Аляксандар Замкоўскі, нарадзіўся ў Полацку 21 год таму. Скончыўшы тамтэйшую гімназію, прыехаў вучыцца ў Віцебскі дзяржаўны ўнівэрсытэт і цяпер ёсьць студэнтам аддзяленьня журналістыкі.
(Замкоўскі: ) “У наш час уся наша журналістыка, усе нашыя часопісы ды газэты падзяляюцца на два супрацьлеглыя бакі – апазыцыйныя ды дзяржаўныя. Больш нічога няма. Таму й у нас няма ніякіх варыянтаў: ці то ты “дзяржаўнік” і цябе суадносяць зь “міліцыянцкай” дзяржвай, ці то ты “апазыцыянэр”, махаеш сьцягам… Адно з двух! Але гэта вельмі дрэнна, бо якая б ні была ўлада, якія б вакол ні былі людзі, журналіст мусіць даваць аб’ектыўную інфармацыю.
Калі здарыцца так, што лёс, прабачце мяне за гэта слова, ”запрэ” мяне ў дзяржаўную газэту, я думаю, што знайду дзеля сябе яшчэ адзін “канал”, а можа, нават і не адзін, дзе можна будзе пісаць добрыя матэрыялы, дзе можна знайсьці агульную мову з рэдактарам ды з рэдакцыйнай калегіяй, і пісаць пра тое, што ты хочаш, дзе я змагу самавыявіцца настолькі, наколькі будзе патрэба.
Я думаю, нашае пакаленьне адрозьніваецца ад пакаленьня нашых бацькоў свабодай. Хаця… вядома, яны былі больш ”закамунізаваныя”, але усё ж такі іх таксама болей цікавіла, напрыклад, каб пабегаць па двары або пагуляць у сьнежкі, чымся чытаць газэту “Праўда” або вывучаць “Капітал” Маркса!
Капіталізм, камунізм, сацыялізм – усё гэта прайшло! Мы зараз знаходзімся на скрыжаваньні дарог, гэта пераломны момант паміж дзьвюма эпохамі, і ніхто ня ведае, што будзе далей. Таму, можа, даючы нам такую свабоду, лёс падараваў нам вельмі добры шанец, каб самавыявіцца, каб паказаць усяму сусьвету і сябе самому, што ты можаш, а што – ня можаш…
Я думаю, кожны чалавек мусіць цікавіцца палітыкай, таму што, калі не,– то мы будзем проста статкам, быдлам, якое можна загнаць у хлеў, зачыніць на засоўку, і яно будзе там хіба “мэкаць” і “бэкаць”... Мы павінны ведаць, што адбываецца ў дзяржаве, быць у курсе ўсіх падзей. Наконт сябе асабіста магу сказаць, што я цікаўлюся палітыкай, і шмат хто вакол мяне цікавіцца, але бальшыня – не. Таму што людзей ў нашым узросьце, у 19-20 год, болей хвалюе сваё асабістае шчасьце, каханьне, сяброўства, нейкія дыскатэкі, сустрэчы, а ня тое, што адбываецца “наверсе”. І, я думаю, так і мусіць быць, бо цяпер наш час бавіцца ў нейкіх прыемных асабістых варунках і не заўважаць навакольнага бруду. Але паступова мы пачынаем ствараць свой сьвет і будаваць дзеля сябе нешта іншае. Так мы сталеем, так і павінна быць!”