Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВЫПАДКУ НЕАБХОДНАСЬЦІ ЧЭСКІЯ ВАЙСКОЎЦЫ ВОЗЬМУЦЬ УДЗЕЛ У ВАЕННАЙ АПЭРАЦЫІ СУПРАЦЬ ІРАКУ


Натальля Судлянкова, Прага

На тэрыторыі Кувэйта непадалёк ад мяжы зь Іракам зараз знаходзіцца падразьдзяленьне хімічнай абароны чэскага войска. Гэта 251 чалавек. Чэхія вырашыла спэцыялізавацца ў Паўночным альянсе менавіта ў галіне хімічнай абароны.

Знаходжаньне войскаў у Кувэйце, натуральна, патрабуе вялікіх сродкаў. Ня так даўна Кувэйт згадзіўся фінансаваць прысутнасьць чэскіх вайскоўцаў у краіне. Неабходная частка складае амаль 20 мільёнаў даляраў. Але даволі нечакана пазьней кіраўніцтва Кувэйту ад сваёй прапановы адмовілася. Чэхія прыняла рашэньне выводзіць свае войскі з Блізкага Ўсходу.

Тым ня менш, днямі было прынятае рашэньне усіх 251 чалавека ў Кувэйце пакінуць у зьвязку з магчымасьцю вядзеньня баявых дзеяньняў Злучаных Штатаў супраць Іраку. Чэскія хімікі, якія лічацца ў сваёй сфэры найлепшымі ў сьвеце, будуць заставацца ля ірацкай мяжы, каб абараніць амэрыканскіх вайскоўцаў у выпадку выкарыстаньня Багдадам зброі масавага зьнішчэньня.

Міністар замежных справаў Чэхіі Цырыл Свобада не выключае, што магчымы ўдзел і іншых прадстаўнікоў чэскага войска ў акцыі супраць рэжыму Садама Хусэйна, напрыклад, палявых шпіталёў ці сілаў хуткага рэагаваньня.

І як паведаміў у інтэрвію нашаму радыё спадар Свобада, чэскі парлямэнт ужо заклаў у дзяржаўны бюджэт 600 мільёнаў крон, якія будуць выдаткаваныя ў выпадку ўдзелу чэскіх вайскоўцаў у блізкаўсходняй апэрацыі. Ён лічыць сам факт звароту амэрыканцаў да сваіх партнэраў у Празе прызнаньнем высокага ўзроўню падрыхтоўкі чэскіх вайскоўцаў. Спадар Свобада перакананы, што сам факт звароту пацьвярджае неабходнасьць агульнай абароны супраць сёньняшніх агульных ворагаў. І ў гэтым сэнсе памеры краіны ня маюць ніякага значэньня. Істотным зьяўляецца жаданьне быць разам.
XS
SM
MD
LG