Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрусь Дзьвігун



Андрусь Дзьвігун – 23-гадовы ўраджэнец Магілёва. Ён працуе ў прыватнай фірме. Захапляецца кампутарнымі гульнямі, беларускай і расейскай рок-музыкай. Самастойна вывучыў беларускую мову. Андрусь – сябра магілёўскай арганізацыі “Маладой грамады”.

(Дзвігун: ) “Задаволены тым, што жыву ў такой добрай краіне, як Беларусь. Усё ж такі, якая б улада тут не была, беларусы жывуць дружна, дапамагаюць адзін адному па-суседзку. Гэта вельмі талерантны народ. Я спачатку думаў, што большасьць насельніцтва ў нас, як кажуць – “лукашысты”. А насамрэч народ жыве незалежна ад улады. Калі добра паразмаўляць, паезьдзіць, то гэта асабліва бачна ў маленькіх вёсках, у маленькіх раённых центрах, дзе ўсе адзін аднога ведаюць, дзе добрыя суседскія зносіны. Гэта, можна сказаць, сапраўдны нацыяналізм. Беларуская нацыя існуе, нягледзячы ні на якую ўладу.

У жыцьці краіны, па-першае, трэба зрабіць нармальную уладу, якая будзе працаваць. Каб зьмяніць штосьці ў жыцьці, трэба спачатку зьмяніць сябе. Усе зьмяненьні залежаць ад чалавека. Гэта першы этап: неяк палепшыць свой унутраны стан і далей працаваць зь людзьмі наўпрост. У звычайных размовах можна зьмяніць мэнталітэт чалавека. І калі будзе зьменены мэнталітэт усіх людзей, я думаю, ня будзе ў нас праблемаў ні з уладай, ні зь дзяржавай. Калі дзяржава ня будзе, як зараз, нібыта нейкі монстар, які забараняе нешта людзям, назірае за людзьмі. У нас ня ўлада, а адна вялікая міліцыя.

Спачатку я буду зьмяняць (і зараз я нават зьмяняю) тое, што я магу зрабіць. Я размаўляю са сваімі знаёмымі, спрабую іх пераканаць. Ні да чаго іх не прымушаю, наўпрост пераконваю людзей. Толькі негвалтоўнымі метадамі, нерэвалюцыйнымі, а эвалюцыйнымі, зьмяняя сьвядомасьць чалавека, можна зьмяніць ўсё.

Слухачам “Свабоды” таксама – каб распавядалі пра радыё “Свабода” сваім знаёмым. Гэта цудоўнае радыё, я яго звычайна слухаю. Зразумела, у Беларусі у FM-дыяпазоне яно не выходзіць, трэба адмысловыя прыймачы, гэтыя кітайскія не падыходзяць… Трэба проста распавядаць знаёмым сваім. Чым мне падабаецца радые “Свабода”? Яно не гвалтоўнае. Народ сам падыходзіць да “Свабоды”, слухае гэта радыё.

Магчыма быць шчасьлівым у любой краіне. Чалавек сам робіць сваё шчасьце. І шчасьце не залежыць ад пэўных матэрыяльных каштоунасьцяў, гэта па-першае. Шчасьце – гэта стан чалавечай душы, дух”.
XS
SM
MD
LG