Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА НАКІРАВАЎ СПАЧУВАНЬНЕ ПРЭЗЫДЭНТУ ЗША І ПАСЛАНЬНЕ ГЕНЭРАЛЬНАМУ САКРАТАРУ ААН


Валер Каліноўскі, Менск

“Увесь цывілізаваны сьвет быў у той дзень разам з амэрыканскім народам, перажываў ягоны нясьцерпны боль. Злачынцы ўдарылі і па геаграфічна далёкай ад ЗША Беларусі: у руінах Гандлёвага цэнтру згубіла жыцьцё маладая беларуская дзяўчына. Беларускі народ, які зьведаў жахі другой сусьветнай вайны і чарнобыльскай катастрофы, добра разумее, што давялося перажыць народу ЗША”, — піша беларускі кіраўнік.

Аляксандар Лукашэнка выказвае народу ЗША спачуваньні і абяцае, што “беларуская зямля ніколі не была і ня будзе прытулкам для тэрарыстаў”. Паводле А.Лукашэнкі, Беларусь гатовая і надалей канструктыўна супрацоўнічаць са ЗША і іншымі краінамі дзеля канчатковай перамогі над міжнародным тэрарызмам.

Аляксандар Лукашэнка выказаў упэўненасьць у тым, што нармалізацыя дачыненьняў паміж Беларусьсю і ЗША магла б быць больш выніковай, паколькі для яе не існуе асаблівых перашкодаў.

Генэральнаму сакратару ААН А.Лукашэнка накіраваў аналягічнае пасланьне, у якім ён адзначыў асаблівую ролю гэтай арганізацыі ў справе стварэньня глябальнай антытэрарыстычнай кааліцыі, часткай якой, паводле словаў спадара Лукашэнкі, зьяўляецца Беларусь.
XS
SM
MD
LG