Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны ўсясьветнай навукі і тэхналёгіяў


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Сёньня на рынку вiдэатэлефонаў лiдыруюць кампанii Японii i Кiтаю. Дасьледчыкi прагназуюць, што гэтыя дзьве краiны выпусьцяць 90 адсоткаў з 16 мiльёнаў гэтых тэлефонаў да канца гэтага году.

ЗЛУЧАНЫЯ ШТАТЫ. Ужо ўвосень сёлета на амэрыканскiм рынку будзе прадавацца самая разумная на сьвеце лялька CINDY SMART. Яна ўмее бачыць з дапамогай убудаванай камэры i, што болей iстотна, распазнаваць вобразы – лiтары, лiчбы i асобныя прадметы. Акрамя таго, “разумная лялька” абсталёўваецца мiкрафонам i сыстэмай распазнаваньня мовы i сама можа размаўляць на пяцi мовах, выкарыстоўваючы дзеля гэтага 700 словаў. Мозгам CINDY SMART зьяўляецца 16-разрадны мiкрапрацэсар, якi i кiруе ўсiмi думкамi i пачуцьцямi лялькi. Новая лялька будзе перадусiм навучаць дзяцей. Яна будзе прадавацца ў камплекце з партай, а ў ейнай памяцi будзе закладзеная вялiкая колькасьць навучальных праграмаў.

ЧЭХІЯ. Чэскiя навукоўцы прыйшлi да высновы, што сыстэматычнае ўжываньне пiва падвышае сэксуальную актыўнасьць. Прафэсар Павал Зэмэк з праскага Цэнтру геранталёгii пасьля сэрыi праведзеных iм дасьледаваньняў перакананы, што папулярны напой ня толькi наталяе смагу i здымае стрэс, але i дапамагае вырашаць праблему iмпатэнцыi. Ён высьветлiў, што пiва як найлепшы прыродны стымулятар станоўча ўплывае на крывяносную сыстэму чалавека i нядрэнна прачышчае артэрыi. Памяркоўнае спажываньне пiва – добрая прафiляктыка артэрыяльнага склярозу, а менавiта скляроз спараджае ў мужчынаў праблемы з эрэкцыяй. Аднак чэшскi мэдык адзначыў, што злоўжываньне пiвам можа даць i супрацьлеглы эфэкт.

БРАЗІЛІЯ. Улады бразiльскага штату Рыа-дэ-Жанэйра маюць намер выкарыстаць дырыжабль дзеля патруляваньня вулiцаў яго аднайменнай сталiцы. Гэтае рашэньне прынятае ў межах узмацненьня барацьбы са злачыннасьцю, якая захлiснула 5-мiльённы горад. Дырыжабль, замоўлены адной аргентынскай фiрме, даставяць празь некалькi тыдняў. Ён будзе абсталяваны тэлекамэрамi з высокай дазваляльнай здольнасьцю, якiя дазволяць з вышынi 300 мэтраў сачыць за сытуацыяй на зямлi. У выпадку ўзьнiкненьня iнцыдэнтаў экiпаж па радыё папярэдзiць палiцыю.

ІТАЛІЯ. Шырока выкарыстаны антыбiётык можа ўжывацца пры лекаваньнi хваробы каровiнага шаленства i iншых захворваньняў, што выклiкаюцца прыёнамi. Навукоўцы з Нацыянальнага iнстытуту нэўралёгii ў Мiляне ў сэрыi экспэрымэнтаў на тканках загiблых ад прыённых хваробаў жывёлаў i людзей, а таксама досьледах на хамяках, даказалi, што тэтрацыклiн парушае ўстойлiвасьць гэтых бялкоў да дзеяньня iмунных сiлаў арганiзму. Так, хамякi, у якiх прыёны папярэдне апрацоўвалiся антыбiётыкам, жылi даўжэй, чым тыя, што засталiся без тэтрацыклiну. Дасьледчыкi зазначаюць, што пры невысокай канцэнтрацыi прыёнаў тэтрацылiн можа ўвогуле папярэдзiць заражэньне.
XS
SM
MD
LG