Сьпіс фіналістаў склалі ўдзельнікі ўсясьветнага музычнага кірмашу ў нямецкім горадзе Эсэне. Сярод прэтэндэнтаў на прэмію – сэнэгальскі аркестар, француска-аргентынская харэаграфічная група, палінэзійская група з Новай Зэляндыі, партугальская сьпявачка Марыша ды расейскі музыка Сяргей Старасьцін, які працуе на стыку джазу й фальклёру.
РЫМ. Выступаючы ў Італіі, амэрыканскі рэжысэр і актор Вуды Ален назваў сябе "акторам-няўдачнікам". Як сказаў Ален, "Дастын Гофман – актор, Джэк Нікалсан – актор, а я – не актор". У Італіі Вуды Ален выступаў як джазавы музыка. Напярэдадні канцэрту ён заявіў: "Калі б я ня быў знакамітасьцю, ніхто б на мой канцэрт не прыйшоў". Ален таксама сказаў, што Галівуд траціць мільёны даляраў на глупыя фільмы, ды высока ацаніў эўрапейскі кінэматограф, у прыватнасьці, фільмы гішпанскага рэжысэра Пэдра Альмадовара.
НЬЮ-ЁРК. Актор Джэймс Вуд будзе граць ролю былога мэра Нью-Ёрку Рудольфа Джуліяні. Фільм будзе здымацца ў Канадзе паводле дакумэнтальнае кнігі "Руды!", якую экс-мэр не аўтарызоўваў. Прадстаўнік Джуліяні адмовіўся пракамэнтаваць паведамленьне пра запуск карціны.
МАДРЫД. Музэй Прада прадставіў выставу "Мастацтва пры двары Філіпа V", якую можна пабачыць да 26 студзеня 2003 году. Філіп V быў першым карлём з дынастыі Бурбонаў у Гішпаніі й кіраваў краінай у першай палове 18-га стагодзьдзя. Прафэсар Мігель Маран назваў выставу шырокай панарамай таго пэрыяду – камбінацыяй трох традыцыяў: францускіх у караля, італійскіх у дзьвюх каралеваў і гішпанскіх.
НЬЮ-ЁРК. Малюнак кансэрвнае банкі з канцэнтраваным супам фірмы "Кэмпбэлз" будзе прапанаваны на аўкцыёне "Крыстыз" за ўсяго 1 мільён даляраў. Аўтарам малюнка ёсьць Энды Ўорхал, чыя выява Мэрылін Манро была прададзеная за 17 мільёнаў 300 тысячаў даляраў, таму цана кансэрвнае банкі падаецца яшчэ нізкай. Прэсавая сакратарка аўкцыёну "Крыстыз" заяівіла: "Ніводны іншы вобраз ня ёсьць больш амэрыканскім, чым кансэрвная банка супу "Кэмпбэлз". Яе дызайн збольшага не зьмяняецца ад пачатку 20-га стагодзьдзя. Сэрыйныя вобразы Ўорхала цудоўна адлюстроўваюць грамадзтва спажыўцоў, і малюнак – адзін з раньніх прыкладаў гэтага".
ЛЁНДАН. Дачка брытанскага паэта Тэда Х'юза й амэрыканскай паэткі Сыльвіі Плят абвінаваціла мачаху ў тым, што яна не аддае грошай, якія мусіць аддаць паводле волі памерлага бацькі. Сыльвія Плят скончыла жыцьцё самагубствам у 1963 годзе. Тэд Х'юз памёр у 1998 годзе. Сваю маёмасьць – 1 мільён 400 тысячаў фунтаў стэрлінгаў – ён завяшчаў другой жонцы Кэрал. Дачка ад папярэдняга шлюбу – Фрыда Х'юз – сьцьвярджае, што бацька пакінуў ліст, дзе распарадзіўся дзяліць ганарары за пасьмяротныя публікацыі паміж двума дзяцьмі й сястрой. У газэце "Sunday Telegraph" Фрыда Х'юз напісала, што спрэчка з-за грошай пазбавіла яе ня толькі бацькі, але й мачахі, якую яна любіла ды якой верыла.