Раман Кулікоўскі, старшыня выканкаму Пяршайскага сельскага Савету Валожынскага раёну. 26 гадоў. Праблемай нацыянальнага маштабу лічыць уратаваньне беларускай вёскі ад сацыяльна-эканамічнай дэградацыі.
(Кулікоўскі: ) “Пра сваю работу магу сказаць тое, што мы працуем з народам. І пытаньняў тут з кожным днём не памяншаецца, а павялічваецца. І ўсё тут–надзённае, дзе вырашаюцца не вялікія пытаньні, а паўсядзённыя. Каму дроў прывезьці. Каму дапамагчы з транспартам, каму паліва прывезьці. А яшчэ стаяць вадаправоды – трэба іх рамантаваць. Бо калі тут будаваліся хаты і вадаправоды, гэта было 30-40 гадоў таму. А зараз гэта штодзённа выходзіць са строю. І грошай, на жаль, сёння няма на вырашэньне тых праблемаў, што сёньня ўзьнікаюць. Год быў, я так лічу, ня зь лёгкіх, але будзем працаваць. Наагул, якія б ні былі пытаньні, праблемы ў нашым жыцьці, іх трэба вырашаць. Рук ніколі не трэба апускаць.
Я лічу, што трэба да вёскі павярнуцца тварам. Бо хутка ня будзе каму на зямлі працаваць. Таму што моладзь зьехала, яна ня хоча працаваць. Бо цяжка. Няма тых умоваў, якія сёньня ёсьць у горадзе. На зямлі цяжка працаваць яшчэ і таму, што ня вельмі добра і аплочваецца гэтая праца. Увогуле па сельскім савеце з кожным годам скарачаецца пагалоўе кароў, сьвіней, коней. Трэба неяк заахвоціць моладзь застацца. Таму што людзей ня будзе на вёсцы. Ня будзе каму тут жыць. Трэба даць ім магчымасьць, каб яны зараблялі добрыя грошы. Калі яны будуць зарабляць тут добрыя грошы, можна пабудаваць хату сабе. Такую, якую ты захочаш. Можна купіць сабе аўтамабіль. Адным словам, такі чалавек можа сабе ўсё дазволіць”.