Паводле традыцыі, першае слова – герою перадачы.
(Быкаў: ) “Бяз хлеба немагчымая свабода, якой перш-наперш патрэбная праўда. Але праўда заўсёды прадукт свабоды. Падобна – зачараванае кола”.
Парадаксальны пагляд Васіля Быкава на хлеб і свабоду – у нашай сёньняшняй перадачы далей.
Адказваючы на пытаньне – калі ён упершыню сутыкнуўся зь несвабодай, пісьменьнік не аддзяляе сябе і свой лёс ад лёсу суайчыньнікаў.
“Я добра памятаю той дзень і час, калі ня толькі я, але, я так лічу, і народ страціў свабоду. Гэта, канечне, была для майго пакаленьня на пачатку 30-х гадоў суцэльная калектывізацыя краіны. Ня толькі свабода – было страчанае ўсё, зьвязанае зь ёй. Адбылася ўвогуле клясычная зьява. Зьнікла свабода, і як вынік таго – зьнік хлеб. Народ на доўгія дзесяцігодзьдзі ўпаў у паласу хранічнае галадоўкі.
Але рэч яшчэ ў тым – ці адчуваў ён узаемазалежнасьць свабоды й хлеба? Наўрад ці. Хаця тое выдатна разумелі бальшавіцкія кіраўнікі, якія ўпарта цьвердзілі пра “новую клясавую свабоду”, якой яны ў 17-м годзе дамагліся дзеля народу. Тое, вядома, была мана, і яны ведалі гэта. Мабыць, гэта разумеў і адчуваў народ, але не хацеў верыць самому сабе. Бо мана была прыгажэйшаю за рэчаіснасьць, прыгажэйшаю за свабоду. А можа – і за хлеб таксама”.
Гэтая тэма, бадай, стала адной з галоўных у творчасьці Васіля Быкава пасьля тэмы вайны.
(Чэслаў Сенюх: ) “Заўжды дзелавы, рухавы Наэм брыў па вуліцы, бы нічога не заўважаючы вакол. Усё ж Хведар павітаўся, і яны разгаварыліся трохі, а тады Хведар дазнаўся, што і ў Наэма таксама нелады з уладай. Як Хведар паскардзіўся на сваю бяду, стары яўрэй узяў яго за гузік і дужа пацягнуў да сябе: “Я табе кажу – кідай усё, бяры дзяцей у ахапку і ўцякай! Куды? Ня важна, куды. Куды вочы глядзяць! Пасьля позна будзе. Гэта табе кажа Наэм. Я ўсё кінуў і во, з гэтымі вандзэлкамі іду на станцыю. Я тут не жыхар болей. Я бежанец! Ты мяне паслухай, Хведар!”
Не, тады Хведар яго не паслухаў. Як гэта, усё кінуць? А зямля, а гаспадарка! І куды падацца? Тут усе яго карані, вяскоўцы, радня. Як жа ж ён можа зьехаць і куды – у непрытульны, нязнаны сьвет.
Ён пражыў у нядолішчы яшчэ месяцаў дзесяць. Нярадаснае тое было жыцьцё. Бязхлеб’е і посьніца надоўга пасялілася ў ягонай хаце”.
Фрагмэнт аповесьці Васіля Быкава “Аблава”чытаў вядомы польскі пісьменьнік, перакладчык Чэслаў Сэнюх. Аповесьць, дарэчы, гучыць па-беларуску на хвалях пятага каналу польскага радыё. Чэслаў Сэнюх пераклаў на польскую мову многія творы Васіля Быкава. Ён – адзін з аўтараў перакладу кнігі Быкава “Сьцяна”, якая выйшла нядаўна ў Беластоку. Паводле Чэслава Сэнюха, у фондах Нацыянальнай бібліятэкі ў Варшаве ён налічыў трынаццаць розных выданьняў твораў Быкава. Сярод перакладчыкаў былі такія выдатныя майстры слова як Анджэй Дравіч і Віктар Варашыльскі. І гэта толькі ў адной Польшчы!
Кнігі Быкава выдаюцца і перавыдаюцца ў многіх краінах сьвету, у тым ліку ў Нямеччыне. Сярод першых, хто ацаніў маштаб ягонага таленту быў славуты Гайнрых Бёль.
У Беларусі ж партыйныя ворганы некалі цкавалі Быкава за ягоныя аповесьці “Мёртвым не баліць” і “Круглянскі мост”, апублікаваныя ў часопісе “Новый мир”, абвінавачвалі ў “ачарніцельстве.” Ужо ў нашыя дні выдавецтва “Мастацкая літаратура” выкінула з плянаў зборнік пісьменьніка “Сьцяна”.
Тыя, хто настальгуе па Савецкім Саюзе і ненавідзіць Быкава, ня могуць дараваць яму званьне народнага пісьменьніка БССР, Ленінскую прэмію за “Знак бяды” і асабліва – званьне Героя Сацыялістычнай працы.
Дарэчы, званьне тройчы Героя не перашкодзіла ўладам у свой час адправіць у высылку акадэміка Андрэя Сахарава. Потым Васіль Быкаў, абраны народным дэпутатам СССР ад саюзу пісьменьнікаў, апынецца зь ім ў міжрэгіянальнай дэпутацкай групе – разам з Адамовічам, Каракіным, Ельцыным…
Што такое свабода ва ўяўленьні Васіля Быкава?
“Зманліва кажа Зянон Пазьняк, што каб адчуць сябе свабодным, трэба пачаць за свабоду змагацца. “Чалавек свабодны, калі яму ня трэба выбіраць”, – пісаў расейскі філёзаф Мікалай Бярдзяеў. Але маецца на ўвазе свабода індывідуальная, а не калектыўная. Падобна, калектывы, масы, народы існуюць, у гэтым сэнсе, паводле іншых законаў – законаў мас. Як цяпер бы сказалі, паводле законаў калектыўнага й несьвядомага. Во ў чым праблема!
Тое выдатна разумеюць тыраны-авантурысты, але на мой пагляд, зь цяжкасьцю спасьцігаюць сумленныя дэмакраты. Усё ж свабода, мабыць, – велічыня абсалютная і не падлягае адмысловаму вымярэньню. Там, дзе яна ёсьць, не патрэбная пра яе і гаворка. Гаворкі й дыскусіі ідуць, звычайна, пра меру свабоды – гэта значыць, па сутнасьці, пра несвабоду”.
Васіль Быкаў у адным зь інтэрвію для газэты “Літаратура і мастацтва” – гэта было напрыканцы 80-х – з павагай згадаў францускага пісьменьніка Альбэра Камю. У біяграфіі абодвух аўтараў, зусім розных, ёсьць, дарэчы агульнае. Камю быў удзельнікам антыфашысцкага супраціву. Быкаў ваяваў на фронце, быў двойчы паранены. Абодвух можна назваць пасьлядоўнымі ворагамі фашызму ва ўсіх яго праявах.
Прыхільнік экзыстэнцыялізму (гэтая назва філязофскай плыні па французу гучыць existence – існаваньне) Альбэр Камю пісаў у сваім вядомым творы “Падзеньне”:
“Я ня ведаў, што свабоду не ўраўнаеш з узнагародай ці знакам адрозьненьня, у гонар якіх п’юць шампанскае. Гэта і не прыцягальны падарунак кшталту кардонкі з цукеркамі. О, не! Зусім наадварот – гэта адчайны бег, наколькі хопіць сілаў, і пры гэтым – у самоце…
…Ты адзін у змрочнай залі, адзін на лаве падсудных перад судзьдзямі і сам павінен адказваць перад сабой альбо судом людзкім. Напрыканцы ўсялякай свабоды нас чакае кара; вось чаму свабода – цяжкая ноша”.
Васіль Быкаў нідзе не дэкляруе наўпрост сваю прыхільнасьць да экзыстэнцыялізму. Але ўспомнім яго герояў – Сотнікава, Петрака, Стэпаніду, для кожнага зь якіх свабода – цяжкая ноша, ад якой, аднак ніяк, нізавошта ў сьвеце нельга адмовіцца.
Дык што ж ёсьць свабода паводле Васіля Быкава?
“Калі тае свабоды занадта мала – няма й дыскусіі; зрэшты, няма й барацьбы. Барацьба за свабоду безвыніковая ў несвабодным, спрэс таталітарным грамадзтве. Тая барацьба, хіба, дае плён у часткова несвабодных грамадзтвах або ў часткова свабодных. Людзі ж несвабодныя цалкам няздольныя для барацьбы за яе, бо знаходзяцца ў палоне сваёй несвабоды. Тую несвабоду яны звыкла ўважаюць за свабоду. Во ў чым парадокс тае д’ябальскай падмены!
Так гэта было ў старажытных нявольніцкіх грамадзтвах, у бальшавіцкім СССР, у гітлераўскай Нямеччыне, шмат дзе ў сьвеце застаецца і дагэтуль. Тыя грамадзтвы з часам страчваюць усялякі інстынкт свабоды і дужа зьдзіўляюцца, калі ім з вольнага сьвету заўважаюць пра іх несвабоду. Свабодай для іх зрабілася несвабода, як у геніяльнага Оруэла. І гора ім, калі лёс ці гісторыя змушаюць іх перайначыцца ў іх спрадвечнай нявольніцкай прыхільнасьці і ступаць на свабодны дэмакратычны лад, які яны шчыра і ўстойліва ня любяць. Бо не народжаныя дзеля таго ладу, народжаныя для іншага – звыклага, простага, жывёльнага, па сутнасьці.
Але рэч у тым, што тое існаваньне дае ім хлеб. А свабода ў іхнай сьвядомасьці ўжо не атаясамляецца з хлебам, хутчэй – з голадам. Уся праблема ў тым, што той пагляд мае нямала рацыі.
Несвабода – не заўсёды голад, часам бывае і наадварот. У фашыстоўскай Нямеччыне не было свабоды, але быў хлеб. У цяперашнім Кітаі няма свабоды, але ёсьць хлеб – прынамсі, больш, чым у нас, дзе ва ўсе часы не было ні свабоды, ні хлеба. Таксама ўнікальная зьява, вартая Оруэла. Зрэшты, ва ўмовах несвабоды Оруэлы не зьяўляюцца. Такога кшталту таленты – прадукт свабоды. Несвабода спараджае творчасьці іншага кшталту – высокакваліфікаваных майстроў масавых забойстваў, шпіёнскага заваяваньня космасу ды віртуозных філёзафаў, здольных па-навуковаму абгрунтаваць усё, што заўгодна рэжыму”.
Пяць гадоў таму на кангрэсе беларускага ПЭН-клюбу Васіль Быкаў з горкай іроніяй цытаваў аднаго з заснавальнікаў экзыстэнцыялізму К’еркегора: “Людзі маюць свабоду думкі, а ім падавай свабоду слова…”. Аднак, на думку Бывкава, “нявыказаная, задушаная ў несвабодзе сьвядомасьці” думка ня можа быць ісьцінай. Вымаўляючы яе, “чалавек рэалізуе адно з найвялікшых уласных адрозьненьняў ад усяго існага – сваё боскае наканаваньне ў сьвеце…”
Слова, казаў пісьменьнік, “апошні, мабыць, самы нескароны чыньнік, які ўлада пасьлядоўна імкнецца адабраць у прыгнечаных”.
А што ж народ? Ці можа ён стаць свабодным? Васіль Быкаў сёньня дае такі адказ на гэтае пытаньне:
“А народ, як і сто год таму, ва ўмовах несвабоды “цёмны і сьляпы, нібы крот”. Але той факт усяляк хаваецца ад сьвету, у тым ліку і ад народу. Бо той факт – складнік сьвятое праўды. А праўда, тым болей сьвятая, ёсьць набытак свабоды і свабоднага грамадзтва. Іншым яна не патрэбная.
І вось сытуацыя: без свабоды няма хлеба. Бяз хлеба немагчымая свабода, якой перш-наперш патрэбная праўда. Але праўда заўсёды прадукт свабоды. Падобна – зачараванае кола. Я ня ведаю, як і калі здолее разарваць яго Беларусь”.
Да гэтых словаў пісьменьніка можна дадаць, хіба вось што. Васіль Быкаў разарваў тое зачараванае кола.
У адным са сваіх даўнейшых інтэрвію пісьменьнік прыгадаў маральны прынцып Лява Талстога – “каб пераправіцца цераз раку ў прызначанае месца, трэба браць куды вышэй па цячэньні, бо калі прыцэльвацца на тое ж месца, куды трэба патрапіць, цячэньне зьнясе ніжэй…” Той жа прынцып можна бачыць у жыцьці і творчасьці Васіля Быкава.