Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЯРОД ЗАКЛАДНІКАЎ, ЯКІХ УТРЫМЛІВАЮЦЬ ТЭРАРЫСТЫ Ў ТЭАТРАЛЬНЫМ ЦЭНТРЫ Ў МАСКВЕ, ЁСЬЦЬ БЕЛАРУСЫ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Каля паўдзясятка грамадзянаў Беларусі зрабіліся закладнікамі тэрарыстаў, якія ўчора захапілі тэатральны цэнтар у Маскве. Пра гэта на брыфінгу заявіў кіраўнік прэсавай службы МЗС Павал Латушка:

(Латушка: ) “Мы маем ускосныя пацьверджаньні аб тых грамадзянах Беларусі, якія знаходзяцца ў закладніках. Гэтая лічба — да шасьці чалавек. Адносна трох грамадзянаў Беларусі зь ліку згаданых шасьці мы маем нейкую пэўнасьць. У адносінах яшчэ да трох грамадянаў Беларусі пэўнасьць меншая, але, паўтару, мы ўдакладняем гэтыя зьвесткі”.

Апоўдні прэсавая служба прэзыдэнта Беларусі распаўсюдзіла заяву Аляксандра Лукашэнкі адносна падзеяў у Маскве. Згодна з гэтым паведамленьнем, Лукашэнка гатовы асабіста ўдзельнічаць у вырашэньні сытуацыі. “Для нас ня мае значэньня, хто захоплены — расеяне ці беларусы. Калі мы можам нечым дапамагчы, мы гатовыя гэта зрабіць. Варыянты ў нас ёсьць”, — заявіў Аляксандар Лукашэнка, паводле ягонай прэсавай службы.

А беларуская міліцыя ўжо з раніцы была пераведзеная на ўзмоцнены рэжым нясеньня службы. Гэтае рашэньне прыняў міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў, спасылаючыся на падзеі ў Маскве. У загадзе міністра сказана, што гэта неабходна, каб “ня даць узьнікнуць падобным сытуацыям у Беларусі”. Што такое ўзмоцнены рэжым, патлумачыў Радыё Свабода прэсавы сакратар МУС Зьміцер Партон:

(Партон: ) “У асноўным гэта тычыцца патрульна-паставой службы, яна пераводзіцца на дзяжурства цягам усяго дня. Яшчэ ўзмоцненая ахова замежных прадстаўніцтваў, вакзалаў, месцаў масавага знаходжаньня людзей”.

Зьміцер Партон паведаміў, што таксама пэўныя задачы атрымалі ўчастковыя міліцыянты . Ён нагадаў пра 1999 год, калі пасьля выбухаў дамоў у Маскве менскія ўчастковыя шукалі бомбы на гарышчах і ў сутарэньнях, і заявіў, што падобныя захады будуць рабіцца і цяпер. Паводле прэсавага сакратара МУС, узмацняецца таксама праверка дакумэнтаў у людзей, каб высьвятляць нелегальных мігрантаў і ўсіх падазроных. Пэўныя захады будуць зробленыя і на беларуска-расейскай мяжы.

(Партон: ) “На памежных з Расеяй тэрыторыях будзе ўзмоцненая праца ДАІ — у дачынененьні да пропуску аўтатранспарту. Але па сутнасьці мяжы няма, яна існуе толькі юрыдычна, таму больш нічога мы зрабіць ня можам”.

Узмацненьне рэжыму працы міліцыянтаў і, у прыватнасьці, інспэктараў дарожнай службы, ужо закранула жыхароў Менску. Старэнькія “Жыгулі” былога сьікера Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча сёньня раніцай спыніў інспэктар ДАІ, каб праверыць дакумэнты і зазірнуць у багажнік.

Станіслаў Шушкевіч скардзіцца, што машыны, падобныя на ягоную, цяпер выклікаюць асаблівыя падазрэньні, бо іх лёгка скрасьці і выкарыстаць у злачынных мэтах. Што да надзвычайных захадаў у Менску, то Станіслаў Шушкевіч лічыць, што іх трэба рабіць, але не падмяняць імі сапраўдную барацьбу з тэрарызмам:

(Шушкевіч: ) “Мяркую, трэба рабіць захады ў адпаведнасьці з ацэнкай апэратыўнай абстаноўкі. Але ў мяне ўражаньне, што тут у Расеі страчаны нюх цалкам. Бо правароніць такую апэрацыю, якая адбылася ў Маскве, магчыма толькі калі дурнота запоўніла шэрагі спэцслужбаў. Баюся, тое самае і ў нас. Калі пачынаюць крыламі трасьці пасьля падзеі, то пра гэта і казаць ня трэба, гэта ардынарныя захады. Але папярэдняя апэратыўная праца няўдалая. Баюся, спэцслужбы гэтае пачуцьцё згубілі, і гэта сапраўды небясьпечна”.

Між тым, галоўнай прычынай надзвычайнага здарэньня ў Маскве Станіслаў Шушкевіч лічыць падзеі, якія адбываюцца ў Чачэніі:

(Шушкевіч: ) “Называць гэта антытэрарыстычнай апэрацыяй — гэта сьмех. Бо гэта вайна, вайна на зьнішчэньне маладога пакаленьня расяянаў, на зьнішчэньне чачэнскага народу. Там не шукаюць магчымасьцяў перамоваў, а вось тут пры тэрарыстычнай акцыі шукаюць. Я не разумею — чаму? Чым адрозьніваецца гэтая антытэрарыстычная апэрацыя ад той, дзе яны не шукаюць сродкаў перамоваў? Вось яны ім і сказалі: “Мы вас навучым ісьці на перамовы”. І вучаць. Гэта жудасна, але гэта так. І беларусы там апынуліся, і замежнікі. На жаль, вялікі жаль. Мяркую, гэта сьведчыць пра вялікія памылкі ў агульным кантэксьце расейскай палітыкі”.
XS
SM
MD
LG