымоўваю амаль штотыдзень 5-6 новых адрасоў – з Расеі, Армэніі, Украіны і іншых краінаў былога СССР, асабліва. Некаторыя прысылаюць цэлыя сьпісы адрасоў. Задаволіць просьбы ўсіх жадаючых чытаць газэту амаль што немагчыма”.
Сапраўды, пэрыёдык “Беларускі дайджэст” ня ў стане задаволіць усіх чытацкіх патрэбаў. Аднаўленьне газэты “Беларус”, а, магчыма, і ўзьнікненьне новых выданьняў у вольным сьвеце, на сёньня ёсьць ня толькі неабходнасьць для эміграцыі, але і добрая падтрымка для беларусаў на Бацькаўшчыне.