Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Сярогіна



Сьвятлана Сярогіна – выпускніца Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка. Зараз працуе кіраўніком гуртка вышыўкі і мягкай цацкі у Цэнтры творчасьці дзяцей і моладзі “Эўрыка” беларускай сталіцы. Ад сваёй працы ў захапленьні.

(Сьвятлана Сярогіна: ) “Гэта творчасьць, канечне. Калі дзеці прыходзяць і нешта робяць, калі пачынаюць гарэць іх вочкі, калі нешта ствараюць, гэта сапраўды цуд. Цуд, калі дзіця нешта стварае. І ён становіцца мастаком, сапраўдным мастаком у гэты адрэзак часу.

У сваім жыцьці я б нічога не зьмяніла. Калі я выбірала сваю працу і навучальную установу, тады я толькі марыла займацца мастацтвам, выяўленчым мастацтвам, іншага выбару ў мяне не было.

І так склалася, што ў першы год я ня трапіла ва ўнівэрсытэт. У мяне не было ніякіх падставаў думаць, што я правалюся, гэта была тая бананавая корка, на якой я пасьлізнулася. І мне здавалася, што жыцьцё скончанае. Калі б мяне не падтрымала мая маці, то ўсё, жыць ня варта, усё, аб чым марыла, не атрымалася. І я думала, што зьмяню накіраванасьць, аб псыхалёгіі думала... Але так адбылося, што пайшла зноў паступаць у гэты ўнівэрсытэт. І я сустрэлася са сваёй сяброўкай. Гэта была проста дзяўчына, але ў далейшым жыцьці яна стала маёй самай лепшай сяброўкай. І калі мы зь ёй сустрэліся, гэта былі зноў уступныя экзамэны ва ўнівэрсытэт...

Гэта, вядома, лёс. І для мяне, і для яе. Бо тады гэта быў вельмі разгублены чалавек, які ня меў ніякай мары, ніякай мэты ў жыцьці, і наагул яна думала пра самагубства. І тады мне проста стала шкада гэтага чалавека. Я ўпершыню сустрэлася с такім чалавекам, які не жадае жыць. І потым яна здала экзамэны, яна паступіла, і мы сталі сябраваць. І паступова-паступова яе сэрца неяк адтаяла, і ў яе зьявіўся нейкі сэнс у жыцьці. І цяпер гэта дзяўчына, не разгубленая, на якую жахліва глядзець, але гэта дзяўчына, якая вельмі актыўная, у ёй гарыць агонь, гэта відавочна. І ніхто зараз, ніхто нават падумаць ня можа, што яна была ў такім стане. І зараз я б нічога зьмяніць не хацела, бо тады я б не сустрэла Ніну, і яе лёс бы, магчыма, не зьмяніўся, Можа быць, яе не было б у жывых...

Я вельмі люблю балет, люблю тэатар, люблю выставы мастацкія, заўсёды хаджу, гляжу. Нешта пішу, нешта чытаю...”
XS
SM
MD
LG