Вольга Шаламіцкая, 15 гадоў, жыве ў вёсцы Пацэвічы Мастоўскага р-ну на Гарадзеншчыне. Самая малодшая ў сямьі, дзе вырасьлі яшчэ двое дзяцей. Бацька – настаўнік фізкультуры, заахвоціў дзяўчыну да заняткаў спортам, але прафэсію хоча абраць як у маці, якая працуе эканамістам у банку. Вольга вучыцца ў 9 клясе мясцовай школы.
(Шаламіцкая: ) "Я вучуся ў Пацэвіцкай сярэдняй школе, беларускамоўная школа. Мне падабаецца там, падабаюцца настаўнікі, добра нас вучаць. У нас у школе лепш вывучаюць беларускую мову, чым расейскую, таму што мы жывем у вёсцы і заўсёды размаўляем на беларускай мове.У нас у школе ёсьць кампутары, урок інфарматыкі.
Наша вёска Пацэвічы вялікая, 4 вуліцы. У нас у школе ёсьць альбомы пра гісторыю, легенды розныя пра вёску, як пабудавалася вёска, адкуль пайшла назва, а назва пайшла – жыў такі пан Пац.
Падабаецца, што каля вёскі ёсьць лясы і рэчка Зяльвянка. На Нёмане бываю, Нёман знаходзіцца блізка каля нас. Гэта прыгожая рака, вялікая. Наш край называюць Прынёманскім.
Людзі добрыя ў нас, моладзі шмат. Вечарамі можна ісьці ў сельскі клюб, там бываюць канцэрты, мерапрыемствы. Нашы мясцовыя жыхары рыхтуюць, а часам прыяжджаюць нейкія гурты, нядаўна зь Менску прыяжджаў, "Купалінка" называецца.
Канечне, хочацца ў горадзе жыць, там больш цікавага. У нашай вёсцы таксама цікава ўсё, але хочацца яшчэ нешта паглядзець.
Я займаюся спортам – лёгкай атлетыкай, валейболам, баскетболам. У школьны хор хаджу, сьпяваем беларускія народныя песьні. Навіны гляджу, газэты чытаю.
Кнігі чытаю захапляльныя. Мне вельмі падабаецца Васіль Быкаў, напрыклад, "Жураўліны крык", "Аблава". Чытала Ўладзімера Арлова. Цяпер выйшаў новы фільм беларускі "Анастасія Слуцкая", я глядзела гэты фільм, у школе нам паказвалі.
Падарожнічаю, была ў Нямеччыне, сёлета ўлетку была на Чорным моры ў Эўпаторыі.
Я пачуваю сябе беларускай, вывучаю гісторыю сваёй краіны. У школе ў нас ёсьць прадметы па гісторыі Беларусі, настаўнік нам яшчэ распавядае шмат цікавага, чаго няма ў падручніках. Мы якраз у гэтым годзе пачалі вывучаць пра Беларускую Народную Рэспубліку.
У апошні час таксама ўлетку ежджу ў летні лягер па Беларусі. Была ў Наваградку ў лягеры, у Мастах. У Наваградку мне спадабалася Замкавая гара, там цікава пабыць. Я была якраз у той час, калі там праходзіў рыцарскі турнір, вельмі спадабалася.
Мне хацелася б, каб Беларусь была незалежнай дзяржаваю. Я лічу, што патрэбна захаваць беларускія традыцыі, каштоўнасьці, каб тут ніхто ня быў чужы гаспадаром.
Беларусь, я лічу, гэта моцная дзяржава. Хаця яна і невялікая, але яна моцная і зь цягам часу яна разьвіваецца. Я веру ў добрую будучыню сваёй краіны. Я б хацела, каб нейкая мая праца ўвайшла ў стварэньне гэтай дзяржавы новай”.