Натальля, 26 гадоў. Чатыры месяцы таму ў яе нарадзіўся хлопчык, што зрабіла яе жыцьцё яшчэ больш цікавым і сьветлым. Калі сама была малая, марыла зьехаць з роднага гораду Кобрына, магчыма нават за мяжу. Але зараз упэўненая, што добрае жыцьцё трэба будаваць тут, з роднымі, сябрамі, у сваёй краіне.
(Натальля: ) “Наагул, я лічу сябе вельмі шчасьлівым чалавекам. Для гэтага ў мяне ёсьць амаль усё: муж, маленькі сынок, работа, бацькі, якія жывуць побач, сябры. Калі я вучылася яшчэ ў школе, марыла паехаць далёка, жыць і працаваць там. Ніколі ня думала, што застануся тут і буду гэтым вельмі задаволеная.
Я працую настаўнікам у школе, прафэсію сваю люблю. Працаваць хацелася б, але, ведаеце, парадокс, у школу вяртацца няма ніякага жаданьня. Што прычына таму: жаночы калектыў ці непамерная нагрузка, ці жаданьне адміністрацыі паказаць табе на дзьверы, як толькі ты скажаш “не”, я ня ведаю, мабыць усё разам. Але цьвёрда ведаю, што наладзіць добрыя адносіны зь дзецьмі – гэта самая прыемная і зусім не складаная задача.
На шчасьце, у мяне зараз у жыцьці беласьнежная паласа. Я не працую, бо знаходжуся ў дэкрэтным адпачынку. Яшчэ да нараджэньня сына чула ўвесь час ад родных, ад сяброў, што зь зьяўленьнем дзіцяці скончыцца асабістае жыцьцё, ня будзе ўжо той свабоды ў дзеяньнях, нават сябры адыдуць на задні плян. А зараз я проста сьмяюся з гэтых словаў. Гэта якое шчасьце мець маленькага чалавечка, які стымул у жыцьці, колькі радасьці і надзеі на яго! Канечне, у чымсьці сабе і адмаўляеш. Але чаму ніхто не гаворыць аб тым, што новага зьяўляецца ў тваім жыцьці? У мяне зараз абсалютна здаровы вобраз жыцьця, жаданьне самаадукацыі, таму што колькі яму трэба будзе ўсяго расказаць, растлумачыць. А самае галоўнае, у мяне ёсьць яшчэ такі непаўторны шанец пабываць яшчэ раз у дзяцінстве! Цацкі, казкі, песенкі, вершыкі, гэтым так захапляешся, што часам забываеш, што ты дарослы.
Я вельмі жадаю, каб у маіх дзяцей быў выбар у будучыні: што вучыць, дзе вучыцца, чым займацца і якое жыцьцё выбраць. На першы погляд, выбар у нас ёсьць: багацьце тавараў, мноства навучальных установаў, сродкаў камунікацыі. Але якая якасьць гэтага тавару? Адсоткаў семдзесят замежнага тавару – гэта падробка ці брак. Як выбраць навучальную ўстанову? Сёньня твая прафэсія патрэбная, а назаўтра ты ніхто. А як абараніць дзіця ад непатрэбнай інфармацыі, даць яму арыентыр у адносінах зь людзьмі?
Канечне, шмат чаго зьяўляцца ў нашай краіне, чаго не было ў нашым дзяцінстве. Напрыклад, я вельмі радая, што ў Беларусі зьяўляюцца лядовыя палацы. Я вельмі жадаю, каб мае дзеці сур’ёзна займаліся спортам. Вельмі падабаецца, што Беларусь і канкрэтна мой горад Кобрын увесь час абнаўляецца. Часам моладзь імкнецца да ўсяго замежнага, але беларускія тавары падняліся на высокі ўзровень. Так, мне вельмі падабаецца касмэтыка фірмы “Беліта” і “Вітэкс”, адзеньне фірмы “Сьвітанак” зьдзіўляе сваім выбарам. Нельга не сказаць пра чысьціню нашых гарадоў, дзе старыя пабудовы абнаўляюцца, горад прымае сучасны выгляд. Нават па словах майго знаёмага нашая Берасьцейская вобласьць падобная на Галяндыю. У кожным нават маленькім горадзе ёсьць ужо свае тэлеканалы. Зусім нядаўна ў Кобрыне пачала выходзіць свая газэта. Усё гэта так прыемна, прыносіць такое задавальненьне за свой горад, за сваю краіну!
Што я хачу пажадаць слухачам? Будуйце сваё жыцьцё зараз, а ня з заўтрашняга дня ці году. Не чакайце, што хтосьці прыйдзе і зробіць яго шчасьлівым, краіну багатай. Шчасьлівым можна быць у любых умовах!”