Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вераніка Васілеўская


Вераніка Васілеўская, 16 гадоў. Жыве ў вёсцы Анушкі Капыльскага раёну. Вучаніца 10 клясы гімназіі №1 г. Капыля. Пасьля яе сканчэньня марыць пайсьці служыць у беларускае войска.

(Васілеўская: ) “Хачу стаць вайскоўкай. У мяне зь дзяцінства ёсць жаданьне насіць форму. У майго хроснага бацькі засталася форма. І калі я была маленькай, я яе апранала. Мне гэта падабалася. Так зьявілася жаданьне стаць вайскоўкай.

Хачу служыць у Беларусі, ахоўваць яе, каб тут нічога не рушылася. Бо праз яе і так праходзілі войны, шмат што знішчалі тут, рушылі будынкі. Але Беларусь аднаўлялася, у яе знаходзіліся сілы на гэта.

У Вялікую Айчынную вайну шмат баёў было на яе тэрыторыі. Усё было зьнішчана. Нават вёскі спальвалі разам з жыхарамі. Гэта вельмі страшна. Гэта была самая страшная вайна для Беларусі.

Вайна 1812 году была з Напалеонам. Напалеон ішоў на Расею, каб заваяваць яе. Ён толькі прайшоў па Беларусі, але ўсё роўна былі зьнішчаныя будынкі, гарады. І частка беларусаў ваявала на баку Расеі, а частка – на баку Францыі. Таму што частка думала, што пераможа Напалеон, і яны будуць жыць добра. Ім будзе ўсё дазволена, і таму яны ваявалі за Напалеона. А другая частка думала, што пераможа ўсё-такі Расея, не аддасьць Маскву, і ім за гэта, за тое, што яны ваявалі за іх, дапамагалі, таксама будзе пашана. Тады час быў такі. Цяжка ўсім было і ўсе хацелі лепш жыць.

Пасьля падзелу Рэчы Паспалітай беларуская нацыя была падзеленая, але ўсё роўна знайшла ў сабе сілы, адваявала сваю тэрыторыю, сфармавала сваю дзяржаўнасьць са сваімі абрадамі, сьвятамі.

Хачу, каб цяпер гэтага не было, каб не было ніякіх нападаў, каб мірна было.

Вядома, адразу не ідзеш у войска генэралам, маёрам, а звычайным салдатам. А ўжо потым па службовай лесьвіцы падымаешся ўсё вышэй ды вышэй. Можа і я даслужуся да нейкіх афіцэраў. Ня вельмі хочацца быць генэралам, сядзець у кабінэце.

Мяне не палохае, што будуць, як і хлопцаў, прымушаць бегаць, бо так трэба і для гэтага я іду. У сваім жыцьці мне яшчэ не даводзілася трымаць у руках зброю, але калі гэта будзе патрэбна, калі трэба будзе абараняць сваю Беларусь, то я гатовая абараняць яе. Не хававацца, а адкрыта ісьці і абараняць сваю родную Беларусь, каб яна была свабоднай”.
XS
SM
MD
LG