Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭПІЦЭНТАР: 11 ВЕРАСЬНЯ


Сяргей Шупа, Прага і Сяргей Навумчык, Нью-Ёрк

1.

(эфір 2 верасьня)

У сёньняшняй, першай перадачы сэрыі мы нагадаем вам хроніку падзеяў 11 верасьня. Але напачатку – пра Ўсясьветны Гандлёвы Цэнтар, які стаўся першым аб’ектам нападу тэрарыстаў. Зь нью-ёрскай вуліцы перадае мой калега Сяргей Навумчык.

(Навумчык: ) “Паўночная вежа вышынёй у 110 паверхаў была ўзьведзеная ў 1970 годзе, а праз два гады было завершанае будаўніцьва і Паўднёвай вежы. Вышыня самай высокай вежы, дзе была ўсталяваная антэна, дасягала амаль паўкіляметры. Натуральна, будынкі – іх звалі “блізьняты” – справядліва лічыліся архітэктурнай дамінантай Нью-Ёрку, безь якой немагчыма было ўявіць сілуэт гораду Вялікага Яблыка.

Цяпер самым вялікім будынкам Нью-Ёрку есьць Імпайр Стэйт Білдынг, пабудаваны у 1931 годзе, а ў Ніжнім Манхэтэне, дзе былі блізьняты – будынак Вурвалт, які быў узьведзены дзевяноста гадоў таму. Можна сказаць, што ў нечым сілуэт Нью-Ёрку стаў такім, якім быў у шасьцідзясятыя гады.

На месцы WTC сёньня вялізны катлаван, гэтак званы “граўнд зіро”, у перакладзе на беларускую – “нулявы ўзровень”, хаця насамрэч ён ніжэйшы за ўзровень тратуару на некалькі дзясяткаў мэтраў, бо вывезьлі адсюль і рэшткі падземных паверхаў і камунікацыяў.

Калі летась напрыканцы верасьня я спрабаваў падысьці да “граўнд зіро”, мяне за два кварталы спынілі ўзброеныя вайскоўцы нацыянальнай гвардыі. Цяпер вось дазволілі падысьці непасрэдна да месца трагедыі, да гіганцкага катлавану, ну а вайскоўцаў зьмяніла паліцыя. Паліцыянтаў, трэба сказаць, шмат.

Звычайна, калі вымаўляюць словы WTC, уяўляюць “блізьнятаў”, якія былі пратараненыя самалётамі 11 верасьня. Але насамрэч комплекс складаўся зь пяці будынкаў, дзе штодня працавалі каля 50 тысячаў чалавек. Прычым фірмы, якія мясьціліся тут, вызначаліся выключнай фінансавай стабільнасьцью, а іх супрацоўнікі лічыліся элітай амэрыканскага, ды й сусьветнага бізнэсу.

11 верасьня тут адбудзецца жалобная цырымонія з удзелам прэзыдэнта Буша, сэнатараў і кангрэсмэнаў, а таксама сем'яў загіблых. Будуць зачытаныя імёны 2 тысячаў 819 чалавек, якія загінулі ў выніку тэрактаў. Пра лёсы некаторых зь іх, а таксама і пра тых, каму ўдалося ўратавацца, я распавяду ў сваіх наступных рэпартажах зь Нью-Ёрку”.


***

А зараз вернемся да таго, што адбывалася год таму ў Нью-Ёрку.

Дзень 11 верасьня 2001 году, аўторак, распачаўся пагодным, не на пару цёплым ранкам. Але ў 8.45 здарылася, здавалася б, неверагоднае...

Пасажырскі самалёт Боінг 757, праляцеўшы незвычайна нізка, разьбіўся аб паўдзённую вежу 110-павярховага Ўсясьветнага Гандлёвага Цэнтру.

Ад гэтага моманту ўсе тэлеканалы Злучаных Штатаў уключылі жывую трансьляцыю падзеяў: “Вы бачыце страшнае відовішча, якое мы перадаем у жывым эфіры. Гэта Ўсясьветны Гандлёвыа Цэнтар, і мы маем непацьверджанае паведамленьне, што аб адну зь вежаў цэнтру толькі што разьбіўся самалёт”.

У 9.03 яшчэ адзін самалёт разьбіўся аб паўночную вежу Цэнтру. Гэтыя кадры ўжо пабачыў увесь сьвет...

“Пакуль што не відаць, каб вяліся нейкія ратаўнічыя працы. Запомніце, што...” – і рэпартэр тэлеканалу ABC ня скончыў фразу.

У гэты момант стала ясна, што адбыўся тэрарыстычны напад.

Прэзыдэнт Злучаных Штатаў у гэты момант выступаў перад школьнікамі ў штаце Флорыда. Калі яму паведамілі пра першы самалёт, усе яшчэ верылі, што адбыўся няшчасны выпадак. Аднак празь некалькі хвілінаў Джордж Буш ужо ведаў, што на Злучаныя Штаты напалі тэрарысты. Выходзячы са школы, ён зрабіў сваю першую заяву:

(Буш: )“Я гаварыў зь віцэ-прэзыдэнтам, з губэрнатарам штату Нью-Ёрк, з дырэктарам ЦРУ, і я загадаў ужыць усе ўрадавыя рэсурсы для дапамогі ахвярам і іх сем’ям, а таксама для правядзеньня поўнага расьсьледаваньня, каб знайсьці тых, хто ўчыніў гэты напад”.

Тым часам агонь, што лютаваў ва Ўсясьветным Гандлёвым Цэнтры, расплавіў сталёвыя апоры будынкаў, і, не прастаяўшы і паўтары гадзіны, абедзьве вежы адна за адной абваліліся долу.

Пад руінамі вежаў былі пахаваныя больш за 2800 чалавек, у тым ліку 343 пажарнікі, якія марна спрабавалі ратаваць людзей да самай апошняй сэкунды.

На трагічныя падзеі ў Злучаных Штатах адразу пачалі адгукацца кіраўнікі дзяржаваў сьвету. Паводле Джорджа Буша, першым словы падтрымкі выказаў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін:

(Пуцін: ) “Тое, што адбылося сёньня, яшчэ раз пацьвярджае важнасьць расейскай прапановы аб’яднаць міжнародныя сілы для барацьбы з тэрарызмам”.

Нямецкі канцлер Герхард Шрэдэр выказаў у Бэрліне пачуцьці эўрапейскіх лідэраў наступным чынам:

(Шрэдэр: ) “Гэта абвяшчэньне вайны ўсяму цывілізаванаму сьвету”.

Так мінуў дзень 11 верасьня. Назаўтра наш сьвет быў ужо зусім іншы.



2.

(эфір 3 верасьня)

У сёньняшняй перадачы мы працягнем агляд падзеяў леташняга верасьня і пагаворым пра тое, хто стаяў за тэрарыстычнымі нападамі. Але напачатку – нью-ёркскі рэпартаж. Мой калега Сяргей Навумчык распавядае пра герояў верасьня.

(Навумчык: ) “Тых, хто загінуў 11 верасьня, лічаць ахвярамі тэрарыстычных актаў. Гэта абсалютна справядліва ў дачыненьні да пасажыраў, якія знаходзіліся на борце чатырох угнаных авіяляйнэраў, тых людзей, якія загінулі пад рэшткамў WTC ды аднаго з карпусоў Пэнтагону. Аднак падаецца, што тэрмін “ахвяра” не зусім пасуе да тых, хто здолеў перахапіць у тэрарыстаў штурвал самалёта, які накіроўваўся на Вашынгтон, ды да паліцянтаў і пажарных, якія зь першых хвілінаў пачалі выратавальныя працы. Іх у Амэрыцы называюць героямі.

Сярод іх быў і саракачатырохгадовы Джордж Говард. Як вядома, у 1993 годзе у WTC ўжо адбыўся тэрарыстычны акт – тады ў выніку выбуху загінулі некалькі чалавек, а Джордж Говард уратаваў дзяцей, якія апынуліся ў ліфце. 11 верасьня Говард меў выходны дзень і пабачыў ахопленыя полымем вежы “блізьнятаў” па тэлевізары ў сваім доме на Лонг-Айлендзе, у трыццаці мілях ад месца трагедыі. Ён імгненна ўскочыў у аўтамабіль і хутка далучыўся да паліцыянтаў, якія выратоўвалі людзей. Але ў той дзень Говард не вярнуўся дадому – ягонае цела было знойдзенае пад рэшткамі WTC.

Ягоная 77-гадовая маці Арлін была сярод членаў сем’яў загіблых, якія сустракаліся з прэзыдэнтам Бушам, калі ён наведаў “граўнд зіро” праз тры дні пасьля тэрарыстычнай атакі. Арлін перадала Бушу срэбраны паліцэйскі значак Джорджа нумар 1012 і папрасіла прэзыдэнта захаваць яго ў гонар сына і ўсіх паліцыянтаў і пажарнікаў, якія ахвяравалі жыцьцём.

А праз шэсьць дзён уся нацыя даведалася пра Джорджа Говарда. Калі прэзыдэнт Буш выступаў перад Кангрэсам, ён дастаў з кішэні значак і сказаў, што родныя і блізкія будуць захоўваць у памяці твары і галасы загіблых, а ён, Буш, захавае значак гераічнага паліцыянта. Фатаздымак Буша са значкам Говарда абышоў першыя палосы амэрыканскіх газэтаў і да сёньняшняга дня выкарыстоўваецца на плякатах у памяць 11 верасьня.

Маці паліцыянта, Арлін Говард, глядзела выступ Буша ў Кангрэсе па тэлебачаньні і была не гатовая пачуць імя свайго сына ў выступе прэзыдэнта перад Кангрэсам і дзясяткамі мільёнаў амэрыканцаў. Яна сказала, што была зьдзіўленая, але ў той час і шчасьлівая. Яна даўно на пэнсіі, і цяпер дапамагае даглядаць сыноў Говарда, сваіх унукаў Крыстафэра і Робэрта.

У той дзень загінулі 60 паліцыянтаў і 343 пажарных”.


А зараз пра тое, хто стаяў за тэрарыстычнымі ўдарамі па Злучаных Штатах.

Сьледзтва ў справе тэрарыстычных нападаў пачалося адразу пасьля таго, як аб вежу Ўсясьветнага Гандлёвага Цэнтру разьбіўся другі самалёт.

Празь некалькі дзён сьледчыя ўжо мелі на руках сьпісы 19 тэрарыстаў, якія захапілі чатыры пасажырскія самалёты. Усе яны непасрэдна або ўскосна мелі дачыненьне да “Аль-Каіды”, ваяўнічай ісьлямісцкай арганізацыі, кіраванай Усамам бін Лядэнам, а прынамсі чацьвёра зь іх праходзілі падрыхтоўку ў адмысловых лягерах “Аль-Каіды” ў Афганістане.

17 верасьня Джордж Буш публічна назваў Усаму бін Лядэна “галоўным падазраваным” у арганізацыі нападаў.

ФЭДЭРАЛЬНАЕ БЮРО РАСЬСЬЛЕДАВАНЬНЯЎ
ШУКАЕЦЦА Ў СУВЯЗІ З ЗАБОЙСТВАМ ГРАМАДЗЯНАЎ ЗША
УСАМА БІН ЛЯДЭН
Год нараджэньня - 1957
Месца нараджэньня - Савудаўская Арабія
Род заняткаў – невядомы
Асобыя заўвагі – кіраўнік тэрарыстычнай арганізацыі, вядомай як “Аль-Каіда”. Ляўша, ходзіць з кійком
Асобыя прыкметы – няма

Узнагарода за інфармацыю, якая дапаможа знайсьці і затрымаць Бін Лядэна – 25 мільёнаў даляраў.


Бін Лядэн, багаты савудаўскі эмігрант, на момант нападаў ужо некалькі гадоў жыў у Афганістане, пад апекай і абаронай рэжыму Талібаў. Злучаныя Штаты лічылі яго вінаватым у ранейшых антыамэрыканскіх актах тэрору, у тым ліку ў нападзе на амбасады ЗША ў Кеніі і Танзаніі ў 1998 годзе.

Дэкляраваная мэта Бін Лядэна – вызваліць Сьвятыя Мясьціны ад амэрыканцаў, а таксама адхіліць ад улады арабскія ўрады, што супрацоўнічаюць са Злучанымі Штатамі. Ягоная мара – стварэньне адзінага халіфату, які ахапіў бы ўвесь арабскі і ісьлямскі сьвет.

Пра кіраваную Бін Лядэнам арганізацыю “Аль-Каіда” вядома мала. Аднак, на думку спэцыялістаў, яна ўяўляе сабою прынцыпова новую пагрозу. Аўтар кнігі “Ўнутры Аль-Каіды” Роган Гунаратна апісвае яе так:

“Аль-Каіда – гэта першая шматнацыянальная арганізацыя ХХІ стагодзьдзя. Да яе належаць грамадзяне 40 розных краінаў. Яна так ці іначай прысутная ў 94 краінах сьвету. Для барацьбы з транснацыянальнай групай маштабаў “Аль-Каіды” патрэбная глябальная арганізацыя, глябальная структура”, – лічыць экспэрт у пытаньнях тэрарызму Роган Гунаратна.

Чым небясьпечная “Аль-Каіда”? Вось што сярод іншага лічыць на гэты конт брытанскі палітоляг Пол Ўілкінсан: “Жорсткасьць, прадэманстраваная 11 верасьня, сьведчыць пра тое, што калі б яны мелі доступ да хімічнай, біялягічнай або ядзернай зброі, яны б без ваганьня яе ўжылі”.

2 кастрычніка генэральны сакратар NATO Джордж Робэртсан заявіў, што Злучаныя Штаты падалі пераканаўчыя сьведчаньні пра непасрэднае дачыненьне да нападаў 11 верасьня Ўсамы Бін Лядэна і кіраванай ім “Аль-Каіды”.

Сьвет стаіўся ў чаканьні амэрыканскага ваеннага адказу. Чакаць давялося нядоўга...



3.

(эфір 4 верасьня)

Чаму сталася так, што Злучаныя Штаты Амэрыкі – наймагутнейшая краіна ў сьвеце – ня здолелі абараніцца ад нападаў 11 верасьня? Ці вінаватыя ў гэтым амэрыканскія спэцслужбы? Пра гэта мы пагаворым ў сёньняшняй перадачы, а напачатку – карэспандэнцыя зь Нью-Ёрку. Сяргей Навумчык распавядае пра некаторыя легенды і міты, што ўзьніклі вакол нападаў:

(Навумчык: ) “Падзеі 11 верасьня, як гэта і здараецца з падзеямі, якія істотна ўплываюць на жыцьцё мільёнаў людзей, адразу былў аздобленыя міфамі. Шмат хто шукаў у трагедыі не рэальныя прычыны, а містычныя. Кампутарныя “гуру” нават знайшлі, што калі ў сыстэме Microsoft перавесьці літары NYC (абрэвіятура New York City, звыклага назову Вялікага Нью-Ёрку) пэўную кадзіроўку, дык узьнікаюць злавесныя эмблемы. Маўляў, гораду была наканаваная сьмерць. Абвінавачваньняў самога Біла Гэйтса, праўда, асабіста мне чуць не даводзілася…

А вось вэрсія пра тое, што тэракты былі арганізаваныя ўладальнікамі фінансавых карпарацыяў, была вельмі распаўсюджаная. Прадракаючы ў выніку нежаданьне людзей лётаць самалётамі і, як сьледзтва, крызыс авіякампаніяў, яны нібыта справакавалі за дзень да тэрактаў, а менавіта 10 верасьня, падзеньне біржавых індэксаў, якія адлюстроўваюць стан найбуйнейшых сусьветных кампаніяў.

Самае слабое месца гэтай вэрсіі – тое, што якраз буйныя фінансавыя карпарацыі ў выніку падзеньня эканамічнай актыўнасьці, справакаванай падзеямі 11 верасьня, страцілі найбольш. Што да падзеньня акцыяў напярэдадні, дык гэта сьведчаньне тэндэнцыі, якая назіралася з пачатку 2001 году і якая адлюстроўвала запаволеньне тэмпаў росту амэрыканскай эканомікі. Такое з гэтай эканомікай здаралася. Як, дарэчы, і імклівы рост.

Яшчэ адзін міф – што ў тэрактах 11 верасьня нібыта вінаватыя габрэі. Маўляў, у выніку гэтага стаўленьне ЗША і ўсясьветнага супольніцтва ў арабска-ізраільскім канфлікце да палестынцаў зрабілася як ніколі адмоўным, а гэта вельмі выгодна габрэям. Дарэчы, гэтая вэрсія час ад часу гучыць і сёньня. Так, некалькі дзён таму падчас наведваньня Нью-Ёрку і Ўладзімер Жырыноўскі ў сваім інтэрвію мясцовым газэтам хаця і прызнаў, што ягоны бацька быў габрэем, але абвінавачваў ўва ўсім ўсясьветны сіянізм . Жырыноўскі звявіў, што нібыта 11 верасьня габрэі ня выйшлі на працу ў свае офісы ў Сусьветным Гандлёвым Цэнтры. Значыць – былі загадзя папярэджаныя.

У ЗША не прынята пытацца пра этнічную прыналежнасьць, а ў пашпартах ды іншых дакумэнтах графа “нацыянальнасьць” адсутнічае. У сьпісе тых, хто загінуў 11 верасьня, я бачыў шмат прозьвішчаў, якія можна аднесьці да габрэйскіх. Але найлепшым абвяржэньнем гэтага шавіністычнага міфу, на мой погляд, зьяўляецца падзея, якая адбылася ў мінулую нядзелю ў Брукліне. Ля сынагогі F.R.E.E. адбылася жалобная цырымонія ў памяць габрэяў з былога Савецкага Саюзу, якія загінулі ў будынку Сусьветнага Гандлёвага Цэнтру. Пад сьпеў малітвы “Эль моле рахаім” адчыненая мэмарыяльная шыльда зь імёнамі 16-ці ахвяраў. Адзначу, што габрэі з былога СССР складаюць, паводле некаторых ацэнак, толькі два адсоткі насельніцтва вялікага Нью-Ёрку”.


***

А зараз пра тое, чаму так сталася, што Злучаныя Штаты Амэрыкі здолелі абараніцца ад нападаў 11 верасьня.

Падзеі 11 верасьня выявілі няздольнасьць чатырох абаронных муроў амэрыканскай бясьпекі – замежнай выведкі Цэнтральнай Разьведнай Управы разам зь візавай інспэкцыяй Дзяржаўнага Дэпартамэнту; Фэдэральнага Бюро Расьсьледаваньняў, Службы Іміграцыі і Натуралізацыі і службы бясьпекі Фэдэральнай Ўправы Авіяцыі.

Галоўная прычына няўдачы спэцслужбаў – слабая каардынацыя дзеяньняў паміж пасобнымі агенцтвамі і залішняя бюракратыя мэханізму прыняцьця рашэньняў.

На адмысловых слуханьнях у Кангрэсе сёлета ў чэрвені прэзыдэнт Буш падсумаваў гэтую праблему так: “Што да таго, ці ФБР і ЦРУ супрацоўнічалі між сабою належным чынам, дык ясна, што не, і цяпер мы гэтым займаемся”.

Былі і іншыя прычыны. Найперш, гэтыя фэдэральныя агенцтвы не былі забясьпечаныя ў дастатковай меры сучаснымі тэхналёгіямі, каб эфэктыўна рэагаваць на новыя выклікі сучаснасьці.

Спэцслужбы ня мелі дастаткова пэрсаналу, каб апрацаваць усю інфармацыю. Яны ня мелі дастаткова аналітыкаў. Ня мелі дастаткова лінгвістаў, якія б ведалі культуру і звычаі, напрыклад, Судану або Афганістану. Красамоўны факт – ужо ў першыя тыдні ўдалося назьбіраць велізарную колькасьць матэрыялаў на арабскай мове, на мовах пушту і дары. І тут выявіліся, што спэцслужбы Злучаных Штатаў маюць усяго каля двух дзясяткаў перакладчыкаў з правам доступу да сакрэтнай інфармацыі.

Да таго ж была істотна абмежаваная вэрбовачная дзейнасьць – спэцслужбы, прыкладам, ня мелі права карыстацца інфармацыйнымі паслугамі асобаў зь цёмным мінулым.

І ўсё ж, нягледзячы на ўсе відавочныя няўдачы і правалы ў працы спэцслужбаў, тое, што здарылася 11 верасьня, наўрад ці можна было прадбачыць і прадухіліць.

І ня дзіва, што на пытаньне – хто з Бушавай адміністрацыі вінаваты ў тым, што сталася тое, што сталася, прэсавы сакратар Белага Дому Ары Флайшэр сказаў: “Віна ляжыць на Ўсаму Бін Лядэне і на тэрарыстах, якія гэта ўчынілі. Вось хто тут вінаваты”.

Толькі празь некалькі месяцаў пасьля трагічных падзяў выявілася, што ФБР мела інфармацыю пра магчымы захоп самалётаў тэрарыстамі. Аднак максымальнай пагрозай, на якую тады ў спэцслужбаў хапіла ўяўленьня, было ўзяцьце закладнікаў і патрабаваньне вызваліць некага з паплечнікаў тэрарыстаў.

Рэальнае жыцьцё пераўзышло сюжэты любых раманаў або кінафільмаў. У выніку нейкай цывілізацыйнай мутацыі зьявіўся прынцыпова новы від тэрарызму, які паказаў свой твар такім страшным чынам.

Урэшце, атрымаўшы 11 верасьня ўдар, Амэрыка заплаціла цану свабоды. Злучаныя Штаты – краіна адкрытага грамадзтва. Кожны дзень яе межы перасякае мноства людзей, мноства людзей атрымваюць візы, канчаюць унівэрсытэты, працуюць. І ўрад ня сочыць пільна за ўсімі гэтымі людзьмі. Дый ня мог бы, калі б і хацеў. А што да службаў бясьпекі, дык іх справа ў свабоднай краіне – бараніць свабоду, а не абмяжоўваць яе. І часам гэта бывае да немагчымага цяжка...



4.

(эфір 5 верасьня)

Менш за месяц чакаў прэзыдэнт ЗША Джордж Буш зручнага моманту, каб даць загад на ваенны адказ тэрарыстам. У сёньняшняй перадачы – пра ваенную апэрацыю антытэрарыстычнай кааліцыі ў Афганістане. Але спачатку – рэпартаж з “граўнд зіро” майго калегі Сяргея Навумчыка:

(Навумчык: ) “Сёньня я падышоў да “граўнд зіро” з боку Лібэрты-стрыт і знаходжуся цяпер там, дзе яна перакрыжоўваецца з Грынвіч-стрыт. Якраз тут зробленая невялікая пляцоўка для турыстаў, адсюль відаць усю панараму Нью-Ёрка, дзе год таму стаялі карпусы Ўсясьветнага Гандлёвага Цэнтру. Я спадзяюся, што мяне добра чуваць, нягледзячы на грукат. Грукат гэты ідзе з правага боку, дзе дарабляюць адмысловую пляцоўку, на якой з удзелам прэзыдэнта празь некалькі дзён адбудзецца жалобная цырымонія. Я вось бачу, што яе робяць пад наглядам паліцыі, ну і здагадваюся, сакрэтных службаў таксама.

Навокал на хмарачосах – гіганцкія амэрыканскія сьцягі. Летась у верасьні, калі я ўпершыню наведаў “граўнд зіро”, ніякіх сьцягоў не было. Вокны гэтых дамоў былі пакрытыя пылам, і пыл – гэта тое, што прыгадваюць людзі, якія ўратаваліся 11 верасьня. Людзі распавядаюць, што ў першыя хвіліны пасьля таго, як абрынулася паўночная вежа, было цёмна, як уначы. У чорны пыл пры вялізнай тэмпэратуры ператварылася ўсё, што было ў будынках – мэбля, кампутары, самі будынкі і тыя людзі, якія там працавалі. Больш як ад тысячы чалавек не засталося нічога.

Ёсьць здымак фатографа Тода Мэйсана, на якім пад пылам ляжыць пажарнік, які выглядае мёртвым. Тод Мэйсан спачатку зрабіў так, як зрабіў бы кожны прафэсіянал: ён націснуў затвор фотакамэры, але потым яму падалося, што пажарнік жывы, і ён паклікаў дапамогу. І сапраўды, Кевін Шыры аказаўся жывым, яго ўдалося выратаваць. А перад гэтым сам Кевін Шыры выцягнуў зь пекла некалькі чалавек, пакуль яго не аглушыла каменьнем і не адкінула падчас падзеньня паўночнай вежы убок на 10 мэтраў. Гэта адбылося якраз у тым самым месцы, адкуль я вяду рэпартаж. Паўночная вежа была якраз перад гэтай пляцоўкай, дзе я стаю, мэтраў за 5 – 7.

Сёньня пажарнік Кевін Шыры кажа, што адчувае пачуцьцё віны: зь ягонай каманды 13 чалавек ўратаваўся толькі ён адзін. Некалькі месяцаў у яго была дэпрэсія. Дарэчы, мой знаёмы Ігар Каламіцкі, на вачах якога адбылася гэтая трагедыя, тры дні ня мог гаварыць увогуле, а пасьля яму спатрэбілася некалькі тыдняў, каб прыйсьці ў сябе. Можна ўявіць, колькі часу на гэта спатрэбілася тым, хто быў у эпіцэнтры гэтага выбуху”.


***

Пасьля нападаў на Нью-Ёрк і Вашынгтон сьвет чакаў ад Злучаных Штатаў адказу. Таму тое, што сьвет пачуў увечары 7 кастрычніка, не было нечаканасьцю:

“На мой загад Збройныя Сілы Злучаных Штатаў распачалі ўдары па лягерах падрыхтоўкі “Аль-Каіды” і ваенных аб’ектах рэжыму талібаў у Афганістане”, - абвясьціў у тэлезвароце прэзыдэнт Буш.

7 кастрычніка ўдарамі амэрыканскай і брытанскай авіяцыі па аб’ектах у Афганістане пачалася апэрацыя “Трывалая Свабода”, мэтай якое было нанесьці ўдар рэжыму талібаў за даваньне прытулку галоўным падазраваным – Усаму Бін Лядэну і ваяўнікам “Аль-Каіды”.

Неўзабаве да апэрацыі далучыліся дзясяткі іншых краінаў. Вайна супраць тэрарызму сталася першай вайною ХХІ стагодзьдзя і яна запатрабавала новай ваеннай стратэгіі. Гэта не была адной краіны супраць другой, гэта была вайна шырокай кааліцыі супраць тэрарыстычнай сеткі, што несла прагрозу сьвету. Вайна гэтая спалучала тэхналёгіі ХХІ стагодзьдзя з тактыкай ХІХ-га: нярэдка можна было пабачыць байца кааліцыйных сілаў на кані з апаратам сыстэмы глябальнага пазыцыянаваньня ў руцэ...

На працягу двух месяцаў войскі апазыцыйнага талібам афганскага Паўночнага Альянсу і саюзныя сілы з падтрымкай інтэнсіўных амэрыканскіх паветраных удараў нанесьлі талібам сьмяротныя ўдары на ўсёй тэрыторыі краіны.

Пасьля таго, як талібы страцілі кантроль на бальшыні афганскай тэрыторыі, саюзныя сілы павялічылі сваю прысутнасьць і пачалі шукаць Бін Лядэна ў горных пячорах на ўсходзе Афганістану. Пакуль месца знаходжання Бін Лядэна заставалася невядомае, працягвалі зьяўляцца відэастужкі з запісамі яго прамоваў.

У канцы сьнежня жорсткаму панаваньню талібаў у Афганістане настаў канец. Быў прыведзены да прысягі кіраўнік новага пераходнага ўраду – адукаваны празаходні афганскі арыстакрат Хамід Карзай.

“Мы абавязаліся вызваліць нашу краіну і астатні сьвет ад пошасьці тэрарызму, і мы дапільнуем, каб гэтая задача была выкананая любымі сродкамі”, – заявіў новы афганскі лідэр Хамід Карзай.

На пачатку сакавіка сёлета распачалася новая фаза вайны з тэрорам - “Апэрацыя Анаконда”. Больш за 2000 вайскоўцаў антытэрарыстычнай кааліцыі і іх афганскіх саюзьнікаў высадзіліся ў горных раёнах Усходняга Афганістану, шукаючы рэшткі талібаў і ваяўнікоў “Аль-Каіды”.

Што ж дасягнула антытэрарыстычная кампанія ў Афганістане?

Быў адхілены ад улады рэжым талібаў, арганізацыя “Аль-Каіда” была пазбаўленая трывалага грунту для сваёй дзейнасьці. Былі забітыя або захопленыя ў палон прадстаўнікі кіраўніцтва талібаў і “Аль-Каіды”. У Афганістане дэмакратычным чынам – празь вялікі Нацыянальны Сход – была ўсталяваная новая ўлада.

Ваенная апэрацыя згуртавала ў адной кааліцыі самыя розныя краіны сьвету, у тым ліку колішніх ворагаў з часоў халоднай вайны, што істотна зьмяніла ўсе геапалітычныя канфігурацыі.

І аднак... І аднак вайна – на ўзроўні партызанскіх дывэрсіяў – працягваецца надалей, унутраная сытуацыя ў Афганістане, разьдзіраным міжусобнымі звадкамі, застаецца вельмі нестабільная, а лёс або магчымае месца знаходжаньня злачынцы нумар адзін – Усамы Бін Лядэна – дагэтуль застаецца невядомым.



5.

(эфір 6 верасьня)

9 верасьня 2001 году ў Беларусі адбыліся прэзыдэнцкія выбары, якія, паводле ацэнак назіральнікаў, прайшлі з сур’ёзнымі парушэньнямі. Аднак падзеі, што адбыліся літаральна празь дзень, прымусілі забыцца пра ўсё.

Сёньняшняя тэма – 11 верасьня і Беларусь, але спачатку, як і штодня – рэпартаж з нью-ёрскай вуліцы майго калегі Сяргея Навумчыка:

(Навумчык: ) “Вуліца Дэй-стрыт вядомая аматарам добрай, нават шыкоўнай вопраткі, якія, аднак, нязгодныя пераплочваць лішнія грошы за тое, каб набываць яе ў буціках на 5-й авэню, а едуць сюды, на Дэй-стрыт, бо тут таньней. Бало таньней.

Гэтая крама – праз дарогу ад месца, дзе былі “блізьняты”. Адразу пасьля тэрактаў яна была зачыненая, а вось цяпер толькі што аднавіла працу. А вось трохпавярховай кнігарні, куды я заўсёды заходзіў, ужо няма – яна была ў корпусе Ўсясьветнага Гандлёвага Цэнтру. У мяне захаваліся зробленыя летась у верасьні здымкі ювэлірнай крамы на Мэйдэн-лайн, вітрыны якой былі засыпаныя шэрым попелам. Побач у краме “Levi’s” уся вопратка таксама была пад сантымэтровым слоем попелу, колеру джынсаў ці кашуляў было проста не разабраць. Доўгі час уся гэтая тэрыторыя на некалькі кварталаў ад эпіцэнтру катастрофы была мёртвай зонай. Сотні і тысячы бізнэсаў, пачынаючы ад гандляроў хот-догамі і заканчваючы банкамі і магутнымі фінансавымі карпарацыямі былі вымушаныя спыніць дзейнасьць. Днямі падлічылі, што непасрэдныя і ўскосныя страты Нью-Ёрку ад тэрарыстычных актаў – 93 мільярды даляраў.

Але цяпер, калі працы па расчыстцы “граўнд зіро” завершаныя, жыцьцё вяртаецца ў гэтае месца. Калі я выйшаў з мэтро, мне далі буклет зь пералікам фірм, якія аднавілі сваю працу. Кааліцыя адраджэньня Ўол-Стрыт аб’ядноўвае найлепшыя адвакацкія канторы, інвэстэцыйныя банкі, фінансавыя кампаніі, агенцыі нерухомасьці, дробныя бізнэс- і культурныя ўстановы і проста жыхароў, якія паставілі на мэце адрадзіць гэтую частку гораду да таго стану, якой яна была да 11 верасьня – я маю на ўвазе даўнтаўн, ніжнюю частку Манхэтэна. Усім, хто прыйшоў у гэтыя кварталы, прапануецца картка “Do it downtown” – “Зрабі гэта ў даўнтаўне”. Картка дае значныя зьніжкі на пакупкі. Эвэлін Рот, прэзыдэнт шакаладнай фабрыкі, сказала, штовы можаце дапамагчы даўнтаўну, купляючы ў нас. Яна была на гэтэм месцы сорак гадоў, і цяпер бачыць вялікую розьніцу пасьля 11 верасьня. Яна спадзяецца, што ў найбліжэйшы час людзі пачнуць вяртацца ў даўнтаўн.

А вось кіраўнік крамы “Бэрклі” кажа, што цяпер усе бізнэсы пайшлі ўніз, і ён заўважыў, што абслугоўвае на 100 000 чалавек меней, чым раней. Мэнэджэр мэксыканскай рэстарацыі мяркуе, што ўсё, што было згубленае 11 верасьня трэба вярнуць, але вярнуць ня толькі рэстарацыі і крамы, а тое, што прыцягвала людзей у даўнтаўн: музэі, кінатэатры. Я часта бываў раней у даўнтаўне, памятаю атмасфэру гэтых кварталаў – канечне, тое, што ёсьць сёньня, нельга параўноўваць з тым, што было, скажам, два гады таму. Але гэта ня йдзе і ў ніякае параўнаньне зь першымі тыднямі пасьля трагедыі. Раён сапраўды вяртаецца да жыцьця”.



***

А зараз пра адгалоскі тэрарыстычных нападаў у Беларусі.

Катастрофа 11 верасьня тым або іншым чынам закранула ўсе краіны сьвету. Не была тут выняткам і Беларусь, дзе за два дні перад тым адбыліся прэзыдэнцкія выбары. Аднак тое, што здарылася ў Нью-Ёрку і Вашынгтоне, прымусіла на нейкі час забыцца пра выбары, пра безнадзейную прадвырашанасьць іх вынікаў, пра зьвязаныя зь імі надзеі і расчараваньні. Раптам на нейкі момант стала ясна, што ёсьць у сьвеце рэчы важнейшыя.

Падзеі 11 верасьня адгукнуліся ў Беларусі хваляй спачуваньня, пахіснуліся дагэтуляшнія антыамэрыканскія настроі. А вось для беларускай палітыкі наступствы нападаў мелі даволі складаныя наступствы.

Па-першае, шырокаму сьвету было не да беларускіх выбараў. Выклік, кінуты Аляксандрам Лукашэнкам, які “скраў выбары”, блякнуў у сьвятле выкліку міжнароднага тэрарызму. І ў гэтым сэнсе беларускаму лідэру безумоўна пашчасьціла – калі б не 11 верасьня, рэакцыя заходняга сьвету на ягонае “выкраданьне выбараў” магла б быць значна больш жорсткая. Нават калі прамінуў першы шок, стала зразумелым, што цяпер рэсурсы Захаду будуць істотна пераразьмеркаваныя, адцягнутыя на змаганьне з галоўным ворагам.

Але гэта – толькі адзін бок справы.

11 верасьня кардынальна зьмяніла сьвет. У афіцыйнага Менску зьявілася магчымасьць выйсьці зь міжнароднай ізаляцыі і – за прыкладам шматлікіх іншых дзяржаваў – актыўна падтрымаць барацьбу з тэрарызмам. Аднак замест гэтага Аляксандар Лукашэнка – ледзь не дэманстрацыйна – адмовіўся асабіста наведаць амэрыканскую амбасаду, каб выказаць свае спачуваньні ахрярам тэракту.

Далей было яшчэ горш. Пра тое, што Беларусь гандлюе зброяй з сумнеўнымі рэжымамі і групоўкамі, было вядома і раней. Аднак новая сытуацыя, вайна зь міжнародным тэрарызмам прымусілі сьвет і асабліва Злучаныя Штаты паглядзець на Лукашэнкавы гешэфты са зброяй зусім інакш, чым раней.

Вынікам сталася яшчэ глыбейшая ізаляцыя афіцыйнага Менску ў Эўропе і ў сьвеце.

Але самым важным фактарам для Беларусі пасьля 11 верасьня сталася кардынальная зьмена зьнешняй палітыкі Расеі. Прэзыдэнт Пуцін ня толькі рашуча падтрымаў антытэрарыстычную кампанію Злучаных Штатаў, адбылося істотнае збліжэньне Масквы з Захадам.

(Пуцін:) “Тое, што адбылося сёньня, яшчэ раз пацьвярджае важнасьць расейскай прапановы аб’яднаць міжнародныя сілы для барацьбы з тэрарызмам”.

Расейска-амэрыканскае збліжэньне стала моцным ударам па антызаходняй палітыцы Лукашэнкі, фактычна зьнікла ідэалягічная патрэба ў менскім абаронцы Расеі ад заходняй пагрозы. А інтэграцыйны ультыматум Пуціна паклаў канец шматгадовай гульні ў аб’яднаньне, у якой вёў рэй беларускі лідэр. Кальцо ізаляцыі пачало замыкацца і на Ўсходзе.



6.

(эфір 7 верасьня)

11 верасьня зьмяніла палітычны твар нашай плянэты. А што зьмянілася ў жыцьці грамадзтва – у Амэрыцы і ў сьвеце? Пра гэта крыху пазьней, а спачатку – паведамленьне зь Нью-Ёрку майго калегі Сяргея Навумчыка.

(Навумчык: ) “У нью-ёрскім музэі васкавых выяваў мадам Цюсо, які месьціцца кварталаў на семдзесят вышэй за “граўнд-зіро”, зьявіўся новы экспанат: тры пажарнікі ўздымаюць над рэшткамі ўсясьветнага гандлёвага цэнтру амэрыканскі сьцяг. Фатаздымак гэтай сцэны, які зрабіў Том Франклін, цяпер добра вядомы ўва ўсім сьвеце, і на цырымоніі адкрыцьця васковай групы прысутнічалі самі прататыпы – пажарныя Лан Макуільямс, Джордж Джонсан і Біл Айзегрэйн. Гэтыя імёны для амэрыканцаў цяпер сымбалізуюць геройства, якога хапала ў пажарных, паліцыянтаў і выратавальнікаў 11 верасьня.

Аднак цяпер у амэрыканскай прэсе пачалася новая хваля аналізу падзеяў таго трагічнага дня. Нядаўна “New York Times” надрукавала артыкул, у якім незалежныя экспэрты прааналізавалі дзеяньні пажарных у той дзень. На іх думку, людзей з палаючых будынкаў можна было б эвакуяваць значна хутчэй, калі б дзеяньні пажарных былі лепей узгодненыя з паліцыяй. Акрамя таго, сыстэма сувязі паміж камандамі пажарных была недасканалай. Экспэрты перакананыя, што калі б гэтых недахопаў не было, уратаваць удалося б значна больш людзей.

Хаця, канечне, зразумела, што ні пры якіх абставінах нельга было вызваліць тых, хто знаходзіўся на самых высокіх паверхах будынкаў, над тымі іх часткамі, якія пратаранілі самалёты. Сьведкі кажуць, што самыя жудасныя ўспаміны – гэта калі дзясяткі людзей скокнулі з вокан амаль з паўкілямэтровай вышыні, абіраючы імгненную сьмерць. Калі яны вырашылі кінуцца тварам да сьмерці, можна ўявіць, які жах быў за іх сьпінамі – кажа адна са сьведкаў.

А за сьпінамі ў іх было полымя – гарэла паліва, якое знаходзілася ў авіяляйнэрах. Цяпер ужо даказана, што абодва хмарачосы Ўсясьветнага Гандлёвага Цэнтру абрынуліся не з прычыны мэханічных пашкоджаньняў ад тарану авіяляйнэраў, а якраз з-за пажару, які парушыў некаторыя нясучыя элэмэнты канструкцыі.

Зразумела, што трагедыі ня здарылася б, калі б тэрарыстам не ўдалося пранесьці на борт самалётаў нажы для разразаньня картону. Праўда, год таму ў наяўнасьці такіх рэчаў не было ніякага крыміналу. Цяпер, калі ў вас знойдуць такія нажы, ня кажучы ўжо пра зброю, вас ня пусьцяць у самалёт, але хутчэй за ўсё аддадуць пад суд.

Гэтымі днямі нью-ёрская газэта “Дэйлі нібс” правяла экспэрымэнт: журналісты паспрабавалі пранесьці на борт самалётаў забароненыя рэчы, у тым ліку і нажы. Прычым білеты яны набылі з дапамогай крэдытных картак, праз інтэрнэт, і толькі ў адзін бок, што павінна было б насьцярожыць супрацоўнікаў службы бясьпекі – бо квіткі набываюцца ў абодва бакі. Багаж журналістаў быў прапушчаны праз рэнтген, ахоўнікі іх абшукалі – але і брытвы, і штопары, і нажы, і балёнчыкі з псыхатропным газам ім удалося пранесьці. Застаецца дадаць, што гэты экспэрымэнт адбыўся і ў тых чатырох аэрапортах, зь якіх тэрарысты вылецелі раніцай 11 верасьня”.


***

А зараз пра тое, што зьмянілася за гэты год у жыцьці грамадзтва – у Амэрыцы і ў сьвеце.

На трэці дзень пасьля нападу на Ўсясьветны Гандлёвы Цэнтар пляц Юніён-Сквэр у Нью-Ёрку стаўся месцам збору жыхароў гораду – разгубленых, спалоханых і раззлаваных тым, што адбылося.

Людзі прыходзяць пагаварыць, пасьпяваць або проста памаўчаць са сьвечкамі ў руках у памяць пра ахвяраў. У тыя дні стаялі чэргі на здачу крыві, гуманітарныя арганізацыі былі засыпаныя прапановамі дапамогі. Паўсюль у Злучаных Штатах адчувалася пачуцьцё еднасьці і падтрымкі.

Гэтая еднасьць разагрэла патрыятызм. Амэрыканскія сьцяжкі зьявіліся на аўтамабілях, будынках, у крамах. Песьня-гімн “Божа, блаславі Амэрыку” гучаў рэхам на стадыёнах і ў кабінэтах палітыкаў.

У першы тыдзень пасьля нападу прэзыдэнт Буш зазначыў, як з прычыны трагічных падзеяў узьняўся маральны дух краіны:

“Празь сьлёзы смутку я бачу пэрспэктыву. Няма сумневу, народ смуткуе. Але мы таксама цьвёрдыя і рашучыя, і цяпер настаў момант паслужыць будучым пакаленьням і пакараць тэрарызм”.

Абвясьціўшы вайну з тэрарызмам, адміністрацыя Буша напачатку дасягнула найвышэйшага за апошнія 30 гадоў узроўню папулярнасьці і даверу. А калі амэрыканскія і саюзныя сілы распачалі апэрацыю ў Афганістане, амэрыканцы раптам адчулі небывалае зацікаўленьне вонкавым сьветам і замежнай палітыкай.

Аднак прайшоў год і жыцьцё памалу ўлілося ў звычайнае рэчышча. Паводле апошняга апытаньня, толькі 40 працэнтаў амэрыканцаў лічаць напады 11 верасьня найважнейшымі падзеямі, што адбыліся зь імі за апошні год. Псыхіятар з Вашынгтону Джэймс Грыфіт апісвае сытуацыю так: “Людзей хвалюе заняпад эканомікі, магчымая вайна зь Іракам. Тэрарызм ужо адыйшоў на другі плян. Прайшоў год, і ўсё вельмі зьмянілася”.

Аднак, на думку Грыфіта, ёсьць адна рэч, якая пакінула глыбокі сьлед у душах амэрыканцаў – вайна ўпершыню прыйшла літаральна ў іхны дом: “Дагэтуль непарушанае пачуцьцё надзейнасьці і бясьпекі, якое панавала ў ЗША, было выключэньнем у сьвеце. Большасьць людзей у сьвеце жыве з пачуцьцём нейкай пагрозы”.

Цяпер пачуцьця непарушнасьці іхнай бясьпекі пазбаўленыя і амэрыканцы.

Небясьпеку пасьля 11 верасьня адчувалі і эўрапейцы. Магчымасьць тэрарыстычных нападаў на эўрапейскія сталіцы, пагрозы біятэрарызму гучалі трывожным рэхам па ўсім Старым кантынэнце. У Брытаніі і Францыі было прынятае антытэрарыстычнае заканадаўства, у Нямеччыне – дзе жылі або праходзілі падрыхтоўку будучыя тэрарысты – пачалася татальная праверка маладых арабаў. У некаторых краінах – Францыі, Нідэрляндах – скрайне правыя партыі набіралі пункты на страху грамадзянаў перад імігрантамі.

Камэнтатар чэскай газэты “Lidove Noviny” Міхал Мусіл зазначае, што цяпер усе мы так ці йначай будзем жыць з адчуваньнем пагрозы: “Для звычайных людзей сьвет зьмяніўся ў тым сэнсе, што цяпер яны ўсьведамляюць існаваньне неадчуванай дагэтуль пагрозы. Гэта не паўплывала на жыцьцё людзей так, каб яны істотна зьмянілі свае паводзіны, аднак гэтае адчуваньне пагрозы існуе паўсюль у грамадзтве”.

Так выглядае нашае новае жыцьцё пасьля 11 верасьня, пасьля першага горкага досьведу чалавецтва ХХІ стагодзьдзя.



7.

(эфір 8 верасьня)

Выканаўцамі тэрарыстычных нападаў 11 верасьня былі мусульмане. Ісьлям і тэрарызм – наколькі зьвязаныя гэтыя паняцьці, калі зьвязаныя наагул? Пра гэта крыху пазьней, а спачатку пра тое, што значыць сёньня быць мусульманінам у Нью-Ёрку. Пра гэта распавядзе мой калега Сяргей Навумчык.

(Навумчык: ) “Тыдзень таму адбылася падзея, якая зноў узьняла на паверхню тэму міжрэлігійнай талерантнасьці і стаўленьня да мусульманскай меншасьці.

У Сэлдане, што на Лонг-Айлэндзе, пад Нью-Ёркам, каля індыйскай рэстарацыі “Тандуры котэдж”, група падлеткаў накінулася на пакістанскую жанчыну і яе 15-гадовага сына. Яны пачулі ў свой адрас шмат абразьлівых выразаў, у тым ліку і абвінавачаньне ў нападзе на Ўсясьветны Гандлёвы Цэнтар. Калі маці і сын паспрабавалі сесьці ў аўтамабіль, двое хлопцаў пачалі зьбіваць падлетка. На дапамогу сыну з рэстарацыі выбег ягоны бацька – Тарык Малік. Хуліганы разьбегліся, праўда, дваіх зь іх, тых, хто зьбіваў, – Рычарда Босі і Мэцью Марціна – потым арыштавалі, і ў кастрычніку будуць судзіць.

Канечне, сям’я Тарыка Маліка ня мае ніякага дачыненьня да трагедыі 11 верасьня. Сам ён разам з жонкай пераехаў ў ЗША 17 гадоў таму, атрымаў амэрыканскае грамадзянства, іх сын, які зрабіўся ахвярай нянавісьці, нарадзіўся ў Амэрыцы і адпаведна таксама мае амэрыканскае грамадзянства.

Падобныя праявы нецярпімасьці час ад часу здараюцца ў Амэрыцы. Як правіла, яны даводзяцца да суду і маюць шырокі грамадзкі розгалас. Але ў цэлым стаўленьне амэрыканцаў да сваіх суграмадзянаў мусульманскага паходжаньня талерантнае. Крама па продажы садавіны і гародніны, што месьціцца праз квартал ад маёй вуліцы і якую трымае турак, як працавала, гэтак і працуе. Яшчэ праз тры кварталы – турэцкая рэстарацыя. Газэты я набываю ў невялікай краме, іх тут называюць “гросары”, якую трымае пакістанец, і на маё пытаньне, ці займеў ён нейкія праблемы пасьля 11 верасьня, ён адказаў, што ніякіх этнічных праблемаў няма, але агульны спад эканомікі, канечне, адчуваецца. Людзі проста пачалі ашчаджаць грошы і сталі менш купляць. Хаця, канечне, 25 цэнтаў на газэту ці два даляры на пральны парашок знойдуцца заўсёды, так што ён яшчэ ня вельмі пацярпеў, “гросары” – гэта ўсё ж не авіякампанія.

Ужо праз тыдзень пасьля тэрактаў падчас наведаньня Вашынгтонскага мусульманскага цэнтру прэзыдэнт Буш асудзіў амэрыканцаў, якія выявілі нецярпімасьць да мусульманаў у сувязі з актамі 11 верасьня. “Твар тэрору – гэта не сапраўднае аблічча ісламу, – сказаў тады амэрыканскі прэзыдэнт. – Тэрор ня мае ніякага дачыненьня да ісламу. Іслам – гэта мір. Тэрарысты ж не нясуць мір, яны нясуць зло і вайну”, – сказаў Буш. Прэзыдэнт нават працытаваў Каран – і адзначыў, што “тых, хто робіць зло, ўрэшце рэшт зло і напаткае, бо яны не пачулі знакаў Алаха і пасьмяяліся зь яго”, – заявіў Буш.

У Злучаных Штатах цяпер жыве сем мільёнаў мусульманаў. Цікава, што 42 адсоткі зь іх – людзі з вышэйшай адукацыяй, ды яшчэ 32 адсоткі маюць незакончаную вышэйшую адукацыю. Гэта можна лічыць вельмі высокім паказьнікам.

Дадамо, што сярод тых, хто загінуў у выніку тэрактаў 11 верасьня, былі і мусульмане”.


***

А зараз пра розгалас тэрарыстычных нападаў у мусульманскім грамадзтве.

Падзеі 11 верасьня мелі шырокі водгук у мусульманскім сьвеце. Вынікам гэтага сталася аднаўленьне дыскусіі паміж памяркоўнымі мусульманамі і фундамэнталістамі, дыскусіі, якая працягваецца ў ісьлямскім сьвеце ўжо не адно стагодзьдзе.

На адным полюсе дыскусіі – тыя, хто лічыць ісьлям прынцыпова мірнай рэлігіяй. На думку прадстаўнікоў памяркоўнага ісьляму, арганізатары нападаў 11 верасьня здрадзілі некаторым галоўным каштоўнасьцям мусульманскай рэлігіі.

На другім полюсе стаяць рэлігійныя фундамэнталісты. Яны назвалі нападнікаў “сьвятымі ваяўнікамі” джыгаду, якія ўсталі на абарону веры ад замежных ворагаў, якія падтрымваюць рэпрэсіўныя рэжымы Блізкага Ўсходу.

За гэтымі супрацьлеглымі пазыцыямі стаяць два погляды на галоўнае сацыяльнае пытаньне ісьляму – у якім грамадзтве павінны жыць мусульмане і якую цану яны мусяць быць гатовыя заплаціць за стварэньне такога грамадзтва.

Паводле Ахмэда Вэрсі, рэдактара лёнданскага месячніка “The Muslim News”, бальшыня мусульманаў не прымае пазыцыю фундамэнталістаў дзеля яе неталерантнасьці: “Яны (г.зн. экстрэмісты) ня церпяць ніякіх іншых поглядаў, апрача сваіх. Яны лічаць свае погляды адзіна слушнымі. А гэта супраць асноўнага вучэньня ісьляму, які дазваляе разнастайнасьць ідэяў”.

Пераважная, памяркоўная плынь ісьляму прымае ідэю манархіі, а цяпер і прэзыдэнцкага кіраваньня – калі кіраўнік дзяржавы аддае даніну веры, аднак падпарадкоўвае сабе духавенства, чыя кампэтэнцыя звужаецца да выключна рэлігійных пытаньняў.

Фундамэнталісты не прымаюць такую палітычную сыстэму і выступаюць зь ідэяй вяртаньня да вытокаў, якая ўлучае ў сябе роўнасьць і супольнасьць – за прыкладам суполкі Мухамада і яго першых пасьлядоўнікаў. Вось як апісвае мэты фундамэнталістаў Мухамад Фатэх, каардынатар ваяўнічай ісьлямскай партыі Танзім-і-Ісьлямі з Пакістану: “Галоўная рэч у тым, што мы разглядаем ісьлям як поўны жыцьцёвы кодэкс, які датычыць кожнай асобы аж да вяршыні ўраду, ад нараджэньня і да сьмерці”.

Нягледзячы на тое, што фундамэнталізм застаецца ў ісьлямскім сьвеце зьявай маргінальнай, у найноўшай гісторыі было некалькі выпадкаў дасягненьня фундамэнталістамі сваіх палітычных мэтаў. Апошнім прыкладам была ісьлямская рэвалюцыя 1979 году ў Іране, якая скінула шаха і ўсталявала клерыкальны рэжым.

Крыху падобны выпадак адбыўся раней у Савудаўскай Арабіі, дзе дынастыя Савудаў з падтрымкай фундамэнталісцкай сэкты вахабітаў захапіла ўладу ў 1932 годзе. Іран і Савудаўская Арабія пільна трымаюцца ісьлямскіх законаў і застаюцца самымі фундамэнталісцкімі дзяржавамі ў сёньняшнім сьвеце.

Аднак і ў гэтых краінах сьпее зерне супраціву. У Іране ўсё больш умацоўваюцца рэфармісты, якія дамагаюцца шырэйшых асабістых і палітычных свабодаў. А ў Савудаўскай Арабіі ўзьнікаюць новыя радыкальныя фундамэнталісцкія групы, якія нападаюць на саму манархію за карупцыю і залішнюю паслухмянасьць Захаду. І адна з такіх групаў, якая адкалолася ад саміх вахабітаў – гэта добра ўжо сёньня вядомая “Аль-Каіда”.



8.

(эфір 9 верасьня)

Напады 11 верасьня спрычынілі сэрыю глыбокіх палітычных пераменаў у сьвеце, ад падзеньня талібаў і расейска-амэрыканскага збліжэньня да пагрозы новай вайны ў Іраку.

Аднак ці адбылася фундамэнтальная зьмена сусьветнага парадку? Пра гэта крыху пазьней, а зараз карэспандэнцыя зь Нью-Ёрку майго калегі Сяргея Навумчыка:

***

(Навумчык: ) “Сёньня ў Нью-Ёрку распачаўся тыдзень мерапрыемстваў, прысьвечаных 11 верасьня. У Мэдычнай акадэміі на Пятай авэню сёньня распачалася канфэрэнцыя ў справе ўзьдзеяньня тых падзеяў на псыхіку і здароўе людзей, а таксама на навакольнае асяродзьдзе. Сёньня ж Нацыянальная акадэмія тэлебачаньня ў Эссэкс-Гаўс, што каля Цэнтра-парку, ушаноўвае журналістаў, якія асьвятлялі падзеі пасьля тэрактаў у Нью-Ёрку і Вашынгтоне. Розных мерапрыемстваў дзясяткі, ну а кульмінацыяй будзе цырымонія на “Граўнд-зіро” ў сераду, у гадавіну трагічных падзеяў. Блізкія загіблых упершыню спусьцяцца ў катлаван і ўскладуць кветкі. Наведае “Граўнд-зіро” і Буш.

Праекты мэмарыялізацыі месца трагедыі ў Мангэтэне пачалі распрацоўвацца ўжо ў першыя дні пасьля тэрактаў. Практычна ні ў каго не выклікала сумненьня, што мэмарыял павінен спалучацца з новымі будынкамі, і тут было два варыянты. Першы – гэта аднавіць сусьветны гандлёвы цэнтар ў тым самым выглядзе, у якім ён быў да 11 верасьня. Прыхільнікі гэтага варыянту кажуць, што такое аднаўленьне будзе найлепшым адказам тэрарыстам, якія абралі WTC у якасьці мішэні яшчэ і таму, што ён сымбалізаваў фінансавую магутнасьць Амэрыкі і быў адным з сымбаляў Нью-Ёрку. Праціўнікі такога варыянту кажуць, што будаваць нагэтулькі высокія дамы ня мае сэнсу, што гэта не апраўдана нават з прычыны бясьпекі, і прапануюць узьвесьці на гэтым месцы чатыры будынкі замест двух вышынёй роўна ўдвая меншай. Пры гэтым будзе адноўленая і офісная плошча.

Дарэчы, вось гэты аспект – фінансавая мэтазгоднасьць – заўсёды прысутнічаў у дыскусіі, бо ў гэтым месцы Нью-Ёрку самая дарагая зямля. А арэнда офісу зь пяці пакояў ува ўсясьветным гандлёвым цэнтры даходзіла да 45 тысячаў даляраў за месяц.

Але вось цяпер усё больш чутнымі робяцца галасы тых, хто лічыць: не павінна на месцы трагедыі быць пабудавана нічога, акрамя мэмарыялу ў памяць ахвяраў трагедыі. Яны прапануюць узьвесьці мэмарыяльную сьцяну, якая б паўтарала абрысы будынкаў Уорлд Трэйд Цэнтру. Зразумела, што такі варыянт падтрымліваюць блізкія загіблых, але прыкметна і тое, што за яго выступае і былы мэр Нью-Ёрку Рудольф Джуліяні, які пасьля 11 верасьня стаў нацыянальным героем. Джуліні лічыць, што ўзьвядзеньне на гэтым месцы якіх бы тое ні было камэрцыйных будынкаў – злачынства перад памяцьцю ахвяраў трагедыі.

А вось у Вашынгтоне заходні корпус Пэнтагону ўжо адноўлены ў сваім ранейшым выглядзе. 1600 чалавек ужо зарэгістраваліся ў якасьці аўтараў мэмарыялу, які, паводле ўмоваў конкурсу, не павінен быць вышэйшым за сам будынак Пэнтагону.

Мэмарыял будзе ўзьведзены і ў Пэнсыльваніі, на месцы падзеньня самалёта, які тэрарысты спрабавалі накіраваць на Капітолій ці Белы Дом”.


***

А зараз пра зьмены ў сусьветнай палітыцы, якія адбыліся за гэты год.

Калі тэрарысты скіравалі свае самалёты на вежы-блізьняты, яны ня толькі забілі каля 3 тысячаў чалавек і нанесьлі Злучаным Штатам адчувальны псыхалягічны і эканамічны ўдар. Яны спрычыніліся да істотных зьменаў у сусьветнай палітыцы.

Адміністрацыя прэзыдэнта Буша, якая да верасьня праводзіла ў замежных дачыненьнях курс на “ізаляцыянізм”, каб засяродзіцца болей на ўнутранай палітыцы, пасьля 11 верасьня мусіла рэзка зьмяніць пазыцыю і зноў павярнуцца да сьвету.

“Зараз выпрабоўваецца рашучасьць нашай вялікай краіны. Але не сумнявайцеся. Мы пакажам сьвету, што пройдзем гэтае выпрабаваньне”, – заявіў адразу пасьля нападу Джордж Буш.

Верасьнёўскія падзеі прымусілі па-новаму паглядзець на сьвет ня толькі амэрыканцаў. Крытычнае стаўленьне да Белага Дому зьмянілася глябальным спачуваньнем і салідарнасьцю. Ці не найлепш агульнае пачуцьцё выказаў нямецкі канцлер Герхард Шрэдэр: “Гэта абвяшчэньне вайны ўсяму цывілізаванаму сьвету”.

Галоўным зьнешнепалітычным прыярытэтам Вашынгтону сталася вайна з тэрарызмам. І гэта, хоць і нечакана, але заканамерна знайшло імгненную падтрымку расейскага прэзыдэнта Пуціна. Збліжэньне з Амэрыкай прынесла Маскве нямалы плён: была створаная адмысловая рада NATO-Расея, Расея была абвешчаная краінай з рынкавай эканомікай, і ЗША фактычна закрылі вочы на дзеяньні расейскага войска ў Чачэніі.

Разам з тым, пасьля кароткага пацяпленьня адразу пасьля 11 верасьня істотна пахаладалі дачыненьні паміж Эўропай і Амэрыкай.

Прэзыдэнт вашынгтонскага Фонду Карнэгі Джэсіка Мэцьюз характарызуе стан гэтых дачыненьняў так: “З пашырэньнем абсягаў вайны з тэрарызмам пасьля абвяшчэньня “восі зла” мы ў значнай ступені страцілі эўрапейцаў. А з павышэньнем пагрозы вайны ў Іраку і пашырэньнем сьпісу дамоваў, зь якіх выйшлі ЗША, я магу сказаць, што амэрыканска-эўрапейскія дачыненьні сталі значна горшымі, чым яны былі да 11 верасьня”.

Як будзе далей разьвівацца сусьветная палітыка ў новым, пасьляверасьнёўскім сьвеце, будзе залежаць ад таго, наколькі далёка пойдзе Белы Дом у сваёй палітыцы аднабаковых рашэньняў. Паводле аналітыкаў, адміністрацыя Буша стаіць перад выбарам: ці і надалей руйнаваць падваліны глябальнага парадку, усталяванага пасьля другой сусьветнай вайны, або трымаць раўнавагу паміж сваім статусам звышдзяржавы і палітыкай шматбаковасьці, заснаванай на глябальнай згодзе і вяршэнстве закону.

Інакш Злучаныя Штаты рызыкуюць перайсьці да імпэрскай палітыкі, а ў сьвеце яшчэ не было імпэрыяў, якія б не абваліліся...



9.

(эфір 10 верасьня)

Намаганьні Злучаных Штатаў знайсьці і пакараць тэрарыстаў прывялі амэрыканскі ўрад да прыняцьця агрэсіўных заканадаўчых крокаў, якія, на думку крытыкаў, парушаюць асноўныя грамадзянскія свабоды. Разам з тым у склад антытэрарыстычнай кааліцыі ўваходзяць краіны, дзе рэгулярна парушаюцца правы чалавека.

Вайна з тэрорам і свабода – пра гэта крыху пазьней, а зараз слова майму калегу Сяргею Навумчыку ў Нью-Ёрку:

***

(Навумчык: ) “У гэтыя дні амэрыканскія журналісты і палітолягі практычна аднадушныя ў сваіх ацэнках маштабнасьці падзеяў 11 верасьня. Прычым маецца на ўвазе ня колькасьць ахвяраў – а ніколі яшчэ за гісторыю Амэрыкі 20 стагодзьдзя яна не губляла гэтак шмат грамадзянаў на сваёй тэрыторыі, – і не аб’ём матэрыяльных стратаў – а ў адным толькі Нью-Ёрку ён ацэньваеццва ў 93 мільярды даляраў... Гаворка ідзе пра ўплыў “сэптэмбэр элэвэн” – 11 верасьня – на палітыку, на жыцьцё. На сьветаадчуваньне амэрыканцаў. Палітолягі параўноўваюць 11 верасьня з пачаткам першай сусьветнай вайны і кажуць, што распачалася новая эпоха. Некаторыя наагул гавораць пра пачатак новай эры. Такія фармулёўкі тычацца, пэўна, ўсяго чалавецтва, але менавіта ў ЗША адчуваеш, што практычна няма ніводнай сфэры жыцьця, якая б не зьмянілася пасьля 11 верасьня.

Амэрыка, як вядома – краіна эмігрантаў, яна стваралася каляністамі, яе багацьце назапашвалася перасяленцамі, якія пранікалі на Захад кантынэнту, абжывалі новыя землі. І ў наш час ніводная краіна сьвету не прымала такой колькасьці эмігрантаў, як Злучаныя Штаты. У ЗША – адзін з самых лібэральных эміграцыйных законаў сярод разьвітых краінаў Захаду, як гэта ня будзе гучаць парадаксальна для тых, хто спрабаваў атрымаць амэрыканскую візу і не атрымаў яе. Бо ня варта блытаць турыстычныя паездкі з уласна эміграцыяй. Для атрыманьня амэрыканскага грамадзянства трэба пражыць у краіне пяць гадоў, у той час як у некаторых краінах Заходняй Эўропы – аж да 15-ці. Калі дзіцё нарадзілася на тэрыторыі ЗША, яно аўтаматычна робіцца амэрыканскім грамадзянінам незалежна ад статусу бацькоў – такога, зноў жа, няма ў краінах заходняй Эўропы. Нарэшце, і сёлета Амэрыка працягвае лятарэю грын-кард, якая дае магчымасьць эміграваць у Амэрыку больш як паўсотне тысячаў жыхароў іншых краінаў.

Наагул падаецца парадаксальным, але пры значна больш жорсткай візавай палітыцы ў дачыненьні да турыстаў эміграцыйная палітыка ЗША засталася па-ранейшаму лібэральнай. Быў толькі невялікі пэрыяд адразу пасьля верасьня, калі служба эміграцыі спыніла выдачу статусу ўцекачоў па-за межамі ЗША. На тэрыторыі Беларусі гэта закранула габрэяў, якія маюць права бегчы ад антысэміцкага перасьледу ў ЗША паводле так званай папраўкі сэнатара Лаўтэнбэрга ў амэрыканскім іміграцыйным заканадаўстве. Цяпер выдача статусу адноўленая.

Візавая ж палітыка сапраўды істотна зьмянілася. Раней гасьцявая віза выдавалася практычна ўсім без выключэньня ня менш як на паўгады. Дарэчы, канчатковае рашэньне ў справе тэрміну прымае эміграцыйны афіцэр у амэрыканскім аэрапорце. Дык вось цяпер візу ставяць на месяц, а то і на два тыдні, і парушэньне ацэньваецца вельмі сурьёзна. Да прыкладу, у ЗША скасаваныя гастролі маскоўскага тэатру, паколькі папулярная расейская актрыса Чурыкава не атрымала візу – год таму яна пратэрмінавала сваю візу на два дні. Раней на такое парушэньне глядзелі скрозь пальцы.

Аднак найбольш жорсткай зрабілася пазыцыя ў выдачы гэтак званых навучальных візаў, бо менавіта іх скарысталі тэрарысты. Колькасьць іх абмежаваная, тэрмін дзеяньня – таксама. Праўда, тычыцца гэта найперш арабскіх краінаў і, канечне, тых краінаў, якія падтрымліваюць тэрарызм”.


***

А зараз пра дылему бясьпекі і свабоды ў сьвятле падзеяў 11 верасьня.

Распачатая ўладамі Злучаных Штатаў барацьба з тэрарызмам запатрабавала новых падыходаў да забесьпячэньня бясьпекі. Ня будзем забывацца, што амэрыканскія службы бясьпекі шмат хто вінаваціў у тым, што яны былі няздольныя прадбачыць і папярэдзіць трагічныя падзеі 11 верасьня.

Міністар юстыцыі Злучаных Штатаў Джон Эшкрафт абгрунтаваў неахбоднасьць павелічэньня паўнамоцтваў службаў бясьпекі такім чынам: “Дзеля таго, што тэрарысты навучыліся прыстасоўвацца да новай тактыкі праваахоўчых органаў, мы таксама навучыліся прыстасоўвацца да ўсё новых патрэбаў нацыянальнай бясьпекі. І адна з галоўных рэчаў, што мы зразумелі за апошнія месяцы, гэта тое, што нашая здольнасьць абараняць краіну была падарваная абмежаваньнямі апошніх дзесяцігодзьдзяў”.

Новыя паўнамоцтвы дазваляюць праваахоўчым органам ЗША сачыць за людзьмі, падазраванымі ў сувязях з тэрарыстамі, у тым ліку перахапляць камунікацыі, патрабаваць зьвесткі ад бібліятэкаў, уваходзіць у месцы рэлігійнага культу. Бушава адміністрацыя падкрэсьлівае, што вайна з тэрарызмам – гэта прынцыпова новая зьява, а тэрарыстычная сетка “Аль-Каіда” – гэта новы і надзвычай небясьпечны вораг.

“Мы будзем шанаваць нашую Канстытуцыю і паважаць свабоды, якія нам так дарагія, і разам з тым мы хочам запэўніць, што мы зробім усё, каб папярэдзіць новы напад, каб абараніць Амэрыку”, – паабяцаў Джордж Буш з нагоды наданьня новых паўнамоцтваў Фэдэральнаму Бюро Расьсьледаваньняў.

Аднак амэрыканскія праваабаронцы і нават некаторыя спэцыялісты ў пытаньнях бясьпекі непакояцца, што новыя паўнамоцтвы стануць небясьпечным прэцэдэнтам, які можа прывесьці да абмежаваньня амэрыканскіх свабодаў.

Дырэктар дасьледаваньняў абароннай палітыкі ў Інстытуце Като з Вашынгтону Айвэн Ілэнд засьцерагае, што ФБР можа і не знайсьці прафэсійна падрыхтаваных тэрарыстаў, затое аб’ектамі абразьлівай працэдуры праверкі і сачэньня могуць стацца ні ў чым не вінаватыя законапаслухмяныя грамадзяне.

“Мы маем найгоршую сытуацыю, якая толькі магла быць. Тэрарысты застаюцца незаўважаныя, а ўся ўвага спэцслужбаў зьвяртаецца на людзей, якія не зрабілі нічога дрэннага”, – выказвае свой неспакой спэцыяліст у галіне бясьпекі з Вашынгтону Айвэн Ілэнд.

Прадстаўнік іншага інтэлектуальнага цэнтру – вашынгтонскага Heritage Foundation – Джэймс Філіпс прытрымваецца іншага погляду. На ягоную думку, у часы нацыянальнага крызысу ўрад мае права, так сказаўшы, крыху перабольшыць зь бясьпекай, нават калі з-за гэтага на кароткі час крыху пацерпяць пэўныя свабоды.

Аднак і Ілэнд, і Філіпс упэўненыя, што новыя паўнамоцтвы спэцслужбаў не размыюць грамадзянскія свабоды да такой ступені, што Злучаныя Штаты стануць рэпрэсіўнай дзяржавай. Цяпер гэтай краіне застанецца толькі давесьці, што яна моцная ня сіламі бясьпекі, а сваёй свабодай.


10.

(эфір 12 верасьня)

Цырымонія адзначэньня гадавіны трагічных падзеяў 11 верасьня закончылася ўчора позна ўвечары, калі ў Менску была ўжо ноч, тэлевізійным зваротам прэзыдэнта Джорджа Буша да амэрыканскага народу.

Буш выступіў з гэтым зваротам на востраве Эліс-Айленд, пад адкрытым небам, на фоне ілюмінаванай статуі Свабоды. Сёньня, у нашай апошняй перадачы з цыклу “Эпіцэнтар – 11 верасьня” я пазнаёмлю вас з асноўнымі момантамі тэлезвароту. Але на пачатку слова майму калегу Сяргею Навумчыку, які распавядзе, як выглядае Нью-Ёрк на другі дзень пасьля гадавіны.

***

(Навумчык: ) “У Нью-Ёрку працягваюцца цырымоніі пахаваньня ахвяраў леташняга тэракту – бо толькі цяпер удаецца ідэнтыфікаваць рэшткі чалавечых целаў паводле аналізу ДНК.

На сёньняшні дзень апазнаныя рэшткі толькі паловы загіблых ува Ўсясьветным Гандлёвым Цэнтры – 1401 чалавека . Пры гэтым цэлымі былі дастаўленыя ў шпіталі толькі 293 цела. Сёньня ў нью-ёрскім шпіталі Бэльвю усё яшчэ знаходзяцца каля сотні неапазнаных целаў ахвяраў тэракту 11 верасьня. А усяго ў моргах Нью-Ёрку – 19 тысячаў 898 так званых “адзінак” – большай часткай, найдрабнейшых кавалкаў скуры ці костак. Візуальна іх апазнаць немагчыма, і ўся надзея толькі на аналізы ДНК, а яны займаюць шмат часу.

Учорашні вецер, які ахінуў Нью-Ёрк і ўзьняў з “Граўнд-зіро” пясок, аказваецца, быў вынікам урагану, які валіў дрэвы і пашкодзіў лініі электрасувязі. Сёньня таксама вецер, хаця і меншы. У горадзе аўтамабільныя заторы – бо адна з асноўных трасаў уздоўж Мангэтэну, якая праходзіць пад комплексам будынкаў штаб-кватэры ААН – перакрытая. Так заўсёды робіцца ў дзень адкрыцьця “аанаўскіх” самітаў, а сёньня захады бясьпекі яшчэ большыя, бо якраз сёньня ў ААН выступае прэзыдэнт Буш.

З раніцы амэрыканскія каналы трансьлявалі зварот Буша, запісаны на фоне начнога Мангэтэну, за сьпіной прэзыдэнта была статуя Свабоды і амэрыканскі сьцяг. Прэзыдэнт казаў пра вайну з Іракам. І ў ААН Буш будзе заклікаць сусьветных лідэраў падтрымаць амэрыкансую пазыцыю ў дачыненьні да Хусэйна.

І цяпер колькі словаў пра рэакцыі на гэта амэрыканскіх беларусаў, зь якімі мне давялося пагутарыць. З аднаго боку, яны лічаць неабходнай працягваць барацьбу з тэрарызмам, і Амэрыка, якая спазнала трагедыю 11 верасьня, мае маральнае права на такую барацьбу. Але пры гэтым з-пад увагі Вашынгтону не павінны зьнікаць і праблемы іншых краінаў, існаваньне якіх пад пагрозай. Беларуская дыяспара ўспрыняла апошнія інтэграцыйныя заявы прэзыдэнта Расеі вельмі сур’ёзна і бачыць у іх пагрозу незалежнасьці – і дыяспара мае намер нагадваць амэрыканскім палітыкам, што дзесяць гадоў таму менавіта Вашынгтон выступіў гарантам незалежнасьці Беларусі, калі зь яе тэрыторыі выводзілася ядзерная зброя.

Пра гэта, дарэчы, і будзе гаворка на сходзе нью-ёркскіх беларусаў, які пройдзе ў наступную суботу ў памяшканьні фонду імя Крэчаўскага”.

***

А зараз – пра тое, што сказаў у сваім тэлевізійным звароце да амэрыканскага народу прэзыдэнт Злучаных Штатаў Джордж Буш.

“Для ўсіх амэрыканцаў гэта быў год прыстасаваньня, звыканьня зь цяжкай думкай пра тое, што нашая краіна мае ворагаў, гатовых на ўсё, і што мы не абароненыя ад іх нападаў”.

Прэзыдэнт Буш зазначыў важнасьць гуманістычных ідэалаў у барацьбе з тэрарызмам: “Напад на нашую краіну быў таксама нападам на тыя ідэалы, які складаюць сутнасьць нашай краіны. Нашае найглыбейшае нацыянальнае перакананьне палягае ў тым, што кожнае жыцьцё каштоўнае, бо кожнае жыцьцё – гэта дар творцы, які стварыў нас, каб мы жылі ў свабодзе і роўнасьці.

І гэта больш чым што іншае разьдзяляе нас з ворагамі, супраць якіх мы змагаемся. Мы цэнім кожнае жыцьцё. Нашыя ворагі ня цэняць ніякага жыцьця, нават невінаватага, нават свайго ўласнага”.

Гаворачы пра антытэрарыстычную кампанію, Джордж Буш ускосна згадаў рэжым Садама Хусэйна ў Іраку, не называючы яго даслоўна: “Амэрыка ўступіла ў вялікую барацьбу, дзе выпрабоўваецца нашая сіла і яшчэ больш – нашая рашучасьць. Наш народ цярплівы і трывалы. Мы працягваем пошукі тэрарыстаў у гарадах, лягерах і пячорах па ўсёй Зямлі.

З намі разам – вялікая кааліцыя дзяржаваў, і нашая мэта – пазбавіць сьвет ад тэрору. І мы не дазволім ніякім тэрарыстам або тыранам пагражаць цывілізацыі зброяй масавага зьнішчэньня”.

Буш запэўніў у тым, што барацьба будзе весьціся да канца: “На руінах вежаў-блізьнятаў, пад сьцягам, што лунае над Пэнтагонам, на пахаваньнях загіблых, мы далі сьвятое абяцаньне самім сабе і ўсяму сьвету: Мы ня спынімся, пакуль ня будзе ўчыненае правасудзьдзе і пакуль наша краіна ня будзе ў бясьпецы. Тое, што распачалі нашыя ворагі, мы закончым”.

Гаворачы пра рэлігійны аспэкт барацьбы, Буш зазначыў: “Мы паважаем веру Ісьляму, змагаючыся з тымі, чые дзеяньні заплямілі гэтую веру. Мы змагаемся не для таго, каб навязаць сваю волю, а каб абараніць сябе і пашырыць блаславёны дар свабоды”.

Заканчваючы свой зварот, прэзыдэнт Злучаных Штатаў сказаў: “Заўтра настане 12 верасьня. Вяха засталася ззаду, але наша місія працягваецца. Будзьце пэўныя; наша краіна моцная. А наша справа яшчэ большая за нашую краіну. Наша справа – бараніць чалавечую годнасьць і свабоду... Гэты ідэал Амэрыкі – надзея ўсяго чалавецтва. Гэтая надзея надалей асьвятляе наш шлях. І сьвятло сьвеціць у цемры, і цемра не агорне яго”.
XS
SM
MD
LG