Алег Трач – дваццаць тры гады, беспрацоўны, скончыў Лінгвіністычны ўнівэрсытэт. Жыве паводле ўласнавынайдзенай філязофскай канцэпцыі.
(Трач: ) “Каб рэалізавацца па-сапраўднаму, чалавек павінен перастаць быць часткай масы, у нейкім сэнсе, ён павінен выйсьці за межы масы, але гэта ўсё больш і больш немагчыма, паколькі і сама маса не стаіць на месцы.
Што чалавек хоча зрабіць, гэта заўжды самае важнае пытаньне.
Я не скажу, што тут усё ідэальна ў краіне ці наадварот, што тут таталітарызм натуральны, што тут усіх зашчымляюць, і тое і другое было б няправільным.
У мяне доўгатэрміновых мэт па вялікім рахунку няма. Я іду кароткімі крокамі, мне трэба паставіць нагу на іншую пляцоўку, з адной на другую пераступіць, перш чым я змагу казаць пра нешта далей.
Чалавек павінен усё ж верыць у сябе і што ён на нешта здольны, тады ён толькі нешта і зможа рабіць, вось гэта асноўная філязофія. Але ён павінен ведаць, што ён ня пуп зямлі разам з гэтай верай, таму што быцьцё пупом зямлі чалавека будзе стрымліваць у яго дзейнасьці.
Я так мяркую, што калі ты ня здолеў знайсьці шчасьця тут, то й за мяжой ты яго ня надта знойдзеш, бо за мяжой ніхто нас не чакае, відаць, а калі чакае, то таго, хто ўжо і тут нешта паказаў, што б гэта замежжа зацікавіла.
Я ня ем мяса млекакормячых, паколькі птушку ці рыбу я забіць змагу. Я сыходжу з таго, што я магу альбо не магу забіць тую жывёлу, якую я буду есьці.
Уплыў сродкаў масавай інфармацыі дакладна большы, чым рэлігіі, хоць жыцьцё чалавека тым ці іншым спосабам будуецца на веры.
Вось ёсьць такія людзі – фізікі, хімікі, іншыя навукоўцы, яны вераць, што існуюць атамы, існуюць малекулы, і яшчэ думаюць, што гэта навукова даказана.
Многае ў сьвеце падобна на “Працэс” Кафкі, дзееца нешта такое незразумелае, але разам з тым зь нейкім таемным сэнсам.
Вось такі вобраз для таго, што зараз адбываецца ў сьвеце, ня толькі ў Беларусі. Беларусь – гэта краіна на балоце. Яна ўсё прымае нібыта, прымае пасіўна, але пасьля гэта ўсё неяк трансфармуецца, нешта чужое бярэцца і становіцца сваім, беларускім, хаця гэта асіміляцыя адбываецца вельмі незаўважна”.