Міхаліна Емяльянава, 23 гады. Вывучала беларускую філялёгію ў Беластоку і Вільні. Захапляецца псыхалёгіяй, філязофіяй. У музыцы аддае перавагу клясыцы – любіць Паганіні, Шапэна. Цікавіцца беларускімі традыцыямі, этнаграфіяй, фальклёрам.
(Міхаліна: ) “Што такое Каляды ў сёньняшнім тысячагодзьдзі, тысячагодзьдзі кампутараў, мабільных тэлефонаў? Каляды – гэта традыцыя. Для мяне гэта традыцыя, каторая прывівалася мне ад маёй бабці, ад маёй маці, і я спадзяюся, калі ў мяне будуць дзеці, абавязкова навучу сваіх дзяцей, што такое Каляды, што такое Купальле, што такое Вялікдзень, дзеля чаго гэта трэба ведаць, дзеля чаго гэта трэба разумець.
Я зь дзяцінства ведаю, што ёсьць тры куцьці. Першая куцьця – з 24-га на 25-га, гэта шчадрэц, потым на Новы год, а з 6-га на 7-га – постная куцьця, альбо вадзяная куцьця. У гэтыя дні я павінна быць дома, я мушу энэргетычна зьвязвацца зь людзьмі, якія блізкія мне па духу. Гэта мая сям’я, гэта мае сябры.
Вельмі шмат маладых людзей, зь якімі я кантактуюся, расейскамоўныя, і для іх вялікае дзіва, што такое Каляды. Яны кажуць, што гэта “Рождество Христово”, і ўсё залежыць ад таго, у якую веру ты хрышчоны. Я адказваю, што я не хрышчоная ўвогуле, і для мяне Каляды – гэта язычніцкая традыцыя, традыцыя маіх прадзедаў і дзядоў. Гэта пэўныя сымбалі. І пачынаю тлумачыць, што Каляды – гэта містыка, гэта яднаньне з каранямі, што на Каляды павінна быць пэўная колькасьць страваў на стале, мусіць быць куцьця менавіта зь ячневых круп, Таму што гэта крупа, якая таксама насычаецца сонечнай энэргіяй і нясе энэргетыку зямлі Беларусі...
Ёсьць у мяне сябры, якія называюць сябе язычнікамі, альбо паганцамі, і штогод яны ладзяць і Купальле, і Каляды, і Вялікдзень. Яны зьбіраюцца разам і выяжджаюць далёка ў пушчу. У мінулым годзе мяне запрасілі на такую “тусоўку”. Я зьездзіла, паглядзела. Але гэта ня тыя Каляды, якія я сабе ўяўляла. Так, маладзёны ведаюць, што ёсьць такі абрад – валачобнікі, яны ведаюць калядныя песьні. Але ўсё ўрэшце рэшт заканчваецца тым, што мы выпіваем гарэлкі і зацягваем “Аксамітны летні вечар”. Гэта наываецца “Каляды 21-га стагодзьдзя”. Я ніколі ў жыцьці не хачу прымаць гэта, нават калі побач будуць людзі, блізкія мне па духу.
Для мяне Каляды – гэта сьвечка, гэта ручнік на стале, гэта людзі, каторыя са мной побач усё жыцьцё, духоўна і фізычна. Для мяне Каляды – гэта сымбаль, энэргетыка, гэта паміраньне аднае стыхіі і зьяўленьне іншае стыхіі, зьяўленьне Новага году, пачынаньне Новага году”.