Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Надзея Кокаш


Бабруйчанка, журналістка Надзея Кокаш гэты год правяла бурна: 5 разоў саскочыла з парашутам, потым уведала, што цяжарная, выйшла замуж за маладога міліцыянта ды пераехала ў Койданава. Сакрэт посьпеху: на Новы год ёй падаравалі чароўны экзатычны фрукт, які спаўняе мары. Дзіця мае нарадзіцца 31 сьнежня.

(Кокаш: ) “Я пяць разоў скакала з парашутам і ведаю, што такое палёт. Мой другі скачок быў цудоўны, такі цудоўны, што я забылася расчакаваць запасны парашут і прызямлялася на двух. Кожная дзяўчына павінна скакаць з парашутам, кожная дзяўчына! Ты адчуеш свой горад з птушынага палёту. У мяне застаўся здымак: панарама Бабруйска з вышыні. Дых пераймае... Я не магла гэтага не зрабіць, бо я нічога не баюся. Я такі неразумны аптыміст. Усё будзе добра. Я хачу, каб маё дзіця было такое ж актыўнае, як і я.

Мае мары маюць прыкладны характар. Нарадзіць дзіця, скончыць у кватэры рамонт. Кожная жанчына хоча, каб чалавек прыйшоў у сьвет у абноўленым доме. Займаюся тым, што працую цэлы дзень, а потым бегаю па крамах, шукаю шпалеры. Потым праблема давезьці. Набываю тканіны, дэкарую, шыю, разводжу кветкі. У мяне ўласны маленькі кактусятнік. Ёсьць юка, драцэна. Кветкі – напамінак пра сяброў, якія засталіся ў іншым горадзе.

Я люблю вечарам, гадзінаў у адзінаццаць, папіць з каханым гарбаткі, падзяліцца ўражаньнямі ад пражытага дня. Прыемна! Але вельмі баюся: мы жанатыя нядаўна з хлопцам маім – два месяцы. Як складуцца адносіны пасьля нараджэньня дзіцяці? Чула, што многім мужчынам цяжка.

Будучыню ўсяе краіны я бачу, на жаль, горшай, чым мая ўласная будучыня. Мне здаецца, што ў жыцьці мноства пэрспэктываў. Але вакол я бачу людзей, якія ныюць, якім дрэнна, якія ня бачаць пэрспэктывы. Краіна ня хоча рабіць сабе цуд”.
XS
SM
MD
LG