Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віталь Валюк


Віталь Валюк, 21 год, родам зь Лідчыны, ужо чацьвёрты год вучыцца ў Польшчы, атрымаў стыпэндыю ад польскай амбасады ў Беларусі. Мае радню ў Польшчы і трохі ведаў раней польскую мову.

(Валюк: ) "Зьяўляюся студэнтам Эканамічнай акадэміі. Мая будучая прафэсія – гэта кіраваньне малой і сярэдняй фірмай. Мяне заўсёды цікавілі працэсы кіраваньня, арганізацыі, каб ад цябе самога залежала тое, што ты робіш. Каб паступіць сюды, трэба было здаваць экзамены ў польскай амбасадзе, здаў і паступіў на вучобу ва Ўроцлаў. Вельмі прыгожы горад, на мой погляд, гэта адзін з самых прыгожых гарадоў у Польшчы. Старажытная частка гораду вельмі цікавая, заўсёды шмат турыстаў, вельмі добра зробленыя і захаваныя помнікі архітэктуры, культуры.

Я праваслаўны, напачатку, калі прыехаў, то хадзіў да касьцёла. Але потым даведаўся, што тут ва Ўроцлаве ёсьць адна царква, і цяпер стараюся хадзіць у тую царкву.

Ня надта часта бываю дома, але калі бываю, то ёсьць такое параўнаньне, што Беларусь і Польшча – розныя. Калі нельга сказаць, што мы ідзем назад, то стаім на тым жа месцы, мы нічога ня робім, каб ісьці наперад. Гэта вельмі шкада, краіна мае патэнцыял і магла б разьвівацца.

Я лічу, што Беларусь мае перад сабою цяжкі шлях, але калі ўсё добра будзе заарганізавана, то калісьці Беларусь будзе знанаю краінаю, і ўсё там будзе добра.

Як бы там ні было, хаця і кажуць, што польскія дзяўчаты прыгожыя, але беларускія прыгажэйшыя. Гэта ня толькі я заўважыў, але большасьць хлопцаў, і ня толькі зь Беларусі, але і з Украіны. Маю сяброўку, польская дзяўчына, але пабачым, як будзе, свая ўсё ж мілей.

У кантактах з польскай моладзьдзю праблемаў няма, моладзь талерантна падыходзіць да ўсяго. Мы маем больш праблемаў у кантактах са старэйшым пакаленьнем. Тут людзі ў Заходняй Польшчы варожа ставяцца да Савецкага Саюзу, і ўсе для іх людзі з таго боку, з былога СССР – як бы ворагі, усе камуністы. Яны даюць адчуць, што яны цябе ня любяць. Нават старэйшыя настаўнікі за 60 гадоў, яны таксама гавораць" "Ты з Савецкага Саюзу, ты камуніст, табе не пастаўлю, – напрыклад, – пяцерку, а пастаўлю тройку". Такія выказваньні чуем ад старэйшага пакаленьня. Крытычна ставяцца да нашай краіны, не бачаць, што краіна разьвіваецца.

Найлепей хацелася б вярнуцца на Радзіму, але невядома, як будзе. Напачатку пастараюся пашукаць працу ў Польшчы. Бо шмат маіх калегаў, якія вярнуліся дадому, папросту не маглі знайсьці працу. Калі яны зьвярталіся, то ім гаварылі, што іхны польскі дыплём не патрэбны, а толькі беларускія ці расейскія дыплёмы. Гэта ж вышэйшая адукацыя, дыплём шанаваны ў Нямеччыне і іншых краінах. Але ня ведаю, не жадаюць людзі папросту прымаць”.
XS
SM
MD
LG