Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны ўсясьветнай навукі і тэхналёгіяў


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

На думку аналітыкаў фірмы, аб’ём продажаў кампутараў будзе расьці такімі надзвычайнымі тэмпамі, што другога мільярду можна чакаць ужо да 2008 году. Мяркуецца, што самы высокі рост продажаў будзе ў Кітаі, Лацінскай Амэрыцы , Усходняй Эўропе і Індыі.

ЯПОНІЯ. Карпарацыя “Toshiba” абвесьціла, што яе адмыслоўцамі распрацаваны першы ў сьвеце вялікі гнуткі вадкакрышталічны дысплей. Тым самым адчынены шлях да стварэньня скрыўленых экранаў, а ў пэрспэктыве – вадкакрышталічных дысплеяў, якія можна сагнуць папалам. Новы паўнаколеравы дысплей мае звыштонкую актыўную матрыцу на нізкатэмпэратурным полікрэмніі. Новы дысплей знойдзе выкарыстаньне ў тэлевізарах, якія можна будзе ўсталёўваць у публічных месцах, а таксама ў інфармацыйных табло ў цягніках і аўтобусах. Зараз кампанія распрацоўвае новую тэхналёгію масавай вытворчасьці падобных прыстасаваньняў. Чакаецца, што пастаўкі іх на рынак распачнуцца да 2005 году.

ЗША. Асобныя віды дрэваў вылучаюць рэчывы, якія забруджваюць атмасфэру, уплываюць на зьмену клімату і наносяць шкоду іншым формам жыцьця. Адначасна такія дрэвы шкодзяць і ўласнаму свайму росту. Дасьледчыкі з унівэрсытэту Канзасу Рэні Джанг і Сайман Норт выявілі болей за тысячу рэакцыяў, якія трансфармуюць ізапрэн, што арганічна вылучаюць дрэвы, у таксычныя рэчывы, якія забруджваюць асяродзьдзе. Ізапрэн вылучаецца пры дыханьні дубоў і зьяўляецца другім паводле аб’ёму вуглевадародам (пасьля мэтану), які вылучаецца ў натуральных умовах. У выніку складаных хімічных рэакцыяў ізапрэн робіць больш простым утварэньне азону. Лішкі азону могуць затрымліваць рост дрэваў і нават выклікаць іх пагібель.

НЯМЕЧЧЫНА. Працяглы пасіўны адпачынак, пазбаўлены разумовых практыкаваньняў, згубна дзейнічае на разумовую дзейнасьць чалавека. Гэтае сумнае адкрыцьце зрабілі ў разгар сэзону вакацыяў нямецкія псыхолягі. Яны вызначылі, што ў чалавека, які праляжаў тры тыдні на пляжы, каэфіцыэнт інтэлектуальнага разьвіцьця падае на 20 пунктаў. А каб аднавіць былую працаздольнасьць, пасьля такога адпачынку патрабуецца чатыры дні.

ФРАНЦЫЯ. Канцэрн “PSA Peugeot Citroen” абвесьціў пра сваё рашэньне пабудаваць трансмісыйнае аддзяленьне на заводзе ў францускім горадзе Валэнсьен. Там будуць вырабляць шасьціступенчатыя мэханічныя каробкі з электронным кіраваньнем. У машынаў з такімі каробкамі пэдалі шчапленьня ня будзе, а пераключаць перадачы можна будзе як уручную, гэтак і ў аўтаматычным рэжыме. У праект будзе інвэставана 430 мільёнаў эўра, а першыя каробкі перадачаў пакінуць канвэер у 2005 годзе.
XS
SM
MD
LG