Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГЭТЫ ДЗЕНЬ12 ГАДОЎ ТАМУ ПАЧАЛАСЯ ВАЕННАЯ АПЭРАЦЫЯ СУПРАЦЬ ІРАКУ


Натальля Судлянкова, Прага

Кіраўніцтва Злучаных Штатаў прапанавала краінам, якія ўваходзяць у Раду бясьпекі ААН, увесьці больш жорсткія тэрміны канчатковай справаздачы групы ваенных інспэктараў ААН у справе разбраеньня Іраку.

Кіраўнік групы экспэртаў Ганс Блікс прыняў рашэньне пры падрыхтоўцы справаздачы кіравацца рэзалюцыяй нумар 1284, якая была прынятая Радай бясьпекі ў 1999 годзе. Менавіта згодна з гэтай рэзалюцыяй была створаная місія. Гэтае рашэньне дае магчымасьць ваенным інспэктарам зрабіць сваю справаздачу 27 сакавіка гэтага году. І гэта можа істотна паўплываць на спробы Злучаных Штатаў канчаткова вызначыцца з самім фактам існаваньня рэжыму Садама Хусэйна. Рада бясьпекі падтрымала Ганса Блікса.

Прадстаўнік Злучаных Штатаў пры ААН Джон Нэграпонтэ заявіў, што Вашынгтон занепакоены такім падыходам краінаў – сябраў Рады. ЗША мяркуюць, што ААН такім рашэньнем дае Багдаду зразумець, што большасьць задачаў місіі ўжо амаль выкананыя.

Нэграпонтэ спадзяецца на тое, што пытаньне аб тэрмінах справаздачы місіі будзе ізноў на парадку дня пасьля завяршэньня наступнага этапу праверак 27 студзеня.

Злучаныя Штаты аддаюць перавагу рэзалюцыі 1441 у справе Іраку, якая зьяўляецца больш жорсткай у параўнаньні з папярэдняй і дае больш магчымасьцяў экспэртам.

“Усё ж я думаю, што, нягледзячы на нюансы ў інтэрпрэтацыі таго, што яшчэ трэба зрабіць, сярод сябраў Рады бясьпекі ёсьць агульнае разуменьне і адзінства ў поглядах на тое, што трэба працягваць ціск на рэжым Садама Хусэйна з мэтай прымусіць яго імгненна, актыўна і без усялякіх умоваў супрацоўнічаць зь інспэктарамі”.

Асноўны саюзьнік Злучаных Штатаў – Вялікая Брытанія таксама выказала падтрымку прапанове даць больш часу інспэктарам для завяршэньня іхнае працы.

На сёньняшні дзень асноўным спрэчным пытаньнем зьяўляецца ўчорашняя знаходка ваенных інспэктараў у Іраку. На адным са складаў амуніцыі былі знойдзеныя адзінаццаць боегаловак, якія могуць несьці хімічную зброю масавага зьнішчэньня. Афіцыйныя асобы Іраку заявілі, што гэтыя боегалоўкі былі задэкляраваныя Багдадам у папярэдняй справаздачы ААН. Аднак прадстаўнік ААН сёньня паведаміў Associated Press, што боегалоўкі не былі адзначаныя ў справаздачы. Калі да гэтага факту далучыцца няздольнасьць Багдаду супрацоўнічаць зь інспэктарамі, гэта можа быць ацэненае як правал у выкананьні рэзалюцыі 1441.
XS
SM
MD
LG