Марыі Мартысевіч 21 год, яна вучыцца на пятым курсе філялягічнага факультэту БДУ. Хоць яна й навучаецца на расейскім аддзяленьні, Марыі куды больш падабаецца дасьледаваць беларускую літаратуру й культуру.
(Мартысевіч: ) “Тое, што я вучуся на расейскім аддзяленьні, гэта наадварот больш дае беларускай культуры, чым калі б я вучылася ўласна на беларускім аддзяленьні. Бо для мяне культуры цікавыя ва ўзаемадачыненьнях, у сутыкненьні. Я не змагла б папросту варыцца ў адным соку”.
Апошнім часам Марыя сур’ёзна захапілася перакладамі зь іншых моваў на беларускую. Гэты занятак пакуль ня стаў прафэсіяй, але ейныя пераклады з украінскай, польскай і ангельскай моваў сталі заўважаць адмыслоўцы.
(Мартысевіч: ) “Гэта ўсё было яшчэ закладзена з малых гадоў. Калісьці ў мяне была кніжка дзіцячая ангельскіх вершыкаў. Яны мне вельмі падабаліся, і мне захацелася іх прыўлашчыць, увасобіць на роднай мове. Я пераклала некалькі вершыкаў. Дагэтуль знаходжу тыя пераклады, перачытваю й сьмяюся. Але сур’ёзна ўжо гэтым пачала займацца недзе ва ўнівэрсытэце, калі захацелася перакласьці адзін верш, які зь дзяцінства мне вельмі падабаўся – гэта верш рамантычнага паэта Шэлі. Я пачала нешта рабіць, паказала гэта выкладчыкам. Адзін з выкладчыкаў запрасіў мяне для ўдзелу ў перакладчыцкім сэмінары ў Варшаве. Я лічу, што гэта вялікі гонар і вялікі шанец для мяне, бо там насамрэч шмат чаму навучылася”.
Марыя пакуль перакладае ў асноўным творы малой формы – вершы.
(Мартысевіч: ) “Я зь вялікай прыемнасьцю перакладаю менавіта тое, чаго мне бракуе ў сваёй культуры. Я думаю, што гэта адна з асноўных прычынаў, зь якой мае равесьнікі цяпер бяруцца за пераклад. Вельмі шмат невядомых грамадзкасьці ёсьць перакладаў, напрыклад, таго самага Джыма Морысана. Той эстэтыкі, якой не было па-беларуску раней”.
З украінскіх паэтаў Марыя перакладала лірыку Віктара Небарака. Цяпер працуе над перакладам на беларускую вершаў Сэргія Ждана. Сваіх уласных вершаў яна ня піша, аднак лічыць, што адсутнасьць паэтычнай практыкі не замінае рабіць якасныя пераклады.
(Мартысевіч: ) “Мне зусім няма чаго сказаць людзям ва ўласнай паэтычнай творчасьці. Для мяне паэтычны пераклад – гэта такі ўзаконены плагіят. Я магу чужыя думкі, якія я падзяляю, альбо якія мне не падабаюцца, альбо не падабаюцца, але я лічу іх вартымі, прыўлашчыць, падпісаць сваім імём – няхай і ва ўскоснай форме. Іх будуць чытаць маімі словамі. Часам вельмі хацелася б быць вельмі крутым беларускім паэтам, але пакуль што я літаратурны агент замежных аўтараў у беларускай літаратуры”.