Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Маслаў


Сяргей Маслаў, Берасьце, 20 гадоў, студэнт факультэту міжнародных зносінаў Познаньскага ўнівэрсытэту імя Адама Міцкевіча. Любіць гістарычную літаратуру й вялікі тэніс. Спадзяецца, што ягоныя ўнівэрсытэцкія веды спатрэбяцца Беларусі.

(Маслаў: ) "Калі студэнт сканчае пэўную спэцыялізацыю, то яму заўсёды хочацца займацца тым, чым ён займаўся цягам пяці гадоў. Таму я таксама вельмі хацеў бы. Вельмі прыемна мне было б браць удзел у будаваньні будучыні нармальнай Беларусі. Шчыра скажу, я абсалютна ня ведаю, чым можна займацца. Нават ня ведаю, чым бы я хацеў займацца. Я на трэцім годзе навучаньня, таму я пакуль толькі думаю пра вучобу. Я звычайны студэнт, і пакуль думаю пра тое, каб як мага больш атрымаць тутака вопыту.

Калі жывеш у Польшчы, то бачыш, як можа функцыянаваць здаровае грамадзтва. І, канечне, вельмі хацелася б, каб гэтыя прынцыпы, што існуюць у сыстэме польскага грамадзтва, каб яны нарадзіліся і ў беларускай грамадзкай сьвядомасьці. Але ўсё залежыць ад нас. Чалавек, які трапляе сюды, у Польшчу, ён пачынае гэта лепш разумець. Мае магчымасьць бачыць тыя рэчы, нармальныя рэчы, якія вельмі цяжка ўбачыць у Беларусі. Але я ўсё ж такі за тое, каб беларусы, якія трапляюць у Польшчу, каб яны вярталіся ў Беларусь. Ну і... такіх нямала.

Ня ведаю, як у іншых гарадах, але ў Познані часта ладзім нейкія імпрэзы, ладзім канфэрэнцыі. Мы стараемся трымацца разам. Я вельмі задаволены тым, што спаткаў беларусаў, якія маюць такія самыя думкі, як я. Гэтаксама глядзяць на справы, зьвязаныя зь Беларусьсю.

У Познані вельмі папулярна выйсьці на піва. У Беларусі наагул няма такога прызвычаеньня ў студэнтаў, ці наагул у маладых людзей "хадзіць на піва". Трошкі іншае "хадзіць на піва" ў Польшчы, і ў Беларусі. У Польшчы папулярна пайсьці ў нейкую кавярню і там пасядзець. А ў Беларусі ўсё зводзіцца да таго, каб пайсьці на нейкую лаву. Ну няма дзе.

Полькі дбаюць пра сябе. Але калі, напрыклад, узяць прыгожую польку і прыгожую беларуску, то беларуска будзе прыгажэйшая. Але прыгожых полек у Польшчы больш, чым прыгожых беларусак у Беларусі. Але прыгожая беларуска прыгажэйшая за прыгожую польку".
XS
SM
MD
LG