Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскія музыкі заваявалі амэрыканскія сэрцы


Сяргей Шупа, Прага

Грамадзтва адной усходнеэўрапейскай краіны нядаўна сутыкнулася зь нечаканымі праблемамі: англамоўны назоў краіны неадпаведны – выклікае непажаданыя асацыяцыі, сьцяг разыходзіцца з геапалітычным кантэкстам, зьмест гербу ня мае ніякага дачыненьня да гісторыі і традыцыяў, а гімн – пазычаны ў суседзяў. Ну праблемаў асабліва вялікіх быццам бы й няма, але ў грамадзтве распачалася жывая дыскусія наконт магчымых зьменаў сытуацыі. Гаворка, як ні дзіўна, – пра Эстонію, якая два тыдні таму адзначала Дзень Незалежнасьці.

Пачалося ўсё 12 лістапада летась, калі гісторык Эрык Кросьс надрукаваў у газэце “Eesti Päevaleht” артыкул з прапановай называць краіну па-ангельску не Estonia, як дагэтуль, а Estland – гэтак як Finland, Scotland, Iceland, Ireland. Маўляў, Эстонія гучыць гэтаксама як Македонія, Альбанія, Арменія, Якуція, Гамбія, Замбія, а Estland – адразу пазначае эўрапейскі геаграфічны кантэкст. Да таго ж гэтак Эстонію называюць немцы, швэды, датчане, нарвэжцы й нідэрляндцы, для якіх слова Эстонія – гэта перадусім назоў затанулага парома.

3 сьнежня дырэктар прэсавага бюро эстонскага ўраду Каарэл Таранд прыватна выступіў у друку зь яшчэ адной прапановай – аб зьмене дзяржаўнага сьцягу. Замест цяперашняга сіне-чорна-белага трыкалёру ён запрапанаваў прыняць скандынаўскі сьцяг-крыж, ужыўшы тыя самыя нацыянальныя колеры. У прыватнасьці, сьцяг мог бы выглядаць так – на сінем фоне белы крыж з чорнай каймой. На думку Таранда, любы чалавек, пабачыўшы такі сьцяг, адназначна б зразумеў, што гаворка йдзе пра нейкую паўночнаэўрапейскую краіну, тым часам як цяперашні сьцяг такой адназначнасьці ў сабе не нясе.

Я патэлефанаваў у Талін аўтару прапановы зьмены сьцяга Карэлу Таранду і папрасіў яго расказаць пра сваю ідэю:

(Таранд: ) “Мая ідэя зусім не арыгінальная – гэта старая спрэчка, якая вялася яшчэ ў першыя гады незалежнасьці, калі пытаньне пра дзяржаўны сьцяг стаяла на парадку дня парлямэнту. Тады яе вырашылі на карысьць таго трыкалёра, які ў нас ужываецца сёньня. Так што гэта проста вяртаньне ў парадак дня старой спрэчкі. Але глыбейшая задума тут усё ж была нагадаць людзям пра нашыя нацыянальныя сымбалі і гэткім чынам выклікаць абмеркаваньне, дыскусію наконт нашай нацыянальнай тоеснасьці – у шырокім сэнсе.

Мне асабіста здаецца, што тоеснасьць гэтая – нашае ўяўленьне пра тое хто мы, што мы хочам і кім хочам быць – не такая моцная і ясная, як магла б быць. І таму, на маю думку, для гэткага абмеркаваньня заўсёды ёсьць месца ў сёньняшняй Эстоніі.

І пытаньне было зусім ня ў тым, што я абавязкова хацеў бы зьмяніць дзяржаўны сьцяг. Я хачу, каб эстонскія нацыянальныя колеры былі больш заўважныя ў нашым штодзённым жыцьці, каб яны больш нагадвалі нам, хто мы такія. І гэта было галоўнае пытаньне”.

У поўні дыскусіі эстонская фірма рынкавых дасьледаваньня “Эмор” правяла сацыялягічнае апытаньне з мэтай выявіць – як эстонскае грамадзтва ставіцца да прапановаў аб зьмене сымболікі. Вынік апытаньня быў адназначны – 83% рэспандэнтаў выказаліся за захаваньне цяперашняга сьцяга – сіне-чорна-белага трыкалёра – і назвы краіны ў ангельскай мове – Еstonia. Я папрасіў Каарэла Таранда пракамэнтаваць гэтыя вынікі:

(Таранд: ) “...Гэткіх вынікаў апытаньня можна было чакаць. Заўсёды прасьцей бараніць наяўнае, чым выступаць за нейкія перамены. Аднак мой намер быў ня ў тым, каб адно замяніць на другое, а каб запрапанаваць новыя магчымасьці, пашырыць ужываньне ў Эстоніі нацыянальных колераў, каб дзякуючы гэтаму людзі задумаліся – што для іх наагул значыць быць эстонцам. Я думаю, што культурны народ мусіць займацца пытаньнямі тоеснасьці. У кожным разе, у той або іншай форме я абавязкова паспрабую далей прадтрымваць дыскусію на гэтую тэму.

У дэмакратычным грамадзтве не павінна быць табу на гэткія тэмы, каб ніхто не наважыўся ставіць іх пад пытаньне – ну вось хоць бы прыкладам – у нашай канстытуцыі цяпер запісана, што ў нас ёсьць прэзыдэнт. Але гэта ня значыць, што так абавязкова мусіць быць заўсёды. Мы можам цалкам свабодна абмяркоўваць – як свабодны народ у свабоднай краіне – ці наагул нам патрэбны прэзыдэнт, або мы можам паспрабаваць пажыць у нейкім іншым грамадзкім ладзе, і раптам той іншы нам якраз і будзе найлепшы.

Так што, думаю, у любым выпадку дыскусія працягваецца. А вынікі, што атрымаліся пасьля першай спробы – цалкам зразумелыя. Кансэрватарам быць лёгка.

Цяпер у нас такі час, калі за дзесяць гадоў адбылося шмат вельмі рэзкіх і радыкальных пераменаў, людзі стаміліся ад усіх гэтых пераменаў, і сёньня, больш чым калі-небудзь, патрэбныя нейкія надзейныя пункты апоры, за якія можна было б трымацца. Адгэтуль і тыя 85% супраць замены сьцяга. Але хутка надыдзе іншы час, напрыклад, зноў настане стагнацыя і спатрэбяцца нейкія новыя вялікія і рэзкія перамены. Тады гэтыя тэмы зноў дастануць з шафы, і яны знойдуць свой розгалас – можа праз пакаленьне, можа праз два – хто ведае…”


***

Штогадовыя ўрачыстасьці прысуджэньня прэміяў “Grammy” і “Oscar” у галіне папулярнай музыкі і кінамастацтва пад уплывамі глябалізацыі даўно зрабіліся ўсясьветнымі падзеямі.

Аднак жа ня трэба пільна прыглядацца, каб заўважыць, што гэта імпрэзы пераважна амэрыканскія – абсалютная бальшыня ляўрэатаў належаць да сьвету амэрыканскага шоў-бізнэсу, тым часам як астатні сьвет застаецца нечым маргінальным. І таму, калі ў цэнтры ўвагі гэтых прэстыжных цырымоніяў апынаюцца эўрапейцы – на гэта зьвяртаецца асаблівая ўвага.

Сёлета ляўрэатам музычных прэміяў “Grammy” ў цэлых чатырох намінацыях стаў ірляндзкі рок-гурт “U2”. Праўда што, Ірляндыя – мабыць, самая блізкая да Амэрыкі краіна Эўропы, ня толькі геаграфічна, але й паводле колькасьці жывых сувязяў. Не сакрэт, што ў Злучаных Штатах жыве больш ірляндцаў ды іхных нашчадкаў, чым у самой Ірляндыі. І таму сам гурт “U2” у Амэрыцы даўно добра знаёмы і папулярны.

Вось жа сёлета музыкі з “U2” перамаглі ў гэткіх катэгорыях: найлепшае выкананьне сярод гуртоў папулярнай музыкі, найлепшае выкананьне сярод рок-гуртоў, найлепшы рок-альбом і ўрэшце – у катэгорыі №1 – найлепшы грамзапіс году, якім стала песьня гурта “Walk On” (Працягвай Ісьці).

“Я ведаю, што табе баліць,
Я ведаю, што тваё сэрца разьбіта
Але – будзь моцны
Працягвай ісьці далей...”

Гэтыя словы песьні відавочна знайшлі глыбокі водгук у амэрыканскіх сэрцах, таму яе перамога выглядае цалкам заканамернай...

Гурт “U2” ужо даўно стаўся зьявай ня толькі музычнай, але грамадзкай – музыкі гурта і перадусім ягоны лідэр і вакаліст Боно (сапраўднае імя – Пол Гьюсан) – займаюцца актыўнай дабрачыннай дзейнасьцю. Ня так даўно Боно на роўні зь вядомымі палітыкамі, эканамістамі і грамадзкімі дзеячамі ўдзельнічаў ва Ўсясьветным Эканамічным Форуме, дзе ён выступаў у падтрымку намаганьняў дапамагчы бедным краінам сьвету.

Вось і цяпер, літаральна з цырымоніі прысуджэньня “Grammy” ён выехаў у Вашынгтон, дзе сустрэўся з дарадніцай прэзыдэнта Буша ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Кандалізай Райс і абмеркаваў зь ёю праект сьпісаньня запазычанасьці афрыканскіх краінаў. У красавіку Боно наведае Афрыку і на месцы азнаёміцца з сытуацыяй на кантынэнце.

Урэшцэ, у сьвятле амэрыканскага трыюмфу ірляндзкага гурту, трэба згадаць і пра непасрэднае дачыненьне “U2” да Беларусі. Ад пачатку 90-х гадоў музыкі “U2” актыўна падтрымваюць ірляндзкі дабрачынны фонд “Дзеці Чарнобыля”, удзельнічаючы ў дабрачынных імпрэзах збору сродкаў. На карысьць фонду ў 1998 годзе пайшоў увесь прыбытак з продажу сынглу зь песьняй “The Sweetest Thing”.

Жонка Боно – Элі – адна з галоўных актывістак фонду, зь дзясятак разоў была ў Беларусі. Наведаньне Чарнобыльскай зоны і лёс яе дзяцей так уразілі яе, што яны з мужам пастанавілі ўдачарыць маленькую Аню – дзяўчынку з рэдкай хваробай з аднаго зь беларускіх дзіцячых дамоў. Пасьля, аднак, вырашылі, што папулярнасьць Боно можа стаць прычынай для залішняй увагі сьвету да дзіцяці, што можа быць ня надта добра. Аня – хросная дачка Элі – жыве цяпер у іншай ірляндзкай сям’і.

На гэтым я з вамі разьвітаюся. Да сустрэчы ў наступную нядзелю з новымі адкрыцьцямі, ідэямі і героямі тыдня.
XS
SM
MD
LG