Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІНСПЭКТАРЫ ААН ПАЧАЛІ ПРАЦУ Ў ІРАКУ


Вячаслаў Ракiцкi, Прага

Ужо ўчора ранiцай група iнспэктараў, якая займаецца пошукам ракетаў, хiмiчнагай i бiялягiчнай зброi, у суправаджэньнi iрацкiх афiцыйных асобаў наведала буйны ваенны аб’ект, разьмешчаны ў 20 кiлямэтрах ад Багдаду. Інспэкцыя адбывалася цягам трох гадзiнаў. Ля брамы ваеннага заводу ахова адрэзала журналiстаў ад экспэртаў. Ля ўваходу вiсеў вялiкi партрэт Садама Хусэйна з лёзунгам “Божа, захавай Ірак i Садама”. Другая група, якая выконвае заданьне МАГАТЭ – дасьледаваць сляды ядзернай праграмы, наведала невялiкi прамысловы комплекс на паўночным усходзе ад Багдаду. Нiякiх паведамленьняў пра вынiкi гэтых iнспэкцыяў няма нi ад iнспэктараў, нi ад iрацкiх афiцыйных асобаў.

У аўторак кiраўнiкi iнспэкцыi заявiлi, што яны не пакiнуць неправераным нiводнага камяня. Тым болей, што гэтым разам яны, у адпаведнасьцi з рэзалюцыяй 1441, маюць шырокiя паўнамоцтвы i нават могуць рабiць праверкi ў палацах Садама. Яны наведаюць i аб’екты, якiя ўжо правяралi раней, i новыя, якiя вызначаныя паводле здымкаў са спадарожнiкаў. Каля 20 тонаў абсталяваньня ўжо дастаўленыя з Кiпру. Ад сярэдзiны сьнежня каманда будзе мець гелiкоптэры, каб кантраляваць вялiкiя ўчасткi аб’ектаў.

Згодна з плянам, кожны аб’ект, на якiм будуць працаваць iнспэктары, будзе лiчыцца часткова замарожаным: нiхто ня зможа нi ўвайсьцi, нi выйсьцi зь яго. Гэта робiцца дзеля таго, каб не схавалi iракцы ад iнспэктараў дакумэнты цi нейкiя рэчавыя доказы. Інспэктары будуць браць пробы паветра ў аб’екце, а таксама вывучаць усе рэчы, цi выкарыстоўвалiся яны ў ваенных мэтах. Асобна будзе вывучацца, што знаходзiцца ў знойдзеных кампутарах. Атрыманая iнфармацыя будзе параўноўвацца з той, што будзе даваць iрацкi бок. Разам будзе пракантралявана 700 аб’ектаў, сьпiс якiх трымаецца ў сакрэце.

Амбасадар Злучаных Штатаў у Расеi заявiў у Маскве, што “ў амэрыканскага боку ёсьць частковыя доказы таго, што асобныя вiды ўзбраеньня маглi быць перададзеныя Іраку Беларусяй. Гэтая заява ў сьвятле пачатку працы iнспэктараў ААН у Іраку гучыць даволi сур’ёзна для Беларусi. Справа ў тым, што Злучаныя Штаты не пакiдаюць без увагi нiводнага факту, што тычыцца магчымага ваеннага супрацоўнiцтва з рэжымам Хусэйна. Сёньня ўплывовая газэта “International Herald Tribune” пераказала паведамленьне дзярждэпартамэнту ЗША пра дэталi амэрыканскiх падозраньняў наконт таго, што Ўкраiна прадала радарныя сыстэмы “Кальчуга” Іраку. Дык вось, ЗША вельмi дэталёва, падрабязна вядуць гэтае расьсьледаваньне. І цяпер можна не сумнявацца, што ўсе паведамленьнi пра магчымы продаж Беларусяй зброi цi ваеннага абсталяваньня Іраку амэрыканскiм бокам правяраюцца. Натуральна, калi iнспэктары ААН знойдуць беларускiя сьляды ў Іраку, то можна чакаць адпаведных захадаў, як з боку ЗША, так i ААН.
XS
SM
MD
LG