Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На тэрыторыі Чаду знойдзены чэрап найстарэйшага зь вядомых навуцы прадстаўнікоў чалавечага роду


Кастусь Бандарук, Прага

Амаль цэлы чэрап быў знойдзены на тэрыторыі Чаду француска-чадзкай місіяй палеантолягаў на чале з францускім прафэсарам Мішэлям Брунэ і названы “ сэхелантропус чадэніс”. Вучоныя мяркуюць, што знаходцы 6-7 мільёнаў гадоў. Калі прыраўняць гэты пэряд да 24 гадзінаў, дык Хрыстос жыў 23 сэкунды таму. Чэрап быў названы “Тумай”, што ў мясцовай мове горан азначае “надзею на жыцьцё”. Гэтае імя традацыйна даецца ў Чадзе дзецям, якія нараджаюцца ў сухую пару. Паводле галоўнага рэдактара часопісу “Nature” Генры Джы, гэта чэрап дагэтуль невядомай істоты. Яна нагадвае малпу з чалавечым тварам:

“Чэрап мае чалавечыя рысы, і ёсьць падставы цьвердзіць, што ён, паводле тэорыі эвалюцыі, належаў чалавечаму продку з першапачатковага пэрыяду эвалюцыйнага працэсу. Пра гэты пэрыяд мы амаль нічога ня ведаем. У пэрыяд ад 10 да 6 мільёнаў гадоў таму толькі фармаваўся чалавечы род, наступала аддзяленьне ад шымпанзэ, або тых істотаў, якія імі сталі”.

Аналіз знаходкі яшчэ не завершаны, але ўжо вядома, што чэрап мае менавіта сумесь рысаў прымітыўнай і разьвітай істоты. Мазгавая частка падобная да малпаў, аднак пярэдняя частка, сківіцы, зубы і бровы адносна малыя і набліжаныя да чалавечых. Яны ў значнай ступені нагадваюць чэрап чалавечага продка, знойдзенага ў 1856 годзе ў даліне Нэандэр на тэрыторыі Нямеччыны і названага “нэандэртальцам”. Аднак ён праўдападобна жыў ўсяго 30 тысячаў гадоў таму.

Аддзяленьне людзей ад шымпанзэ, пра якое заявіў Генры Джы, праўдападобна, адбылося ў пэрыяд, зь якога паходзіць апошняя знаходка і які дагэтуль быў амаль невядомы. На думку навукоўцаў, істота, якой належаў чэрап, праўдападобна, мужчынскага полу, жыла ў эпоху ключавую для эвалюцыі чалавека. “Знаходка прымушае нас паставіць пад сумнеў існуючую дагэтуль радаслоўную “гома сапіенс”, – заявіў Крыс Стрынгер з Інстытуту Прыродазнаўства ў Лёндане. Сэнсацыйнае адкрыцьцё дазваляе адкінуць гіпотэзу ад існаваньні нейкага “прамежкавага зьвяна” паміж людзьмі і шымпанзэ. Дзесяць мільёнаў гадоў таму яшчэ не было “гома сапіенс”, а толькі чалавекападобныя малпы. Затое 5 мільёнаў таму ўжо выразна бачныя сьляды чалавечага продка.

На думку рэдактара “Nature” Генры Джы, гэта самая важная знаходка за ўсю гісторыю навукі з таго дня, як знайшлі аўстралапітэка. Аўстаралапітэк быў знойдзены Раймундам Дартам ў 1920-х гадох, аднак ён жыў на 3 мільёны гадоў пазьней за сахелантропуса. Чэрап і знойдзеныя побач сківіцы сахелантропуса могуць карэнным чынам зьмяніць нашае ўяўленьне пра пачаткі чалавека, – лічаць навукоўцы.
XS
SM
MD
LG