Ганна Дашкевіч, 20 гадоў. Нарадзілася ў Віцебску, і колькі сябе памятае, усё ейнае маленства прайшло ў тэатры – Акадэмічным тэатры імя Якуба Коласа, дзе працуюць ейныя бацькі. Цяпер Ганна ёсьць студэнткай беларускай філялёгіі Віцебскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. І хаця тэатар ня стаўся ейным лёсам, самай важнай чалавечай рысай Ганна лічыць памкненьне да творчасьці, здольнай пераўтварыць навакольны сьвет.
(Дашкевіч: ) “Увогуле я марыла стаць актрысай. Але мой бацька – а ён у мяне актор – сказаў, што я буду актрысаю толькі цераз ягоны труп… Таму давялося “перакваліфікавацца”: я ўладкавалася весьці дзіцячы тэатральны гурток.
І ведаеце, што мяне ўразіла? Тое, што нашыя падлеткі такія абыякавыя да мастацтва! Я прыношу ім добрыя творы, добрую драматургію… беларускую спрабавала прапанаваць – дык яны ўвогуле не прыйшлі да мяне на заняткі! І ў мяне нават зьявілася думка, што тэатр ужо састарэў, што зараз супэрмодны інтэрнэт, да прыкладу… Не, я разумею, што гэта жыцьцёвая неабходнасьць – гэтыя найноўшыя тэхналёгіі. Але хацелася б, каб і душой людзі нешта таксама адчувалі!
Да гэтага лета я лічыла, што нашая моладзь разбэшчаная, абыякавасьці шмат у нашай моладзі. Але, калі я пазносілася, “патусавалася”, згуртавалася зь менскімі “зэбээсаўцамі” – “Задзіночаньнем беларускіх студэнтаў” – і мы тыдзень былі пад Лагойскам у доме адпачынку, я лічу, што гэта ідэал, сапраўдная эліта моладзевая! Гэта людзі, якія вераць у Беларусь, якія на нешта спадзяюцца! Былі жахлівыя ўмовы, нас дрэнна кармілі, вечны скразьняк… Але ў нас было цэлых шэсьць гітар, якія грукаталі кожны вечар, і такія людзі былі, выдатныя проста! Было вельмі весела! І вельмі сумна, што ў нас у Віцебску я падобнага не адчуваю…
Вось кажуць, што Віцебск – самы зрусіфікаваны горад на Беларусі, прынамсі, адзін з самых такіх. Нават мае самыя блізкія сябры, калі б я хацела паразмаўляць зь імі па-беларуску, пра грамадзкае жыцьцё, проста на ўсе тэмы, якія мяне хвалююць… Ну, не заўсёды нават да сваіх самых блізкіх сяброў я магу прыйсьці з такімі пытаньнямі. Вельмі цяжка “дагрукацца”. “Грукаюся”, але не атрымліваецца пакуль што “дагрукацца” ў мяне!”