Антось Цялежнікаў, 21 год. Нарадзіўся ў Барысаве – горадзе, жыхыры якога, як ён кажа, падаюць прыклад усім, як трэба быць сапраўднымі беларусамі. Цяпер Антось ужо другі год вучыцца ў Варшаве – вывучае маркетынг ва ўнівэрсытэце. Ён любіць рок-музыку, харызматычных дзяўчынаў і чытае кнігі пра Кастуся Каліноўскага.
(Цялежнікаў: ) “Я хачу, каб споўнілася мая мара пра незалежную і вольную Беларусь. Магчыма, я вярнуся ў Беларусь, калі яна яшчэ ня будзе незалежнай і вольнай. Тады буду адным з тых, хто гэта зробіць. Прыватна хачу жыць у гэтай краіне – мець задавальненьне ад таго, што знаходжуся ў вольнай краіне, размаўляю на той мове, на якой хачу і маю такія погляды, якія хачу. Хачу адчуваць сябе ў Беларусі так, як адчуваю зараз у Варшаве.
Я слухаю розную музыку – ад клясыкі да року, але больш, хіба, рок. Чытаць вельмі люблю гістарычную літаратуру. Цяпер чытаю шмат кнігаў, якія ня мог раней знайсьці і прачытаць ў Беларусі. Ну і, безумоўна, падручнікі – гэта мая абавязковая літаратура на дадзены час!
Розьніца паміж беларусамі і палякамі напэўна ёсьць. Нават калі паглядзець, у якім стане знаходзяцца Беларусь і Польшча. Палякі, аднак, змаглі за некалькі дзесяцігодзьдзяў у даволі цяжкіх варунках зьмяніць сытуацыю ў сваёй краіне, дамагчыся свабоды ды такога ўзроўню, у якім яны цяпер жывуць.
Беларусы мусяць аданіць такія вартасьці, як свабода, гісторыя, культура, карані. Гэтыя вартасьці трэба сабраць разам і тады напэўна атрымаецца зрабіць тое, што беларусы хочуць.
Напэўна, адзін з аўтарытэтаў для мяне – Кастусь Каліноўскі. Зараз я перачытваю ягоныя дзёньнікі, лісты, якія ён пісаў. Можа, калісьці атрымаецца нешта пераняць ад яго добрае. Хачу мець хаця б частку, таго, што меў ён.
Мне падабаецца жаночая прыгажосьць у шырокім сэнсе. Дзяўчыны? Беларускі. Гэта, напэўна, вынікае з майго патрыятызму і з таго, што я зь Беларусі. Полькі таксама прыгожыя, але схіляюся ўсё ж да беларусак. Дзяўчына, перадусім, мусіць быць ветлівая, разумная, а нават харызматычная. Не абавязкова вельмі прыгожая, хутчэй каб яна пасавала да таго, які я сам. Я напэўна ня змог бы жыць з чалавекам, які мае супрацьлеглыя погляды”.