Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Традыцыя экстрадыцыі: пагроза дзяржаўнаму сувэрэнітэту ці дыктатарскім рэжымам?


Віталь Тарас, Прага

Старажытны міт пра выкраданьне Эўропы можна трактаваць як сюжэт аб пераходзе чалавецтва ад першабытнага стану да сучаснай гісторыі. Беларусі наканавана ўрэшце далучыцца да эўрапейскай цывілізацыі – з усімі яе здабыткамі і праблемамі.

Сёлета 28-га чэрвеня апоўдні адчыніліся дзьверы адзіночнай камэры Цэнтральнай турмы ў Бялградзе, і ахоўнік зьвярнуўся да арыштанта: “Зьбірайцеся.” Той зьдзівіўся: “Куды?” – “У Гаагу, спадар Мілошавіч”. Гэта гучала неверагодна. Мілошавіч папрасіў дазволу запаліць цыгарэту. Калі ласка! Папрасіў патэлефанаваць жонцы – яму адмовілі. З усіх рэчаў Мілошавічу дазволілі ўзяць з сабой толькі нітрагліцэрын: былы дыктатар пакутуе на высокі ціск крыві.

Так апісвае часопіс Newsweek момант, які папярэднічаў гістарычнай выдачы былога югаслаўскага дыктатара Міжнароднаму трыбуналу ў Гаазе.

У аўторак, 4-га ліпеня, Мілошавіч адмовіўся адказваць на пытаньні судзьдзі.

Раней на гэтым тыдні газэта Internacional Herald Tribune цытавала выканаўчага дырэктара міжнароднай арганізацыі Humans Rights Watch Кэнэта Рафа. На ягоную думку, справа Мілошавіча паказала: нават вышэйшыя афіцыйныя асобы падлягаюць міжнароднаму трыбуналу за свае злачынствы. Гэта сталася надзвычай важным момантам ня толькі для родных і блізкіх ахвяраў палітыкі Мілошавіча ў Косаве, але таксама і для ўсяго праваабарончага руху. Паводле Рафа, цяпер тыраны ва ўсім сьвеце, “мабыць, двойчы падумаюць перад тым, як пайсьці на злачынствы, падобныя злачынствам Мілошавіча”.

Цяпер прыйшла чарга выдаць, нарэшце, Радавана Караджыча і Радку Младзіча, якія абвінавачваюцца ў этнічных чыстках супраць басьнійскіх мусульманаў, – лічыць прадстаўнік Арганізацыі аб’яднаных нацыяў у Босьніі, былы пасланьнік у Косаве Вольфганг Петрыч.

Ён заклікаў Сэрбскую рэспубліку ў Рэспубліцы Босьнія-Гэрцагавіна далучыцца да супрацоўніцтва зь Міжнародным трыбуналам у справе выдачы Караджыча і Младзіча.

Аляксандар Лукашэнка, тым часам, сказаў пра свайго нядаўняга палітычнага парнэра й візаві, што Мілошавіча “прадалі палітыкі”.

Былы сьпікэр Вярхоўнага Савету Беларусі Мечыслаў Грыб сваю рэакцыю раней выказаў у інтэрвію менскаму карэспандэнту Радыё Свабода Юрыю Сьвірко.

(Грыб: ) “Кожны чалавек, які зьдзейсьніў злачынства, павінен за яго адказваць, і не павінен нідзе і ні за што хавацца. Слабадан Мілошавіч накіраваны не адбываць пакараньне. Ён яшчэ не прызнаны вінаватым. Ён накіраваны на суд”.

Іншай была рэакцыя кіраўніка верхняй палаты так званага нацыянальнага сходу Мікалая Чаргінца.

(Чаргінец: ) “Мы ня супраць таго, каб злачынцы караліся судамі, у тым ліку міжнароднымі. Але трэба датрымоўваць і міжнароднае права, і дзеючае заканадаўства ўнутры краінаў”.

Беларусь не аднойчы зьвярталася да сваіх суседзяў – напрыклад, да Польшчы з просьбамі аб экстрадыцыі – напрыклад, вядомых, беларускіх бізнэсоўцаў Пупейкі і Цярэшчанкі. Што да выдачы грамадзянаў Беларусі, дык тут ня ўсё так проста, – лічыць былы судзьдзя КС Беларусі прафэсар Міхаіл Пастухоў.

(Пастухоў: ) “Як у канстытуцыі 94-га году, гэтак і ў канстытуцыі 96-га году наконт экстрадыцыі нічога не гаворыцца. Але ж, паводле заканадаўства, не дапускаеццца выдача грамадзянаў. Аднак, выдаць грамадзяніна Рэспублікі Беларусь ўсё-ткі можна – калі будуць прадстаўленыя доказы, што ён зьдзейсьніў злачынства і калі заключаныя двухбаковыя ці шматбаковыя міжнародныя дамовы аб выдачы.

У практыцы, мабыць, апошніх гадоў 10-20 не было, наколькі я памятаю, выпадкаў выдачы. Беларускія ўлады выдалі літоўскай дзяржаве двух грамадзянаў Літвы, але яны не былі грамадзянамі Беларусі.

Я ведаю, што калі стаіць пытаньне выдачы грамадзянаў, якія зьдзейсьнілі злачынства на тэрыторыі іншай краіны, дык цалкам магчыма выдаць такую асобу. Але ж, экстрадыцыя – гэта асаблівы выпадак. Тут ёсьць яшчэ й палітычны падтэкст. Можа ісьці гаворка пра перасьлед палітычных апанэнтаў рэжыму.

Беларускае заканадаўства, у тым ліку канстытуцыйнае, непасрэдна не рэгулюе пытаньне экстрадыцыі, і гэта вырашаецца ў кожным асобным выпадку.

У практыцы канстытуцыйнага суду Беларусі таксама не было ўвогуле такіх выпадкаў, і больш за тое – КС ня мае права тлумачыць Канстытуцыю ды іншыя законы.

Таму пытаньне гэтае, можа быць, толькі будучыні. Пытаньне выдачы Мілошавіча Гаагскаму трыбуналу таксама было спрэчным: ці можна выдаваць яго, ці не. Я думаю, што калі будзе такая міжнародная практыка – будзе значна прасьцей вырашыць гэтае пытаньне і ў Беларусі”.

Згаданыя прафэсарам Пастуховым грамадзяне Літвы – Буракявічус і Ермалавічус, былі арыштаваныя ў Менску яшчэ ў дапрэзыдэнцкія часы супрацоўнікамі літоўскай пракуратуры па абвінавачаньні ва ўдзеле ў спробе дзяржаўнага перавароту ў Вільні ў студзені 91 году.

Цяперашні афіцыйны Менск упарта адмаўляе літоўскаму боку ў выдачы генэрала Ўсхопчыка, які актыўна ўдзельнічаў у тагачасным камуністычным путчы. Што тычыць выдачы некаторых беларускіх прадпрымальнікаў, дык у просьбах было адмоўлена, і найперш – менавіта, з-за магчымасьці іх палітычнага перасьледу ў Беларусі.

Сучасная гісторыя дае нямала прыкладаў экстрадыцыі высокапастаўленых асобаў у самых розных кутках плянэты.

У 1989-м годзе дыктатар Панамы Мануэль Нар’ега быў арыштаваны сіламі ЗША па абвінавачаньні ў транспартыроўцы наркотыкаў.

Былы кіраўнік Чылі генэрал Аўгуста Піначэт, абвінавачаны гішпанскім судом у зьнікненьні чылійскіх грамадзянаў, паўтары гады правёў у Англіі пад хатнім арыштам перш чым вярнуцца летась у Чылі, дзе яму таксама пагражае суд.

Былы кіраўнік афрыканскай краіны Чад Гісэн Габрэ быў арыштаваны ў Сэнэгале. Летась ён быў выпушчаны з турмы, але далейшы лёс былога дыктатара невядомы.

У мінулым месяцы Венэсуэла выдала Пэру былога кіраўніка спэцслужбаў гэтай краіны Мантэсуму, які абвінавачваецца ў датычнасьці да карупцыі ды іншых злачынстваў экс-прэзыдэнта краіны Фуджыморы. Пэру дамагаецца зараз ягонай экстрадыцыі зь Японіі.

Некаторыя, падобна яму, застаюцца на чарзе ў якасьці патэнцыйных арыштантаў. У прыватнасьці, пракурор Бэльгіі спрабуе распачаць крымінальны працэс супраць ірацкага дыктатара Садама Гусэйна. Ягоная справа разглядаецца таксама ўладамі ЗША.

Сярод менш высокапастаўленых асобаў можна згадаць былога заўгаса Крамля, дзяржаўнага сакратара структуры пад назвай “саюзная дзяржава Беларусі й Расеі” Паўла Барадзіна, які быў аршытаваны паліцыяй Нью-Ёрку і выдазены швэйцарскай пракуратуры.

Упершыню ідэя міжнароднай юрыдычнай адказнасьці, нагадвае Internacional Herald Tribune, нарадзілася ў 1919 годзе, калі была зробленая няўдалая спроба асудзіць нямецкага кайзэра Вільгельма за разьвязваньне першай усясьветнай вайны. Пасьля другой усясьветнай вайны Нюрнбэргскі працэс над нацысцкімі злачынцамі стаўся свайго роду вяршыняй прынцыпу міжнароднага права. Дарэчы, акрамя асноўнага працэсу ў Нюрнбэргу, дзе судзілі Герынга, Геса, Гімлера, Штрайхера, ды іншых галоўных злачынцаў трэцяга рэйху, адбыліся дзясяткі іншых працэсаў над зланчынцамі, так бы мовіць, меншага рангу.

Пазьней прынцып экстэрытарыяльнасьці ў міжнародным праве ўжываўся досыць рэдка. Але ў апошнія два гады, пасьля таго, як былі створаныя міжнародныя трыбуналы ў справах ваенных злачынстваў у Босьніі і ў Руандзе, гэты прынцып зноў яўна пачынае дамінаваць у сьвеце.

Аднак, ёсьць і тыя, хто апасаецца, што падобная тэндэнцыя можа пагражаць у будучым эфэктыўнасьці дзеяньняў нацыянальных урадаў, а таксама дасьць магчмасьць выкарыстоўваць яго для дасягненьня вузкапалітычных мэтаў.

Напрыклад, былы дзяржаўны сакратар ЗША, вядомы дыплямат Гэнры Кісынджэр выступае супраць таго, што ён называе “небясьпечнай блытанінай права й палітыкі”. Кісынджэр, які сам сутыкнуўмя з крытыкай сваёй палітыкі ў Камбоджы і Віетнаме падчас вайны ў Індакітаі, піша, што “унівэрсальная юрыдычная сыстэма не павінна даваць магчымасьць выкарыстоўваць прынцып права для дасягненьня палітычных мэтаў”.

Вось ужо некалькі год ідуць размовы пра магчымасць стварэньня Міжнароднага крымінальнага суду, які б на сталай падставе разглядаў справы асобаў, абвінавачаных у ваенных злачынствах і генацыдзе. Хаця многія юрысты лічаць, што на гэта спатрэбяцца яшчэ 50 або 100 гадоў, арганізатар амэрыканскай кааліцыі за Міжнародны крымінальны суд Уільям Пэйс лічыць, што на зьмену эры безадказнасьці надыходзіць эра міжнароднага права й справядлівасьці. Ён нагадвае, што ўсяго год таму ніхто ня верыў, што Мілошавіч будзе выдазены міжнароднаму трыбуналу ў Гаазе.

На папярэдніх слуханьнях у Гаазе Мілошавіч, як ужо гаварылася, адмовіўся прызнаць сваю віну. Ён пачаў абвінавачваць міжнародную супольнасьць у цэлым, і НАТО ў прыватнасьці, на што судзьдзя Мэй заўважыў – час прамоваў для спадара Мілошавіча скончыўся. А гэта азначае, што прыйшоў час адказваць за свае дзеяньні.
XS
SM
MD
LG