Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ ЎСЯСЬВЕТНАЙ КУЛЬТУРЫ.


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Другое месца заняла карціна 1939 году “Праляцела зь ветрам” зь Вів’ен Лі і Кларкам Гэйблам. На трэцім – экранізаваны ў 1961 годзе знакаміты мюзыкал “Вэстсайдзкая гісторыя”. Сярод названых журы кінафільмаў у першую дзясятку ўвайшлі таксама “Рымскія вакацыі”, “Доктар Жывага”, “Love Story”. Цікава, што зь фільмаў, якія былі зьнятыя апошнімі гадамі, лепшая, 21-я пазыцыя, у стужкі “Pretty Women”. Бэстсэлер “Тытанік” – толькі на 37-м месцы.

ІТАЛІЯ. Італьянскі дасьледчык Антоніа Калека цьвердзіць, што ён змог высьветліць імёны сапраўдных стваральнікаў знакамітай Пізанскай вежы. На думку вучонага, які спэцыялізуецца на вывучэньні ўнікальнага збудаваньня, узьведзенага ў 1372 годзе, імі былі не Банана і Тамаза Пізана, як лічылася раней, а Джэрарда ды Джэрарда і Джавані Пізана. На падставе дакумэнтаў той эпохі аўтар кнігі "Пізанская вежа. Гістарычнае і фатаграфічнае падарожжа” прыйшоў да высновы, што ніжнюю частку вежы будаваў практычна невядомы архітэктар Джэрарда ды Джэрарда, а Джавані Пізана, вядомы скульптар і архітэктар таго часу, займаўся будаўніцтвам верхніх паверхаў збудаваньня.

РАСЕЯ. У Маскве адменены канцэрт культавага гурту “Rammstein”, які меўся адбыцца на лётнішчы Тушына 19 чэрвеня. Рашэньне прынялі канцэртнае агенцтва “Т.С.І.”, палітычная партыя “Саюз правых сілаў” і мэнэджмэнт гурту з прычыны нядаўніх масавых забурэньняў падчас трансляцыі футбольнага матчу на Манежнай плошчы. Арганізатары канцэрту палічылі, што падчас імпрэзы магчымыя правакацыі з боку маладых маскоўскіх экстрэмістаў, накшталт таго, што адбылося 9 чэрвеня. Тым ня меней, “Rammstein” у Маскву прыедзе ў той самы дзень, як і меркавалася. У наўпроставым эфіры радыё “Ultra” музыкі будуць мець размову са сваімі прыхільнікамі пераважна на тэму фашызму, экстрэмізму і таталітарызму ў сучасным цывілізаваным грамадзтве.

ВЯЛІКАЯ БРЫТАНІЯ. У Лёнданскай “Сэрпэнтайн Гэлэры” адчынілася выстава скандальна вядомых мастакоў Гілбэрта і Джорджа пад назовам “The Dirty Words Pictures”. Выстаўленыя творы спалучаюць у сабе выкананыя ў стылістыцы графіці брыдкаслоўныя выразы з панурымі гарадзкімі пэйзажамі і аўтапартрэтамі саміх мастакоў. Арганізатары выставы лічаць, што што правакацыйныя карціны-выклікі ня толькі адлюстроўваюць зьмены ў стаўленьні да шматстайных праяваў сэксуальнасьці, але і прымушаюць задумацца над тым, што ж горш – брыдкаслоўе альбо сацыяльная несправядлівасьць. Адміністрацыя галерэі прыняла рашэньне, што дзеці да 16 год на выставу могуць патрапіць толькі ў суправаджэньні дарослых.

АЎСТРАЛІЯ. Дзеля здымак фінальнай сцэны другой часткі фільму “Матрыца” ў аўстралійскім горадзе Сыдней на два дні будзе спынены вулічны рух. Пра гэта паведаміла газэта “Daily Telegrapgh”. Паводле задумы стваральнікаў карціны, над горадам павінен праляцець гелікоптэр. На асобных участках маршруту гэлікоптэр павінен будзе зьніжацца да вышыні 180 мэтраў. Сярод пытаньняў, якія абмеркавалі кінематаграфісты з уладамі Аўстраліі – магчымасьць эвакуацыі людзей з хмарачосаў, а таксама спыненьне руху транспарту і людзей на шэрагу вуліцаў. Мэр Сыднэю прыязна паставіўся да задумы, але сказаў, што стваральнікам стужкі трэба будзе ўлічыць патрэбы мясцовага бізнэсу. Колькі будзе каштаваць незвычайная арэнда гарадзкіх вуліцаў пад здымачны павільён, не паведамляецца.
XS
SM
MD
LG