Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ НАВУКІ І ТЭХНАЛЁГІІ


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Паводле францускага палеантоляга Мішэля Брунэ, чэрап належыць самаму старажытнаму продку чалавека і ягоны ўзрост складае 6-7 мільёнаў гадоў. Галоўны апанэнт Брунэ Мілфард Волпаф з Мічыганскага ўнівэрсытэту цьвердзіць, што чэрап належыць самцы гарылы. Навуковы сьвет лічыць гэтую дыскусію вельмі істотнай, паколькі ў ёй ставіцца пад сумненьне тэорыя паходжаньня і эвалюцыі чалавека.

НЯМЕЧЧЫНА. У ашчадных касах нямецкага гораду Гэльзэнкірхэн неўзабаве зьявяцца грашовыя аўтаматы з голасам, разьлічаныя на невідушчых кліентаў. Каб ужываць такі аўтамат, наведніку спатрэбяцца навушнікі, праз якія ён пачуе, колькі грошай на ягоным рахунку. Апрача гэтага, на клявішах прылады будзе зьмешчаны рэльефна-кропкавы шрыфт Брайля, пры дапамозе якога кліент зможа ўвесьці патаемны код сваёй банкаўскай карткі і потым зьняць патрэбную суму.

ЗША. Да ранейшых 15 мэтраў чыгункі на Міжнароднай Касьмічнай Станцыі астранаўты са Злучаных Штатаў Дэвід Вулф і Пірс Сэлерс дадалі яшчэ 15. Пазьней гэтая 30-мэтровая чыгунка будзе ўжывацца для перасоўваньня крана, пры дапамозе якога працягнецца будаўніцтва станцыі. Будаўнічыя часткі для чыгункі, а таксама возік, які будзе па ёй рухацца, прывёз на арбіту карабель “Атлантыс”. У нядзелю і панядзелак астранаўты Вулф і Сэлэрс яшчэ двойчы выйдуць у адкрыты космас.

ГІШПАНІЯ. Гішпанскі інжэнэр Пэдра Манагас сканструяваў кішанёвы прыбор, які аналізуе гукі плачу немаўляці і дазваляе высьветліць, прычыну гэтага плачу. Паводле вынаходніка, ягоная электронная прылада цягам 20 сэкундаў можа вызначыць ці дзіця плача ад голаду, стомы, суму або фізычнага дыскамфорту. Неўзабаве такі апарат можна будзе купіць у гішпанскіх аптэках. Ягоны кошт складзе каля 93 даляраў ЗША.

АЎСТРАЛІЯ. Цудоўныя якасьці лімона былі вядомыя здаўна, аднак цяпер яны “нанова адкрытыя” аўстралійскімі навукоўцамі. Шматлікія дасьледаваньні з ужываньнем соку гэтага цытруса паказалі, што ён зьяўляецца ня толькі цудоўным кантрацэптам, але і здольны зьнішчыць вірус СЬНІДу. У часе ўчорашняга выступу ў цэнтральнай аўстралійскай тэлевізіі вядомы фізыёляг Роджэр Шот сьцьвярджаў, што ўсяго некалькі кропляў лімоннага соку зьяўляюцца танным і надзвычай эфэктыўным сродкам абароны жанчыны як ад непажаданай цяжарнасьці, так і ад “чумы ХХ стагодзьдзя”. Навуковец лічыць, што адкрыцьцё асабліва актуальнае для бедных краінаў Афрыкі і Азіі ў справе барацьбы з высокім ростам насельніцтва і распаўсюджаньнем СЬНІДу.

ВЯЛІКАЯ БРЫТАНІЯ. Навукоўцы з Унівэрсытэту заходняй Ангельшчыны (University of the West of England - UWE) у Брыстолі распрацавалі новую крыніцу электрычнай энэргіі, якая працуе на харчовых адкідах. Досьледны ўзор ужывае ў якасьці сыравіны цукар, аднак у хуткім часе дасьледнікі плянуюць перавесьці яго на моркву, зь якой можна здабыць большую колькасьць энэргіі. Прыблізны кошт бактэрыйнай энэргакрыніцы складзе каля 15 даляраў, але ейная прадукцыйнасьць будзе ў 8 разоў большая, чым у наяўных сёньня аналягаў. Некалькі батарэяў, злучаных разам, змогуць забясьпечваць энэргіяй пабытовую тэхніку.

ЗША. Кожны набор рухавых навыкаў (напрыклад язда на ровары ці завязваньне вузлоў) засвойваецца аднойчы і на ўсё жыцьцё. Як паказалі нэйрафізыёлягі з Балтыморскага ўнівэрсытэту Джона Гопкінса, у часе актыўнага навучаньня мазгі апрацоўваюць і фіксуюць інфармацыю ў два этапы. Ад пачатку ў кароткачасовай памяці, а затым, пасьля шматлікіх паўтораў, у доўгачасовай. Толькі пасьля гэтага яны робяцца так бы мовіць “другой натурай” чалавека і ўзнаўляюцца аўтаматычна. На першай стадыі навучаньня вельмі істотна не перакідаць увагу на іншыя нязвычныя заняткі, бо трываласьць замацаваньня навыкаў можа моцна зьнізіцца.


XS
SM
MD
LG