14-гадовы Ільля Буцікаў – ураджэнец Менску. Ільля ёсьць навучэнцам Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа й гэтым вельмі ганарыцца. Ён перакананы, што ліцэй, у адрозьненьне ад школы, дае больш якасныя веды. Юнак лічыць, што сёняшняе жыцьцё ў краіне патрабуе істотных пераменаў, якія павінная й можа зрабіць сучасная моладзь. Пра цяперашняе жыцьцё й будучыню Беларусі разважае Ільля Буцікаў.
(Буцікаў: ) “У жыцьці краіны што мне не падабаецца, дык гэта тое, што, да прыкладу, сьвяткавалі 85-годзьдзе “вялікага” камсамолу. Я лічу, што пачалася праводзіцца вось такая палітыка “лукамолу” – бэрэсээма, паколькі моладзь не пайшла на выбарах за Аляксандрам Рыгоравічам. Ён гэта зразумеў і цяпер хоча любымі сродкамі накінуць на моладзь ярмо. Да прыкладу, у многіх ВНУ людзей прымушаюць уступаць у “лукамол” пад страхам, што іх выключаць, і гэта мне вельмі не падабаецца. Мне не падабаецца міжнародная палітыка нашых уладаў, а менавіта ў дачыненьні з расейскай імпэрыяй. Я лічу, што краіна, якая на 60% залежыць ад Расеі, ня можа нармалёва разьвівацца, таму Беларусі патрэбна шукаць нейкія іншыя міжнародныя стасункі. Гэта можна зьмяніць толькі пры зьмене ўлады ў нашай краіне, бо ў нас усё залежыць толькі ад аднаго чалавека. І ўсе гэтыя чыноўнікі, уся гэтая вэртыкаль, бюракратыя – яны баяцца зрабіць нешта добрае для свайго народа. Яны баяцца, каб іх ня выгналі зь іхных пасадаў. Нават на ўсіх гэтых нарадах відаць, як яны баяцца глядзець у вочы Аляксандру Рыгоравічу. Зразумела, што ўсё гэта можа зьмяніцца, калі будзе рэальная дэмакратыя. Калі шырокія пласты грамады аб’яднаюцца – гэта магчыма. Лічу, што мы павінныя паказваць сваю моц: праводзіць мітынгі й маніфэстацыі на якіх мы можам аб’яднацца для нашай агульнай мэты. Я спадзяюся быць беларусам у будучыні й жыць у Беларусі, а не паўночна-заходнім краі Расеі. Я спадзяюся ў будучыні пабачыць бел-чырвона-белы сьцяг і герб “Пагоня” у якасьці нашых нацыянальных сымбаляў. Гэта будзе сапраўдная Беларусь: зь беларускай мовай і беларускай культурай”.